«ТО́РБА СМЕ́ХУ»,

зборнік гумарыст. і сатыр. твораў (фацэцый) на польскай і бел. мовах. Складзены ў 1773—98 выкладчыкам бернардзінскага калегіума ў г. Сянно (Віцебская вобл.) К.Жэрай. Уключае 223 анекдатычныя пацешныя і павучальныя гісторыі, якія здарыліся на Піншчыне, Гродзеншчыне, Лепельшчыне, у Гродне, Драгічыне і інш. мясцовасцях Беларусі і Польшчы. Некаторыя маюць антыклерыкальны і антыпрыгонніцкі змест. Рукапіс выяўлены і апубл. ў 1893 З.​Глогерам.

Публ.:

Vorago rerum: Torba śmiechu. Warszawa, 1980.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 15, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРСКЕ́Й-АЛА́-ТО́О, Тэрскей-Алатау,

хрыбет у Цянь-Шані, які абмяжоўвае з Пд Ісык-Кульскую катлавіну, у Кыргызстане. Даўж. 375 км. Выш. да 5216 м. Складзены з гранітаў, метамарфічных сланцаў, вапнякоў і інш. На паўн. схіле высакагорны рэльеф з трогамі, цыркамі, ледавікамі; паўд. схіл спадзісты, зліваецца з сыртамі Унутр. і Цэнтр. Цянь-Шаня. Пл. ледавікоў каля 1080 км². На паўн. схіле — яловыя лясы, высакагорныя лугі, на паўд. — камяністая тундра і высакагорная халодная пустыня.

т. 16, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫНЬЛІ́Н,

горны хрыбет у Кітаі, з У прымыкае да Куньлуня, утварае водападзел бас. рэк Янцзы і Хуанхэ. Даўж. каля 1000 км. Выш. да 3666 м. Складзены пераважна з вапнякоў і крышт. сланцаў, моцна расчлянёны, на У падзяляецца на 4 адгор’і. Рэзкі прыродны рубеж паміж вечназялёнымі субтрапічнымі лясамі (бамбук, камеліі, магноліі) на паўд. схілах і сухімі стэпамі і лістападнымі лясамі ўмеранага пояса на паўночных. Некалькі рэзерватаў (Тайбайшань, Фапін-Юэба і інш.). Радовішча малібдэнавых руд.

т. 17, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЧАЛА́»,

зборнік павучальных выслоўяў і афарызмаў; помнік старажытнарускай перакладной літаратуры. Арыгінал складзены ў 11 ст. манахам Антоніем на аснове выказванняў ант. аўтараў і зборніка цытат хрысц. пісьменнікаў (складзены ў 7 ст. Максімам Спавядальнікам). З грэч. мовы на стараж.-слав. перакладзены ў канцы 12 — пач. 13 ст. Захаваўся ў шматлікіх рэдакцыях, якія змяшчалі дапаўненні ў адпаведнасці з прызначэннем кнігі і светапоглядам складальнікаў. Кампанаваўся паводле хрысц. іерархічнага прынцыпу: кожны тэматычны раздзел (пра жыццёвую дабрачыннасць, дабро і зло, праўду, дружбу і любоў) уключаў вытрымкі з Новага, потым са Старога запаветаў, кароткія павучанні «айцоў царквы» і маральна-філас. сентэнцыі ант. філосафаў і пісьменнікаў (Гамера, Герадота, Дыягена, Дэмакрыта, Арыстоцеля, Ксенафонта, Платона, Сакрата). У раздзеле «Слова аб красе» выявіліся асн. прынцыпы хрысц. эстэтыкі. Меў вял. папулярнасць, часта цытаваўся стараж.-рус. пісьменнікамі, перапрацоўваўся і дапаўняўся выказваннямі з рус. помнікаў, блізкіх яму па кампазіцыі. Быў адной з крыніц ведаў пра ант. свет. Шырока выкарыстоўваўся бел. пісьменнікамі і асветнікамі 13—17 ст. у публіцыстыцы і красамоўстве. Многія выказванні «П.» ўвайшлі ў жывую мову і, відазмяніўшыся, сталі прыказкамі.

Літ.:

Семенов В. Древняя русская Пчела по пергаменному списку. СПб., 1893;

Сперанский М.Н. Переводные сборники изречений в славяно-русской письменности: Исслед. и тексты. М., 1904;

Конан У. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 12.

