УРА́ЛЬСКІЯ МО́ВЫ,

моўная сям’я, якая ўключае 2 групы моў: фіна-угорскую (гл. Фіна-угорскія мовы) і самадзійскую (ненецкая, энецкая, нганасанская і інш.; некат. вучоныя разглядаюць іх як групу моў у складзе генет. аб’яднання У.м.). Найб. верагодная прарадзіма У.м. — тэр. вакол Уральскага хрыбта. Спецыфічнай рысай усіх моў з’яўляецца тое, што слова складаецца з кораня, які нясе лексічнае значэнне, і ланцужка суфіксаў, кожны з якіх выконвае адну функцыю і мае толькі адно грамат. значэнне. Вакалізм такога слова характарызуецца гармоніяй галосных — галосныя суфіксаў прыпадабняюцца да галоснага кораня. Марфал. будова У.м. аглюцінатыўная, у сістэме скланення шмат месных склонаў. У лексіцы выяўляецца ўзаемадзеянне з некат. індаеўрап., у т. л. слав. мовамі. У.м. не маюць помнікаў стараж. пісьменства, ёсць помнікі пісьменства асобных моў адносна позняга часу. 1-ы пісьмовы помнік венг. мовы створаны каля 1200, 2 кароткія надпісы на карэльскай мове на наўгародскіх берасцяных граматах датуюцца пач. 13 ст., 1-я помнікі на стараж. комі мове напісаны ў 14 ст., найб. старажытныя фін. і эст. помнікі ўзыходзяць да 16 ст. Помнікі пісьменства стараж. фіна-угорскіх народаў адносяцца да канца 17—пач. 18 ст. У сучасных уральскіх народаў пісьменства развіта дастаткова нераўнамерна. Побач з мовамі з даўняй літ. традыцыяй (венг., фін., эст.) ёсць мовы са слаба развітым пісьменствам (ненецкая, хантыйская, мансійская) і беспісьмовыя або пісьменства якіх распрацоўваецца (водская, вепская і інш.).

Літ.:

Хайду П. Уральские языки и народы: Пер. с венг. М., 1985.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРО́НДА (франц. fronde прашча),

грамадска-паліт. рух супраць абсалютызму ў Францыі ў 1648—53. Назвы «Ф.» і «франдзёры» яго ўдзельнікі прынялі з пагарды да 1-га міністра Францыі Дж.Мазарыні, які здзекліва параўнаў іх з падлеткамі, што дапякалі паліцыю стральбой з дзіцячых прашчаў (фронд). Ф. выклікана бедствамі Трыццацігадовай вайны 1618—48 і жорсткай падатковай палітыкай Мазарыні, якога падтрымлівала каралева-рэгентка пры малалетнім Людовіку XIV Ганна Аўстрыйская. На 1-м этапе Ф. (1648—49) Парыжскі парламент і звязаныя з ім колы буржуазіі аб’ядналіся ў барацьбе супраць абсалютызму з антыфеад. рухам нар. мас Парыжа. Спроба Мазарыні арыштаваць лідэраў апазіцыі выклікала ў Парыжы паўстанне 26—27.8.1648. Мазарыні паспешліва заключыў Вестфальскі мір 1648. Каралеўскія войскі да сак. 1649 трымалі Парыж у аблозе. У выніку кіраўнікі Ф. пайшлі на пагадненне з каралеўскім дваром. Т.ч. «Парламенцкая Ф.» скончылася, але ў пач. 1650 грамадскую апазіцыю абсалютызму ўзначалілі арыстакратычныя прыдворныя колы («Ф. прынцаў»), якія дамагаліся толькі выгад для сябе ў выглядзе грашовых выплат, пасад і інш. (адсюль выраз «франдзіраваць» — знаходзіцца ў няпоўнай, непрынцыповай апазіцыі). У 1651 франдзёры-арыстакраты дамагліся адстаўкі і высылкі Мазарыні, але неўзабаве ён вярнуўся з наёмнымі войскамі. Пачалася спусташальная міжусобная вайна, падчас якой «Ф. прынцаў» карысталася ваен. дапамогай Іспаніі. У 1652—53 каралеўскія войскі нанеслі шэраг паражэнняў франдзёрам і іспанцам. Адначасова Мазарыні шляхам падачак і ўступак дамогся прымірэння з большасцю знатных франдзёраў. Да сярэдзіны 1653 антыфеад. рух у Парыжы. Бардо і інш. месцах падаўлены. Паражэнне Ф. спрыяла ўстанаўленню ў наступныя гады неабмежаванага самадзяржаўя Людовіка XIV.

