ГУГЕНО́ТЫ (франц. huguenots ад ням. Eidgenossen саюзнікі),
прыхільнікі кальвінізму (пратэстантызму) у Францыі ў 16—18 ст., якія дамагаліся ажыццяўлення Рэфармацыі. Належалі пераважна да трэцяга саслоўя (правінцыяльная буржуазія і рамеснікі), а таксама да дваранства і феад. знаці, незадаволенай цэнтралізатарскай палітыкай каралеўскай улады. З 1562 па 1594 франц. католікі вялі крывавыя войны з гугенотамі; барацьба паміж імі атрымала назву гугеноцкіх або рэлігійных войнаў (гл. таксама Варфаламееўская ноч). Заваяваныя гугенотамі ў гэтых войнах рэліг. і паліт. правы былі замацаваны ў Нанцкім эдыкце 1598. У 17 ст. рэпрэсіі супраць гугенотаў аднавіліся. Ганенні на іх прывялі да разбурэння структур франц. пратэстантызму, да масавай адмовы і пераходу гугенотаў у каталіцтва, эміграцыі больш за 250 тыс. гугенотаў у інш. краіны. Барацьба гугенотаў за свабоду сумлення вымусіла Людовіка XVI у 1787 прызнаць правы пратэстантаў. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 дэкрэтам 1791 прынцып свабоды сумлення быў замацаваны канчаткова і ганенні на гугенотаў спыніліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1812,
палітычнае аб’яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства, а таксама Беларусі і Літвы з мэтай абуджэння польскага нац.-вызв. руху і мабілізацыі сіл на карысць Францыі ў вайне 1812. Абвешчана па ініцыятыве Напалеона I надзвычайным сеймам герцагства 28.6.1812. Маршал канфедэрацыі — А.К.Чартарыйскі; пастаянны орган — Ген. савет (з 11 членаў). Акт канфедэрацыі ад 28 чэрв. абвяшчаў аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да Генеральнай канфедэрацыі. У ліп. — кастр. да канфедэрацыі праз прыняцце адпаведных актаў на павятовых сейміках далучыліся амаль усе паветы Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., аднак рэальнай улады на тэр. Беларусі і Літвы ад франц.акупац. адміністрацыі яна не атрымала. Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага пасля адмовы Напалеона дазволіць стварэнне асобнай літ. канфедэрацыі ўвайшоў у склад Генеральнай канфедэрацыі. У студз. 1813 Ген. савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, у крас. 1813 самараспусціўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАВА́,
1) старадаўняя халодная зброя блізкага бою. Мела форму паліцы (даўж. каля 0,5—0,6 м) з каменнай або металічнай галоўкай. Дзяржанне звычайна драўлянае з накладнымі металічнымі пласцінамі. Шырока выкарыстоўвалася ў краінах Стараж. Усходу ў сярэднія вякі, на Русі ў 13—17 ст. На Беларусі паводле археал. раскопак вядомая з канца неаліту, у бронзавым веку булавы выраблялі з каменнай або касцяной галоўкай шарападобнай або 4-раговай формы, з 10—11 ст. — бронзавыя, свінцовыя і жалезныя булавы разнастайнай формы.
2) У краінах Усходу, Зах. Еўропы з 13 ст., у Рус. дзяржаве, Вял.кн. Літоўскім, Рэчы Паспалітай з 15 ст., у запарожскіх казакоў у 16—18 ст. — сімвал улады. Б. аздаблялі каштоўнымі камянямі і металамі. У скарбніцы нясвіжскіх Радзівілаў у 17 ст. захоўвалася Б. «гетманская, апраўленая золатам, бірузой і рубінамі».
3) Прылада для практыкаванняў у мастацкай гімнастыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЙТ,
1) асоба, якая ўзначальвала мясц. (гарадское або сельскае) кіраванне ці самакіраванне на тэр. Германіі, Польшчы, Беларусі, Украіны і Літвы ў 15—18 ст. Прызначаліся каралямі ці феадаламі або выбіраліся з заможных феадалаў ці мяшчан. У ВКЛ войта прызначаў вял. князь. У гарадах, дзе існавала самакіраванне (пераважна на У Беларусі), пасада войта ўводзілася да ўстанаўлення магдэбургскага права. Увядзенне пасады войта пры адначасовым наданні гораду магдэбургскага права (у цэнтр. частцы і на З Беларусі) азначала стварэнне прадугледжаных гэтым правам органаў кіравання. Класічнае магдэбургскае права зводзіла ролю войта да старшынства на войтаўска-лаўніцкім судзе. Паступова на Беларусі войт набыў правы вышэйшай адм.улады і войтаўскага суда.
2) Асоба, якая наглядала за працай прыгонных сялян і выкананнем імі павіннасцей. Войт, які кіраваў часткай (ключом) маёнтка, называўся ключ-войтам.
3) Кіраўнік гміны ў Польшчы да 1950 і ў Зах. Беларусі ў 1921—39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЯННІ́ЦА»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 1.3.1918 у Петраградзе, з 6.4.1918 да 24.2.1919 у Маскве штотыднёва на бел. мове. Орган Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома); з 3.12.1918 выходзіла як веснік Белнацкома і Маскоўскай бел. секцыі РКП(б). Асвятляла дзейнасць Белнацкома і яго аддзяленняў у Петраградзе, Смаленску і Віцебску. Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве. бел. згуртаванняў і ўстаноў у Расіі. Змяшчала інфарм. матэрыялы пра падзеі ў Расіі, эканам. становішча бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. дакументы пра дзейнасць урада БНР. артыкулы па праблемах нац. адраджэння, прапагандавала ідэі саюза БССР і РСФСР. умацавання сав.улады. З паліт. публікацыямі выступалі Ц.Гартны, І.Дварчанін і інш. Змяшчала маст. творы Я.Коласа, Гартнага, М. і Г.Гарэцкіх, Я.Дылы, Дварчаніна, Я.Нёманскага і інш. Выйшла 49 нумароў.
