устойлівыя па прынцыпах пабудовы і імправізацыйныя па рэалізацыі (адпаведна выпадку) формулы вербальнай (слоўнай) магіі шкадлівага характару. Адна з праяў архаічнай свядомасці чалавека, яго веры ў магічныя сродкі ўздзеяння на чалавека, жывёлу, аб’екты нежывой прыроды, а найперш у дзейсную сілу слова. Найчасцей выказваюцца ў адказ на рэальнае ці ўяўнае праяўленне агрэсіі, варожасці ў дзеяннях і словах. У іх назіраецца імкненне «адвярнуць» шкадлівае дзеянне на крыніцу яго спараджэння, магічным спосабам адпомсціць за нейкае зло, знішчыць крыўдзіцеля і яго род, дабрабыт і інш.
Разбурэнне міфалагічнай сістэмы ператварыла формулы П. у бясшкодныя выслоўі. Напр., забыты страх пра дэмана Кадука, што зжыраў немаўлят і тым асуджаў род на выміранне, ператварыў праклён «Каб на цябе Кадук» у нейтральны папрок, які бабулі часта адрасавалі дзецям (тыпу «А няхай вас качкі стопчуць!»). Для ўзмацнення дзейнасці П. выкарыстоўваліся магічныя атрыбуты, сакральныя мясціны, урочны час.Найб. моцнымі лічыліся матчыны П., бо яны павінны былі няўхільна споўніцца (іншыя можна было нейтралізаваць). Цывілізаванасць праяўлялася ў тым, што забаранялася праклінаць дзяцей непрыяцеля, хоць зацятасць спараджала П. на 10 пакаленняў. Матывы П. выкарыстоўваліся ў нар. творчасці, міфалагічных сюжэтах, баладах і інш. творах (у выніку П. моладзец ператвараецца ў явар, нявестка — у рабіну ці каліну, вяселле — у каменне ці ў ваўкалакаў). П. вымаўляліся часта ва ўзбуджаным стане, у парыве гневу, крыўды, жадання адпомсціць. Тады яны складваліся ў доўгія нізкі з пералічэннем усіх нягод непрыяцелю. Мова П. вызначаецца экспрэсіўнасцю, вобразнасцю, рытмічнасцю. У П. заўсёды прысутнічае параўнанне, узважванне шкоды і расплаты за яе. П. грунтуюцца на стараж. звычаёвым праве продкаў. Формаю яны блізкія да зневажальных выслоўяў.
Публ.:
Выслоўі / Склад. М.Я.Грынблат. Мн., 1979.
Літ.:
Нікіфароўскі М.Я. Напаўпрыказкі-напаўпрымаўкі // Зап.аддз.гуманіт.навук.Кн. 4. Пр. катэдры этнаграфіі. Мн., 1928. Т. 1, сш. 1;
Federowski M. Lud białoluski. T. 1. Kraków, 1897;
Pietkiewicz Cz. Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego. Warszawa, 1938;
Moszyński K. Kultura ludowa słowian. T. 2: Kultura duchowa. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭАЛІ́ЗМ,
агульная назва філас. сістэм (поглядаў), у якіх сутнасці прадметаў надаецца асабліва ідэальны і субстанцыянальны сэнс. Зыходзіць з першаснасці духоўнага, мысліцельнага, псіхічнага і другаснасці матэрыяльнага, прыроднага, фізічнага. Узнік каля 2,5 тыс.г. назад. У філас. сэнсе І. азначае пэўную пазіцыю ў рашэнні асн. пытання філасофіі аб адносінах мыслення да быцця. Калі ідэальнае набывае характар аб’ектыўнага духоўнага першапачатку свету, размова ідзе пра аб’ектыўны І., калі сутнасць пазбаўляецца аб’ектыўнай асновы — пра суб’ектыўны І. У 1-м выпадку сутнасць (ідэя) паўстае ў 2 іпастасях: з аднаго боку, яна павінна быць вечнай, абсалютнай і нязменнай, для чаго неабходна пастуліраваць асобны свет яе знаходжання, якімі выступаюць платонаўскі свет ідэй, арыстоцелеўская форма форм, лейбніцкія манады, гегелеўская абсалютная ідэя або розум Бога ў схаластычнай філасофіі; з другога боку, сутнасць як адбітак (цень) сваёй асн. ідэі-матрыцы прадстаўлена ў канкрэтных прадметах рэальнага свету. Таму рэчы маюць канец, існуюць у часе і прасторы, а іх сутнасць (ідэя) абсалютная і вечная, г.