ЛАКА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́,

вайна, якая ў адрозненне ад сусв. вайны ахоплівае адносна невялікую колькасць дзяржаў і абмежаваны геагр. раён. Шырокае распаўсюджанне Л.в. атрымалі пасля 2-й сусв. вайны. За гэты час больш як 200 разоў па розных прычынах у свеце ўзнікалі Л.в. і ваен. канфлікты. У Л.в. часта выпрабоўваюцца і дапрацоўваюцца новыя сродкі і спосабы вядзення ўзбр. барацьбы.

т. 9, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЖЭРО́Н (франц. longeron ад longer ісці ўздоўж),

асноўны сілавы элемент канструкцый многіх інж. збудаванняў (самалётаў, аўтамабіляў, вагонаў, мастоў і інш.), які размяшчаецца па даўжыні канструкцыі. У самалётаў Л. разам са стрынгерамі ўтварае падоўжны набор крыла, фюзеляжа і інш.; у аўтамабіляў і вагонаў 2 Л., злучаныя папярочнымі элементамі, утвараюць раму (шасі), якая нясе кузаў, колы і рухавік.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТАРЭ́Я (франц. loterie ад lot жэрабя),

розыгрыш рэчаў або грашовых сум па білетах. Продаж латарэйных білетаў — форма прыцягнення сродкаў, частка з якіх ідзе на фінансаванне выйгрышаў, частка выкарыстоўваецца арганізатарамі для камерцыйных, дабрачынных і інш. мерапрыемстваў. Латарэйны білет з’яўляецца каштоўнай паперай на прад’яўніка. Уладальнік білета, на які выпаў выйгрыш, мае права патрабаваць яго аплаты ў грашовай або натуральнай (рэчавай) форме.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВІТА́Н (Юрый Барысавіч) (2.10.1914, г. Уладзімір, Расія —4.8.1983),

расійскі дыктар радыё. Нар. арт. Расіі (1973). Нар. арг. СССР (1981). З 1931 працаваў на Усесаюзным радыё. Валодаў рэдкім па тэмбры і выразнасці голасам. Чытаў найб. важныя афіц. паведамленні, у т. л. ў перыяд Вял. Айч. вайны. Дыктарскі стыль вызначаўся высокай акцёрскай культурай, строгай узвышанасцю інтанацыі і адначасова дакладнасцю, прастатой, даступнасцю.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙБЕНЗО́Н (Леанід Самуілавіч) (26.6. 1879, г. Харкаў, Украіна — 15.3.1951),

расійскі вучоны ў галіне механікі, заснавальнік падземнай гідраўлікі. Акад. АН СССР (1943). Скончыў Маскоўскія ун-т (1901) і Вышэйшае тэхн. вучылішча (1906). У 1925 арганізаваў у Маскве першую ў СССР нафтапрамысл. лабараторыю. Навук. працы па тэорыі пругкасці, нафтапрамысл. механіцы, трываласці, геафізіцы і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

т. 9, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАТЫ́ЧНЫЯ ВУЗЛЫ́,

органы лімфатычнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Знаходзяцца па ходу лімфатычных сасудаў. У чалавека іх больш за 500 (памеры 0,5—50 мм), асабліва шмат у шыйнай, падпахавай і пахвіннай абласцях. Складаюцца з капсулы і рэтыкулярнай стромы, дзе знаходзяцца лімфацыты. Асн. функцыі: ахоўная (выпрацоўка антыцел, лімфацытаў, фагацытоз), бар’ерна-фільтрацыйная (абясшкоджванне бактэрый, таксінаў); дэпануючая.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫСЕ́НКА (Ірына Міхайлаўна) (н. 29.8.1954, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1997). Скончыла Віцебскі мед. ін-т (1977) і працуе ў ім. Навук. працы па паталогіі гіпафізарна-тырэоіднай сістэмы дзяцей, рэабілітацыі аслабленых дзяцей бязлекавымі сродкамі (рэфлексатэрапія, фітатэрапія, масаж і інш.).

Тв.:

Сборник вопросов и ответов по клинической медицине. Витебск, 1998 (у сааўт.).

т. 9, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫСО́Ў (Віктар Пятровіч) (н. 10.8.1932, г.п. Кемля, Мардовія),

бел. вучоны ў галіне буд-ва. Д-р тэхн. н. (1985), праф. (1987). Скончыў Новасібірскі інж.-буд. ін-т (1958). З 1978 у БПА. Навук. працы па арганізацыі, кіраванні, інфарматыцы і тэхналогіі буд-ва.

Тв.:

Эффективность бетонных работ в строительстве. Мн., 1982;

Полимерный провод в греющих полах и устройствах. Мн., 1999.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Уільям Артур) (н. 23.1.1915, Кастры),

англійскі эканаміст. Скончыў Лонданскую школу эканомікі (1937), дзе і працаваў. З 1948 у Манчэстэрскім, з 1963 у Прынстанскім ун-тах. З 1970 заснавальнік і прэзідэнт Карыбскага банка развіцця. Навук. працы па пытаннях і мадэлях развіцця эканомікі краін трэцяга свету. Аўтар кнігі «Тэорыя эканамічнага росту» (1955). Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Т.Шульцам).

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКІ́,

вадасховішча ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл., каля в. Ляўкі. Створана ў 1986. Наліўное. Пл. 4,4 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 2,2 км, найб. глыб. 6,5 м, аб’ём вады 23,6 млн. м³. Напаўняецца вадой па канале з р. Пціч. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 4 м. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рыбагадоўлі, як месца адпачынку.

т. 9, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)