Рэспубліка Зімбабве (Republic of Zimbabwe), краіна ва ўнутранай частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Замбіяй, на У з Мазамбікам, на Пд з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), на З з Батсванай. Пл. 390,8 тыс.км². Нас. 10,7 млн.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Харарэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 красавіка).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1980, мадыфікаваная ў 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Палата сходу, тэрмін дзейнасці якой 6 гадоў (120 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам, 12 членаў палаты назначаюцца прэзідэнтам; у склад парламента ўваходзяць таксама 10 плем. правадыроў і 8 губернатараў правінцый). Выканаўчая ўлада належыць ураду, створанаму прэзідэнтам.
Прырода. Большую частку тэр. краіны займае плато Матабеле, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Пераважаюць выш. 1000—1500 м. Плато акаймавана і часткова расчлянёна краявымі хрыбтамі Умвукве (на Пн), Матопа (на ПдЗ), Іньянга (на У) з найвыш. пунктам г. Іньянгані (2596 м). Карысныя выкапні. медныя, хромавыя, літыевыя, жал., алавяныя руды, золата, кам. вугаль, азбест і інш. Клімат пераходны ад экватарыяльна-мусоннага (на Пн) да трапічнага пасатнага (на Пд). У сувязі з узвышаным рэльефам тэрыторыі клімат мае рысы горнага з выражанай сезоннасцю. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) 21—23 °C (максімум да 40 °C), самага халоднага (ліп.) 10—17 °C. Ападкаў ад 350 мм (на ПдЗ) да 1000—1200 мм (усх. схілы гор Іньянга). Асн. колькасць ападкаў з ліст. да сакавіка. Большасць рэк малаводныя і адносяцца да басейнаў Замбезі (на Пн), Лімпопа (на Пд), Сабі (на У). У сярэднім цячэнні р. Замбезі — буйное вадасх. Карыба. Пераважаюць саванны і саваннавыя лясы на карычневых глебах, на Пд — участкі сухіх стэпаў. Агульная плошча разрэджаных лясоў каля 23,8 млн.га. Ёсць штучныя пасадкі эўкаліптаў. У жывёльным свеце прадстаўлены сланы, насарогі, ільвы, леапарды, кракадзілы, бегемоты, жырафы, антылопы і інш. У краіне больш за 10 запаведнікаў і нац. паркаў, самыя вял. Уанкі, Вікторыя-Фолс.
Насельніцтва. Пераважаюць 2 афр. народы з моўнай групы паўд.-ўсх. банту: шона (77%) і матабеле (17%). Шона насяляюць пераважна ўсх. і цэнтр. раёны, матабеле — паўд.-заходнія. Жывуць таксама тонга, венда, педы, тсвана (на Пд), малаві (на ПнУ), бушмены (на крайнім З). Англічан, афрыканераў і выхадцаў з Індыі разам каля З%. Сярод веруючых пераважаюць хрысціяне — 58% (17% — пратэстанты, 14 — прыхільнікі афр. цэркваў, 12% — католікі). Астатняе насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. культаў. Есць невял. групы мусульман і іудаістаў. Сярэднегадавы прырост каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 27,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. раёны краіны. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1992, тыс.ж.): Харарэ — 1184, Булавайо — 621, Чытунгвіза — 274, Мутарэ — 132, Гверу — 125. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 34% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 21%.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. З. вядомы з палеаліту. Верагодна, у 4—1-м тыс. да н.э. сюды прыйшлі бушмены. З 8 ст. пачаўся наплыў бантумоўных народаў, якія выцеснілі бушменаў на Пд і стварылі ў 10 ст. моцную дзяржаву Вял. З., што падтрымлівала гандл. сувязі з народамі Аравійскага п-ва, узбярэжжа Інд.ак. і Кітаем. З 15 ст. ў складзе дзяржавы Манаматапа, якая дасягнула росквіту ў 15—16 ст. і распалася ў 1693 у выніку нападу племя розві. У 18 ст. розві стварылі моцную дзяржаву і працягвалі традыцыі Вял. З., будавалі каменныя гарады. З 1837 на тэр. З. сталі перасяляцца плямёны матабеле на чале з Маселекатсе, што заваяваў зах.ч. краіны і стварыў тут дзяржаву са сталіцай у Булавайо. З сярэдзіны 19 ст. пачалося брыт. пранікненне ў З. (дзейнасць англ. горназдабыўных т-ваў С.Родса). Захоп у 1890 усёй тэр. краіны, названай пазней разам з Замбіяй — Радэзіяй (ад імя Родса), брыт.паўд.-афр кампаніяй і прыток брыт. каланістаў выклікалі паўстанні афр. насельніцтва (1893, 1896—97), задушаныя калан. ўладамі. У 1923 брыт. ўрад атрымаў ад кампаніі паўд.ч. яе ўладанняў як аўт. калонію Паўд. Радэзія. У 1934 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр.нац. кангрэс Паўд. Радэзіі (АНК). У 1953—63 Паўд. Радэзія ў складзе Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда, дзе яна займала прывілеяванае паліт. і эканам. становішча. У 1953—58 ва ўладзе ўмерана правая Аб’яднаная партыя Радэзіі, у 1958—62 — Аб’яднаная федэральная партыя, якія абвясцілі лозунг партнёрства, але праводзілі палітыку дыскрымінацыі афр. насельніцтва.
У 1959 АНК забаронены, замест яго ў 1960 створана Нац.-дэмакр. партыя (НДП). У 1961 прынята новая канстытуцыя, паводле якой афр. насельніцтва атрымала некат. правы. У 1962 адбыліся хваляванні афр.гар. насельніцтва, паліт. барацьбу ўзначаліў Саюз афр. народа З. (ЗАПУ), створаны замест забароненай НДП. У 1962 да ўлады прыйшоў крайне правы Радэзійскі фронт, які імкнуўся да ліквідацыі афр.вызв. руху. У выніку расколу ў ЗАПУ у 1963 створаны Афр.нац. саюз З. (ЗАНУ). Пасля распаду Федэрацыі (1963) Паўд. Радэзія (пад назвай Радэзія) стала асобнай брыт. калоніяй з шырокай унутр. аўтаноміяй. Яе прэм’ер-міністр Я.Д.Сміт (з 1964) пасля безвыніковых перагавораў з Вялікабрытаніяй (1964—65) у аднабаковым парадку абвясціў у ліст. 1965 незалежнасць Радэзіі, якую афіцыйна не прызнала ні адна дзяржава свету і асудзілі ААН і Арг-цыяафр. адзінства (ААА). Нягледзячы на міжнар.паліт. і эканам. санкцыі, Радэзія пры падтрымцы ПАР і Партугаліі развівала сваю эканоміку. З 1967 пачаліся ўзбр. дзеянні ЗАПУ, якія падтрымліваў Афр.нац. кангрэс з тэр. ПАР. На рэферэндуме ў 1969 прынята новая канстытуцыя. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі (1974) быў створаны аб’яднаны фронт вызв. руху пад кіраўніцтвам епіскапа А.Т.Музарэвы, які пачаў перагаворы з урадам. У 1976 ЗАНУ і ЗАПУ заключылі пагадненне аб стварэнні Патрыят. фронту З. (ПФЗ), які падтрымалі ААА і кааліцыя прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі. У выніку перагавораў урада Радэзіі з па-згодніцку настроенымі афр. лідэрамі ў 1978 створаны часовы ўрад (члены Выканаўчага савета Сміт, Музарэва, Н.Сітоле, Дж.Чыраў). Прынятая новая канстытуцыя фармальна забараняла расавую дыскрымінацыю. Пасля парламенцкіх выбараў 1979 створаны ўрад на чале з Музарэвам, але Савет Бяспекі ААН не прызнаў законнасці гэтых дзеянняў. На новых выбарах 1980 перамагла партыя ЗАНУ, яе лідэр Р.Г.Мугабе ўзначаліў урад, у які ўвайшоў і лідэр ЗАПУ Дж.Нкома. 18.4.1980 абвешчана незалежная Рэспубліка З. ў складзе брыт. Садружнасці.
