КУРЭ́ННЕ тытуню,

адна з найбольш распаўсюджаных шкодных прывычак чалавека — удыханне дыму тлеючага тытуню; від бытавой наркаманіі. Тытунь завезены Х.​Калумбам у Іспанію і Партугалію з Амерыкі ў канцы 15 ст.; выкарыстоўваўся як дэкар. расліна, пазней — для К. У 16 ст. распаўсюдзіўся ў Францыі (падараваны каралеве як лек. сродак паслом у Партугаліі Ж.​Ніко — адсюль «нікацін»); у Расію завезены ў пач. 17 ст. К. праследавалася ўладамі ў Англіі, Італіі, Расіі і інш. краінах. Пётр I дазволіў продаж тытуню і наклаў пошліну на карысць дзяржавы. Да сярэдзіны 19 ст. К. стала бытавой заганай.

Цвёрдая ч. тытунёвага дыму складаецца з дзёгцю і інш. пухлінагенных рэчываў, газавая мае ў сабе аксіды вугляроду, нікацін, альдэгіды, эфіры, фенолы, сінільную к-ту і інш. Вуглевадароды ў тытунёвым дыме могуць правакаваць развіццё ракавых пухлін, радыеактыўны палоній-210 садзейнічае з’яўленню хранічных бранхітаў, злаякасных пухлін лёгкіх, мачавога пузыра, страўніка, нырак і інш. Таксічнасць тытунёвых вырабаў вызначаецца колькасцю нікаціну (0,7—2,5%). Паступовае атручэнне арганізма пры К. вядзе да заўчаснага развіцця захворванняў, скарачае працягласць жыцця у сярэднім на 5—7 гадоў, зніжае фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека; тытунёвы дым шкодны для навакольных; найб. небяспечнае К. для дзяцей і падлеткаў, пры цяжарнасці. Лячэнне: псіхатэрапія і псіхапрафілактыка, медыкаментознае.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАЗЕЛА́НДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае Паўд. і Паўн. а-вы Новай Зеландыі, а-вы Макуоры, Окленд, Чатэм і інш. (ад 29 да 54° паўд. ш.). Уваходзіць у царства Натагею. У флоры больш за 1800 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш за ​3/4 эндэмічныя. Шмат раслін-неабіёнтаў. Пераважаюць сям.: архідныя, асаковыя, залознікавыя, злакавыя, казяльцовыя, марэнавыя, парасонавыя, складанакветныя і інш. Шмат папарацей, у т. л. буйных дрэвападобных, эпіфітаў і ліян. Генетычна расл. і жывёльны свет вобласці звязаны з флорай і фаунай крайняга Пд Паўд. Амерыкі і Паўд.-Усх. Аўстраліі. Фауна бедная па відах, астраўнога тыпу. З млекакормячых (акрамя неабіёнтаў) 2 эндэмічныя віды лятучых мышэй Птушак больш за 200 відаў, шмат эндэмічных. Характэрны марскія птушкі: бакланы, пінгвіны, трубканосыя, чайкі і інш. З нелятаючых характэрны ківі, некат. пастушковыя. З паўзуноў (20 відаў) пашыраны эндэмічныя роды геконаў (5 відаў) і сцынкаў (9 відаў). Найб. характэрны паўзун — гатэрыя. З земнаводных — жабы з роду ліяпельм. Прэснаводных рыб мала (1 від вугра, некалькі відаў з сям. галаксіід і інш.). Фауна насякомых багатая (матылёў больш за 1000 відаў). Шматлікія наземныя малюскі.

А.​М.​Петрыкаў.

Птушкі Новазеландскай біягеаграфічнай вобласці: 1 — ківі; 2 — такахе; 3 — папугай савіны; 4 — медасос-туй; 5 — гуя (а — самец, б — самка); 6 — зеленагруды пладаедны голуб.

т. 11, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ (франц. organisation ад позналац. organizo надаю зграбны выгляд, упарадкоўваю),

