ГЕРАСІМО́ВІЧ Эльвіра Пятроўна

(н. 5.6.1925, Мінск),

бел. дзеяч тэатр. мастацтва. Канд. мастацтвазнаўства (1956). Праф. (1977). Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыла Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1949), дзе і выкладае (з 1984, у 1968 — 84 рэктар). У 1957—68 інструктар, заг. сектара ЦК КПБ. Даследавала творчасць Бел. т-ра імя Я.Коласа перыяду 1926 — 41. Навук. працы па гісторыі сав. т-ра, акцёрскай і рэжысёрскай творчасці.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАЛІТО́ЎСКІ (БЕЛАРУ́СКІ) ФОНД ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,

прыватны дабрачынны фонд. Засн. ў 1975 у Нью-Йорку Янкам і Марыяй Станкевічамі. Асн. мэты: апрацоўка і публікацыя прац Я.Станкевіча, фін. падтрымка работы даследчыкаў бел. гісторыі, л-ры, мовы, культуры і мастацтва, выданне навук. прац, падручнікаў, слоўнікаў. Фонд устанавіў стыпендыі для бел. студэнтаў, якія паспяхова вучацца ў амер. ВНУ. Выдаў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» Я.Станкевіча (1990).

А.С.Ляднёва.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ Васіль Вячаслававіч

(н. 2.12.1954, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1982), Беларускую АМ (1992). Выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. У пач. творчасці ў традыц. формах мастацтва імкнуўся знайсці жывапісную гармонію. З 1990 займаецца пластычнымі, колеравымі, канцэптуальнымі пошукамі. За працу «Адбіткі на асфальце» (1991) «Гран-пры» І Міжнар. пленэру «Малевіч. Уновіс. Сучаснасць» (Віцебск, 1994).

М.М.Паграноўскі.

т. 4, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЧАРЫ́НКА,

вечарына, у беларусаў даўні звычай сялянскай моладзі збірацца вечарамі, асабліва ў нядзелю або свята, на танцы і гульні. Наладжвалі вечарынкі пераважна зімой у прасторнай хаце або карчме. У грамадскім побыце дарэв. вёскі — найбольш даступная магчымасць сустрэч моладзі. Бытавалі вечарынкі і ў гар. асяроддзі. На пач. 20 ст. ў гарадах і мястэчках вечарынкі выкарыстоўвалі аматарскія гурткі для папулярызацыі бел. л-ры і мастацтва (т.зв. Беларускія вечарынкі).

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЖА́НСКІЯ

(сапр. Валжанкіны),

сям’я рус. артыстаў цырка, канатаходцы. Уладзімір Аляксандравіч (30.5.1917—1983). Кіраўнік нумара. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Маскоўскі тэхнікум цыркавога мастацтва (1933). Акрабат, эквілібрыст, канатаходзец, канструктар цыркавой апаратуры. Партнёры — члены яго сям’і і інш. артысты цырка. У 1977 Валжанскія стварылі атракцыён-спектакль «Праметэй», у якім сродкамі цыркавой выразнасці перадалі сюжэт антычнага міфа. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Літ.:

Ганина М. Канатоходцы Волжанские. М., 1969.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУК МУЗЫ́ЧНЫ,

найменшы структурны элемент музыкі. Асн. яго ўласцівасці; дакладная вышыня, гучнасць, працягласць і тэмбр. З гукаў фіксаванай вышыні (тонаў), якія здольны ўспрымаць чалавечы слых, у музыцы выкарыстоўваецца параўнальна нязначная частка; іх адбор вызначаецца фізіял. асаблівасцямі слыху, камунікатыўнай прыродай муз. мастацтва, эстэт. патрабаваннямі музыкантаў і слухачоў. Асобна ўзяты гук музычны не валодае маст. выразнасцю, аднак набывае яе пры ўключэнні ў пэўную гукавую сістэму, у пэўны муз. кантэкст.

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮ́БНЕРАВА (Hübnerová) Марыя

(12.10.1862, г. Жамберк, Чэхія — 5.8.1931),

чэшская актрыса; прадстаўніца рэалістычнага чэш. мастацтва. З 1880 выступала ў правінцыяльных трупах, з 1896 у Нац. т-ры ў Празе. Тэмперамент, страснасць спалучаліся ў яе мастацтве з тонкім псіхалагізмам. Сярод роляў: Войнарка, Класкова («Войнарка», «Ліхтар» А.Ірасека), Мадленка («Упартая жанчына» І.Тыла), Фанка («Разбойнік» К.Чапека), Пані Дульская («Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля), Агудалава, Кабаніха («Беспасажніца», «Навальніца» А.Астроўскага).