Яна стала членам ААН і ААА. Але ідэалаг. і плем. разыходжанні паміж ЗАНУ і ЗАПУ прывялі ў 1982 да адкрытага канфлікту, урадавая кааліцыя распалася, Нкома быў выдалены з урада. На ПдЗ пачалася ўзбр. супрацьурадавая партыз.барацьба. У выніку пагаднення 1987 пра аб’яднанне ЗАНУ і ЗАПУ (1-ы сакратар і старшыня Мугабе, які адначасова стаў прэзідэнтам, Нкома ўвайшоў у склад урада) пачалася ўнутр. нармалізацыя, змякчэнне паліт. і плем. канфліктаў. Абвяшчэнне Мугабе праграмы сацыяліст.буд-ва, рост эканам. цяжкасцей выклікалі рост апазіцыі. У 1989 узнік апазіц. Рух адзінства З.На прэзідэнцкіх выбарах 1990 перамог Мугабе, Нкома заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. З. — аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 650 дол. ЗША. Прам-сць дае каля 36% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15, абслуговыя галіны — каля 50%. Найб. развіта гарнарудная галіна, якая дае каля ⅓ часткі выпуску прамысл. прадукцыі па кошце. У З. здабываюць 40 відаў карысных выкапняў: золата (каля 18—20 т штогод), азбест (каля 150 тыс.т), графіт (каля 20 тыс.т), руды нікелю (12—15 тыс.т металу), хрому (каля 0,5 млн.т вокісу хрому), медзі (каля 20 тыс.т), літыю (каля 20 тыс.т), а таксама фасфарыты, баксіты, пірыты, руды берылію, сурмы, кобальту, танталу і ніобію, цынку, жалеза, серабра, плаціны, каменны вугаль. 90% электраэнергіі краіна атрымлівае з ГЭС Карыба на р. Замбезі (належыць З. і Замбіі). Буйная ЦЭЦ у г. Булавайо, якая выкарыстоўвае каменны вугаль, цэнтр здабычы г. Хванге. Частка электраэнергіі імпартуецца з ПАР і Замбіі. Развіты каляровая металургія (атрыманне медзі, хрому, нікелю, золата, літыю і інш., гал. цэнтры Харарэ, Квекве, Гверу), вытв-сць сталі і сплаваў (Харарэ, Квекве), машын і механізмаў для горнай прам-сці, чыг. вагонаў, перапрацоўка тытуню, гарбарна-абутковая і тэкст.прам-сць, дыванаткацтва. Ёсць прадпрыемствы па зборцы аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталей, вытв-сці хім. прадуктаў (у т. л. штучных угнаенняў, аміяку, бензолу), цэменту, харч. прадуктаў (у т. л. цукру), вырабаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапр. і мэблевай прам-сці, жалезабетону, шкла і інш.буд. матэрыялаў, керамікі, шын і гумава-тэхн. вырабаў. У г. Мутарэ нафтаперапр.з-д, які атрымлівае нафту па нафтаправодзе з порта Бейра (Мазамбік). Асн.прамысл. цэнтры краіны — Харарэ і Булавайо з прыгарадамі. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — сельская гаспадарка. Апрацоўваецца 2,7 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: афрыканскі (дробныя паўнатуральныя гаспадаркі памерам да 2—3 га) і еўрапейскі (каля 4 тыс. гаспадарак сярэднім памерам каля 1 тыс.га). У афр. сектары на ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, арахіс, проса, сорга, батат, маніёк, бабовыя, агародніну. На плантацыях вырошчваюць экспартныя культуры — тытунь (каля 50% пасяўных плошчаў, збор 150—200 тыс.т штогод), бавоўну (каля 250 тыс.т) і цукр. трыснёг (каля 4 млн.т), а таксама пшаніцу, кукурузу, чай, каву. Жывёлагадоўля развіта пераважна ў цэнтры і на Пд краіны. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 6 млн. галоў), свіней, авечак, коз. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўнай драўніны (больш за 8 млн.м³ штогод). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км, аўтадарог 85 тыс.км, у т. л. каля 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. З. экспартуе тытунь (19% па кошце), золата (14%), каляровыя металы, сталь і ферасплавы, бавоўну, цукар і інш.; імпартуе машыны і трансп. сродкі (37% па кошце), паліва, хім. прадукты, прамысл. вырабы. Замежны турызм (каля 300 тыс.чал. штогод). Гал. гандлёвыя партнёры Вялікабрытанія, Германія, ПАР, Японія, ЗША, Батсвана. Грашовая адзінка — зімбабвійскі долар.