У.​М.​Конан.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВЫ́Я ХРЫБТЫ́ (Coast Ranges),

ланцуг невысокіх горных хрыбтоў і масіваў уздоўж зах. ўзбярэжжа ЗША (ад 34° паўн. ш. да 48°30′ паўн. ш.). Найб. выш. 2428 м (г. Алімпус). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод. Характэрны землетрасенні. Радовішчы нафты, вугалю, ртуці. На Пн ад 42° паўн. ш. схілы ўкрыты лясамі з сітхінскай елкі, туі, дугласіі, вышэй — лугі, горныя тундры, асобныя ледавікі. На Пд — хваёвыя лясы і вечназялёныя ксерафільныя хмызнякі (чапараль), участкі лясоў з гіганцкай секвоі. Нац. парк Алімпік.

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКАВЫ́ ХРЫБЕ́Т,

горны хрыбет у сістэме Вял. Каўказа. Цягнецца з паўн. боку паралельна Галоўнаму (Водападзельнаму) хрыбту. Складаецца з асобных масіваў, падзеленых вярхоўямі рэк паўн. схілу Вял. Каўказа. Выш. да 5642 м (г. Эльбрус). Да Бабакога хрыбта адносяцца самыя высокія вяршыні Вял. Каўказа: Дыхтау (5203 м), Казбек (5033 м), Тэбуласмта (4493 м) і інш. Складзены з асадкавых парод, крышт. і гліністых сланцаў, гранітаў. У грабянёвай частцы альпійскія формы рэльефу. Хвойныя лясы, высакагорныя лугі. У цэнтр. частцы ледавікі.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІНА́ВА,

самы вялікі востраў архіпелага Рукю, у Японіі. Пл. 1254 км². Берагі моцна парэзаны, акаймаваны каралавымі рыфамі. На ПнУ і ў цэнтр. частцы Акінава нізкагор’і (выш. да 498 м), складзены пераважна са сланцаў, вапнякоў і пясчанікаў. Астатняя тэрыторыя — нізінная раўніна. Клімат трапічны, мусонны, ападкаў 1,3—2 тыс. мм за год, летам і восенню — тайфуны. На месцы вільготных трапічных лясоў зараснікі бамбуку, хмызнякоў, рысавыя палеткі, плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Гал. горад — Наха. На Акінаве размешчаны амерыканскія ваенныя базы.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСУКІ́ Вялікія і Малыя, пяскі Вялікія Барсукі, пяскі Малыя Барсукі,

пясчаныя пустыні ў Казахстане, мерыдыянальна выцягнутыя ў выглядзе дзвюх доўгіх і вузкіх палос на Пн ад Аральскага м. Вялікія Барсукі даўж. каля 200 км, Малыя Барсукі — каля 100 км. Выш. каля 100 м. Складзены з палеагенавых і антрапагенавых алювіяльных пяскоў. Пяскі месцамі ўтвараюць узгоркі, грады і барханы. На выраўнаваных прасторах пераважаюць ксерафітныя хмызнячкі, палыны, салянкі і эфемеры; на схілах узгоркаў і град — ксерафітныя хмызнякі. Выкарыстоўваюцца як паша.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў рэк Дубровенка і Дняпро. Меў выгляд прамавугольніка (каля 125 × 45 м). Паводле інвентара (складзены 28.5.1545), у цэйхгаўзе замка знаходзіліся 242 адзінкі агнястрэльнай зброі, шмат інш. ваен. рыштунку. У 1535 і 1562 замак спалены рус. войскам, але хутка адноўлены. У ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 яго зноў займалі і спальвалі рус. войскі. У 1730-я г. Д.з. адноўлены і праіснаваў да 1772.

т. 6, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАІЛІ́ЙСКІ АЛАТА́У,

горны хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у Казахстане, на мяжы з Кіргізіяй. Даўж. каля 350 км. Выш. да 4973 м (пік Талгар). Складзены пераважна з гранітаў, кангламератаў, вапнякоў і сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Агульная пл. зледзянення 484 км². З паўн. схілаў сцякаюць прытокі р. Ілі. Сухія стэпы змяняюцца з вышынёй хмызнякова-стэпавай расліннасцю, лугамі і лясамі. У паўн. перадгор’ях г. Алматы, а таксама зімовы спарт. комплекс Медэо. На зах. схіле З.А. Алма-ацінскі запаведнік.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)