1) ступень і характар упарадкаванасці элементаў сістэмы, яе адэкватнасць функцыям, што выконвае гэта сістэма. Паняцце «арганізацыя» азначае сістэмны аб’ект, упарадкаванасць, мэтанакіраваную дзейнасць кібернетычных сістэм, сац. сістэму як сродак дасягнення мэты. Сама канцэпцыя арганізацыі, такім чынам, уключае агульнафіласофскі, сістэмны, кібернетычны і сацыялагічны падыходы. Стварыць агульнае вучэнне аб арганізацыі спрабаваў А.​А.​Багданаў (1913), які выказаў ідэю ізамарфізму розных арганізацыйных структур, блізкую да агульнай тэорыі сістэмы, кібернетыкі, сінергетыкі, канцэпцыі глабальнага эвалюцыянізму і інш. Вызначальныя рысы арганізацыі — упарадкаванасць, функцыянальнасць, іерархічнасць. Упарадкаванасць уключае парадак (разнастайнасць устойлівых сувязяў у патоку змен), кампазіцыю элементаў (від ўладкаванасці) і функцыянальную залежнасць (змена элемента вядзе да змены інш. элементаў ці ўсёй сістэмы ў цэлым і, наадварот, змена сістэмы вядзе да змены яе структурных элементаў). Функцыянальнасць характарызуе адносіны сістэмы з навакольным асяроддзем, дасягненне за кошт арганізацыі прыстасавальнага (функцыянальнага) эфекту. Сутнасць іерархічнасці ў тым, што кожная арганізацыя мае розныя ўзроўні (сістэмы і падсістэмы, ступені, формы, структуры, тыпы і г.д.), разуменне якіх спрыяе выяўленню генетычнай сувязі паміж імі: у нежывой прыродзе — ад субклетачнага да Метагалактыкі, у жывой прыродзе — ад субклетачнага да біясфернага (і наасфернага), у грамадстве — ад чалавека да соцыуму.

2) Аб’яднанне людзей для сумеснай рэалізацыі пэўнай праграмы ці мэты на аснове вызначаных правілаў дзеяння.

3) Сукупнасць працэсаў ці дзеянняў, якія вядуць да ўтварэння і ўдасканальвання ўзаемасувязяў паміж часткамі цэлага.

Літ.:

Богданов А.А. Текстология: Всеобщая организационная наука. Кн. 1—2. М., 1989;

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986.

Г.​І.​Шчарбінкі.

т. 1, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАФО́НІЯ (ад гама... + грэч. phōnē гук, голас),

від шматгалосся, які вызначаецца падзелам галасоў на галоўны (мелодыя) і другарадныя (суправаджэнне). У гэтым прынцыповае адрозненне гамафоніі ад поліфаніі, дзе галасы раўназначныя. Сутнасць гамафоніі ў вылучэнні аднаго голасу як носьбіта асн. зместу муз. вобраза. Нязначная індывідуалізацыя галасоў суправаджэння спрыяе іх аб’яднанню часцей за ўсё як элементаў адзінага акордавага комплексу. Змена акордаў і акордавых комплексаў — спецыфічны фактар развіцця ў гамафонных формах, якое выяўляе ладава-гарманічныя функцыі асн. голасу і суправаджэння. Лінеарнае, інтанацыйнае, рытмічнае ўзбагачэнне галасоў суправаджэння прыводзіць да поліфанізацыі муз. фактуры, аднак вызначальнай прыкметай гамафоніі застаецца канцэнтрацыя муз. думкі ў адным голасе. Прынцыпы гамафоніі выкарыстоўваюць у розных жанрах і формах. У выніку разнастайных варыянтаў рытмічных суадносін паміж галасамі ўтвараюцца тыпы гамафоннай фактуры: акордавы, тып разгорнутай мелодыі з акордавым ці фігурацыйным суправаджэннем; поліфанізаваная гамафонія (спалучае энергію меладычных ліній з багаццем гамафоннай акордыкі і дынамізмам функцыянальных змен).

У Стараж. Грэцыі гамафонія абазначала выкананне мелодыі ва унісон ці ў актаву. У еўрап. прафес. музыцы яе станаўленне ў сучасным сэнсе звязана з эпохай Адраджэння (на Беларусі крышталізацыя гамафонных сродкаў выразна прасочваецца ў стылістыцы канта) У 17—18 ст. гамафонія — асн. муз. склад у оперы, араторыі, кантаце, інстр жанрах Творчасць венскіх класікаў (В.​А.​Моцарта, І.​Гайдна, Л.​Бетховена) сканцэнтравала найб. значныя і каштоўныя рысы гамафоніі. У 20 ст. побач з развіццём гамафоніі павялічылася цікавасць кампазітараў да поліфаніі.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Холопова В.Н. Фактура. М., 1979;

Тюлин Ю.Н. Учение о гармонии. 3 изд. М., 1966.