Літ.:
Асоян Б.Р. Зимбабве. М., 1983;
Краснопевцева Т.И. Зимбабве: Прошлое и настоящее. М., 1988.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Зімбабве.Да арт.Зімбабве. Фрагмент абарончай сцяны з поясам фігурнай муроўкі.Да арт.Зімбабве. Прамысловая зона ў г. Харарэ.Да арт.Зімбабве. Сучасная разьба па косці.Да арт.Зімбабве. Сучасная вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Мінску і яго наваколлі. Узнікла і развівалася па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў, рабочых, ІТР, студэнтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Станоўчую ролю ў стварэнні падп. груп і арг-цый адыграла дзейнасць Л.Я.Адзінцова, У.С.Амельянюка, І.Дз.Будаева, С.І.Зайца, І.К.Кавалёва, Дз.А.Караткевіча, А.Л.Коцікава, Ф.С.Кузняцова, С.В.Сержановіча, І.Г.Сцяпуры, б. вайскоўцаў Я.К.Горыцы, П.П.Суравягіна. У ліку першых утварыліся групы на чыг. вузле (А.Дз.Балашоў, Ф.К.Жавалёў, І.І.Івашчонак, Кузняцоў, В.С.Купрыянава, К.А.Паўлечка, Сцяпура і інш.), у раёне Камароўкі (С.К. і У.С.Амельянюкі, В.С.Жудро, Заяц, А.В.Каліноўскі, А.П.Макаранка, І.М.Цімчук, М.А.Шугаеў), ў Кастрычніцкім раёне з б. работнікаў рэсп. канторы Белнафтазбыту (К.Дз.Грыгор’еў, А.Л.Зубкоўскі, І.П.Жазінец, В.К.Нікіфараў, Г.М.Сямёнаў і інш.), з выкладчыкаў і студэнтаў юрыд. ін-та (М.Ф.Малаковіч, М.Б.Осіпава, А.А.Сакалова). Падполле фарміравалася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Патрыёты вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты, што паступалі з тылу, выводзілі са строю абсталяванне на вытворчасці, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. Восенню 1941 пры актыўным удзеле ўпаўнаважанага ЦККП(б)Б І.К.Кавалёва створаны Мінскі падп. гарком КП(б)Б і Ваен. савет партыз. руху (ВСПР). У склад гаркома ўваходзілі Кавалёў (сакратар), Грыгор’еў, Жудро, Заяц, Казінец, Коцікаў, Нікіфараў, І.І.Рогаў, Сямёнаў. Стварэнне гаркома завяршыла аб’яднанне падп. груп і арг-цый горада ў адно арганізац. цэлае. У кастр.—снеж. 1941 гарком даў жыццё першым на Міншчыне партыз. атрадам «Дзядзькі Васі», Сяргеева, Пакроўскага. Па яго заданнях збіраліся звесткі пра размяшчэнне ў горадзе і наваколлі ваен. аб’ектаў, штабоў, складоў, бензабаз ворага, наладжваліся сувязі з надзейнымі людзьмі на перыферыі, арганізоўваліся ўладкаванне б. ваеннаслужачых на работу, матэрыяльная дапамога падпольшчыкам. Найб. важныя звесткі перапраўляліся ў партыз. атрады, адтуль — за лінію фронту. У пач. 1942 ВСПР аб’ядноўваў больш за 300 чал., ажыццяўляў кантакты з партыз. атрадамі, што дзейнічалі ў Дзяржынскім, Заслаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім р-нах; з яго ўдзелам створана некалькі атрадаў, куды савет накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У канцы 1941 гарком і ВСПР арганізавалі першую падп. друкарню, дзе выпускаўся перыяд. лісток «Вестник Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; у маі 1942 выйшаў 1-ы нумар падп.газ.«Звязда» (рэд. У.Амельянюк, 2—4-га нумароў — Я.М.Савіцкая). У 1941 у Мінску і наваколлі дзейнічала каля 50 падп. груп і арг-цый (больш за 2 тыс.чал.): на Балотнай станцыі, плодаагародніннай базе № 1, цагельным з-дзе № 1, ст. Мінск-Таварная, у гаражы Мінгаруправы, у в. Прылепы, група студэнтаў і выкладчыкаў юрыд. ін-та, у паравозным дэпо, на вагонарамонтным з-дзе, на ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных з-дах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цвіковым з-дзе, у інфекц. бальніцы, «Вера», на гарбарным і станкабуд. з-дах, у медпункце і на чыг. ст. Мінск-Пасажырскі, у Доме друку, Доме ўрада, на Пугачоўскім зав., у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыг. вузле, у в. Ліпкі, ваен. гарадку Сцяпянка, у раёне вуліц Калгаснай, Маладзечанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным з-дзе, хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным з-дзе, «Красворд», на мэблевай ф-цы па вул. Апанскага, група настаўнікаў, на складзе бухгалтарскіх бланкаў, група Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, у раёне вуліц Р.Люксембург і К.Лібкнехта, на радыёзаводзе, у гаражы гаруправы, «Каўказ», медработнікаў, арг-цыя «Андруша». У складзе М.п.п. з ліп. 1941 дзейнічала камсам.-маладзёжнае падполле (кіраўнік С.А.Благаразумаў), створанае гаркомам КП(б)Б і структурнымі органамі ЛКСМБ: на радыёзаводзе, вагонарамонтным, гарбарным, цвіковым з-дах, на Балотнай станцыі, на чыг. вузле, арг-цыя «Андруша» (больш за 60 чал.). У снеж. 1942 пасля арышту і пакарання смерцю Благаразумава Мінскі падп. міжрайком ЛКСМБ стварыў Мінскі падп. гарком ЛКСМБ (дыслацыраваўся ў Заслаўскім р-не), які праз сувязных узначаліў маладзёжны падп. рух у Мінску. У першыя месяцы пасля стварэння гета (19.7.1941) яго вязні стварылі «дзесяткі» і інш. групы, якія адыгралі важную ролю ў наладжванні сувязі з гар. падполлем, арганізацыі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі падполлю і партызанам, зборы сакрэтнай інфармацыі, перапраўцы вязняў у партызаны.
Гарком і ВСПР сваю дзейнасць накіроўвалі ў адпаведнасці з падзеямі на фронце: у снеж. 1941, у час бітвы пад Масквой, група падпольшчыкаў учыніла дыверсію, у выніку якой на 10 дзён спыніўся рух ням. эшалонаў на фронт; на ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнергіі на ваен. аб’екты ворага (выводзілі са строю абсталяванне, зацягвалі яго рамонт, сапсавалі прылады гал. пульта). Недастатковая канспірацыя ў арганізацыі некаторых аперацый прывяла ў сак. 1942 да арышту і гібелі кіраўнікоў (П.І.Антохін, Рогаў) і многіх членаў ВСПР і да спынення дзейнасці гэтай арг-цыі. У сак.—крас. ахвярамі ням. рэпрэсій сталі члены арг-цый і груп падполля, вязні гета. Пасля катаванняў 7.5.1942 публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актывістаў, у т. л.чл. гаркома Казінец, Заяц, Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. Але актыўная барацьба з акупантамі працягвалася. У пач. мая на канспіратыўнай кватэры М.П.Дразда адбылася нарада актыву падполля з 14 чал., на якой вырашаліся пытанні ўдасканалення арганізац. структуры і канспірацыі падполля. У склад гаркома давыбраны У.Амельянюк (пасля яго гібелі К.І.Хмялеўскі) і Караткевіч, выйшаў са складу Грыгор’еў Былі створаны 5 падп.гар. райкомаў КП(б)Б: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Хмялеўскі, з вер. М.К.Каржанеўскі), Сталінскі (Н.Я.Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л.Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, з вер. І.І.Матусевіч). Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гаркома адноўлена і пашырана сетка падп. арг-цый. З удзелам падпольшчыкаў да 1943 створана каля 20 партыз. атрадаў, брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», «Штурмавая». У выніку прапагандысцкай работы падпольшчыкаў 357 чал. з укр. ахоўных батальёнаў, больш за 150 салдат-антыфашыстаў (бельгійцы, немцы, палякі, сербы, славакі і інш.) перайшлі да партызан. Падпольшчыкі сістэматычна адпраўлялі партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку, бінты і інш., у т. л. члены падп. арг-цыі на Грушаўскім пас. і хлебазаводзе «Аўтамат» адвезлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам; з хімзавода ў 11 атрадаў перадалі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы; з гарбарнага з-да тром атрадам — больш за 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі соцень аўчынных шапак, рукавіц, 13 шавецкіх машын; са станкабуд. з-да вывозілі сакрэтную тэхн. дакументацыю; па заданні гаркома ў бюро пропускаў гар. камісарыята каля 2 гадоў працаваў З.