зн. існуе па-за часам і прасторай. У рамках аб’ектыўнага І. сцвярджаецца ідэя гіпераб’ектыўнага крытэрыю ісціны; апошняя набывае неабходны аб’ектыўны сэнс, які раскрываецца не кожнаму розуму, а толькі таму, што філасофствуе. У сістэме суб’ектыўнага І. формы пачуццёвага пазнання (прастора і час у філасофіі Дж.Берклі, Д.Юма і І.Канта) і сутнасці абстрактных паняццяў (напр., прычына, неабходнасць, усеагульнасць, заканамернасць і г.д.) выводзяцца з прыроды самой свядомасці чалавека. Такім чынам сутнасць аддзяляецца ад прадмета, набывае асаблівы намінальны сэнс або характар прыроджаных ідэй (Р.Дэкарт). Крытэрый ісціны з аб’ектыўна-анталагічных асноў пераходзіць у бок логіка-псіхал. форм пазнання. Суб’ектыўны І. рэалізуецца ў такіх сваіх разнавіднасцях, як суб’ектывізм, скептыцызм, сафістыка, агнастыцызм, ірацыяналізм, інтуітывізм, прагматызм, валюнтарызм, пазітывізм і інш. І. супрацьстаіць матэрыялізму ў вырашэнні асн. пытання філасофіі (аб адносінах матэрыі і свядомасці матэрыяльнага і духоўнага). І. ўяўляе сабой моцны пласт духоўнай культуры чалавецтва і ў спалучэнні з матэрыялізмам дазваляе скласці цэласнае ўяўленне пра свет, у рамках якога чалавек выступае моцным фактарам сацыяпрыроднага прагрэсу. У быт. сэнсе паняцце «І.» абазначае схільнасць людзей да абстрактнага тэарэтызавання, бескарыслівага захаплення нерэальнымі ідэямі, нездзяйсняльнымі планамі і праектамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ (НТР),
карэннае, якаснае пераўтварэнне навукі, тэхнікі, сістэмы прадукц. сіл на аснове ператварэння навукі ў вядучы фактар развіцця вытв-сці. НТР пачалася з сярэдзіны 1940-х г., яе перадумовы створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з шэрагам адкрыццяў у прыродазнаўчых навуках. Уплывае на ўсе бакі жыцця грамадства, у т. л. на яго сац. і галіновую структуру, культуру, побыт і псіхалогію людзей, змяняе ўмовы, характар і змест іх працы, уздзейнічае на экалагічную сітуацыю, дэмаграфічныя працэсы і інш. Ператварэнне навукі ў непасрэдную прадукц. сілу суправаджаецца ўскладненнем яе структуры, узрастаннем ролі міждысцыплінарных і прыкладных даследаванняў, доследна-канструктарскіх распрацовак як звёнаў, што звязваюць навуку з вытв-сцю. На падставе ўкаранення вынікаў фундаментальных навук. даследаванняў на стыку шэрагу навук узніклі прынцыпова новыя галіны вытв-сці (атамная энергетыка, кібернетыка, радыёэлектроніка, валаконная оптыка, матэрыялазнаўства і інш.), ствараюцца новыя сістэмы тэхналогій — біятэхналогіі, лазернай тэхналогіі і інш. Пры НТР адбываюцца кардынальныя змены ў дачыненні да суб’ектаў вытв-сці — працаўнікоў, растуць патрабаванні да іх ведаў і прафес. падрыхтоўкі, інтэлектуальнага, кваліфікацыйнага і агульнакульт. ўзроўняў, арганізац. здольнасцей (гл.Навукова-тэхнічны патэнцыял). Інтэнсіфікацыя вытв-сці ў эпоху НТР суправаджаецца ўцягненнем у гасп. абарот асн. прыродных рэсурсаў планеты (карысных выкапняў здабываецца штогод да 150 млрд.