П.​А.​Тупік.

т. 16, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА ВО́ЛІ,

філасофска-этычнае паняцце, якое азначае самавызначальнасць чалавека ў сваіх дзеяннях. У філасофіі цесна звязана з праблемамі дэтэрмінізму і індэтэрмінізму волі чалавека, у этыцы — з пытаннямі аб адказнасці чалавека за свае дзеянні, аб суадносінах С.в. і маралі; у хрысц. філасофіі і этыцы разглядаецца ў кантэксце праблемы Божага прадвызначэння і свабоды выбару асобы. Праблеме С.в. належыць адно з цэнтр. месцаў у гісторыі філас. і этычнай думкі. Сакрат падкрэсліваў вызначальную ролю пазнання ў ажыццяўленні С.в. Платон звязваў С.в. з арыентацыяй на ўсеагульны ідэал дабра, Арыстоцель — з праблемай маральнага выбару. Для сярэдневяковай філасофіі характэрны ідэі прадвызначэння і прэваліравання Божай усемагутнасці над асабістай С.в. чалавека (Аўгусцін, І.​Дунс Скот, Фама Аквінскі) або прызнання С.в. асобы як магчымасці выбару паміж дабром і злом (Пелагій). У антрапацэнтрычнай філасофіі Адраджэння С.в. разглядалася як аснова чалавечай дабрадзейнасці, поўнага прыроднага і культ. самаразвіцця асобы (Л.​Вала, К.​Салютаці, Дж.​Манеці). Бел. філасофія Адраджэння прасякнута ідэямі С.в., якая набліжае чалавека да вобраза Бога (С.​Будны, Л.​Зізаній), з’яўляецца асновай самаўдасканалення асобы шляхам падпарадкавання эмоцый і памкненняў розуму (Б.​Будны, А.​Алізароўскі), творчага самавыяўлення (М.​К.​Сарбеўскі). З 17 ст. ў вырашэнні праблемы С.в. вызначыліся 2 супрацьлеглыя пазіцыі: дэтэрмінізм, які сцвярджае, што воля абумоўлена знешнімі прычынамі і адмаўляе існаванне С.в. (Т.​Гобс, Б.​Спіноза), і індэтэрмінізм, які адстойвае ідэю самаабумоўленасці волі і абсалютнай С.в. (І.​Фіхтэ). І.​Кант аб’яднаў дэтэрмінізм і індэтэрмінізм, сцвярджаючы, што чалавек абсалютна несвабодны ў прыродным асяроддзі і валодае С.в. толькі ў інтэлігібельным (розумаспасцігальным) свеце. Г.​Гегель лічыў С.в. атрыбутам сусв. духу, А.​Шапенгаўэр разглядаў С.в. чалавека як выяўленне сусв. С.в. і крыніцу адвечных пакут, звязаных з бясконцасцю чалавечых жаданняў. Рацыяналістычную трактоўку С.в. прапанавалі К.​Маркс і Ф.​Энгельс, якія лічылі, што пазнанне і засваенне навакольнага асяроддзя спрыяюць ажыццяўленню С.в. Ірацыянальнай трактоўкі С.в. прытрымліваліся С.​К’еркегор, Г.​Маркузе, К.​Ясперс, якія сцвярджалі, што веды і рацыяналізм звужаюць магчымасці для выяўлення С.в. Э.​Фром вызначыў парадаксальную адметнасць чалавека 20 ст. — «уцёкі» ад С.в. як форму самаабароны ад непакою, звязанага з адзінотай, адказнасцю за выбар і нявызначанасцю будучыні. У экзістэнцыялізме і фенаменалогіі С.в. разглядаецца як неад’емны атрыбут асобы, які выводзіць яе па-за межы матэрыяльнага свету (М.​Хайдэгер, Ж.​П.​Сартр). Гл. таксама Воля, Свабода, Свабода і неабходнасць.