З.Гала, які забяспечваў нелегалаў бланкамі пропускаў, узорамі ням. пячатак, подпісаў, папярэджваў пра аблавы і інш. карныя мерапрыемствы акупантаў; прафесар Я.У.Клумаў разам з інш. медыкамі лячыў параненых патрыётаў, забяспечваў падполле і партызан медыкаментамі, хірург. інструментам, поўнасцю абсталяваў 2 партыз. шпіталі. Ва ўзаемадзеянні з партызанамі падпольшчыкі правялі шэраг дыверсій у авіямайстэрнях, на станкабуд. і хіміка-фармацэўтычным з-дах, чыг. вузле, прыводзілі ў непрыгоднасць на складах акупантаў харч. прадукты, парушалі тэлефонную сувязь і інш. Пад уплывам гаркома дзейнічалі Дзяржынскае патрыятычнае падполле, Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле. У канцы 1942 — пач. 1943 пасля жорсткіх допытаў загінулі сакратар гаркома Кавалёў, чл. гаркома Караткевіч, Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гаррайкомаў Герасіменка, Каржанеўскі, Матусевіч, Шугаеў, шмат актывістаў падполля. З вер. 1942 (час арышту кіраўнікоў падполля) да вер. 1943 у Мінску не існавала адзінага падп. кіруючага цэнтра. Партызаны выходзілі на падполле праз сувязных. У крас. 1943 акупанты правялі карную аперацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольшчыкі ўчынілі шэраг дыверсій на прадпрыемствах горада. У час Курскай бітвы 1943 чыгуначнікі затрымалі і пашкодзілі 155 паравозаў. Пасля вял. страт у антыфаш. руху Мінска ў 1943 ЦККП(б)Б, падп. Мінскі абком, Мінскі і Слуцкі міжрайкомы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкомы, камандаванне партыз. фарміраванняў, што былі звязаны з М.п.п., прынялі дадатковыя меры для працягу антыфаш. барацьбы. 29.9.1943 ЦККП(б)Б зацвердзіў прапанову Мінскага падп. абкома пра стварэнне Мінскага падп. гаркома КП(б)Б (сакратары С.К.Ляшчэня, Г.М.Машкоў, І.П.Паромчык, базіраваўся ў партыз. зоне пры спецатрадзе НКДБСССР «Мясцовыя»), які накіроўваў дзейнасць падполля ў горадзе праз спец.партыз. сувязных. 22.9.1943 падпольшчыцы А.Р.Мазанік, Осіпава, Н.В.Траян здзейснілі падрыхтаванае падполлем знішчэнне ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Восенню 1943 акупанты правялі ў горадзе новыя карныя мерапрыемствы, у т. л. амаль поўнасцю знішчылі гета. Да канца 1943 сетка падп. утварэнняў ахапіла амаль увесь горад. Узніклі падп. групы на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім р-не, чыг. упраўленні па вул. Апанскага, на вул. Грушаўскай, з работнікаў грабянёвай ф-кі, гаруправы, хлебазавода № 1, Бел. тэатра, на чыг. вузле, «Першыя», «Суседзі», «Чацвёртыя», «Родныя», «Юрый», «Мсцівец», «Актыўныя», «Артур», арг-цыі «Танюша» на радыёзаводзе, вул. Грунтавая, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Таццяна», «Роберт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар», «Уладзімір». Толькі ў 1944 у горадзе было зарэгістравана больш за 60 дыверсій, учыненых падпольшчыкамі. За час акупацыі ў горадзе дзейнічала больш за 90 падп. груп і арг-цый (6355 чал.), існавала больш за 200 канспіратыўных кватэр; падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый. У перыяд адступлення захопнікаў падпольшчыкі перашкаджалі ім у знішчэнні прамысл. і адм. будынкаў, вывазе і знішчэнні нарабаванай маёмасці і харч. прадуктаў. За гераізм і мужнасць у барацьбе супраць ням.-фаш. акупацыі У.С.Амельянюку, І.П.Казінцу, Я.У.Клумаву, І.К.Кабушкіну, М.А.Кедышку, А.Р.Мазанік, М.Б.Осіпавай, Н.В.Траян прысвоена званне Героя Сав. Саюза, каля 600 чал. узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 26.6.1974 Мінску нададзена ганаровае званне «Горад-герой». Імёнамі падпольшчыкаў Адзінцова, Амельянюка, Гала, Герасіменкі, Дразда, Жудро, І.К.Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, М.А.Кедышкі, Клумава, А.М.Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага, В.Д.Шацько названы вуліцы Мінска. Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля і гібеллю падпольшчыкаў, адзначаны мемар. знакамі.
Літ.:
О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944 гг.). Мн., 1961;
Савицкая Я.М. Бойцы подпольного фронта. Мн., 1982;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;
Лещеня С.К. С паролем горкома. 2 изд. Мн., 1988;
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.
Я.І.Бараноўскі, І.М.Ігнаценка.
Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Помнік падпольшчыкам у Цэнтральным скверы.Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Мемарыяльная дошка на вул. Караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА,
1) у шырокім сэнсе — комплекс грамадскіх навук, які вывучае мастацтва: яго асобныя віды, заканамернасці развіцця, сукупнасць пытанняў зместу і формы маст. твораў, маст. культуру грамадства ў цэлым. Уключае літаратуразнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства. Уяўляе сабой адзінства тэорыі, гісторыі мастацтва, мастацкай крытыкі. Тэорыя мастацтва вывучае метады творчага працэсу, прынцыпы кампазіцыйнай і маст. формы, адзінства вобразнага зместу і выяўл. сродкаў, заканамернасці эстэт. ўспрыняцця твораў мастацтва, сінтэз розных відаў мастацтва, узаемасувязі колеру, матэрыялу і інш. Гісторыя мастацтва даследуе агульныя заканамернасці развіцця сусв. мастацтва ад першабытнасці да сучаснасці, мастацтва асобных кантынентаў, рэгіёнаў, краін, творчасць розных суполак, аб’яднанняў, асобных майстроў у розныя эпохі і перыяды.
2) У вузкім сэнсе — навука пра пластычныя мастацтвы, архітэктуру, дызайн і тэхн. эстэтыку. Даследуе маст. творчасць, дае яе эстэт. ацэнку і навук. аналіз, спрыяе эстэт. выхаванню грамадства. У структуры М. вылучаюць раздзелы: іканаграфія, сацыялогія мастацтва, псіхалогія мастацтва, музеязнаўства, рэстаўрацыя і ахова помнікаў (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны) і інш. Звязана з філасофіяй, археалогіяй, нумізматыкай, геральдыкай і інш. навукамі.
Элементы М. вядомы са старажытнасці і разглядаліся ў кантэксце філасофій, л-ры, багаслоўя, гіст. хронік, практычных кіраўніцтваў па рамёствах. Першыя вядомыя вучэнні пра мастацтва распрацоўваліся ў Стараж. Грэцыі Арыстоцелем і Платонам. Пытанні стылістыкі, іканаграфіі, тэхнікі закраналі ў сваіх трактатах скульпт. Паліклет, жывапісцы Еўфранор, Апелес, Памфіл, эвалюцыю грэч. жывапісу — першыя гісторыкі мастацтва Дурыс і Ксенакрат. Апісанні маст. твораў рабілі падарожнікі Палемон і Паўсаній. Больш цэласны і універсальны характар мелі маст. трактаты Стараж. Рыма. Эстэт. зварот да грэч. мастацтва сцвярджалі Цыцэрон і Квінтыліян, прынцыпы ўзаемасувязі арх. формы і буд. канструкцыі — Вітрувій, помнікі мастацтва апісваў Пліній Старэйшы. Здабыткі архітэктуры і мастацтва Усходу змяшчаюць трактаты стараж. і сярэдневяковай Індыі («Чытралакшана», «Шылпашастра», «Манасара», 1—12 ст.), Кітая (Се Хэ, Ван Вэй, Го Сі, 5—11 ст.), Японіі (Нісікава Сукэнобу, Сіба Какана, Кацусіка Хакусай, 18—19 ст.) і інш., краін ісламу (Султан Алі Мешхедзі, Дуст Мухамад, Казі-Ахмед, Садыгі-бек Афшар, 16 — пач. 17 ст.) і інш. У раннім хрысц. мастацтве эстэтыку «хараства свету і майстэрства творцы» распрацоўваў тэолаг Аўгусцін (4—5 ст.).