Літ.:
Александровіч С.Х. Першая беларуская савецкая // Александровіч С.Х. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,
камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў з пач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.М.Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.Д.Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы за сав. ўладу ў губерні Б.Брэслава, Я.Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.—кастр. 1917 і ўстанаўленне сав.улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБІНЕ́Т МІНІ́СТРАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган, урад дзяржавы ў 1994—96. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 быў створаны пры Прэзідэнце для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады. Кампетэнцыя і парадак дзейнасці Кабінета Міністраў вызначаліся Канстытуцыяй, законам аб Кабінеце Міністраў ад 30.1.1995 і інш.заканад. актамі. Быў правамоцны самастойна вырашаць усе пытанні дзярж. кіравання, што знаходзіліся ў яго веданні. Яго рашэнні з’яўляліся абавязковымі для выканання ўсімі мін-вамі і інш.цэнтр. органамі дзяржавы, мясц. выканаўчымі і распарадчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі і грамадзянамі на тэр. Беларусі. У склад Кабінета Міністраў, які зацвярджаў Прэзідэнт, уваходзілі прэм’ер-міністр, яго намеснікі, міністры, старшыня Камітэта дзярж. бяспекі, кіраўнікі інш.цэнтр. органаў кіравання. У выніку прыняцця на рэферэндуме 24.11.1996 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі) Кабінет Міністраў скасаваны, функцыі цэнтр. органа дзярж. кіравання перайшлі да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКАЯ (Ніна Васілеўна) (10.1.1914, г. Асіповічы Магілёўскай вобл. — 22.3.1986),
бел. гісторык. Чл.-кар.АН Беларусі (1959). Д-ргіст.н. (1959), праф. (1961). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыла Магілёўскі пед.ін-т (1937). З 1944 ст.навук. супрацоўнік, заг. сектара, нам. дырэктара, дырэктар (1965—69) Ін-та гісторыі АН Беларусі, у 1962—64 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КЛ(б)Б, у 1969—74 прарэктар, заг. кафедры гісторыі БССР Мінскага пед. ін-та. Даследавала праблемы гісторыі Беларусі, Кастр. рэвалюцыі і ўсталявання сав.улады, грамадзянскай вайны ў Беларусі, утварэння БССР.
Тв.:
Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Мн., 1946;
Вялікая Кастрычніцкая Сацыялістычная рэвалюцыя і ўтварэнне БССР. Мн., 1954;
Первые социалистические преобразования в Белоруссии. Мн., 1957;
Белорусский народ в борьбе за Советскую власть (1919—1920 гг.). Мн., 1963;
Становление народного образования в Белоруссии (1917—1920 гг.). Ми., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫІ,
часовыя саслоўныя паліт. саюзы ў Рэчы Паспалітай для дасягнення пэўнай мэты. Узніклі ў Польшчы ў 14 ст., у ВКЛ у 16 ст. Былі адна- і шматсаслоўныя. З 16 ст. існавалі пры каралях для падтрымкі іх рашэнняў і К., накіраваныя супраць каралёў. Калі да К. далучаліся ўсе ваяводствы ці большасць іх, яна наз. генеральнай і магла выконваць функцыі вышэйшага органа дзярж.улады. Кіруючым органам К. была вальная рада, якая адпавядала сейму і выбіралася канфедэрацкімі сеймікамі. Узначальваў К. і вальную раду маршалак. Для ўнутр. бяспекі і захавання цэласнасці дзяржавы К. стваралі каптуровыя суды і канфедэрацкія суды. Генеральныя К. маглі стварацца асобна ў Польшчы і ВКЛ. У 18 ст. на тэр. Беларусі дзейнічалі Віленская канфедэрацыя 1716, Слуцкая канфедэрацыя 1767, Радамская канфедэрацыя, Барская канфедэрацыя, Таргавіцкая канфедэрацыя. Стварэнне К. забаранялася навечна сеймам 1717, Чатырохгадовым сеймам 1788—92, Канстытуцыяй 3 мая 1791, але яны ўсё ж узнікалі.
бел. пісьменнік. Скончыў рэальнае вучылішча, вучыўся на агр. курсах. У 1915—17 у арміі, у 1919—20 у Чырв. Арміі. У 1920—30-я г. працаваў у Наркамаце земляробства БССР, чл. прэзідыума секцыі бел. мовы і л-ры Інбелкульта, Цэнтр. бюро літ. аб’яднання «Маладняк», адзін з арганізатараў і кіраўнікоў БелАПП. Працаваў нам. дырэктара Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі, дырэктарам 2-га Бел.дзярж.т-ра ў Віцебску. Рэдагаваў газ. «Камуніст» (Бабруйск). У час ням фаш. акупацыі Беларусі заг.літ. часткі Мінскага гар.т-ра. З 1944 у Германіі, потым у ЗША. У 1951—55 дырэктар управы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Друкаваўся з 1920. Аповесці «Адшуканы скарб» (1925), «Два шляхі» (1926), «Вецер з усходу», «Над абрывам» (абедзве 1928) пра станаўленне сав.улады на Беларусі. Пасля вайны ад літ. творчасці адышоў.