САПАТЭ́КІ,

індзейскі народ, які жыве ў Мексіцы. У 1990-я г. каля 380 тыс. чал. Мова С. належыць да атаміміштэкаса-патэцкіх моў. Паводле веравызнання С. фармальна католікі, але захоўваюць шматлікія элементы традыц. вераванняў. Асн. заняткі — с.-г. праца, рамяство, у т. л. вытв-сць сувеніраў для турыстаў. С. стварылі высокую своеасаблівую культуру, самыя стараж. помнікі якой датуюцца 10 ст. да н.э. Росквіт адбываўся ў 2—5 ст. н.э. С. будавалі храмы на пірамідальных асновах, палацы, збудаванні для рытуальнай гульні ў мяч, «абсерваторыі» для астр. назіранняў. Цікавыя скляпы — закапаныя ў зямлю будынкі з багата ўпрыгожанымі фасадамі. Рэльефы адлюстроўваюць гратэскавыя фігуры «танцораў» (8—4 ст. да н.э.), пазней — божастваў, правіцеляў, жрацоў, палонных і інш. На фігурных керамічных пасудзінах адлюстраваны фігуры з партрэтнымі тварамі, у складаных галаўных уборах ці шлемах. Са з’яўленнем еўрапейцаў у Амерыцы культура С. была практычна знішчана.

т. 14, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З РУ́СКІХ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТАЎ ЗА МЯЖО́Й»,

арганізацыя расійскіх паліт. эмігрантаў-марксістаў у 1894—1903. Засн. ў канцы 1894 у г. Жэнева (Швейцарыя) па ініцыятыве групы «Вызваленне працы» на ўмове прызнання ўсімі яго членамі праграмы групы. Выдаваў л-ру для Расіі, працаваў пад кіраўніцтвам групы «Вызваленне працы», якая ўваходзіла ў яго склад і рэдагавала (да канца 1898) усе яго выданні. У 1896—99 меў друкарню, выдаваў неперыяд. зб-кі «Работнік» і «Лісток «Работніка», працы У.​І.​Леніна, Г.​В.​Пляханава і інш., з 1899 — час. «Рабочее дело». Першы з’езд РСДРП (Мінск, 1898) прызнаў саюз замежным прадстаўніком партыі. З канца 1898 у саюзе пераважалі прыхільнікі плыні «эканамізму», т. зв. маладыя. На 2-м з’ездзе арг-цыі (Жэнева, крас. 1900) адбыўся раскол: «Вызваленне працы» выйшла з саюза, які фактычна стаў арг-цыяй «эканамістаў». Распушчаны 2-м з’ездам РСДРП (1903).

т. 14, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЫЦХАВЕ́ЛІ,

сабор у г. Мцхета, помнік сярэдневяковай архітэктуры Грузіі. Пабудаваны ў 1010—29 (арх. Арсукісдзе; аднаўляўся ў пач. 15 і 17 ст.) на месцы першай у Грузіі хрысц. царквы 4 ст. Грандыёзны крыжова-купальны, выцягнуты па падоўжанай восі будынак. Зах. частка падзелена на 3 нефы, над ёй — хоры. Купал утрымліваюць 4 свабодна пастаўленыя слупы. Гармоніі арх. аб’ёмаў падначалены ўрачысты рытм аркатур (на фасадзе, барабане купала) з тонкай, па-майстэрску выкананай арнаментальнай разьбой і рэльефамі. У інтэр’еры захаваліся фрагменты размалёвак 16—17 ст. Пад вял. аркай легендарны 4-гранны слуп «светыцхавелі» (жыватворчы), які даў назву храму. Перад алтаром размешчаны магілы груз. цароў. У ансамблі сабора таксама вароты каталікоса Мелхіседэка 11 ст. і агароджа 18 ст. Сабор С. ўключаны ЮНЕ́СКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. да арт. Грузія.