т), што разам зіндустр. забруджваннем, разбурэннем азонавага слоя, парушэннем натуральнага энергет. балансу Зямлі стварае пагрозу экалагічнай катастрофы. Не пазбаўлена супярэчнасцей і асваенне касм. прасторы (дасягненні ў гэтай сферы выкарыстоўваюцца пераважна ў ваен. мэтах). Практычнае выкарыстанне ядзернай энергіі вырашае энергет. праблемы ў шэрагу краін свету (атамныя электрастанцыі, атамныя ледаколы і інш.), разам з тым назапашванне ядз. зброі ставіць пад пагрозу жыццё на Зямлі; выкарыстанне атамнай энергіі ў мірных мэтах таксама ўяўляе сабой небяспеку для жыцця чалавека (аварыя на Чарнобыльскай АЭС). Развіццё і выкарыстанне электронна-выліч. тэхнікі зрабіла рэвалюцыянізуючы ўплыў на ўсе кірункі навукова-тэхнічнага прагрэсу, садзейнічала камп’ютэрызацыі вытв-сці і кіраўніцкай працы, укараненню новых інфарм. тэхналогій (сучасны этап НТР наз. інфармацыйнай рэвалюцыяй, а грамадства — інфармацыйным грамадствам. Наяўнасць практычна па кожным з кірункаў НТР магчымасці атрымання станоўчых і адмоўных вынікаў патрабуе ў кожным канкрэтным выпадку ўлічваць навук.-тэхн. і вытв.-тэхнал. фактары і сац. складальныя НТР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ МО́ВА,
мова, якая з’яўляецца сродкам вусных і пісьмовых зносін нацыі. Складваецца з мовы народнасці ў перыяд станаўлення нацыі. Функцыянуе ў некалькіх разнавіднасцях: літаратурная мова, прастамоўе, мясц. гаворкі і сац.дыялекты. Вышэйшая форма Н.м. і неабходная ўмова яе існавання — літ. мова, якая лічыцца ўзорнай і прызнаецца ўсімі носьбітамі гэтай Н.м. Адна знайб. істотных прымет нацыі — Н.м. Звычайна адна нацыя атаясамліваецца з адной Н.м. (напр., рускія — з рускай, французы — зфранц. мовай). Аднак у сучасным свеце дастаткова распаўсюджаны сітуацыі, калі адна нацыя карыстаецца некалькімі мовамі (напр., у Швейцарыі функцыянуюць 4 дзярж. мовы) або адна мова можа абслугоўваць моўныя патрэбы некалькіх нацый (напр., англ. мова ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах). У апошнім выпадку фарміруюцца нац. варыянты адной мовы: англ. брытанская, англ. амерыканская, англ. аўстралійская і г.д.
Сучасная літ.беларуская мова як найвышэйшая форма Н.м. пачала складвацца ў 19 ст. Асаблівасцю яе фарміравання было тое, што новая бел.літ. мова амаль не мела традыцый пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай — мовай бел. народнасці — і складвалася на нар.-гутарковай аснове. Толькі ў 1920-я г.бел. мова набыла ўсе правы і функцыі Н.м. і пасля некалькіх стагоддзяў перапынку пачала абслугоўваць усе сферы моўнага жыцця бел. нацыі. Значнае пашырэнне грамадскіх функцый спрыяла і развіццю самой бел. Н.м., найперш яе літ. формы. На сучасным этапе бел. Н.м. паспяхова выконвае свае функцыі ў розных сферах зносін паміж людзьмі, на ёй ствараецца разнастайная маст.л-ра, выдаюцца газеты і часопісы, друкуюцца навук. працы, яна гучыць па радыё і на тэлебачанні, што з’яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню яе развіцця. Сучасная бел. Н.м. — сродак зносін бел. нацыі — функцыянуе ў 2 асн. разнавіднасцях: літ. мова і мясц. народныя гаворкі. Літ.бел. мова абслугоўвае сферы вусных і пісьмовых зносін, мясц. гаворкі з’яўляюцца сродкам вусных зносін пераважна жыхароў сельскай мясцовасці. Хоць сфера функцыянавання нар. гаворак істотна звузілася і значна зменшылася кола іх носьбітаў, яны працягваюць адыгрываць важную ролю ва ўзбагачэнні лексічных сродкаў літ. мовы. Асаблівасцю існавання сучаснай бел. Н.м. з’яўляецца яе функцыянаванне і развіццё ва ўмовах двухмоўя, г.зн., што моўныя патрэбы адной бел. нацыі абслугоўваюць 2 Н.м. — бел. і руская.