Т.​А.​Дубкова.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

размежаванне моў свету пры іх параўнальным вывучэнні па пэўных таксанамічных рубрыках у адпаведнасці з прынцыпамі, якія вынікаюць з агульнай мэты даследавання і на падставе пэўных адзнак. Існуюць 4 асн. віды К.м.: генеалагічная класіфікацыя моў, арэальная, тыпалагічная класіфікацыя моў і сацыялінгвістычная. Генеалагічная К.м. праводзіцца на аснове вывучэння роднасці моў параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. Арэальная К.м. улічвае прыкметы, звязаныя з моўнымі кантактамі і ўзаемаадносінамі паміж мовамі (гл. Арэальная лінгвістыка) ці дыялектамі (гл. Лінгвістычная геаграфія). Тыпалагічная К.м. заснавана на паняцці падабенства (фармальнага ці семантычнага) моў. Сацыялінгвістычная (функцыянальная) К.м. грунтуецца на вызначэнні аб’ёму і структуры камунікацыі на той ці інш. мове (гл. Функцыянальная лінгвістыка).

Генеалагічная К.м. мае абсалютны характар (кожная мова адносіцца да адной пэўнай генеалагічнай групы і не можа змяніць гэтай прыналежнасці). Сацыялінгвістычныя характарыстыкі моў з цягам часу мяняюцца. Тыпалагічная К.м. заўсёды адносная і гістарычна зменлівая з прычыны зменлівасці структуры мовы і яе тэарэт. асэнсавання. Арэальная К.м. характарызуецца большай або меншай устойлівасцю ў залежнасці ад абраных параметраў класіфікацыі Генеалагічнае падабенства з цягам часу сціраецца, арэальнае — у выпадку канвергентнага развіцця моў — можа ўзмацняцца. Для арэальнай класіфікацыі істотны тэр. паказчык, генеалагічная К.м. не залежыць ад лакалізацыі моў.

Пытанні К.м. актыўна распрацоўваюцца з пач. 19 ст. («Мітрыдат» ням. філолага І.​К.​Адэлунга, дзе ў сінкрэтычнай форме азначаны арэальная, генеалагічная і тыпалагічная К.м.). З сярэдзіны 20 ст. вывучаюцца тэарэт. прынцыпы розных відаў К.м.; даследуюцца праблемы арэальнай і тыпалагічнай К.м.

Літ.:

Теоретические основы классификации языков мира. [Ч. 1—2]. М., 1980—82;

Общее языкознание. 2 изд. Мн., 1995;

гл. таксама пры арт. пра кожны від К.м.

А.​М.​Рудэнка.

т. 8, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т САРМА́ЦКІ,

від партрэта, характэрны для мастацтва Рэчы Паспалітай, пераважна часоў барока (16—18 ст). Узнікненне звязана з комплексам светапогляду і культуры сарматызмубел.-літ. магнатэрыі пераважала паданне пра іх паходжанне ад патрыцыяў Стараж. Рыма). Спалучаў рысы параднага, рыцарскага і труннага (гл. Партрэт пахавальны) партрэтаў і прадстаўлены шырокім спектрам твораў — ад падобных да рэпрэзентатыўных зах.-еўрап. партрэтаў позняга рэнесансу і барока да народна-прымітыўнага мастацтва. У мастацтве Беларусі і Украіны шмат пераймаў ад фармальна-эстэт. асноў іканапісу, што абумовіла плоскаснасць трактоўкі аб’ёмаў, лінеарнасць малюнка, вял. плоскасці яркіх колеравых паверхняў, акцэнтаванне дэкар. элементаў і фактуры каштоўных тканін, адсутнасць святлоценявых эфектаў. Адметныя рысы П.с. — павышаная ўвага да пратакольнай дакладнасці партрэтнай характарыстыкі, адлюстраванне персанажа ў парадным адзенні, пышныя драпіроўкі, спалучэнне паэтычна-ўрачыстай рэтраспектыўнасці вобраза з інфарматыўнымі элементамі (выявы гербаў, атрыбутаў улады ці духоўнага сану, надпісы пра партрэтаванага і інш.). Стваральнікамі П.с. былі пераважна ананімныя цэхавыя мастакі (партрэты Міхаіла Барысавіча, мяжа 16—17 ст.; роду Весялоўскіх, 1630—40-я г.; А.​Астроўскага, 1-я пал. 17 ст.; І.​Завішы, 1732; Я.​Вішнявецкага, 3-я чвэрць 17 ст., і інш.), але захаваліся і імёны некат. жывапісцаў: І.​Шрэтэр (працаваў у 1641—85, аўтар партрэта К. і М. Радзівілаў, 1646), Д.​Шульц [1615—83; аўтар партрэтаў Радзівілаў (у т. л. Я.​Радзівіла, 1612—55) і Пацаў].