Літ.:

Памятники архитектуры Грузии. Л., 1973.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМА́НТЫКА ЛАГІ́ЧНАЯ,

раздзел металогікі, які вывучае сэнс і значэнне выразаў мовы, а таксама інтэрпрэтацыю розных фармалізаваных моў. У апошнія гады больш даследуе натуральную мову. Як навука пачала афармляцца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў працах Ч.​Пірса, Г.​Фрэге, Б.​Расела, А.​Тарскага і інш. У Сл. вылучаюць тэорыі рэферэнцыі і сэнсу. Тэорыя рэферэнцыі — аснова тэорыі доказу ў логіцы, якая вывучае дачыненне выразаў мовы да абазначаных аб’ектаў. Асн. катэгорыі: «імя», «абазначэнне», «ісціннасць», «мадэль», «выканальнасць», «інтэрпрэтацыя» і г.д. Тэорыя сэнсу даследуе дачыненне знака да зместу. Асн. катэгорыі: «сэнс», «сінанімія», «праўдзівасць аналітычная», «праўдзівасць лагічная» і інш. Сл. аналізуе прычыны парадоксаў і цяжкасцей, якія ўзнікаюць пры семантычным аналізе. Яе метадалогія ўжываецца ў лінгвістыцы, семіётыцы, тэорыі і практыцы машыннага перакладу. Гл. таксама Семантыка ў мовазнаўстве.

Літ.:

Фреге Г. Логика и логическая семантика: Пер. с англ. М., 2000.

В.​М.​Пешкаў.

т. 14, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СІНДБА́Д-НАМЕ́»,

помнік персідска-тадж. л-ры. Складаецца з 34 абрамленых прытчаў. У аснове сюжэта апавяданні пра царэвіча, на якога быў узведзены паклёп рабыняй бацькі, і сем везіраў на чале з мудрым выхавацелем, якія даказваюць невінаватасць сына. Першааснова «С.-н» — стараж.-інд. апавяданні, перакладзеныя на сярэднеіранскую мову пехлеві ў 5—6 ст. У 8 ст. перакладзены на араб. мову. Найб. вядомы празаічны пераклад Асбага Сіджыстані, т. зв. «Вялікі Сіндбад»; у той самы час з’явіўся паэтычны пераклад Абана аль-Лахікі. У 9 ст. зроблены скарочаны пераклад на араб. мову — «Малы Сіндбад», які перакладзены на многія еўрап. мовы. Новаараб. варыянт пад назвай «Сем везіраў» пакладзены ў аснову тур. версіі «Сем мудрацоў», якая амаль уся ўвайшла ў збор казак «Тысяча і адна ноч».

Публ.: Рус. пер. — Мухаммад аз-Захири ас-Самарканди. Синдбад-наме. М., 1960.

т. 14, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЫЛІЯ́НА (італьян. siciliana літаральна — сіцылійская),

вакальная ці інстр. муз. п’еса, якая паходзіць, верагодна, ад сіцылійскага нар. танца або танц. песні. Муз. памер ​6/8 ці ​12/8, тэмп умераны. Мае пераважна светлы, ідылічны характар. З 17—18 ст. пашырана ў еўрап. прафес. музыцы. Развівалася пераважна ў 2 кірунках: сузіральным (пастаральным; гл. Пастараль у музыцы) і засмучана-элегічным, які ў прафес. музыцы ўяўляе сабой псіхал. насычэнне, характарызуецца мноствам няўстойлівых гукаў у мелодыі. Пашырана ў творчасці І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля, Л.​Бетховена, уласціва творам Ф.​Шапэна, Р.​Шумана, С.​Рахманінава, П.​Хіндэміта, А.​Анегера, І.​Стравінскага, Г.​Свірыдава, Дз.​Шастаковіча, К.​Караева, Ю.​Шапорына. Рытмічная арганізацыя, блізкая да С., сустракаецца і ў бел. музыцы (напр., фінал 3-й «Сімфоніі ў стылі барока» і вак. цыкле А.​Мдывані на вершы Г.​Апалінэра).

А.​У.​Валадковіч.