Літ.:
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Взаимоотношение развития национальных языков и национальных культур. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ЭСТО́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Мірны дагавор 1920 (Тартускі дагавор), падпісаны 2 лют. ў г. Тарту (Эстонія) паміж РСФСР і Эст. Рэспублікай, спыніў удзел Эстоніі на баку Антанты ў вайне супраць Сав. Расіі (дагавор аб прыпыненні ваен. дзеянняў падпісаны ў Тарту 31.12.1919). Складаўся з 20 артыкулаў і шэрагу дадаткаў. Забяспечыў прызнанне Сав. Расіяй незалежнасці і самастойнасці эст. дзяржавы, вызваленне Эстоніі ад адказнасці па даўгавых і інш. абавязацельствах Расіі, перадачу Эстоніі ўсёй рас. маёмасці на яе тэр. (у т. л. суднаў, акцый фірмаў) і 15 млн.руб.з залатога запасу Расіі, што гарантавала пакрыццё золатам папяровых эст. грошай. Да Эст. Рэспублікі адышлі землі, прылеглыя да ўсх. берага р. Нарва, і раён Пячоры (Петсеры) з крэпасцю Ізборск (гл. карту). Дагаворам устанаўліваліся дыпламат. і консульскія адносіны. Ён дзейнічаў да ўваходжання Эстоніі ў склад СССР (лета 1940), у 1990—91 стаў адной зюрыд. падстаў для аднаўлення эст. дзяржаўнасці. Сучасная мяжа паміж Рас. Федэрацыяй і Эстоніяй устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 23.8.1944 і пастановамі Вярх. Саветаў РСФСР і Эст. ССР, прынятымі ў 1957. Дагавор 1932 аб ненападзе і мірным вырашэнні канфліктаў, падпісаны 4 мая ў Маскве паміж СССР і Эстоніяй тэрмінам на 3 гады. Бакі абавязваліся ўстрымлівацца ад нападаў і дзеянняў, накіраваных супраць тэр. цэласнасці і паліт. незалежнасці, ад удзелу ў пагадненнях і кааліцыях, накіраваных супраць другога боку. Пратаколам ад 4.4.1934 дагавор працягнуты да 31.12.1945. Пакт аб узаемадапамозе 1939, падпісаны 28 вер. ў Маскве паміж СССР і Эст. Рэспублікай па ініцыятыве сав. боку ва ўмовах пачатку 2-й сусв. вайны. Бакі абавязваліся не ўдзельнічаць у саюзах і кааліцыях, накіраваных супраць другога боку, узаемна дапамагаць, у т. л. і ў выпадкуваен. нападу ці пагрозы з боку інш. дзяржавы. Эстонія дазволіла СССР мець на а-вах Саарэмаа (Эзель), Хіума (Дага) і ў г. Пальдыскі ваен.-марскія базы і аэрадромы на правах арэнды і сав.вайск. часці для іх аховы. У чэрв. 1940 на падставе гэтага пакта Сав. Саюз увёў свае войскі ў Эстонію, у выніку чаго там адбылася змена дзярж. улады і ладу, а рэспубліка была ўключана ў склад СССР (жн. 1940).
Літ.:
Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией. Литвой и Эстонией, авг. 1939 г.—авг. 1940 г.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДНЯСТРО́ЎСКІ КАНФЛІ́КТ 1992,
міжнацыянальны ўзбр. канфлікт на тэр. Рэспублікі Малдова, які набыў форму ваен. дзеянняў (сак.—жн. 1992) паміж афіц. ўладамі Малдовы і кіраўніцтвам самаабвешчанай (1990) на левым беразе р. Днестр т.зв. Прыднястроўскай Малд. Рэспублікі (ПМР; цэнтр — г. Ціраспаль, 39% нас. малдаване, 26% — украінцы, 24% — рускія, 11% — інш.; 550 тыс. жыхароў у 2000). Улады Малдовы імкнуліся аднавіць фактычна страчаны суверэнітэт над усх. раёнамі краіны. Канфлікту папярэднічала абвастрэнне адносін паміж уладамі Малдовы і кіраўніцтвам ПМР у канцы 1991 — пач. 1992. Ваен. дзеянні пачаліся з інцыдэнту ў г. Дубэсар на левым беразе Днястра, дзе 2.3.1992 гвардзейцы ПМР захапілі падначалены МУС Малдовы раённы аддзел паліцыі. Нягледзячы на шматлікія міратворчыя намаганні (дзейнасць пагаджальнай камісіі бакоў, пасяджэнні ў Кішынёве міністраў замежных спраў Малдовы, Расіі, Украіны і Румыніі, па выніках якіх у крас. двойчы абвяшчалася спыненне агню, і інш.), маштабы канфлікту нарасталі. Арэнай узбр. супрацьстаяння стала ўся даліна р. Днестр, па якой пралягла мяжа непрызнанай ПМР. З боку Рэспублікі Малдова ў канфлікце ўдзельнічалі яе рэгулярныя войскі, падраздзяленні МУС і валанцёры, з боку ПМР — яе рэсп. гвардыя, апалчэнне, унутр. войскі, тэр.-выратавальныя атрады, фарміраванні казакоў-добраахвотнікаў з Расіі і інш. рэспублік б.