Літ.:

Ноговицин О.М. Ступени свободы: Логико-ист. анализ категории свободы. Л., 1990;

Максимов А.М. Измерения свободы. Екатеринбург, 1994;

Калмыков Р.Б. Анатомия свободы. Иваново, 1995;

Валла Л. Об истинном и ложном благе;

О свободе воли: Пер. с лат. М., 1989;

Шопенгауэр А. Свобода воли и нравственность: Пер. с нем. М., 1992;

Виндельбанд В. О свободе воли: Пер. с нем. Мн.;

М., 2000;

Левин Г.Д. Свобода воли: Современ. взгляд // Вопр. философии. 2000. № 6.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 14, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВО́НАЙ А́РМІІ ПАХО́Д У ЗАХО́ДНЮЮ БЕЛАРУ́СЬ І ЗАХО́ДНЮЮ УКРАІ́НУ 1939,

увод сав. войск на тэр. Заходняй Беларусі і Зах. Украіны, які пачаўся 17.9.1939 і паклаў пачатак іх уз’яднанню з СССР. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах.-бел. і зах.-ўкр. землі знаходзіліся ў складзе Польшчы. У ходзе польскай кампаніі 1939 герм. войскі акупіравалі большую частку тэр. Польшчы (да 16 вер. акружылі Варшаву). У гэтых умовах сав. ўрад прыняў рашэнне «ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі», як было сказана ў ноце польскаму паслу ў Маскве 17.9.1939. Для гэтага на базе Бел. і Кіеўскай ваен. акруг былі створаны франты: Бел. (4 арміі, конна-механізаваная група і асобны стралк. корпус; камандуючы камандарм 2-га рангу М.​П.​Кавалёў) і Укр. (3 арміі; каманд. камандарм 1-га рангу С.К.Цімашэнка). На Палессі па Прыпяці на З рухалася Дняпроўская ваенная флатылія (перасекла граніцу 18 вер.). Ім процістаялі нязначныя польскія сілы (найб. баяздольнай была аператыўная група «Палессе» пад камандаваннем ген. Ф.​Клеберга з 17 тыс. чал., з іх толькі палавіна ўзброена). Часцям Чырв. Арміі загадвалася быць лаяльнымі да польскіх ваеннаслужачых, калі яны не будуць аказваць супраціўлення. СССР не абвяшчаў вайну Польшчы, урад Польшчы таксама прызнаў, што стану вайны з СССР не існуе. Вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіл Польшчы маршал Э.Рыдз-Сміглы 17 вер. загадаў польскім войскам: «з Саветамі не ваяваць, у бой не ўступаць, за выключэннем, калі яны будуць атакаваць ці спрабаваць раззброіць нашы часці...» Таму маштабных баявых дзеянняў паміж польскімі і сав. войскамі фактычна не было. Паводле польскіх крыніц, адбылося каля 40 выпадкаў супраціўлення пагран. патрулёў, а таксама баявыя сутычкі пад Кобрынам, Гроднам, Вільняй, Сапоцкінам і інш. Найб. упартыя баі разгарнуліся 20—21 вер. ў Гродне, дзе 15-ы танк. корпус толькі 20 вер. страціў 16 танкаў, 3 бронемашыны, 47 чал. было забіта і 156 паранена. У выніку паходу сав. войскі занялі тэр. Зах. Беларусі і Зах. Украіны да абумоўленай з ням. кіраўніцтвам мяжы (паводле сав.-герм. камюніке ад 22 вер. дэмаркацыйная лінія паміж сав. і герм. войскамі праходзіла па рэках Піса, Нараў, Буг, Вісла і Сан, г.зн. на З ад «Керзана лініі», што было агаворана ў сакрэтным пратаколе ад 23.8.1939 да Пакта Рыбентропа—Молатава 1939). Аднак гэта мяжа праіснавала толькі тыдзень. Паводле сакрэтнага дадатковага пратакола да дагавора аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй ад 28.9.1939 (гл. Савецка-германскія пагадненні), усх. частка Варшаўскага і Люблінскае ваяводства адыходзілі да Германіі ў абмен на Літву, якая з гэтага часу стала сферай уплыву СССР. Беззваротныя страты Бел. і Укр. франтоў склалі 1475 чал. З 17 па 30 вер. войскі Бел. фронту інтэрніравалі і раззброілі 60 202 польскіх вайскоўцаў, сярод якіх 2066 афіцэраў. У выніку паходу зах. граніца СССР была адсунута на З на 400 км. Гл. таксама Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, Віленскі край, Украіна.