Літ.:

Тананаева Л.И. Сарматский портрет: Из истории пол. портрета эпохи барокко. М., 1979;

Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.

Б.​А.​Лазука, А.​Ю.​Хадыка.

Партрэт сармацкі. Партрэт Я.​Вішнявецкага. 3-я чвэрць 17 ст.

т. 12, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ФІКА,

від выяўленчага мастацтва, які аб’ядноўвае малюнак (як самаст. галіну творчасці) і друкаваныя маст. творы (розныя віды гравюры), што грунтуюцца на мастацтве малюнка з уласцівымі ім выяўл. сродкамі і магчымасцямі. Творы графікі звычайна выконваюцца на паперы. Асн. выразныя сродкі — контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны ці каляровы фон аркуша, часам выкарыстоўваецца і колер. На мяжы жывапісу і графікі — акварэль, гуаш, пастэль, тэмпера. Паводле прызначэння падзяляюць на станковую (станковы малюнак, эстамп), кніжную графіку, газетна-часопісную (ілюстрацыя, дэкар. афармленне, шрыфты і інш.), прамысловую графіку, плакат, карыкатуру. Сродкамі графікі звычайна робяць накіды, эцюды да жывапісных твораў, фіксуюць арх. замыслы на стадыі праектавання і інш.

Найб. стараж. і традыц. від графічнага мастацтва — малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў ант. вазапісе, у аснове якога — лінія, сілуэт, каляровая пляма. Гравюра вядомая з 6—7 ст. у Кітаі, з 14—15 ст. у Еўропе (напачатку дрэварыт і разцовая гравюра, пазней афорт). Станковая графіка адыгрывала важную ролю ў культ. і паліт. жыцці Еўропы з эпохі Адраджэння (творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, А.​Дзюрэра і інш.). У 17—19 ст. у розных відах графікі працавалі Ж.​Кало, Рэмбрант, К.​Хакусай, У.​Хогарт, А.​Дам’е, Ф.​Гоя, Г.​Дарэ, Э.​Дэлакруа, Ф.​Мазерэль, А.​Кіпрэнскі, М.​Уткін, В.​Сяроў, І.​Шышкін, у 20 ст. — П.​Пікасо, А.​Матыс, Ж.​Грос, К.​Кольвіц, А.​Астравумава-Лебедзева, У.​Фаворскі, У.​Лебедзеў, Л.​Лісіцкі і інш. Адметнасць графікі ў аператыўным водгуку на актуальныя падзеі жыцця, здольнасці распаўсюджвацца ў вял. колькасці экзэмпляраў, што шырока выкарыстоўвалася ў агітацыйнай і сатыр. графіцы (асабліва ў час вял. гіст. змен і войнаў).