Пытанні эстэтыкі візант.рэліг. мастацтва закраналі багасловы Іаан Дамаскін і Феодар Студыт (8—9 ст.), якія сцвярджалі яго вял. ролю як матэрыяльнага пасрэдніка да першавобраза — Божага свету. У 12 ст. трактат пра выяўл. і дэкар. мастацтва напісаў Тэафіл (Германія). У 13 ст. ў Францыі цэласную сістэму хрысц. мастацтва стварыў Фама Аквінскі, суадносіны прапорцый у гатычным мастацтве распрацаваў Вілар дэ Анекур. Важным этапам у станаўленні М. стала эпоха Адраджэння. Гуманіст. ідэалы ант. традыцыі ў мастацтве, прызнанне ў асобе мастака творцы сцвярджаў італьянец Ч.Чэніні («Трактат пра жывапіс», 14 ст.). У 15 ст. акцэнт на навук. прынцып спасціжэння свету і чалавека закладзены ў працах італьянцаў Л.Гіберці («Каментарыі»), Л.Б.Альберціні (работы пра жывапіс, архітэктуру і скульптуру), Франчэска ды Джорджа (пра арх. прапорцыі), А.Філарэтэ («Трактат пра архітэктуру») і інш. У 16 ст. мастацтвазнаўчыя ідэі ў Італіі выказвалі Леанарда да Вінчы (сумяшчаў тэарэтычныя, ідэйна-вобразныя і метадычныя мэты мастацтва), П.Арэціна (адзін з першых крытыкаў венецыянскага жывапісу), Дж.Віньёла, Д.Барбара, С.Сермо, А.Паладыо (распрацоўваў у архітэктуры рэнесансавую ордэрную сістэму на аснове ант.), у Германіі — А.Дзюрэр («Чатыры кнігі пра прапорцыі чалавека», 1528, і інш.), у Нідэрландах — К. ван Мандэр (біяграфіі нідэрл. жывапісцаў). Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў італьянец Дж.Вазары («Жыццеапісанні найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550). У 17 ст. пашырылася колькасць трактатаў, аглядаў і апісанняў, прысвечаных мастакам і творам мастацтва розных часоў. У Італіі Дж.П.Белоры распрацаваў тэарэт. прынцыпы класіцызму («Жыццеапісанні сучасных жывапісцаў, скульптараў, архітэктараў», 1672). Першы слоўнік тэрмінаў выяўл. мастацтва склаў Ф.Бальдынучы (Італія). Жывапіс класіцызму даследаваў А.Феліб’ен, архітэктуру — Ф.Бландэль (абодва Францыя). Ант. мастацтва даследаваў англічанін Ф.Юніус («Пра жывапіс старажытных». 1637), раннехрысціянскае — італьянец А.Бозіо («Падземны Рым», 1634), праблемы каларыту — француз Р. дэ Піль («Да дыскусіі пра каларыт», 1673; «Асновы курса жывапісу», 1708), італьянец М.Баскіні («Скарбы венецыянскага жывапісу», 1684) і інш. У 18 ст. М. склалася як самаст. навука ў работах І.Вінкельмана (Германія), які паказаў развіццё ант. мастацтва як адзіны працэс змены маст. стыляў, звязаны з эвалюцыяй грамадства і дзяржавы («Гісторыя старажытнага мастацтва», 1763), англічан У.Чэмберса (даследаваў англ. готыку), У.Хогарта («Аналіз хараства», 1754), французаў Ф.Феліб’ена, К.Ф.Кейлюса («Зборы егіпецкіх, этрускіх, грэчаскіх і рымскіх старажытнасцей», т. 1—7, 1767), італьянцаў Л.Ланцы (апісанні жыцця і творчасці італьян. жывапісцаў з часоў антычнасці), Ф.Міліцыа («Запіскі пра антычных і новых дойлідаў», 1781; «Слоўнік мастацтва», 1787) і інш. У перыяд Асветніцтва ў работах Д.Дзідро зарадзілася прафес.маст. крытыка («Салоны», 1759—81, энцыклапедычныя артыкулы і інш.). Ням. філосаф Г.Лесінг увёў тэрмін «выяўленчыя мастацтвы» і прааналізаваў іх спецыфіку. У 19 ст. на развіццё М. ўплывалі эстэт. канцэпцыі ням. філосафаў І.Канта, Ф.Шэлінга, А. і Ф. Шлегеляў, Г.Гегеля і інш. Пераадольваліся канцэпцыі класічных маст. норм, распрацаваных Г.Меерам (Германія) і А.К.Катрмерам дэ Кенсі (Францыя). Новы погляд на свабоду творчасці і індывідуалізму ўнеслі рамантыкі Дж.Констэбл (Англія), Э.Дэлакруа, Ш.Бадлер (Францыя) і інш. У Германіі першыя спробы стварэння ўсеагульнай гісторыі мастацтва зрабілі Ф.Куглер, К.Шназе, А.Шпрынгер. У Францыі развівалася крытыка дэмакр. кірунку, што выступала ў абарону рэалізму (Т.Тарэ і інш.). Вял. ролю адыгралі эстэт. погляды англічаніна Дж.Рэскіна, які імкнуўся адрадзіць гармонію з прыродай і маст. традыцыі сярэднявечча. У канцы 19 ст. ў еўрап. М. абвастрылася барацьба з кансерватыўнай тэндэнцыяй непрыняцця новых маст. кірункаў (імпрэсіянізм, сімвалізм, сезанізм і інш). У Расіі першыя трактаты пра архітэктуру (П.Яропкін, І.Корабаў, М.Зямцоў) і выяўл. мастацтва (І.Урванаў, П.Чакалеўскі і інш.) з’явіліся ў 18 ст. У 19 ст. цікавасць да гісторыі нац. мастацтва выявілася ў творах І.Акімава, П.Свіньіна, І.Снегірова, А.Вастокава, А.Пісарава. У 20 ст. стылістычны аналіз мастацтва зрабіў І.Грабар, візант. мастацтва і хрысц. іканаграфію даследавалі Дз.Айналаў, Н.Кандакоў, усеагульную гісторыю мастацтва — А.Бенуа, І.Цвятаеў, Б.Фармакоўскі. Важны ўклад у развіццё сав. М. зрабілі М.Алпатаў, Н.Гершэнзон-Чагадаева, Грабар, Ю.Колпінскі, В.Лазараў, Г.Недашывін, В.Палявой, Г.Вагнер, Б.Рыбакоў, Дз.Сараб’янаў, А.Фёдараў-Давыдаў, У.Сгасаў, У.Фаворскі і інш.Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі Г.Апалінэр, А.Англіўель дэ Ла Бамель, Т.Бюрале, Д.Габары (Францыя), Ф.Вікгоф і М.Дворжак (Аўстрыя), А. і Л. Вентуры, А.Баларын. Л.Белозі (Італія), Я.Беластоцкі (Польшча), Я.Гамолка (Чэхія), Э.Панофскі (ЗША), Э.Боўнес (Вялікабрытанія) і інш. Сярод тэарэтыкаў сучаснага мастацтва — К.Малевіч (Расія), У.Страмінскі (Беларусь—Польшча), П.Мондрыян (Нідэрланды), Ле Карбюзье (Францыя) і інш. Сучаснае М. ахоплівае шырокае кола праблем мастацтва ўсіх эпох і краін, мае развітую метадалогію, апіраецца на філас.-эстэт. думку, грамадскія і дакладныя навукі. Сярод кірункаў — іканалогія (Э.Папофскі), даследаванне структуры помнікаў (П.Франкастэль), псіхалогія творчасці (Э.Гомбрых), псіхааналіз (Э.Крыс).