Літ.:

Антосяк А.В. Освобождение Западной Украины и Западной Белоруссии // Воен.-ист. журн. 1989. № 9;

Марков А.Д. Военно-политические аспекты присоединения к СССР Западной Украины и Западной Белоруссии // Великая Отечественная война в оценке молодых. М., 1997;

Третьяк С. Воссоединение Белоруссии // Армия. 1999. № 5;

Назаўсёды разам: Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мн., 1999;

Ладысеў У.Ф. Падзеі верасня—кастрычніка 1939 г. ў лёсе беларускага народа // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Гісторыя і сучаснасць. Мн., 2000. Мельтюхов М.И. Советско-польские войны: Воен.-полит. противостояние, 1918—1939 гг. М., 2001.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 17, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СХАЛА́СТЫКА (лац. scholastica ад грэч. scholasticos школьны),

сярэдневяковая філасофія, прадстаўнікі якой імкнуліся да тэарэт. абгрунтавання і сістэматызацыі хрысц. веравучэння. Найб. развіццё мела ў Зах. Еўропе. Схаласты імкнуліся ўмацаваць хрысціянства шляхам навук. абгрунтавання рэліг. светапогляду — сінтэзу асн. ідэй сусв. філасофіі і інтэрпрэтацыі іх зместу паводле канонаў хрысц. дагматыкі. Яны сцвярджалі, што пастулаты веры даступныя розуму і падтрымліваюцца лагічнымі доказамі. У межах С. абмяркоўваліся праблемы рэальнага быцця, суадносін мыслення і рэчаіснасці, агульных паняццяў (універсалій) і іх прыроды анталагічнага і гнасеалагічнага статуса. У аснову С. пакладзены вучэнні ант. мысліцеляў Платона, Арыстоцеля, араб. філосафаў Ібн Сіны, Ібн Рушда і інш. У эвалюцыі С. вылучаюць 3 перыяды: ранні, «класічны» і позні.