т. 14, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКАЗА́ННЕ ПРА СІВІ́ЛУ-ПРАРО́ЧЫЦУ»,

помнік перакладной бел. л-ры. Змешчана ў рукапісным зборніку 16 ст., які належаў бібліятэцы Красінскіх у Варшаве. На старабел. мову перакладзена з чэшскай у 15 — пач. 16 ст. (трапляюцца царкоўнаславянізмы, паланізмы і чэхізмы). Уключае некалькі біблейскіх і апакрыфічных апавяданняў. Пачынаецца сюжэтам пра царыцу краіны Савы (паводле падання, была на Пд Аравіі), якая атаясамліваецца з Сівілай — адной з вандроўных варажбітак у Стараж. Грэцыі, пра яе знаёмства з біблейскім царом Саламонам. Далей змешчаны аб’яднаныя ў адно цэлае прароцтвы Сівілы Саўскай пра нараджэнне і вучэнне Хрыста, пашырэнне хрысціянства, з’яўленне антыхрыста, другі прыход Хрыста і канец свету.

Публ.: Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.

Літ.:

Карский Е.Ф. Западнорусское сказание о Сивилле-пророчице по рукописи XVI в. // Карский Е.Ф. Тр. по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.

У.​М.​Свяжыпскі.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫТАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Cryptodira),

падатрад паўзуноў атр. чарапах. 8 сям., каля 50 родаў, 148 відаў. Вядомы з трыясу, паходзяць ад катылазаўраў. Пашыраны амаль усюды, акрамя Антарктыды. Большасць вядуць паўводны спосаб жыцця. На Беларусі 1 від — балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу.

Даўж. панцыра ад 10 да 150 см, маса да 400 кг (слановыя чарапахі). Цела ўкрыта панцырам, які складаецца са спіннога (карапакс) і брушнога (пластрон) шчытоў. Здольныя ўцягваць шыю (адсюль назва) і галаву пад панцыр, пры гэтым выгінаюць шыю S-падобна ў верт. плоскасці. Тазавыя косці не зрошчаныя з панцырам. Пластрон укрыты 11—12 рагавымі шчыткамі. Адкладваюць яйцы на сушы. Кормяцца расл. і жывёльным кормам. Жывуць зрэдку да 150 гадоў. Некат. віды ў Чырв. кнізе МСАП. Асобныя віды — аб’екты развядзення і промыслу (выкарыстоўваюць мяса, тлушч, яйцы, рагавыя шчыткі. Іл. гл. да арт. Чарапахі.

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМІ́ЛЫ, багумілы,

адна з буйнейшых ерэтычных сектаў еўрап. сярэднявечча (назва, верагодна, ад спалучэнняў слоў «Бог» + «мілы», магчыма, ад імя заснавальніка секты балг. святара Багаміла). Узніклі ў 10 ст. на Балканах пад уплывам паўлікіянства. У 11 ст. рух багамілаў (багамільства) пашырыўся ў М. Азіі, Італіі, Францыі, дзе на гэтай глебе ўзніклі секты катараў і альбігойцаў. У 13 ст. было 16 цэркваў багамілаў, у т. л. 3 у Францыі, 7 у Італіі; на Балканах — 3 дыяцэзіі (Балгарская, Драгавіцкая, Баснійская); у Малаазійскай Філадэльфіі — біскупства. У 14 ст. існавалі і на Афоне. Паводле веравучэння, багамілы — нашчадкі маніхейскага дуалізму. Згодна з іх дагматыкай, у свеце існуюць 2 апазіцыйныя сілы — Дабро і Зло (часам прадстаўленыя Белабогам і Чарнабогам). Вярхоўны Бог стварыў нябачны духоўны свет і анёлаў; матэрыяльны свет (зямлю, чалавека) — яго першародны сын Сатанаіл (шатан), які за бунт супраць бацькі быў скінуты з неба. Свет заставаўся ва ўладзе шатана, пакуль Бог не паслаў на зямлю другога свайго сына — Хрыста, які адабраў у шатана рэшткі боскай сілы і вярнуўся на неба. Багамілы адмаўлялі Стары Запавет, хрысц. царкву і яе таямніцы (сакраманты), асуджалі багацце, выступалі супраць эксплуатацыі. Падзяляліся на 2 катэгорыі: вышэйшую — дасканалыя і ніжэйшую — вернікі. Лад жыцця дасканалых быў сурова аскетычны, накіраваны на адыход ад свету зла — матэрыяльнасці. Барацьба з багамільствам пачалася з 10 ст. У 11 ст. ў Канстанцінопалі спалены лідэр іх абшчыны Базыль, у 1180 у Сербіі спалены лідэры багамілаў і іх кнігі. У 1237 папа рымскі Ганоры III склікаў крыжовы паход супраць баснійскіх багамілаў, але пасля нашэсця татараў на Венгрыю багамільства ў Босніі на 2 стагоддзі ператварылася ў нац. рэлігію. У 1450 кароль Томас загадаў падданым вярнуцца да каталіцкай веры, якую пасля захопу туркамі Босніі (1463) і Герцагавіны (1482) многія змянілі на іслам. Пазней багамільства складалася з асобных сектаў, якія праіснавалі да 18 ст.