На Беларусі першыя звесткі і выказванні пра мастацтва трапляюцца ў «Словах» Кірылы Тураўскага (11 ст.), прадмовах і пасляслоўях Ф.Скарыны да ўласных выданняў (16 ст.), некат. прамовах-пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага (17 ст.). Вывучэннем бел. мастацтва ў 19 ст. займаліся пераважна прафес. мастакі, якія напісалі шэраг прац мастацтвазнаўчага характару: К.Ельскі (трактат «Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу», 1822), А.Шэмеш («Успаміны пра Дамеля», 1845), В.Смакоўскі («Валенты Ваньковіч», 1845), А.Ромер (вывучаў бел.нар.дэкар.-прыкладное мастацтва, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы), а таксама У.Сыракомля (апісаў маст. творы, якія знаходзіліся ў 19 ст. ў храмах Мінска) і інш. Матэрыялы пра бел. мастацтва змяшчаў час.«Атэнэум», што выдаваўся ў Вільні. У 1920-я г. ў перыяд. друку з’яўляліся даследаванні пра гравюры ў выданнях Скарыны і В.Вашчанкі, выдадзены «Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва» М.Шчакаціхіна, перакладзены працы ням. мастацтвазнаўца А.Іпеля, прысвечаныя самабытнасці бел. мастацтва. Манаграфіі пра набіванку (крашаніну) выдалі А.Шлюбскі і І.Фурман, пра гравюры С.Юдовіна — Фурман, пра мастакоў Віцебска — І.Гаўрыс. Вял. ролю ў развіцці бел. М. адыграў Інстытут беларускай культуры і дзейнасць аднаго з яго заснавальнікаў — Шчакаціхіна. Матэрыялы па праблемах мастацтва змяшчалі час. «Искусство», «Полымя», «Маладняк», «Трыбуна мастацтва», у 1930-я г. — газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Чырвоная Беларусь», «Мастацтва і рэвалюцыя». У Зах. Беларусі тэарэт. працы па эстэт. задачах мастацтва пісаў Ф.Рушчыц, па тэорыі фотамастацтва — Я.Булгак. У «Нарысах па гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі» (1940) зроблена спроба вызначыць асн. этапы развіцця бел.выяўл. мастацтва і даць характарыстыку творчасці вядучых мастакоў. З канца 1940-х г. вывучэнне бел. мастацтва вядзецца планамерна і мэтанакіравана. Важнае значэнне ў развіцці бел. М. мела стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклоруНац.АН Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускай акадэміі мастацтваў і інш.Вял. ўклад у развіццё бел. М. зрабілі А.Аладава, М.Арлова, А.Воінаў, Н.Высоцкая, В.Гаўрылаў, П.Герасімовіч, Л.Дробаў, І.Елатомцава, В.Жук, Ю.Карачун, М.Кацар, А.Лявонава, А.Лакотка, П.Масленікаў, М.Нікалаеў, М.Раманюк, Я.Сахута, А.Сурскі, У.Чантурыя, В.Церашчатава, Т.Чарняўская, Р.Шаура, В.Шматаў, Ю.Якімовіч, М.Яніцкая і інш. Праблемы розных відаў мастацтва даследавалі і даследуюць А.Атраховіч, М.Баразна, В.Буйвал, Л.Вакар, П.Васілеўскі, Э.Вецер, Т.Габрусь, Т.Гаранская, В.Гаршкавоз, М.Гугнін, В.Каваленка, П.Карнач, Б.Крэпак, А.Кулагін, В.Лабачэўская, Б.Лазука, Л.Лапцэвіч, Л.Налівайка, Э.Петэрсон, І.Паньшына, А.Пікулік, У.Пракапцоў, Э.Пугачова, У.Рынкевіч, Г.Сакалоў-Кубай, Л.Салавей, А.Сяліцкі, В.Трыгубовіч, Н.Трыфанава, Л.Фінкельштэйн, М.Цыбульскі, М.Шамшур, А.Ярашэвіч і інш. Артыкулы па гісторыі і тэорыі мастацтва, нарысы пра творчасць мастакоў, агляды выставак друкуюцца ў час.«Мастацтва», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газ. «Культура», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш.
Літ.:
Базен Ж. История истории искусства: От Вазари до наших дней: Пер. с фр.М., 1995;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пн з Саудаўскай Аравіяй, на У з Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс.км2. Нас. 13972,5 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г.Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).
Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр.ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-растудз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-рачэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.
Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс.чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км2, найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км2, у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км2, на Пн — каля 1 чал. на 1 км2. У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).
Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст.н.э.тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл.Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб.халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).
У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат. адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.
У выніку ўзбр.нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар.Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэнне калект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г.ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр.Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.
Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс.га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс.т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн.т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд.м3. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн.т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн.т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн.т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд.кВт∙гадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс.км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд.дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд.дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр.Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст.н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э. з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка з геам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца з традыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Йемена.Да арт.Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.Да арт.Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАО́С (Lao),
Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Сатхаланалат Пасатхіпатаі Пасасон Лао), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у цэнтр. частцы п-ва Індакітай. Мяжуе на Пн з Кітаем, на У з В’етнамам, на Пд з Камбоджай, на З з Тайландам і М’янмай. Пл. 236,8 тыс.км². Нас. 5,1 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — лаоская (лаацянская). Сталіца — г.В’енцьян. Краіна падзяляецца на 16 правінцый (кхуэнгаў) і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (2 снежня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сесіі парламента на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Нар. сход, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Каля 90% тэрыторыі занята сярэдневышыннымі гарамі. У цэнтры — плато Сіянгкхуанг (выш. да 2820 м, г. Бія), на У — паўд.-зах. схілы хр. Чыангшон, на Пд — плато Балавен. Раўнінныя ўчасткі размешчаны на З уздоўж р. Меконг. Карысныя выкапні: алавяныя, жал., медныя руды, каштоўныя камяні, золата, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 23 °C на Пд. У ліп.т-ра 28—30 °C. Ападкаў ад 1500—1700 мм на раўнінах да 3000 мм у гарах; дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя. Найб. рака — Меконг. Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі. Пераважаюць лістападныя і вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў (цік, сал, палісандравае, эбенавае, сандалавае, ружовае, жалезнае); у верхнім поясе гор — дубовыя і хваёвыя лясы. Участкі саваннаў. Жывёльны свет: слон, алені, малпы, фазаны, шмат змей. Лясныя рэзерваты Донгсіенгтхонг, Донгхыасау і інш.