Ранняя С. (11—12 ст.; П.​Абеляр, Гільём з Шампо, І.​Расцэлін і інш.) развівалася пад уплывам неаплатанізму, у яе межах у т.зв. «спрэчцы пра універсаліі» вылучыліся 3 кірункі: рэалізм, наміналізм, канцэптуалізм. «Класічная» С. (12—13 ст.) знаходзілася пад уплывам філасофіі Арыстоцеля. Развівалася ў сярэдневяковых ун-тах; яе цэнтр — Парыжскі ун-т. У «класічнай» С. вылучыліся «артадаксальны» кірунак, які пры дапамозе анталогіі Арыстоцеля абгрунтоўваў існаванне душы (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі) і «ератычны» (авераізм), які адмаўляў асабістую душу і сцвярджаў, што існуе толькі адзіная безасабовая душа. Позняя С. (13—14 ст.; І.​Дунс Скот, У.​Окам і інш.) характарызуецца адыходам ад рацыяналізму ў абгрунтаванні рэліг. светапогляду, валюнтарызмам, крытыкай вучэння Фамы Аквінскага, прызнаннем супярэчнасці паміж рэліг. і рацыянальным пазнаннем (тэорыя дваістасці ісціны). У эпоху Адраджэння С. перажывае крызіс. Новы ўздым С. адбыўся ў часы Контррэфармацыі, гал. чынам у Іспаніі (Ф. дэ Віторыя, Ф.​Суарэс, Г.​Васкес, М.​Маліна і інш.). У эпоху Асветніцтва ідэі С. трацяць свае пазіцыі. Аднаўленне схаластычных традыцый рацыянальнага абгрунтавання рэліг. ісцін з канца 19 ст. звязана з філасофіяй неатамізму.

Літ.:

Время, истина, субстанция: от антич. рациональности к средневековой. М., 1991;

Реале Дж., Антисери Д. Западная философия от истоков до наших дней: Пер. с итал. Кн. 2. СПб., 1994;

Абеляр П. Теологические трактаты: Пер. с лат. М., 1995;

Неретина С.С. Верующий разум: К истории средневековой философии. Архангельск, 1995;

Коплстон Ф.Ч. История средневековой философии: Пер. с англ. М., 1997;

Антология философии Средних веков и эпохи Возрождения. М., 2001.

В.​І.​Боўш.

т. 15, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в. Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.​Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

Геранёнскі замак. Рэканструкцыя па матэрыялах М.​Ткачова. Мастак Я.​Кулік.

т. 5, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЛЬНЯЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел матэматыкі, які вывучае мадэлі канфліктных сітуацый (калі сутыкаюцца інтарэсы двух ці больш бакоў) і распрацоўвае метады аптымальных паводзін у такіх сітуацыях. Як навука сфарміравалася ў 1940-я г. пераважна на аснове работ амер. матэматыкаў Дж.​Неймана і О.​Моргенштэрна па развіцці матэм. падыходу да з’яў канкурэнтнай эканомікі. Асн. праблематыка: матэм. мадэлі канфліктаў, існаванне і прынцыпы аптымальных рашэнняў, метады іх пошуку. Выкарыстоўваецца ў сац.-эканам. даследаваннях, ваен. справе, матэм. статыстыцы, метадах аптымізацыі паводзін ва ўмовах неакрэсленасці і інш.

Матэм. мадэль канфлікту (гульня) апісвае ўдзельнікаў канфлікту (гульцоў), магчымыя дзеянні бакоў (стратэгія), вынікі гульні, зацікаўленыя бакі і іх перавагі на мностве вынікаў (перавагі часта выражаюцца лікавымі функцыямі выйгрышу). Класіфікацыя гульняў вызначаецца ўласцівасцямі мадэлі. Прыняцце рашэння ў гульнях тэорыі складаецца з дэтэрмінаванага (або выпадковага) выбару стратэгіі кожным з гульцоў; як правіла, ніводзін з бакоў не ведае загадзя, якія будуць дзеянні праціўніка. У многіх выпадках стратэгія кожнага гульца раскрываецца толькі ў працэсе пакрокавага (як у шахматах) прыняцця рашэнняў. Фармальным выражэннем інтуітыўнага паняцця найлепшага рашэння з’яўляецца прынцып аптымальнасці, выводзіцца з папярэдне прынятых аксіём (распрацавана некалькі такіх прынцыпаў, якія выкарыстоўваюцца ў розных класах гульняў) і грунтуецца ў большасці выпадкаў на спалучэнні ідэй экстрэмальнасці і ўстойлівасці рашэнняў. Прынцып ажыццявімасці мэты прыводзіць да стратэгій, індывідуальныя адхіленні ад якіх не павялічваюць выйгрыш; асобны выпадак — прынцып максіміну, адлюстроўвае імкненне максімізаваць мінімальна магчымы выйгрыш. Гл. таксама Аптымізацыі задачы і метады.