СССР. У баях ужываліся артылерыя, танкі, авіяцыя. У канфлікт была ўцягнута 14-я рас. армія (штаб у г. Ціраспаль), якая абараняла свае аб’екты ад нападзенняў войск Малдовы. Да пач.ліп., калі ў асн. завяршылася актыўная стадыя канфлікту, у зоне баявых дзеянняў загінула 650 чал., 4 тыс. паранена (пераважна мірныя жыхары). Значна пацярпела эканоміка краю, асабліва прадпрыемствы гарадоў Бендэр і Дубэсар. Баявыя дзеянні паступова спыніліся без значных тэр. вынікаў для абодвух бакоў у пач.жн. 1992 пасля падпісання ў Маскве 21.7.1992 прэзідэнтамі Малдовы (М.Снегур) і Расіі (Б.Ельцын) Пагаднення аб прынцыпах мірнага ўрэгулявання ў Прыднястроўі. Прадугледжвалася захаванне тэр. цэласнасці Малдовы, наданне асаблівага статуса левабярэжжу Днястра, у т. л. права яго насельніцтва вырашаць свой лёс у выпадку далучэння Малдовы да Румыніі. Нягледзячы на наступныя шматлікія намаганні ўрадаў Малдовы, Расіі, Украіны і міжнар. арг-цый, паліт. праблемы, якія выклікалі ў 1992 П.к., да гэтага часу не вырашаны, бо Малдова настойвае на захаванні сваёй тэр. цэласнасці, а кіраўніцтва ПМР — на прызнанні яе незалежнай дзяржавай. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт.Малдова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІНАХ 1939—41
Напярэдадні і ў пачатку 2-й сусв. вайны тэр. Беларусі (БССР і Зах. Беларусь, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы) стала аб’ектам актыўнай дыпламатычнай і ваенна-паліт. дзейнасці з боку найб. моцных дзяржаў усх.-еўрап. рэгіёна. 23.8.1939 нарком замежных спраў СССР В.М.Молатаў і міністр замежных спраў Германіі І.Рыбентроп падпісалі ў Маскве сав.-герм. дагавор аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Да дагавора быў прыкладзены «Дадатковы сакрэтны пратакол», які размяжоўваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і Германіі ва Усх. Еўропе. Бакі дамовіліся, што ў выпадкутэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, што ўваходзілі ў склад Прыбалт. дзяржаў (Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы), паўн. граніца Літвы будзе адначасова граніцай сфер інтарэсаў СССР і Германіі. Абодва бакі прызналі інтарэсы Літвы адносна Віленскай вобл., адзначалі, што ў выпадкутэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы, граніца сфер інтарэсаў СССР і Германіі будзе прыблізна праходзіць па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан. Гэта азначала, што ў сферу інтарэсаў СССР пераходзілі Зах. Беларусь і Зах. Украіна. Пытанне аб захаванні незалежнасці Польшчы і яе граніцах бакі пакідалі для вырашэння ў будучым «у адпаведнасці з дружалюбнай узаемнай згодай». Пасля нападу Германіі на Польшчу і пачатку 2-й сусв. вайны ням. пасол у СССР Ф.Шуленбург паставіў 3.9.1939 перад наркомам замежных спраў СССР Молатавым пытанне аб магчымасці для СССР «у зручны момант» заняць частку Польшчы, аднесеную да «рускай сферы ўплыву». Для націску на сав. кіраўніцтва герм. войскі 9.9.1939 перайшлі дэмаркацыйную лінію, устаноўленую сакрэтным пратаколам, занялі Брэст і сталі рухацца далей на У. 14 верасня газ. «Праўда» апублікавала арт. «Аб унутраных прычынах ваеннага паражэння Польшчы», у якім канстатавалася, што прыгнёт і нераўнапраўнае становішча нац. меншасцей сталі крыніцай слабасці польскай дзяржавы і ўнутр. прычынай яе паражэння. Асаблівая ўвага звярталася на бяспраўнае становішча 11 млн. украінцаў і беларусаў.
17.9.1939 войскі Чырв. Арміі перайшлі сав.-польскую граніцу і да 25 верасня цалкам вызвалілі тэр.Зах. Беларусі. У ноце ўрада СССР ад 17 верасня гаварылася, што, паколькі Польская дзяржава фактычна спыніла сваё існаванне, сав. ўрад аддаў распараджэнне Чырв. Арміі перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Большасць бел. насельніцтва шчыра вітала «вызваленчы паход» Чырв. Арміі, звязваючы з ім надзеі на вызваленне ад польскага нац. ўціску і лепшае жыццё. Польская армія практычна не аказвала супраціўлення сав. войскам, атрымаўшы адпаведны загад ад вярх. галоўнакамандуючага. Сав. войскі спынілі прасоўванне прыкладна на «лініі Керзана».
