АЛЬБЯРЦІ́НСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВОД.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1828—1914 у Альбярціне. У 1830 пабудаваны мураваны будынак для плаўкі чыгуну. З 1845 вырабляў сячкарні і млынавыя машыны, у 1895 — сячкарні, веялкі і інш. с.-г. прылады, у 1900 — сячкарні, турбіны для вадзяных млыноў. У 1890 меў чыгуналіцейную печ і 3 такарныя станкі. З 1903 наз. машынабудаўнічы з-д. Вырабляў посуд для вінакурняў і піваварняў, у 1908—10 — драцяныя і шавецкія цвікі, шпількі, у 1913 — вадзяныя турбіны, малатарні, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак; працавалі 50 рабочых.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЮ́НАС ((Biliūnas) Іонас) (11.4.1879, в. Нюроніс Анікшчайскага р-на, Літва — 8.12.1907),

літоўскі пісьменнік. Вучыўся ў Юр’еўскім (Тартускім), Лейпцыгскім, Цюрыхскім ун-тах. Сябраваў з Цёткай (А.​Пашкевіч). Майстар лірыка-псіхал. навелы. Аўтар каля 30 апавяданняў (кн. «Розныя апавяданні», «Палка. Жабрак. Госці. Канец Брысюса», абедзве 1906, і інш.), аповесці «Сумная казка» (1907), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў. Галоўная тэматыка — пакуты пакрыўджанага жыццём чалавека, лёс і жыццё рабочых. На бел. мову асобныя творы Білюнаса пераклалі П.​Аляксюк («Наша ніва», 10.12.1909), І.​Сакалоўскі (у зб-ках «Літоўскія апавяданні», 1957; «Бурштынавыя пацеркі», 1984).

А.​Лапінскене.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СКЕЛ ((Gaskell) Элізабет) (29.9.1810, Лондан — 12.11.1865),

англійская пісьменніца. Вядомасць прынёс раман пра жыццё англ. рабочых «Мэры Бартан» (1848), рэаліст. накіраванасць якога змякчалася пропаведдзю хрысц. ўсёдаравання і надзеяй на магчымасць класавага прымірэння. У 1853 апубл. раманы «Крэнфард» і «Рут». Рэаліст. раман «Поўнач і Поўдзень» (1855) пазначаны духам кампрамісу, узмацненнем рэліг. і сентыментальных тэндэнцый. Аўтар біяграфіі сваёй сяброўкі — «Жыццё Шарлоты Бронтэ» (т. 1—2, 1857), раманаў «Паклоннікі Сільвіі» (1863), «Жонкі і дочкі» (1866, незавершаны) і інш.

Літ.:

Ремизов Б.Б. Элизабет Гаскелл. Киев. 1974.

Н.​М.​Саркісава.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛУ́ ((Dalou) Эмэ Жуль) (31.12.1838, Парыж — 15.4.1902),

французскі скульптар. Вучыўся ў Ж.Б.Карпо. Удзельнік Парыжскай камуны 1871 (абраны хавальнікам Луўра); пасля яе падзення выехаў у Вялікабрытанію, дзе і жыў да амністыі 1879. Творы Д. адметныя цікавасцю да жыцця і перажыванняў простых людзей, яснай і энергічнай пластычнай мовай рэалістычнай скульптуры: «Брэтонка» і тэматычны рэльеф «Мірабо адказвае маркізу Дро-Брэзэ» (абодва 1884), 54 фігуры рабочых і сялян для праекта «Помнік Працы» (1889—92). Аўтар манум. кампазіцыі «Трыумф Рэспублікі» (1879—99).

Літ.:

Бродский В. Художники Парижской Коммуны. М., 1970.