Літ.:

Нейман Дж., Моргенштерн О. Теория игр и экономическое поведение: Пер. с англ. М., 1970;

Вилкас Э.И. Оптимальность в играх и решениях. М., 1990;

Воробьев Н.Н. Основы теории игр: Бескоалиционные игры. М., 1984.

Г.​М.​Левін.

т. 5, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАЎНЯ́ЛЬНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,

метадалагічны прынцып, прапанаваны Н.Борам (1927) у сувязі з неабходнасцю стварэння лагічна несупярэчлівай фіз. інтэрпрэтацыі квантавай механікі; метадалагічнае абагульненне неазначальнасцей суадносін.

Мікраскапічныя аб’екты (электроны, фатоны і інш.) у розных эксперым. умовах могуць паводзіць сябе як строга лакалізаваныя часціцы ці як хвалі. Аднак уяўленне пра суіснаванне карпускулярных і хвалевых уласцівасцей у адным і тым жа аб’екце звязана з неабходнасцю аб’яднання несумяшчальных паняццяў (напр., паняцце даўжыні хвалі ў пэўным пункце прасторы не мае сэнсу). У адпаведнасці з Д.п. пры тэарэт. апісанні мікраскапічных з’яў неабходна ўжываць 2 сістэмы макраскапічных паняццяў, бо выкарыстанне адной з іх выключае магчымасць адначасовага выкарыстання другой; абедзве ж яны аднолькава неабходныя для поўнага апісання квантава-мех. сістэм і з’яўляюцца нібыта ўзаемна дапаўняльнымі бакамі такога апісання. Бор прадэманстраваў таксама справядлівасць Д.п. ў дачыненні да апісання біял., псіхал. і сац. з’яў. З дапамогай Д.п. ўстанаўліваецца эквівалентнасць (раўназначнасць) паміж двума класамі паняццяў, што апісваюць супярэчлівыя сітуацыі ў розных сферах пазнання. У вузкім сэнсе Д.п. супадае з прынцыпам ням. фізіка В.​Гайзенберга, які адзначаў, што пры пэўнасці каардынаты мікрачасціцы мае месца нявызначанасць імпульсу і наадварот. Часам Д.п. ацэньваецца як метадалогія, толькі знешне падобная на дыялектычную, або наогул як метафізічны падыход (мех. злучэнне процілегласцей). Фізікі капенгагенскай школы (П.​Іордан, Дж.​Франк) лічылі Д.п. чыста суб’ектыўным, цалкам абумоўленым слабасцямі пазнання, звязанымі з адсутнасцю спец. сродкаў адлюстравання цэласнасцей, вымушанасцю пазнання па частках.

Літ.:

Крымский С.Б., Кузнецов В.И. Мировоззренческие категории в современном естествознании. Киев, 1983;

Дополнительность и методология научного познания // Нильс Бор и наука XX в.: Сб. науч. тр. Киев, 1988;

Мировоззренческие структуры в научном познании. Мн., 1993.