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКАЯ ПЕ́СНЯ,

від музычна-паэтычнага мастацтва, дзе паэт, кампазітар і выканаўца аб’яднаны ў адной асобе. Аўтарскую песню наз. таксама бардаўскай ці паэтычнай (літаратурнай) песняй, а яе выканаўцаў — бардамі (ад назвы прафес. паэтаў сярэднявечча ў Ірландыі, Уэльсе і Шатландыі).

Бярэ пачатак у творчасці стараж. нар. спевакоў (скальдаў, бардаў, лірнікаў, гусляроў). Сінкрэтычны від мастацтва, дзе сродкі слова, музыкі і артыстычнага майстэрства ствараюць адзін непадзельны маст. вобраз і служаць перш за ўсё выяўленню сэнсу. Крытэрый паэтычнасці дазваляе далучаць да аўтарскай песні і творчасць выканаўцаў.

Як асобны від мастацтва аўтарская песня сфарміравалася на пач. 20 ст. Яе тыповая рыса — паліт. накіраванасць, вызначальная прыкмета — акампанемент гітары. Сярод вядомых выканаўцаў аўтарскай песні ў Францыі — Ж.Брэль, Ж.Беко, Ш.Азнавур. Палітычныя матывы распрацоўвалі ў сваёй творчасці Дж.Хіл, П.Сігер, В.Гатры, Дж.Баэз, Дз.Рыд (ЗША), В.Хара (Чылі). У б. СССР узнікла ў 1950-я г., пераважна сярод інтэлігенцыі, студэнтаў і турыстаў, і выконвала ролю «ціхай» апазіцыі існуючаму рэжыму. Найб. вядомы рас. барды Б.Акуджава і М.Анчараў (пачынальнікі), А.Галіч і У.Высоцкі, творчасць якіх адметная асаблівай публіцыстычнасцю, а таксама А.Гарадніцкі, Н.Матвеева, Ю.Візбар, Ю.Кім, Я.Клячкін, Ю.Кукін, В.Доліна, А.Дольскі, С.Нікіцін і інш. Сярод рускамоўных бардаў Беларусі А.Круп (пачынальнік, старшыня першага буйнога клуба самадз. песні «Свіцязь», 1966), М.Валодзін, Б.Вайханскі, У.Бобрыкаў, А.Казанцава і інш. З прадстаўнікоў беларускамоўнай аўтарскай песні, якая ўзнікла на хвалі нац. адраджэння на пач. 1980-х г., А.Камоцкі і С.Сокалаў-Воюш (пачынальнікі), А.Атаманаў, А.Мельнікаў, В.Цярэшчанка, В.Шалкевіч і інш. З 1960-х г. праводзяцца фестывалі аўтарскай песні (найб. значны — памяці В.Грушына, 1968, г. Самара), на Беларусі з 1971.

Н.У.Кудрэйка.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РНЕМ

(Arnhem),

горад на У Нідэрландаў. Адм. ц. правінцыі Гелдэрланд. Засн. на месцы рым. паселішча. 128 тыс. ж.; з прыгарадамі 293 тыс. (1985). Порт на правым беразе Рэйна. Машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, саляная, скураная прам-сць, вытв-сць штучных тканін. Нідэрландскі музей пад адкрытым небам (нар. архітэктура, дэкар. мастацтва), сафары-парк. Паблізу Арнема, у Атэрло — музей Кролер-Мюлер з калекцыяй карцін В. ван Гога. Арх. помнікі 14—18 ст.

т. 1, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЁМ

(сапр. Арцем’еў Аляксандр Радзівонавіч; 1842, с. Столпава Разанскай вобл. — 29.5.1914),

рускі акцёр. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878). Працаваў настаўнікам малявання і чыстапісання. З 1880-х г. іграў у аматарскіх спектаклях, з 1888 — у Т-ве мастацтва і л-ры, з 1898 — у Маскоўскім маст. т-ры (МХТ). Найб. поўна талент Арцём раскрыўся ў п’есах А.Чэхава. Сярод інш. роляў: Пярчыхін («Мяшчане» М.Горкага), Кузаўкін («Нахлебнік» І.Тургенева).

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)