28.9.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй. Ён усталяваў граніцу паміж абедзвюма дзяржавамі па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Паводле сакрэтнага пратакола Літва ўключалася ў сферу інтарэсаў СССР, а Германія ўзамен атрымлівала частку Польшчы (Люблінскае і частку Варшаўскага ваяв.). Даверны пратакол урэгуляваў пытанне аб перасяленні немцаў, якія пражывалі на тэр.СССР, на З, а беларусаў і ўкраінцаў, што пражывалі на З ад усталяванай граніцы, у СССР. 16.11.1939 падпісана сав.-германскае пагадненне аб узаемным перасяленні зСССР асоб ням. нацыянальнасці, а з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы) — асоб укр., бел. і літ. нацыянальнасцей. Каля 25 тыс. немцаў выехала ў Германію зЗах. Беларусі, а з Польшчы ў Беларусь вярнулася каля 15 тыс. беларусаў. Праз слаба абсталяваную сав.-германскую граніцу ў 1939—40 уцяклі з Польшчы ў Зах. Украіну і Зах. Беларусь каля 200 тыс. яўрэяў, у т. л. каля 120 тыс. апынулася ў Зах. Беларусі. Дагавор аб «сяброўскіх» адносінах паміж СССР і фаш. Германіяй меў негатыўныя наступствы. Але важнейшым вынікам сав.-германскага дагавора аб ненападзе і сакрэтнага пратакола да яго для Беларусі стала гістарычна справядлівая для бел. народа падзея — ўз’яднанне Зах. Беларусі зБССР. Аднак нац. ўз’яднанне было дасягнута экстрэмальнымі сродкамі ў надзвычай складаных міжнар. абставінах з парушэннем Рыжскага мірнага дагавора 1921 і ліквідацыяй Польскай дзяржавы.
10.10.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб перадачы г. Вільня і Віленскага краю і аб узаемадапамозе паміж Сав. Саюзам і Літвой. Горад Вільня і Віленская вобл. (тэр. 7129 км²з насельніцтвам 457 тыс. жыхароў) адлучаліся ад Зах. Беларусі і перадаваліся Сав. Саюзам Літ. Рэспубліцы. Супраць далучэння Вільні і Віленшчыны да Літвы выступіў урад Польшчы, не падтрымалі дагавор Англія і Францыя. Германія яшчэ да пачатку ваен. кампаніі супраць Польшчы падбухторвала Літву на захоп Віленшчыны, аб чым літоўскі ўрад інфармаваў Лондан. Берлін абяцаў Літве ваен. дапамогу ў выпадку паходу на Вільню. Пасля ратыфікацыі дагавора (17.10.1939) Літва паставіла перад Масквой пытанне аб унясенні карэктываў у вызначэнне граніцы, каб далучыць да яе тэрыторыі, што былі «заселены літоўцамі» (гаворка ішла пра тэр.БССР). Сав. ўрад выказаў гатоўнасць да нязначных карэктываў граніцы паміж Літвой і БССР, не мяняючы яе асн. напрамку. У прыватнасці, ён пярэчыў супраць таго, каб літоўцы, што жадаюць выехаць зЗах. Беларусі ў Літву, маглі зрабіць гэта. Між тым літоўская грамадскасць распаўсюджвала думку, што, калі Сав. Саюз «дадаткова перадасць Літве некалькі літоўскіх воласцей, якія засталіся ў яго» (гаворка ішла пра памежныя тэр.БССР), сімпатыі да СССР яшчэ больш узрастуць. Пазіцыя літоўскага ўрада характарызавалася замоўчваннем факта добраахвотнай перадачы Сав. Саюзам Вільні. У снеж. 1939 прэм’ер-міністр Літвы нават заявіў, што «Вільня і Віленскі край, хоць ускосна, заваяваны нашай арміяй». На 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (жн. 1940) 1-ы сакратар ЦККП(б)Б П.К.Панамарэнка ад імя ўрада і Прэзідыума Вярх. Савета БССР унёс прапанову «аб далучэнні да Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Свянцянскага раёна і часткі тэрыторыі з пераважным літоўскім насельніцтвам Відзскага, Гадуцішскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў». У той час яны знаходзіліся ў складзе Вілейскай і Баранавіцкай абл.БССР. Гэтыя тэрыторыі былі далучаны да Літвы паводле закона аб прыняцці Літ. ССР у склад СССР ад 3.8.1940. Старшыня Рады БНР В.І.Захарка 12.10.1939 накіраваў пратэст прэзідэнту Літвы А.Сметане супраць падпісання дагавора «аб пераходзе да Літвы беларускага горада Вільні і беларускіх зямель Віленскай вобласці», у якой указаў на адказнасць Літвы перад бел. народам за гэты незаконны акт.