Насельніцтва. Жыве больш за 60 народнасцей. Большая ч. насельніцтва адносіцца да тайскай моўнай групы: лао (больш за 60%), тай, горныя тай і інш. Да аўстраазіяцкай моўнай групы (каля 25%) належаць кхмеры і горныя монкхмерскія народы. Жывуць таксама кітайцы, в’етнамцы, індыйцы і інш. Вернікі пераважна будысты (85%) і прыхільнікі розных рода-племянных вераванняў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 21,6 чал. на 1 км². У далінах шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км², у гарах месцамі каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 25% насельніцтва. Найб. горад — В’енцьян (каля 500 тыс.ж., 1995). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Луангпрабанг, Паксе і Саванакхет. У сельскай гаспадарцы занята каля 80% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%. Адзначаецца часовая эміграцыя працоўных у Тайланд пераважна на с.-г. работы.
Гісторыя. Найбольш стараж. сляды чалавека на тэр. Л. адносяцца да верхняга палеаліту. З 9 ст. даліну р. Меконг засялілі лао, якія да 11—13 ст. стварылі тут некалькі княстваў. У 1353 кароль Фа Нгун аб’яднаў іх у дзяржаву Лансанг, якая дасягнула найб. росквіту ў 17 ст. Пануючай рэлігіяй стаў будызм. У пач. 18 ст. Лансанг распаўся на залежныя ад Сіяма (гл.Тайланд) і В’етнама княствы Луангпрабанг, В’енцьян і Цямпатсак. У 19 ст. ў выніку войнаў частка лаоскіх тэрыторый адышла да Сіяма і В’етнама. У 1893 Л. захоплены Францыяй і ў 1898 уключаны ў Франц. Індакітай (Луангпрабанг абвешчаны каралеўствам пад франц. пратэктаратам). У 2-ю сусв. вайну Л. акупіраваны Японіяй (1941—45). У гэты час узнік нац.-вызв. рух Лао Ісара (Вызваленне Лаоса) на чале з прынцамі Сувана Фумам і Суфанувонгам. Пасля капітуляцыі Японіі 12.10.1945 абвешчана незалежная Патэт-Лао (краіна Лао). Аднак Францыя прызнала незалежнасць Л. толькі 22.10.1953 у выніку нац.-вызв. барацьбы, якая вялася пад кіраўніцтвам Фронту вызвалення Л. (з 1956 Патрыятычны фронт Л., ПФЛ). Гал. ролю ў фронце адыгрывала Нар. партыя Л. (вылучылася ў 1955 з Камуніст. партыі Індакітая, з 1972 Нар.-рэв. партыя Л., НРПЛ).
Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 (гл.Жэнеўскія нарады 1954—59) Л. абвешчаны нейтральным каралеўствам, створаны ўрад на чале з Сувана Фумам (з 1957 — кааліцыйны з удзелам прадстаўнікоў ПФЛ, нейтралістаў і правых). Спробы правых сіл у 1958—62 захапіць усю ўладу ў Л. прывялі да грамадз. вайны. Пасля Жэнеўскай нарады па ўрэгуляванні лаоскага пытання ў 1962 створаны ўрад на чале з Сувана Фумам, які ўключаў усе паліт. сілы Л. У выніку моцных унутр. супярэчнасцей у крас. 1963 ПФЛ выйшаў з яго і разгарнуў на У Л. ўзбр. барацьбу. Ён атрымаў дапамогу ад Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, якая ў час В’етнамскай вайны 1964—73 выкарыстоўвала тэр. Л. для забеспячэння сваіх войскаў у Паўд. В’етнаме ў абход дэмаркацыйнай лініі. Са жн. 1964 ЗША пачалі бамбардзіроўкі тэрыторыі, што кантраляваў ПФЛ. 21.2.1973 у В’енцьяне падпісана пагадненне аб аднаўленні міру і дасягненні нац. згоды ў Л. 5.4.1974 створаны Часовы ўрад нац. адзінства і Нац.паліт. савет з усіх паліт. сіл Л. Да лета 1975 войскі ПФЛ усталявалі свой кантроль над усёй тэр. Л. 29.11.1975 кароль Саванг Ватхана [1959—75] адрокся ад прастола. 2.12.1975 абвешчана Лаоская Нар.-Дэмакр. рэспубліка (ЛНДР) на чале з прэзідэнтам Суфанувонгам (1975—86) і прэм’ер-міністрам К.Фамвіханам (1975—91), узяты курс на пабудову ў Л. сацыялізму. 14.8.1991 прынята канстытуцыя ЛНДР, якая, захоўваючы кіруючую ролю НДПЛ, дазваляла прыватную маёмасць. Прэзідэнтам Л. быў выбраны Фамвіхан (да ліст. 1992, з 1992 Н.Фумсаван), прэм’ер-міністрам — ген. К.Сіфандон. Л. — чл.ААН (з 1955), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
Дзейнічаюць Нар.-рэв. партыя Л., Фронт за нац. будаўніцтва Л.
Гаспадарка. Л. — слабаразвітая агр. краіна са шматукладнай эканомікай. Штогадовы даход на 1 чал. каля 200—300 дол. Дзяржаве належаць дзяржгасы, многія прамысл. прадпрыемствы, транспарт. У сельскай гаспадарцы пераважаюць кааператывы. С.-г. угоддзяў каля 2 млн.га, палавіна іх пад ворывам, палавіна пад пашай і лугамі. Найб. развіта земляробства. У далінах і на раўнінах пераважае арашальнае земляробства, здымаюць 2 ураджаі за год. У горных раёнах пашырана лядна-агнявое земляробства. Каля 90% пасяўных плошчаў займае рыс, штогадовы яго збор да 2 млн.т. Вырошчваюць таксама кукурузу (горныя раёны на Пн), проса, бульбу, батат, маніёк, сою і інш. бабовыя, алейныя, агародніну, бавоўнік, тытунь, рамі, цукр. трыснёг. Экспартныя культуры: кава, опіумны мак, чай, каўчуканосы, кардамон, перац. Трапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Буйн. раг. жывёлы і буйвалаў каля 2,1 млн. галоў, выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Коней каля 50 тыс. галоў, свіней 1,7 млн. галоў, авечак і коз 1,1 млн.гал. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 1 тыс. прыручаных сланоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 30—50 тыс.т рыбы штогод), паляўніцтва. Лясныя промыслы: нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, гумілаку, бензойнай смалы, сыравіны для атрымання бетэлю і інш. У прам-сці вылучаецца здабыча алавянай руды (каля 5 тыс.т штогод), каменнай солі, гіпсу, золата, каштоўных камянёў (сапфіры, чырвоная шпінель). У энергетыцы пераважаюць невял. ЦЭС на імпартным паліве. Працуе ГЭС Нам Нгум (магутнасць 150 тыс.кВт) на р. Нгум, пастаўляе электраэнергію на экспарт у Тайланд. Агульная вытв-сць электраэнергіі 900 млн.кВт∙гадз. (1995). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць лесапілаванне і рысаачыстка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў; ёсць невял. цукр., алейныя, вінна-гарэлачныя, піваварныя, тытунёвыя, керамічныя, тэкст. (у т. л. шаўкаткацкія), швейныя, трыкат., гарбарна-абутковыя, металаапр., мэблевыя прадпрыемствы. Шырока развіты маст. рамёствы, у т. л. ювелірныя вырабы з золата і серабра, слановай косці, каштоўных камянёў. Горад В’енцьян — асн.прамысл. цэнтр, вылучаецца таксама вырабам лакавых маст. прадметаў хатняга ўжытку; г. Саванакхет — цэнтр суднабудавання (дробныя рачныя судны) і суднарамонту; гарады Луангпрабанг і Кхонг — цэнтры саматужна-рамесніцкіх промыслаў. Транспарт унутр. водны і аўтамабільны. Рака Меконг і яе асн. прытокі на асобных участках даступныя для невял. суднаў. Унутр. водных шляхоў 4,6 тыс.км. Аўтадарог 27,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2 тыс.км. У краіне 20 тыс. аўтамашын (1997). Авіятранспарт выкарыстоўвае 10 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля В’енцьяна. У 1995 экспарт склаў 348 млн.дол., імпарт — 628 млн. долараў. У экспарце пераважаюць драўніна і піламатэрыялы (33%), электраэнергія (14%), волава, кава, гіпс, натуральныя смолы і інш. У імпарце гал. роля належыць нафтапрадуктам, прамысл. і харч. таварам. Гал.гандл. партнёры: Тайланд (41% экспарту, 45% імпарту), В’етнам (25% экспарту), Японія (11% імпарту), Кітай, Сінгапур. Дадатковыя крыніцы даходаў — замежны турызм (штогод Л. наведвае каля 120—150 тыс. турыстаў пераважна з Тайланда) і грашовыя пераводы грамадзян краіны, якія працуюць за мяжой. Л. штогод атрымлівае замежную дапамогу ў памеры 180—240 млн. долараў. Знешні доўг зах. краінам перавышае 1,2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — кіп.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1998) больш за 200 тыс.чал., у т. л. 100 тыс.чал. у мясц. войсках. Камплектаванне — па прызыве. У сухап. войсках каля 195 тыс.чал. асабовага складу, на ўзбраенні 55 танкаў, 70 бронетранспарцёраў, каля 100 гармат палявой артылерыі і інш. У ВПС каля 3,5 тыс.чал., 30 баявых самалётаў, 15 верталётаў. У ВМС 16 патрульных катэраў.