Літ.:

obolensky D. The Bogomils: A study in Balkan neomanichaeism. Cambridge, 1948;

Runciman S. The medieval Manichee: A study of the Christian Dualist Heresy. Cambridge, 1947.

І.​М.​Дубянецкая.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),

орган паліт. прадстаўніцтва бел. нац. руху ў сак.—ліп. 1917. Створаны ў Мінску з’ездам беларускіх нацыянальных арганізацый для выпрацоўкі ў кантакце з Часовым урадам асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і падрыхтоўкі выбараў у Бел. краёвую раду. У склад БНК на з’ездзе выбраны Р.​А.​Скірмунт (старшыня), П.​П.​Аляксюк, У.​С.​Фальскі (нам. старшыні), Б.​А.​Тарашкевіч (сакратар), Л.​Заяц (скарбнік), А.​А.​Смоліч, Э.​А.​Будзька, В.​Гадлеўскі, Я.​С.​Канчар, І.​І.​Краскоўскі, А.​Л.​Бурбіс, К.​К.​Кастравіцкі (Карусь Каганец), Бабарыкін, Ф.​Г.​Шантыр, М.​С.​Кахановіч, В.​Л.​Іваноўскі, Л.​І.​Дубейкаўскі, З.​Х.​Жылуновіч. БНК меў права кааптацыі іншых членаў. Склікаў краёвы сялянскі з’езд (крас. 1917), які падтрымаў агр. праграму Беларускай сацыялістычнай грамады і выказаўся за заснаванне на месцах сял. арг-цый пад эгідай БНК. Для перагавораў з Часовым урадам накіраваў у Петраград дэлегацыю на чале са Скірмунтам з прапановамі абвясціць Расію федэратыўнай рэспублікай, дэмакратызаваць органы мясц. самакіравання, увесці ў школах краю бел. мову, гісторыю Беларусі і інш. краязнаўчыя дысцыпліны, кампенсаваць насельніцтву страты, прычыненыя ваен. дзеяннямі. Часовы ўрад згадзіўся наладзіць з БНК пастаянны кантакт, аднак паліт. платформу к-та не падтрымаў. Адсутнасць выразнай пазіцыі па агр. пытанні і знаходжанне на чале к-та Скірмунта, які быў вядомы як прыхільнік памешчыцкага землеўладання, давалі паліт. апанентам падставу абвінавачваць БНК у ахове інтарэсаў памешчыкаў, пазбаўляла яго адчувальнай падтрымкі з боку народа. 1-ы з’езд сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. (крас. 1917) і з’езд настаўнікаў Мінскай губ. (май 1917) адхілілі прапановы БНК адносна будучага дзярж. і культ. статуса Беларусі. У маі 1917 са згоды Часовага ўрада БНК прызначыў юрыстаў Г.​В.​Багдановіча і Я.​Л.​Бруевіча сваімі прадстаўнікамі ў Асобую нараду па распрацоўцы палажэння аб выбарах ва Устаноўчы сход. БНК займаўся культ.-асв. дзейнасцю, пад яго эгідай заснавана Т-ва бел. культуры, 24—25.6.1917 к-т правёў «Дні вольнай Беларусі». Друк. орган — газ. «Вольная Беларусь». Скасаваны з’ездам беларускіх арганізацый і партый.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)