Бел. пытанне не набыло ў Германіі колькі-небудзь істотнага значэння пасля прыходу нацыстаў да ўлады ў 1933. Да 1940 тут не было распрацавана ніякіх праграм расчлянення СССР. Пасля заняцця Чэхіі ням. войскамі лідэры бел. дыяспары ў Празе І.А.Ермачэнка і Захарка накіравалі Гітлеру 20.4.1939 мемарыял з просьбай прыняць пад увагу бел. пытанне ў планаваным разгроме і расчляненні СССР. Бел. дзеячаў запэўнілі, што Германія супраць канцэпцыі «адзінай і непадзельнай Расіі». Паліт. мэты адносна зах.сав. рэспублік Гітлер упершыню сфармуляваў 21.7.1940, калі паведаміў герм. генералітэту аб рашэнні напасці на СССР. На яго думку, на зах. абшарах СССР павінны былі ўтварыцца 3 асобныя дзярж. арганізмы — Украіна, Беларусь і федэрацыя Прыбалт. рэспублік. У наступных выказваннях Гітлер акрэсліваў іх ролю як залежных ад Германіі і «вольных ад Сталіна рэспублік», як буфераў Трэцяга Рэйха. У сак. 1941 ён гаварыў пра Украіну, Беларусь і балтыйскія краіны як дзяржавы-пратэктараты. Пазіцыя А.Розенберга, прызначанага міністрам акупіраваных усх. земляў, адносна Беларусі была больш скептычная. Ён не планаваў прызнання незалежнага дзярж. статуса Беларусі, як, напр., Украіны. У маі 1941 Розенберг выказаўся за злучэнне Беларусі з прыбалт. краінамі ў адным Рэйхскамісарыяце Остланд, што потым і было рэалізавана ў час акупацыі. Паліт. планы рэйха ў сувязі з патэнцыяльным ваен. канфліктам зСССР выклаў Рэйхсляйтэр Розенберг у гутарцы з кіраўніком абвера В.Канарысам 31.5.1941.
Прадугледжвалася расчляненне рус. прасторы на 4 дзяржавы: пашыраная на ўсход Фінляндыя; пашыраная за кошт бел. зямель Прыбалтыка (у якасці ням. пратэктарата, з перспектывай наступнай германізацыі); самастойная Украіна; Каўказ як федэратыўная дзяржава пад герм. кіраўніцтвам.
Літ.:
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы. Лёндан, 1960;
«Совершенно секретно! Только для командования!» Стратегия фашистской Германии в войне против СССР: Док. и материалы. М., 1967;
СССР—Германия 1939—1941: Док. и материалы о сов-герман. отношениях. Т. 1—2. Вильнюс, 1989;
Семиряга М.И. Тайны сталинской дипломатии (1939—1941). М., 1992;
Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Пагадненне 1924 аб агульных прынцыпах для ўрэгулявання пытанняў паміж СССР і Кітайскай Рэспублікай, падпісана 31 мая ў Пекіне. Усталявала паміж дзвюма краінамі дыпламат. адносіны. Абвяшчала скасаванымі ўсе дагаворы Рас. імперыі зінш. краінамі, якія закраналі інтарэсы Кітая. Бакі абавязаліся не заключаць ніякіх дагавораў або пагадненняў, якія б закраналі інтарэсы аднаго з бакоў, не весці прапаганду адзін супраць аднаго і не дазваляць дзейнічаць на сваёй тэрыторыі арг-цыям, якія гвалтоўнымі метадамі змагаюцца супраць урада інш. боку. СССР адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян (права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі) і ад рас. часткі т.зв. «баксёрскай кантрыбуцыі» (гл.Іхэтуаньскае паўстанне). Кітайская Чанчуньская чыгунка (КЧЧ) пераходзіла пад сумеснае кіраванне СССР і Кітая. СССР прызнаваў Манголію Знешнюю неад’емнай ч. Кітая. Дагавор 1937 аб ненападзе, падпісаны 21 жн. ў Нанкіне тэрмінам на 5 гадоў. Паводле яго бакі абавязаліся не нападаць адзін на аднаго, не аказваць ні прамой, ні ўскоснай падтрымкі дзяржаве або дзяржавам, якія здзейснілі напад на адзін з бакоў, і на працягу канфлікту пазбягаць усялякіх дзеянняў, якія б маглі пагоршыць становішча боку, на які напалі. Садзейнічаў усталяванню цесных сувязей паміж СССР і Кітаем, што спрыяла барацьбе апошняга зяп. агрэсіяй (гл.Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45). Дагавор 1945 аб дружбе і саюзе, падпісаны 14 жн. ў Маскве. Прадугледжваў аказанне ўзаемнай дапамогі ў вайне супраць Японіі. Бакі абавязаліся супрацоўнічаць пасля заканчэння вайны, аказваць адзін аднаму эканам. дапамогу пры захаванні прынцыпу ўзаемнай павагі суверэнітэту і тэр. цэласнасці. Адначасова з дагаворам былі падпісаны пагадненні, якія прадугледжвалі сумесную эксплуатацыю КЧЧ як агульнай маёмасці. Порт-Артур перадаваўся ў карыстанне СССР як ваен. база. Фактычна страціў сілу пасля перамогі кіт. камуністаў у грамадз. вайне і абвяшчэння імі ў 1949 Кіт.