вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Мазыр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на Пн ад Калінкавіч, 151 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Халоднікі. 808 ж., 301 двор (1997).
Узнікла не пазней пач. 16 ст. У інвентары Мазырскага замка 1552 упамінаецца як сяло, цэнтр «нядзелі» (адм.-тэр. адзінкі ў складзе воласці), 35 двароў. З 1565 у Мазырскім павеце, дзярж. ўласнасць. У 17—18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі, у Рэчыцкім пав. Да 1861 ва ўладанні памешчыка Міхайлава і яго нашчадкаў. Мелася праваслаўная царква. З 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1924—35 і з 1960 у Калінкавіцкім р-не, у 1935—60 у Даманавіцкім раёне. У 1971 — 779 жыхароў.
Агароднінасушыльны з-д. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЦЭ́ВІЧЫ,
пасёлак у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл.; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 17 км на ПнЗ ад г. Петрыкаў, 191 км ад Гомеля. 1378 ж., 602 двары (1997).
У 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв.ВКЛ. У 1886 у Ляскавіцкай вол. Мазырскага пав., 292 ж., 37 двароў, царква, вінакурня. З 1884 чыг. ст. У 1888 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1904 прадпрымальнікі браты І. і А. Кеневічы заснавалі лесапільны з-д. Напярэдадні 1-й сусв. вайны адкрыта чыг.нар. вучылішча. З 1924 у Петрыкаўскім р-не. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1942 і 1943 ням. фашысты загубілі ў К. 63 жыхары. З 24.8.1951 вёска, пазней пасёлак. У 1971 у К. 1915 жыхароў.
Агароднінасушыльны з-д, дрэваапр. цэх, акц.т-ва «Жыткавічлес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́БАЛАВА,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабасна, каля аўтадарогі Бабруйск—Жлобін. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 145 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Чырвоны Бераг. 705 ж., 263 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Пятра і Паўла (1990). Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1918. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як вёска Рэчыцкага пав.ВКЛ. З 1595 мястэчка, мела каралеўскі прывілей на гандаль і кірмашы, пацверджаны ў 1788. Належала Зяньковічам, Варанецкім, Жукоўскім, Маліноўскім. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 у Бабруйскім пав. Мінскай губ., з 1865 належала Кутаеву. У 1880-я г. каля 300 ж., 50 двароў, царква, млын, 4 крамы. З 1924 цэнтр сельсавета Рагачоўскага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, разбурана. Адноўлена пасля вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў О́ЛЬГАВІЧ (у хрышчэнні Мікалай; ? —15.2.1164),
князь чарнігаўскі. Сын Алега Святаславіча. У 1136 запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў з перапынкамі да 1141. Ў 1142 меў нейкую воласць «около Гомья» (Гомеля). У 1146 яму належалі Курск, Ноўгарад-Северскі, Карачаў, Колцеск, Дзедаслаў, але ў тым жа годзе ён выгнаны з Чарнігаўскай і Северскай зямель. У 1147 увайшоў у саюз з Юрыем Далгарукім, з дапамогай яго войск заняў зямлю вяцічаў, пасля вярнуў свае ўладанні. Калі Юрый Далгарукі заняў Кіеў (1149), С.О. атрымаў ад яго «и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче» (Слуцк і Клецк з навакольнымі землямі), а каля 1155 — Мазыр. Паводле дагавора 1157 з вял. кіеўскім кн. Ізяславам Давыдавічам атрымаў Чарнігаўскую зямлю, а г. Ноўгарад-Северскі перадаў пляменніку Святаславу Усеваладавічу. Некат. час у яго землях знаходзіўся пазбаўлены ўладанняў полацкі кн.Рагвалод Барысавіч, якому С.О. у 1158 дапамог войскамі вярнуць свае землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СІ́НЯЯ БЛУ́ЗА»,
