ПСЕЎДАМАРФО́ЗЫ (ад псеўда... + грэч. morfē выгляд, форма),

мінеральныя ўтварэнні, знешняя форма якіх не адпавядае іх саставу і ўнутранай будове. Утвараюцца шляхам запаўнення поласцей, якія засталіся пасля вышчалочвання мінералаў другога саставу (П. запаўнення), хім. замяшчэння раней існуючых мінералаў з захаваннем іх знешняй формы (П. пераўтварэння і выцяснення). Трапляюцца таксама мінеральныя П. па арган. рэштках (па выкапнёвай фауне — зоамарфозы, па выкапнёвых раслінах — фітамарфозы, напр., акамянелае дрэва).

Псеўдамарфозы: 1 — апалу на дрэве, 2 — піралюзіту па манганіце.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАН ПА (франц. grand pas літар. вял. шаг, вял. танец),

складаная шматчасткавая танц.-муз. форма. Узнікла ў эпоху рамантызму і атрымала завяршэнне ў творчасці М.Петыпа. Будуецца падобна санатнай форме ў музыцы: экспазіцыя, адажыо і варыяцыі (распрацоўка), потым кода. У гран па харэаграфія абагульнена-паэтычна выяўляе ўнутр. змест балета. Танц. тэмы сімфанічна развіваюцца, пераплятаюцца, проціборствуюць. Такія гран па ёсць у «Баядэрцы» Л.​Мінкуса, «Раймондзе» А.​Глазунова і інш. Выконваецца сумесна салістамі, карыфеямі, кардэбалетам. Некат. гран па носяць дзейсны характар. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены аднаактовы спектакль «Вялікае класічнае па» на музыку Мінкуса з балета «Пахіта» Э.​Дэльдэвеза («У гонар Марыуса Петыпа», 1981).

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕ́КСЫ (ад пара... + грэч. lexis слова),

тоесныя па значэнні і блізкія па гучанні словы дзвюх блізкароднасных моў. Гл. Паралексія.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́НІМЫ (ад пара... + грэч. onyma імя),

словы, блізкія па гучанні і структуры, але розныя па значэнні. Гл. ў арт. Паранімія.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎНЫ КАМІТЭ́Т ПА СЯЛЯ́НСКАЙ СПРА́ВЕ,

урадавая ўстанова ў Расіі па разглядзе праектаў адмены прыгоннага права ў 1858—61. Пераўтвораны з Сакрэтнага к-та па сял. справе. Знаходзіўся ў распараджэнні імператара. Старшынёй быў кн. А.​Ф.​Арлоў, потым вял. кн. Канстанцін Мікалаевіч, членамі — міністры, чл. Дзярж. савета і інш.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́ТАЎ (Уладзімір Георгіевіч) (30.6.1929, г. Новасібірск, Расія — 19 2.1976),

бел. спартсмен і трэнер па лёгкай атлетыцы (скачкі з шастом). Засл. майстар спорту (1959), засл. трэнер Беларусі (1975). Скончыў Кіеўскі ін-т фіз. культуры (1953). Рэкардсмен Еўропы, СССР. Трэніраваў зборную юніёраў СССР па лёгкай атлетыцы (з 1961), нац. каманду Кубы (1967—68), з 1968 старшы трэнер па скачках з шастом Рэспубліканскай школы вышэйшага спарт. майстэрства. З 1978 у Мінску праводзяць спаборніцтвы па скачках з шастом памяці Булатава.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ БА́НКАЎСКІ КАЛЕ́ДЖ Засн. 30.10.1944 у г. Пінск Брэсцкай вобл. як улікова-крэдытны тэхнікум, з 2.9.1997 — банкаўскі каледж. Навучанне па спецыяльнасці банкаўская справа (2000/01 навуч. г.) вядзецца па 2 узроўнях. Першы дае сярэднюю спец. адукацыю па асн. адукац. праграме з прысваеннем кваліфікацыі «эканаміст»; другі — сярэднюю спец. адукацыю па прафес. адукац. праграме павышанага ўзроўню з прысваеннем кваліфікацыі «эканаміст» са спецыялізацыямі «міжнар. банкаўскія аперацыі» і «прававое рэгуляванне банкаўскай дзейнасці». Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 12, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ЭКАЛАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя А.​Дз.Сахарава. Засн. ў 1992 у Мінску як Міжнар. каледж па радыеэкалогіі імя А.​Дз.​Сахарава. З 1994 Міжнар. ін-т па радыеэкалогіі, з 1999 сучасная назва. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: радыеэкалогіі; радыебіялогіі і экалаг. медыцыны; павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне радыяцыйнай і экалагічнай бяспекі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1995. Савет па абароне дысертацый па экалогіі з 1999. З 1994 працуе кафедра ЮНЕСКА. Мае: цэнтры Нац. па выпрабаванні біял. актыўнасці хім. злучэнняў, 2 рэсп. па радыяцыйнай і экалаг. бяспецы (інфармавання насельніцтва і навукова-навуч.), лінгвістычны; спец. аддзелы (інфарм.-выдавецкі, тэхн. сродкаў навучання, новых адукац. тэхналогій); н.-д. сектар, у складзе якога 12 лабараторый, у т. л. лабараторыя гістэхналогій; лакальную камп’ютэрную сетку з выхадам у Інтэрнет; навукова-навучальную палявую станцыю ў Хойніках.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЎТРЫМА́ННЕ,

у цывільным праве дагавор адчужэння жылога дома (кватэры) з умовай пажыццёвага ўтрымання яго ўладальніка. Паводле гэтага дагавора адзін бок (набытчык) абавязваецца прадаставіць другому боку, які з’яўляецца непрацаздольным па ўзросце або па стане здароўя (адчужальнік), пажыццёвае матэрыяльнае забеспячэнне ў натуры (у выглядзе жылля, харчавання, догляду і неабходнай дапамогі), а адчужальнік — перадаць ва ўласнасць набытчыка жылы дом (кватэру). Дагавор складаецца ў адпаведнасці з правіламі, выкладзенымі ў Цывільным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Дагавор можа быць скасаваны па патрабаванні адчужальніка ў выпадку невыканання набытчыкам прынятых на сябе абавязацельстваў ці па патрабаванні набытчыка, калі яго матэрыяльнае становішча пагоршылася па незалежных ад яго абставінах і ён не можа прадаставіць адчужальніку абумоўленае ўтрыманне.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́МАРАЧНАЯ МАЁМАСЦЬ,

у цывільным праве маёмасць памерлага, у якога няма спадчыннікаў ні па законе, ні па завяшчанні або яны пазбаўлены спадчынадаўцам спадчыны ці адмовіліся ад яе. Паводле бел. заканадаўства вымарачная маёмасць пераходзіць на карысць дзяржавы, якая пасля прыняцця спадчыны адказвае па даўгах спадчынадаўцы ў межах сапраўднага кошту маёмасці, што перайшла да яе.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)