На Беларусі бярэ пачатак ад аздоб і мініяцюр рукапісных кніг (Тураўскае евангелле, 11 ст.; Аршанскае евангелле, 12—13 ст.; Мсціжскае евангелле, 14 ст.). Контурны малюнак вядомы па Лаўрышаўскім евангеллі 14 ст., акварэль — па Радзівілаўскім летапісе 15 ст. Значных поспехаў дасягнула графіка ў 16—18 ст. з развіццём кнігадрукавання. З выдавецкай дзейнасцю Ф.​Скарыны і яго паслядоўнікаў звязана ўзнікненне кніжнага дрэварыту, які займаў гал. месца ў выданнях друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Супрасля, Магілёва, Гродна. У 2-й пал. 16 ст. ўзнікла разцовая гравюра на метале — медзярыт (першыя з іх — працы Т.​Макоўскага, В. і М.​Вашчанкаў). З канца 16 ст. пачала развівацца станковая графіка: партрэт, гар. пейзаж, гравюра-тэзіс, панегірычная, геральдычная гравюра, картаграфія, малюнкі арх. праектаў, экслібрысы (Макоўскі, Вашчанкі, Ф.​Ангілейка, А. і Л.​Тарасевічы, Г.​Ляйбовіч, а таксама замежныя майстры К.​Гётке, А. ван Вестэрфельд і інш.). У 18 ст. з’явіліся новыя віды графікі: лубок (П.​Комар), эскізы дэкарацый (М.​Жукоўскі). У канцы 18 ст. ў яе станаўленні пэўную ролю адыграў Полацкі езуіцкі калегіум, дзе выкладаўся малюнак, у 19 ст.Віленская мастацкая школа. У розных жанрах графікі (партрэт, гар. пейзаж, быт. і этнагр. замалёўкі) працавалі Ю.​Азямблоўскі, А.​Бартэльс, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, М.​Падалінскі, Я.​Рустэм і інш. Умовы нац. і сац. ўціску (асабліва пасля паўстання 1863—64) прывялі да заняпаду выяўл. мастацтва ў цэлым, у т. л. і графікі. Адраджэнне яе звязана з нац.-вызв. рухам пач. 20 ст. Графікі ўдзельнічалі ў афармленні газет «Наша доля», «Наша ніва», кніг на бел. мове, з’явіліся плакат і карыкатура (С.​Богуш-Сестранцэвіч, Я.​Драздовіч, К.​Каганец, П.​Лепяшынскі і інш.), значнасць якіх павялічылася ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны (Віцебскія, Гомельскія, Мінскія вокны РОСТА, Гомельская мастацкая студыя імя М.​А.​Урубеля). Да плаката звярталіся А.​Быхоўскі, Ф.​Валяроў, П.​Гуткоўскі, С.​Каўроўскі, Я.​Целішэўскі і інш. Усе віды і жанры графікі актыўна развіваліся ў 1920-я г. У кніжнай графіцы працавалі Гуткоўскі, В.​Дваракоўскі, Г.​Змудзінскі, М.​Малевіч, А.​Тычына, у станковай — А.​Астаповіч, З.​Гарбавец, Я.​Горыд, Драздовіч, Я.​Мінін, М.​Сеўрук, С.​Юдовін і інш. У гады 2-й сусв. вайны мастакі В.​Букаты, Я.​Зайцаў, Б.​Звінагродскі, В.​Козак, Красільнікаў, Я.​Красоўскі, М.​Філіповіч, А.​Шаўчэнка і інш. ўдзельнічалі ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і «Партызанская дубінка». Папулярнасць набыла сатыр. графіка на старонках час. «Вожык» (А.​Волкаў, Р.​Грамыка, М.​Гурло, Дз.​Красільнікаў, С.​Раманаў, А.​Чуркін і інш.). Лепшыя творы графікаў 1960-х г. (Л.​Асецкі, А.​Кашкурэвіч, А.​Лось, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч, В.​Шаранговіч) сведчаць пра філас. глыбіню, імкненне стварыць аналітычныя сімволіка-алегарычныя ці метафарычныя кампазіцыі з глыбокім сац. падтэкстам. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася цэлая плеяда мастакоў (В.​Александровіч, М. і У.​Басалыгі, У.​Вішнеўскі, А.​Дзямарын, П.​Драчоў, А. і Ю.​Зайцавы, М.​Карпук, Я.​Кулік, М.​Купава, Л.​Марчанка, В.​Паўлавец, У.​Пашчасцеў, А.​Рыбчынскі, У.​Савіч, М.​Селяшчук, Р.​Сітніца, В.​Славук, Г.​Скрыпнічэнка і інш.), у творчасці якіх зварот да нац. маст. традыцый, глыбокага вывучэння прафес. графічнай культуры.

Літ.:

Фаворский В. О графике как об основе книжного искусства // Искусство книги. М., 1961;

Вып. 2;

Виппер Б.Р. Графика // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;

Мальцева Н.Л. Пути развития советской графики. М., 1980;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94;

Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг. Мн., 1975;

Яго ж. Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг. Мн., 1979;

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978.

А.​М.​Пікулік, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Графіка. Н.​Орда. Палац у вёсцы Масаляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл. 1861—77. Малюнак.
Да арт. Графіка. Г.​Паплаўскі. Іл. да кнігі Я.​Коласа «Выбранае». 1983.
Да арт. Графіка. М.​Селяшчук. Экслібрыс А.​С.​Цярэшчанкі. 1985. Літаграфія.
Да арт. Графіка. А.​Тарасевіч. Ілюстрацыя да кнігі «Разарыум...». 1672. Медзярыт.
Да арт. Графіка. Мікеланджэла. Малюнак да плафона Сіксцінскай капэлы. 1508—12.
Да арт. Графіка. Я.​Мінін. Стары Віцебск. 1927. Дрэварыт.
Да арт. Графіка. У.​Вішнеўскі. Птушкаловы II. 1988. Афорт.
Да арт. Графіка. А.​Рыбчынскі. Магілёўскае паўстанне. 1979. Малюнак.
Да арт. Графіка. Р.​Сітніца. Нясвіж. Формула мінуўшчыны. 1990. Каляровая аўталітаграфія.
Да арт. Графіка. В.​Шаранговіч. Цэнтральная частка трыпціха «Дзе крыўда адвечная спела». 1993. Каляровая літаграфія.
Да арт. Графіка. Ф.​Скарына. Старонка з кнігі «Прамудрасць». 1518.
Да арт. Графіка. М.​Карпук. Веснавы ранак. 1981. Малюнак.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІНІ́ЗМ,

від спорту, узыходжанне на цяжкадаступныя горныя вяршыні ў спартыўных ці інш. мэтах.