савецкі тэатр малых форм; від агітацыйнай эстрады ў 1923 — пач. 1930-х г. Узнікла ў Маскоўскім ін-це журналістыкі на базе «жывой газеты»; першапачаткова тэатр.-эстрадны калектыў (удзельнікі выступалі ў сіняй рабочай блузе — адсюль назва). Ініцыятар стварэння і кіраўнік Б.С.Южанін. Выступалі ў клубах, цэхах фабрык і заводаў. Выкарыстоўваўся агітацыйна-паліт. рэпертуар з надзённай тэматыкай; у паказах спалучаліся героіка і патэтыка, сатыра і гумар. Праграмы будаваліся на калект. дэкламацыі, прыпеўках, фізкультурных танцах і інш. «С.б.» паслужыла асновай для стварэння шэрагу прафес. т-раў і дала штуршок да пошукаў новых форм тэатр. і эстрадных прадстаўленняў, паўплывала на развіццё маст. самадзейнасці, на рабочы т-р за мяжою. На Беларусі інтэнсіўны рух «С.б.» пачаўся ў 1924—25 пасля гастролей у Мінску «С.б.» Маскоўскага гар. савета прафсаюзаў. Гурткі «С.б.» існавалі амаль пры кожным клубе рабочых прадпрыемстваў Мінска, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Полацка, Барысава, Бабруйска і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧЫ,
горад у Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. За 45 км ад Рэчыцы, 86 км ад Гомеля. Чыг. вузел (лініі на Гомель, Калінкавічы, Хойнікі), аўтадарогай злучаны з аўтамагістраллю Гомель—Калінкавічы. 5,1 тыс.ж. (1995). Харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сць. Брацкія магілы падпольшчыкаў, сав. воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму.
Па пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст., у 18 ст. вёска. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1825 пабудавана Мікалаеўская царква, у 1866 адкрыта нар. вучылішча, у 1878 заснавана метэастанцыя. У сувязі з пракладкай чыгункі сталі значным гандл. цэнтрам. У 1897 — 1724 ж., 298 двароў. З 1919 у Гомельскай губ. У 1926—27 і 1937—59 цэнтр Васілевіцкага раёна. З 25.8.1941 да 18.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў Васілевічах і раёне загубілі 1880 чал. Дзейнічала Васілевіцкае патрыятычнае падполле. З 29.4.1950 гар. пасёлак, з 19.11.1971 горад. У 1959 — 6,4 тыс.ж., у 1970 — 6,9 тыс. жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1919 у Гомелі, на базе нацыяналізаваных у 1917 калекцый кн. І.І.Паскевіча, меў мастацкі профіль. З 1945 — гісторыка-краязнаўчы, з 1952 абл. краязнаўчы музей. Размешчаны ў палацы Румянцавых-Паскевічаў (арх. помнік 18—19 ст.). Мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 1013 м²), больш за 200 тыс. экспанатаў (1997). Аддзелы: прыроды, гісторыі, мастацтва. Экспануюцца карысныя выкапні, узоры расліннага і жывёльнага свету Гомельшчыны, матэрыялы з археал. раскопак краю, этнагр. калекцыі, старадрукі 16 — 19 ст. Значнае месца займаюць матэрыялы, прысвечаныя ўладальнікам Гомельскага маёнтка П.А., М.П. і С.П.Румянцавым, І.Ф.Паскевічу, а таксама рэв. руху ў краі канца 19 — пач. 20 ст., у т. л.Рудабельскай рэспубліцы і яе кіраўнікам. Вял. экспазіцыя прысвечана перыяду Вял.Айч. вайны, якая расказвае пра Гомеля абарону 1941, дзейнасць патрыят. і камсамольска-маладзёжнага падполляў, партыз. злучэнняў; экспануецца дыярама «Азарыцкія лагеры смерці» і інш. Праводзяцца маст. выстаўкі. Філіял — аддзел адкрытага захоўвання фондаў у в. Хальч Веткаўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛЬСК,
горад, цэнтр Ельскага р-на Гомельскай вобл. За 177 км ад Гомеля. Чыг. ст. на лініі Калінкавічы—Оўруч (Украіна). 11,2 тыс.ж. (1997).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 16 ст., у Мазырскім пав.ВКЛ. Меў таксама назву Каралін. Належаў Спадам, Казіміру Аскерку.