Нар. Рэспублікі (КНР). Дагавор 1950 аб міры, дружбе, саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 14 лют. ў Маскве. Першы з дагавораў паміж СССР і КНР. Бакі абавязаліся прыняць усе неабходныя меры для прадухілення агрэсіі з боку Японіі, а ў выпадку нападу на адзін з бакоў аказваць усю магчымую дапамогу; пагадзіліся дабівацца заключэння мірнага дагавора з Японіяй у магчыма кароткі тэрмін. Сав. ўрад абавязаўся не пазней як у канцы 1952 перадаць КНР свае правы на КЧЧ, вывесці свае войскі з Порт-Артура. СССР даваў КНР грашовы крэдыт. Заключаны тэрмінам на 30 гадоў, з 1980 фармальна страціў сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ, полінуклеатыды,
біяпалімеры, якія маюць у сабе фосфар і універсальна распаўсюджаны ў жывой прыродзе. Адкрыты швейц. біяхімікам І.Ф.Мішэрам (1868) у клетках, багатых ядзерным матэрыялам (напр., лейкацыты, сперматазоіды ласося). Лінейныя малекулы Н.к. утвораны нуклеатыдамі, а эфірныя сувязі паміж вугляводам аднаго нуклеатыду і фасфатам другога ўтвараюць іх вугляводна-фасфатны шкілет. Высокапалімерныя ланцугі Н.к. маюць ад некалькіх дзесяткаў да сотняў млн. нуклеатыдных астаткаў, іх малекулярная маса 105—1010. Звычайна Н.к. маюць астаткі дэзоксі- або рыбануклеатыдаў у якасці манамераў. У адпаведнасці з гэтым адрозніваюць дэзоксірыбануклеінавыя кіслоты (ДНК) і рыбануклеінавыя кіслоты (РНК). Малекулы ДНК маюць 2 ланцужкі, РНК пераважна адналанцужковыя. Першасная структура Н.к. — паслядоўнасць нуклеатыдаў у неразгалінаваным полінуклеатыдным ланцужку. Спецыфічная паслядоўнасць азоцістых асноў функцыянальна значная і унікальная для кожнай Н.к., абумоўлівае вял. разнастайнасць індывід. малекул ДНК і РНК і адначасова — відавую спецыфічнасць (Н.к. кожнага віду маюць пэўны нуклеатыдны склад). Другасная структура Н.к. — прасторавае размяшчэнне нуклеатыдных звёнаў — узнікае ў выніку міжплоскасных узаемадзеянняў суседніх асноў і ў выпадкут.зв. камплементарнага спарвання вадародных сувязяў паміж процілеглымі асновамі ў паралельных ланцугах. Адрозненні ў структуры манамерных звёнаў вызначаюць розныя хім. ўласцівасці і макрамалекулярную (прасторавую) структуру абодвух тыпаў палімераў. У склад клетачных арганізмаў уваходзяць ДНК і РНК, вірусы маюць Н.к. аднаго тыпу. Біял. роля Н.к. заключаецца ў захаванні, рэалізацыі і перадачы спадчыннай інфармацыі, якая «запісана» ў паслядоўнасці нуклеатыдаў (генетычны код). Структурныя кампаненты Н.к. выконваюць функцыі каферментаў, уваходзяць у іх склад, прымаюць удзел у абмене рэчываў, акумуляванні, пераносе і трансфармацыі энергіі. Параўнальны аналіз Н.к. у розных групах арганізмаў выкарыстоўваецца ў даследаваннях па сістэматыцы і эвалюцыі (ступень падабенства ў будове Н.к. вызначае ўзровень філагенетычнай блізкасці арганізмаў). Вывучае Н.к. малекулярная генетыка і малекулярная біялогія.
Літ.:
Шабарова З.А., Богданов А.А. Химия нуклеиновых кислот и их компонентов. М., 1978;
Ленинджер А. Биохимия: Пер. с англ.М., 1976;
Уотсон Дж., Туз Дж., Курц Д. Рекомбинантные ДНК: Пер. с англ.М., 1986;
Зенгер В. Принципы структурной организации нуклеиновых кислот: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ РУСЬ,
гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял.кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст.зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус.тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.М.Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. Зпач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).
Літ.:
Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.Сагановіч. Мн., 1991;
Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;
Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.