Афіц. гісторыя альпінізму пачынаецца з 1786 (узыходжанне швейцарцаў Ж.​Бальмы і М.​Пакара на Манблан у Альпах). З 2-й пал. 19 ст. ўзнікаюць альпінісцкія клубы ў Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, Расіі і інш. Да канца 19 ст. ў Альпах былі адолены многія вяршыні, пракладзены складаныя маршруты. Па меры вывучэння і даследавання інш. горных сістэм, удасканалення сродкаў зносін пашыралася геаграфія альпінізму, які актыўна развіваецца з 1950-х г. пасля пакарэння найвышэйшых вяршыняў свету (гл. табл.).

Альпінізм патрабуе добрай фізічнай і спец. падрыхтоўкі, спец. адзення, абутку, харчавання для жыццезабеспячэння ва ўмовах высакагор’я і адпаведнага рыштунку (вяроўкі, ледарубы, скальныя і лёдавыя кручкі, карабіны і інш.) для страхоўкі спартсменаў. Пры ўзыходжанні на вяршыні вышынёй больш за 8 000 м часта выкарыстоўваюць кіслародныя апараты. У альпінізме прынята класіфікацыя маршрутаў паводле іх складанасці (усяго 6 катэгорый). Альпінісцкую падрыхтоўку атрымліваюць у спец. альплагерах ці школах. Узыходжанні робяць, як правіла, у складзе групы, з інструктарам або гідам-правадніком (на пач. этапе) ці самастойна. У горных раёнах дзейнічае спец. горнавыратавальная служба. Нац. федэрацыі і альпінісцкія саюзы розных краін аб’яднаны (з 1932) у Міжнар. саюз альпінісцкіх асацыяцый (УІАА). Праводзяцца альпініяды.

На Беларусі альпінізм развіваецца з 1950-х г. Дзейнічае (з 1955) федэрацыя альпінізму і скалалажання. З 1973 праводзіцца першынство краіны па альпінізму. Бел. альпіністы — удзельнікі і прызёры чэмпіянатаў СССР і СНД па альпінізму. Імі зроблены ўзыходжанні на вышэйшыя (больш за 8000 м) вяршыні свету ў Гімалаях: Э.​Ліпень (Джамалунгма, 1990, 1993, Шыша-Пангма, 1992, разам з І.​Велянковай), В.​Кульбачэнка (Канчэнджанга, 1994). Восенню 1994 адбылася першая бел. экспедыцыя (з удзелам рас. і балг. альпіністаў) у Гімалаі.

Літ.:

Хубер Г. Альпинизм сегодня: Пер. с нем. М., 1980.

Г.​К.​Кісялёў.

Першаўзыходжанні на вышэйшыя вяршыні свету
Вяршыня, яе вышыня (м), назва горнай сістэмы Альпіністы Год узыходжання
Анапурна, 8078 (Гімалаі) М.​Эрцог, Л.​Лашэнель (Францыя) 1950
Джамалунгма (Эверэст), 8848 (Гімалаі) Э.​Хілары, Тэнцынг Наргэй (Вялікабрытанія) 1953
Нангапарбат, 8125 (Гімалаі) Г.​Буль (Аўстрыя) 1953
Чагары (К-2), 8611 (Каракарум) Л.​Лачадэлі, А.​Кампаньёні (Італія) 1954
Чо-Аю, 8153 (Гімалаі) Г.​Ціхі, С.​Іохлер (Аўстрыя) Пасанг Дава Лама 1954
Макалу, 8481 (Гімалаі) Ж.​Франко са спадарожнікамі (8 чал., Францыя) 1955
Канчэнджанга, 8597 (Гімалаі) М.​Бенд, Н.​Хардзі, Д.​Браўн, Т.​Стрэчэр (Вялікабрытанія) 1955
Манаслу, 8156 (Гімалаі) Т.​Дманісі, К.​Като, М.​Сігета (Японія), Гіяльцэн Нурбу 1956
Лхацзе, 8545 (Гімалаі) Э.​Рэйс, Ф.​Лусінгер (Швейцарыя) 1956
Гашэрбрум, 8035 (Каракарум) Ф.​Моравец, Г.​Віленпарт, С.​Ларх (Аўстрыя) 1956
Броўд-пік, 8047 (Каракарум) М.​Шмук, К.​Дзімбергер, Г.​Буль, К.​Вінтэршталер (Аўстрыя) 1957
Хідэн-пік, 8068 (Каракарум) П.​Шоенінг, А.​Каўфман (ЗША) 1958
Дхаўлагіры, 8172 (Гімалаі) А.​Шэльберт, К.​Дзімбергер і інш. (8 чал., Швейцарыя) 1960
Шыша-Пангма (Гасаінтан), 8013 (Гімалаі) Шу Чын, Ван Фучжоу і інш. (10 чал., Кітай) 1964
Да арт. Альпінізм. Удзельнікі беларускай экспедыцыі у Гімалаі. 1994.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОКС (англ. вох літар. ўдар),