З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Мазырскім пав. У 1886 у Е. 44 двары, вінакурны з-д, 3 крамы, школа, царква, з 1873 чыг. станцыя; у 1897—600 ж. З 1924 цэнтр Каралінскага раёна, з 1931 — Ельскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—3,9 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 23.8.1941 да 11.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Е. і раёне 5435 чал. Дзейнічала Ельскае патрыятычнае падполле. 4,8 тыс.ж. у 1959; 6,7 тыс.ж. у 1971. З 5.7.1971 горад.
Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапр., харч., буд. матэрыялаў прам-сці. Дзейнічае Ельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і падпольшчыка. Помнік архітэктуры — Ельская Троіцкая царква (1769—80).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́ВА ((Canova) Антоніо) (1.11.1757, Пасаньё, каля г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.10.1822),
італьянскі скульптар, буйнейшы прадстаўнік італьян. класіцызму. Вучыўся ў Венецыі (1768—74). Працаваў пераважна ў Венецыі і Рыме. З 1810 дырэктар акадэміі Св. Лукі ў Рыме. На пачатку творчасці прытрымліваўся традыцый барока («Арфей», 1776—78), пазней працаваў у рэчышчы класіцыстычнага наследавання ант. скульптуры. Творам уласцівы ўрачысты спакой кампазіцыі, яснасць і вытанчанасць пластычнай формы, якая спалучалася з халаднаватай адасобленасцю, падкрэсленай дакладнай апрацоўкай і паліроўкай паверхні мармуру: «Амур і Псіхея» (1793), «Пацалунак Амура і Псіхеі» (1796), «Персей» (1801), «Пааліна Баргезе ў выглядзе Венеры» (1805—07) і інш. У 1812 выканаў скульптуру «Багіня міру» для ўладальніка Гомеля М.П.Румянцава. Аўтар надмагілляў пап Клімента XIV у царкве св. Апосталаў у Рыме (1787) і Клімента XIII у саборы св. Пятра ў Рыме (1792), эрцгерцагіні Марыі Крысціны ў царкве аўгусцінскага манастыра ў Вене (1798—1805). Пластыка К. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. акадэмізм 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯБА́БА (Марцін) (?, г. Карастышаў Жытомірскай вобл., Украіна — 26.6.1651),
чарнігаўскі палкоўнік казацкага войска ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. У 1648 пасланы Б.Хмяльніцкім на Пд Беларусі, дзе аб’яднаўся з паўстаўшымі сялянамі і гар. нізамі. Авалодаў Лоевам, Гомелем і інш. У 1651 на чале чарнігаўскага і нежынскага палкоў (15 тыс.чал.) пасланы для аховы лоеўскіх перапраў цераз Дняпро, каб не дапусціць на Украіну войскі ВКЛ на чале з гетманам польным ВКЛ Я.Радзівілам. Частку войска ён накіраваў пад Гомель (гл.Гомеля аблога 1651), а атрад у 3 тыс.чал. — на ахову лоеўскіх перапраў. 6.7.1651 частка войска ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім (2500 чал.) разбіла казацкую «старожу» каля перапраў. З намерам знішчыць атрад Мірскага Н. рушыў да Лоева, куды падышло ўжо войска Радзівіла. У час бітвы (гл.Лоеўская бітва 1651) некалькі тысяч казакоў, у т. л. і Н., былі забіты. У знак павагі да мужнасці Нябабы Радзівіл загадаў «над яго магілай зрабіць вялікі насып».