Ж.Далу. Помнік Рэспублікі ў Парыжы. 1883.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС НАРО́ДА»,

сацыял-дэмакр. рабочая газета; выконвала таксама функцыі органа Бабруйскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася штодзённа з 28.5(10.6) да 16(29).8.1917 у Бабруйску на рус. мове. Праводзіла агульнадэмакр., надпарт. курс на арганізацыю рабочага руху горада ў адзіны сацыяліст. блок. Друкавала матэрыялы ў падтрымку палітыкі Часовага ўрада, перадвыбарчую праграму сацыяліст. блока ў Гар. думу. Шмат месца адводзіла яўр. рабочаму руху. З 18 ліп. наз. «Бобруйская вечерняя газета «Голос народа». Перадрукоўвала ў асноўным артыкулы з цэнтр. выданняў. Вядома 69 нумароў.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС ПОЛЕ́СЬЯ»,

грамадска-паліт. газета, орган Рэчыцкага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася штодзённа ў крас.жн. 1917 у г. Рэчыца на рус. мове. Падтрымала Часовы ўрад і яго палітыку прадаўжэння вайны да перамогі. Друкавала афіц. ўрадавыя дакументы, звесткі з міжнар. жыцця, ваен. хроніку. Шмат увагі аддавала мясц. грамадскаму і прафсаюзнаму руху, арганізацыі самакіравання. Змяшчала дакументы і адозвы Сялянскага саюза Палескага р-на. Перадрукоўвала артыкулы з петраградскіх і маскоўскіх выданняў. Спыніла выхад у канцы жн. 1917 у сувязі з перавыбраннем Савета.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 5, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ДОМ-КАМУ́НА.

Пабудаваны ў 1929—31 (арх. С.​Шабунеўскі, інж. Р.​Ханін) у Гомелі для рабочых вагонарамонтнага з-да. П-падобны ў плане мураваны будынак, займае па даўжыні квартал. Выразнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дасягнута спалучэннем верт. 7-павярховых аб’ёмаў, якія фланкіруюць цэнтр. 6-павярховы аб’ём з бакавымі крыламі. Пластыка гал. і бакавых фасадаў, пазбаўленых арх. дэкору, ствараецца рытмам аконных праёмаў, чаргаваннем лоджый і балконаў. У Вял. Айч. вайну будынак пашкоджаны. Пры аднаўленні (1946—49) захавана старая планіровачная структура.

А.​А.​Воінаў.

Гомельскі дом-камуна.

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИСТО́РИЯ ФА́БРИК И ЗАВО́ДОВ»

(«ИФЗ»),

назва спецыялізаванай серыі кніг па гісторыі рас. і сав. прадпрыемстваў і выдавецтва ў Маскве, якое яе выпускала ў 1931—38. Засн. пісьменнікам М.​Горкім. У выданні серыі ўдзельнічалі Саюз пісьменнікаў СССР, Т-ва гісторыкаў-марксістаў, Ін-т гісторыі Камуніст. акадэміі і інш. На месцах дзейнічалі рэсп., абл. і заводскія камісіі «ИФЗ». Усяго за час існавання выд-ва выдадзена больш за 30 кніг серыі: зб-кі дакументаў, успаміны рабочых, нарысы і навук.-маст. манаграфіі. У 1938 выд-ва «ИФЗ» ліквідавана.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕР (Арон Іосіфавіч) (1865, г. Швенчоніс, Літва — 1935),

дзеяч рэв. руху; адзін са стваральнікаў Бунда і першых прапагандыстаў марксізму ў Расіі. У брашуры «Аб агітацыі» (1897, пад рэд. Ю.​В.​Мартава) аддаваў перавагу эканамічным, а не паліт. патрабаванням рабочых. У сак. 1898 дэлегат Першага з’езда РСДРП у Мінску ад Бунда. У 1898—1905 чл. ЦК Бунда. Пасля рэвалюцыі 1905—07 адышоў ад паліт. дзейнасці. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, выехаў у Польшчу, дзе аднавіў актыўную дзейнасць у Бундзе, стаяў на пазіцыях правага крыла Апошнія гады жыў у Вільні.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУДЗІ́ТЫ (англ. Luddites),

удзельнікі стыхійных рабочых выступленняў у Англіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. супраць укаранення ў прамысловасць машын, якія яны лічылі прычынай свайго гаротнага становішча. Назва ад імя легендарнага рабочага Н.​Луда, які нібыта першы зламаў свой станок. Рух Л. пачаўся каля 1760 у гарадах Шэфілдзе і Нотынгеме і ў пач. 19 ст. ахапіў амаль усю Англію. Яны нападалі на фабрыкі і знішчалі машыны, асабліва ткацкія. Нягледзячы на ўвядзенне ўрадам у 1769 і ў 1812 смяротнага пакарання для Л., іх рух працягваўся да 1830-х г.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)