від спорту, адзінаборства ў кулачным баі паводле пэўных правілаў. Адрозніваюць аматарскі бокс і прафесійны. Спаборніцтвы праводзяцца на рынгу — квадратнай пляцоўцы 6 × 6 м, абмежаванай па перыметры 3 канатамі, нацягнутымі паміж вуглавымі стойкамі. Баксіруюць у спец. мяккіх пальчатках масай да 300 гпрафес. боксе да 220 г, на алімпійскіх гульнях каля 230 г), спец. ахоўных шлемах (у аматарскім боксе). Правілы дазваляюць наносіць удары ў пярэднюю і бакавую часткі галавы і тулава вышэй пояса; забараняюць захопы, штуршкі, падножкі, удары адкрытай пальчаткай, галавой. Паядынак доўжыцца 3 раунды (у прафес. боксе да 12) па 3 мін кожны з перапынкам 1 мін паміж імі. Судзяць спаборніцтвы суддзя на рынгу і 5 бакавых. Перамога прысуджаецца па ачках (бакавымі суддзямі) ці датэрмінова (суддзёй на рынгу), калі баксёр пасля ўдару саперніка і адліку суддзёй на рынгу 10 сек не ў стане працягваць бой (накаўт), за яўнай перавагай, калі пераможца тройчы збівае саперніка моцным ударам з ног (накдаўн) ці за яўнай тэхн. перавагай. Баксёраў падзяляюць паводле ўзроставых, вагавых і разрадных катэгорый. З 1920 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бокса (АІБА). Бокс у праграме Алімпійскіх гульняў з 1904, чэмпіянаты свету з 1974, Еўропы з 1924.

Бокс развіўся з кулачнага бою (вядомы ў Стараж. Егіпце, Вавілоніі, быў у праграме Алімпійскіх гульняў у Стараж. Грэцыі). Першыя правілы бокса ў пальчатках уведзены ў Англіі ў 1867. На Беларусі бокс развіваецца з 1920 (першая секцыя ў Барысаве). Сярод бел. баксёраў алімпійскі чэмпіён В.Яноўскі (1988), абс.чэмпіён СССР А.​Юкаў (1983), прызёры Кубка свету і Гульняў Добрай волі Ю.​Торбік (1982), А.​Акулаў (1984), А.​Банін (1990), чэмпіянату Еўропы М.​Савічаў (1993).

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРАПАЛІТЭ́Н (франц. métropolilain ад грэч. metropolis галоўны горад, сталіца),

метро, від рэйкавага электрычнага пасаж. транспарту. У вял. гарадах з насычаным вулічным рухам пракладваецца пад зямлёй (у тунэлях), часам на паверхні і на эстакадах. Вызначаецца вял. правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў за гадзіну ў адным напрамку), высокай эксплуатацыйнай скорасцю (да 100 км/гадз, з улікам прыпынкаў да 45—48 км/гадз), рэгулярнасцю руху.