Л.​М.​Тамільчык, А.​В.​Ягораў.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРМА́Ш,

перыядычныя таргі, рынкі тавараў, якія арганізуюцца ў пэўным месцы і ў пэўны час; сезонны продаж тавараў. Паводле складу ўдзельнікаў бываюць мясцовыя, рэгіянальныя, нац., міжнар. і сусветныя; падзяляюцца на універсальныя, шматгаліновыя, спецыялізаваныя (асабліва тэхнічныя). Узніклі пры першабытнаабшчынным ладзе, калі суседнія плямёны сыходзіліся, каб абмяняцца прадуктамі працы. Пашырыліся з развіццём эканам. сувязей паміж гарадамі і краінамі. Прымяркоўваліся да рэліг. свят ці пэўных пораў года, ад якіх часта паходзілі іх назвы (веснавы, асенні і да т.п.). На Беларусі першы К. афіцыйна дазволены ў 1498 у Полацку. Акрамя мясцовага, ён абслугоўваў транзітны гандаль Смаленска з Прыбалтыкай. Замежным купцам дазвалялася гандляваць у бел. гарадах толькі на К., таму яны ператвараліся ў вял. цэнтры міжнар. гандлю. У 15 ст. К. ўзніклі ў Мінску, Оршы, у 16 ст. — у Гродне. У 18 ст. вызначыўся Зэльвенскі К., які абслугоўваў гандл. абарот Гродзенскай губ. і суседніх з ёю ўкр., польскіх, літ. і латв. зямель. На пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 125 К. з абаротам 1508 тыс. руб. Гандлявалі пераважна лёнам, футрам, воскам, збожжам, мясам, жывёлай, а таксама таварамі, што прывозілі замежныя гандляры. У Расіі ў пач. 20 ст. было 18,5 тыс. К., найб. з іх Ніжагародскі, Ірбіцкі і інш. З развіццём рыначных адносін К. з цэнтраў прывозу буйных партый наяўнага тавару ператварыліся ў К. ўзораў, К.-выстаўкі, на якіх экспанентам дазваляецца паказваць узоры сваёй прадукцыі і заключаць гандл. здзелку ў нац. і міжнар. маштабах. Найбольшыя сучасныя міжнар. К. збіраюцца ў Мілане, Парыжы, Ліёне, Гановеры, Лейпцыгу, Познані, Таронта, Дамаску і інш.

Кірмаш у Слоніме. Пач. 20 ст.
Да арт. Кірмаш. На Лейпцыгскім кірмашы.

т. 8, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́Т,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ. Тэрмін «П.» ужываецца на Беларусі з 15 ст., напачатку як сінонім стараж.-рус. тэрміна воласць; з 1-й пал. 16 ст. пад. П. звычайна разумелі буйную воласць, цэнтрам якой быў горад або замак, што належаў дзяржаве, у т. л. скасаванае ўдзельнае княства. Часам пад П. разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку; у гэтым сэнсе П. быў сінонімам намесніцтва. Афіцыйна статус П. акрэслены ў выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 (гл. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел). П. ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Усе намесніцтвы і воласці, якія не атрымалі статус П., увайшлі ў іх склад як звычайныя маёнткі. З таго часу ўсе землеўладальнікі на тэр. П. падлягалі юрысдыкцыі пав. органаў улады. Структура пав. кіравання замацавана Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Зрэдку тэрмін «П.» ўжываўся для вызначэння гіст. воласці з цэнтрам у горадзе, які неабавязкова меў пав. ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» і інш.).

2) Адм.-тэр. адзінка Расійскай імперыі як эквівалент рус. тэрміна «уезд». Пасля далучэння да Расіі П. ўваходзілі ў склад губерняў. Пасля рэформы 1861 падзяляліся на воласці. Падзел на П. ў БССР скасаваны 20.6.1924.

3) Адм.-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1919—39. Пасля заняцця часткі тэр. Беларусі ў 1919 польск. ўлады захавалі падзел на П., якія былі ўключаны ў склад акруг. П. падзяляліся на гміны. На працягу 1919—20 утвораны шэраг новых П., 4.2.1921 яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Навагрудскага і Палескага ваяв. Пазней межы і колькасць П. у Польшчы мянялася. Падзел на П. ў Зах. Беларусі скасаваны 15.1.1940.

В.​Л.​Насевіч.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)