Асн. збудаванні і абсталяванне М.: станцыі (калоннага або пілоннага тыпаў, а таксама аднаскляпеністыя), якія ўключаюць пасаж. платформы, падземныя або надземныя вестыбюлі, пераходы, перасадачныя вузлы, эскалатары (часам пад’ёмнікі ліфтавага тыпу ўмяшчальнасцю да 130 чал.); перагонныя тунэлі неглыбокага (да 15 м ад паверхні зямлі) і глыбокага (да 30—35 м) залажэння з рэйкавымі пуцямі (у М. краін СНД шырынёй 1520 мм); рухомы састаў (поезд з 3—8 вагонаў умяшчальнасцю да 270 пасажыраў кожны); кабельная і кантактная сетка з цягавымі і паніжальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі; вентыляцыйныя, дрэнажныя і асвятляльныя прыстасаванні; дэпо і інш. Паязды прыводзяцца ў рух электрарухавікамі пастаяннага току, якія сілкуюцца праз слізгальныя токапрыёмнікі з кантактных рэек (напружанне ў кантактнай сетцы ад 600 да 1500 В, у М. краін СНД — 825 В). Будуюць М. закрытым і адкрытым спосабамі. Пры закрытым спосабе праходка тунэляў робіцца горным або шчытавым метадам; пры адкрытым распрацоўваецца катлаван, у якім робяць тунэль са зборных жалезабетонных або метал. элементаў (цюбінгаў), маналітнага бетону і жалезабетону. Выкарыстоўваюць спец. спосабы вядзення работ: штучнае замарожванне грунтоў, водапаніжэнне, метад «сцяна ў грунце» і інш. Каб у М. не трапляла вада, робяцца неабходная гідраізаляцыя і водаадвод.

У замежнай практыцы буд-ва М., за рэдкім выключэннем (напр., афармленне ўваходаў у парыжскі М. у стылі мадэрн, арх. Э.​Гімар), пераважае утылітарны падыход да арх. вырашэння. З 2-й пал. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць новыя канструкцыі, буд. і аддзелачныя матэрыялы, сродкі рэкламы і візуальнай інфармацыі, станцыі набылі маст. афармленне. У б. сав. гарадах М. ствараўся як прасторава працяглы арх. комплекс манум. збудаванняў вял. грамадскай значнасці. Архітэктары імкнуліся стварыць камфартабельныя ўмовы для пасажыраў, надаць кожнай станцыі індывід. аблічча. У афармленні станцый і наземных вестыбюляў М. (часта тэматычным) выкарыстоўвалі мазаіку, жывапіс, скульптуру, дэкар.-прыкладное мастацтва. У 1950—60-я г. ў буд-ве М. ўкаранялася уніфікацыя аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў і канструкцый; індывідуалізацыя дасягалася разнастайнасцю матэрыялаў, іх колеру і фактуры, розных сістэм асвятлення. У 1970—90-я г. на новай канструктыўнай аснове працягваюцца лепшыя традыцыі тэматычнага і маст. афармлення станцый М., пашыраны сінтэз мастацтваў.

Першы М. (3,6 км) пабудаваны ў Лондане (1863), потым у Нью-Йорку (1868), Будапешце (1896), Вене (1898), Парыжы (1900), Берліне (1902), Буэнас-Айрэсе (1913), Мадрыдзе (1919), Токіо (1927) і інш. Першая лінія Маскоўскага М. пачала дзейнічаць у 1935. Пабудаваны і дзейнічаюць М. у Санкт-Пецярбургу (з 1955), Кіеве (з 1960), Тбілісі (з 1966), Баку (з 1967), Харкаве (з 1972), Ташкенце (з 1977), Ерэване (з 1981), Мінску (з 1984; гл. Мінскі метрапалітэн), Ніжнім Ноўгарадзе (з 1985), Новасібірску (з 1985), Самары (з 1987) і інш. Найб. працяглы (больш за 400 км) М. у Нью-Йорку (40 ліній; 490 станцый), самы заглыблены (больш за 100 м) — у Пхеньяне. М. маюць каля 50 гарадоў у больш чым 30 краінах.

Літ.:

Лиманов Ю.А. Метрополитены. 2 изд. М., 1971;

Тоннели и метрополитены. М., 1989.

С.​Л.​Сергачоў (архітэктура), В.​А.​Ярмоленка.

Метрапалітэн: а — станцыя пілоннага тыпу з абліцоўкай жалезабетоннымі цюбінгамі; б — станцыя калоннага тыпу з павялічаным пралётам сярэдняй залы; в — схема электрасілкавання кантактавай рэйкі (1 — кабелі сілкавання трэцяй рэйкі, 2 — цягавая падстанцыя, 3 — зваротны кабель ад хадавых рэек, 4 — сілавыя кабелі, 5 — трэцяя рэйка, 6 — хадавая рэйка).
Да арт. Метрапалітэн. Станцыя «Камсамольская-кальцавая» ў Маскве. 1952. Арх. А.​Шчусеў і інш.
Да арт. Метрапалітэн. Станцыя «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. 1984. Арх. М.​Пірагоў, А.​Зензін, маст. В.​Чурыла, С.​Сакалоў.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)