Літаратура. Найб. раннія помнікі эпіграфікі Л. датуюцца 13 ст. Пасля ўтварэння дзяржавы Лансанг (14 ст.) і пашырэння будызму з’явіліся першыя рэліг. і свецкія творы: паэма «Прынц Хунг» і «Паданне пра Кхуна Балому» (13—15 ст.). На фарміраванне л-ры Л. паўплывала стараж.-інд.л-ра (паэма «Рамаяна» і будыйскі канон «Тыпітака»), Пад уплывам мясц.фалькл. традыцый сюжэты стараж.-інд. л-ры перапрацоўваліся і пераасэнсоўваліся. Вяршыня развіцця сярэдневяковай л-ры — паэма «Сінсай» Панкхама (16—17 ст.). Развіваліся рэлігійна-дыдактычныя і дыдактыка-быт. творы: «Настаўленне Інтыяна» і «Настаўленне дзеда ўнукам» Кэу Дангта; ананімныя аповесці «Путасен», «Мунла Тантай». У выніку распаду дзяржавы Лансанг (1707) і страты незалежнасці (канец 19 ст.) л-ра Л. заняпала. Адрадзілася пасля 2-й сусв. вайны і ў перыяд росту нац.-вызв. руху. Пасля ўзнікнення Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (1975) пануючым стаў рэаліст. кірунак. Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы, песні) і публіцыстыка. Асн. тэмы — барацьба за незалежнасць, пабудова новага грамадства Найб. вядомыя паэты — Д.Самсі («Рэвалюцыйная паэзія», 1977), Сісан, празаікі — Чантхі Дыянсаван (раман «Дарогі жыцця», 1970), Сувантхонг Буфанувонг (раман «Другі батальён», 1976—80), К.Фалсена (раман «Каханне», 1980) і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва Л. — вялізныя гранітныя «пасудзіны», згрупаваныя пераважна ў Даліне Збаноў (нагор’е Транінь, пач.н.э.). З сярэдзіны 1-га да пач. 2-га тыс.н.э. мастацтва развівалася пад уплывам культуры кхмераў (свяцілішчы каля Саванакхета). З 14 ст. пачала пашырацца будыйская культура. Забудова гал. гарадоў (В’енцьян, Луангпрабанг) была рэгулярнай. Амаль да 20 ст. тут пераважалі драўляныя на палях і глінабітныя дамы. Для культавага буд-ва характэрны храмы-ваты — прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі з 3 нефамі, высокімі двухсхільнымі дахамі (Сіенг-Тхонг у Луангпрабангу, 1561; Фра-Кео ў В’енцьяне, 1565). У складзе вял. ватаў былі малельні, б-кі, свяцілішчы (тхаты). Тхаты паўсферычнай, звонападобнай ці ступеньчатай формы ставілі і асобна, спалучалі з тэрасамі, галерэямі (пагада тхат Луанг у В’енцьяне, 1586). Архітэктура 19 ст. адзначана ўплывам Сіяма (ват Сісакет у В’енцьяне, 1820). Сярод сярэдневяковых помнікаў выяўл. мастацтва — каменныя, драўляныя, бронзавыя статуі Буды (вядомы з 14 ст.), у якіх кананічнасць кампазіцыі суіснуе з выразнай пластыкай форм і ліній. У 16—19 ст. створаны ватыўныя рэльефныя выявы на будыйскія сюжэты з выкарыстаннем жывапісу — пхаботы і пхакесоны. З 20 ст. відавочны ўплыў еўрап. архітэктуры (больш рэгулярная планіроўка вуліц і кварталаў гарадоў). У архітэктуры 2-й пал. 20 ст. спалучаюцца сучасныя канструкцыі і формы класічнага дойлідства (комплекс ват Сіенг Кун, манумент Анусавары ў В’енцьяне, 1960-я г.). У 1950—80-я г. развіваюцца станковы жывапіс (мастакі Нуараонг, Вілівонг), графіка (Самнан), скульптура, у нар. мастацтве — ткацтва, апрацоўка металу, разьба па дрэве. Працягваюцца традыцыі насценнай размалёўкі і лакавага жывапісу «лайкхіян» і «лайсуай», жывапісу па трафарэце «лайпхок».
Літ.:
Иоанесян С.И. Лаос: соц.-экон. развитие (конец XIX — 60-е г. XX в.). М., 1972;
Кожевников В.А. Очерки новейшей истории Лаоса. М., 1979;
Симонов В.В. Экономическое развитие Лаоса (50—80-е гг.). М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.А.Сергачоў, В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лаоса.Да арт.Лаос. Даліна р. Меконг.Да арт.Лаос. Уступленне войск Народна-вызваленчай арміі ў г. Саванакхет. 1975.Да арт.Лаос. Пагада тхат Луанг у В’енцьяне.Да арт.Лаос. Скульптура Буды кхафон у ваце Пхакео ў В’енцьяне. 17—18 ст.
дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на З з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс.км². Нас. 5648,4 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г.Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар.к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».
Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На З — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на У — Лівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л. вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд.т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд.м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-растудз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.
Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.
Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э. Л. — рым. ўладанне. У 5 ст.н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняў Л. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).
У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр. Л. захавалася англ-франц.ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.
24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст.Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар. — араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л. ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб.Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л. — чл.ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.
Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн.т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд.м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд.кВт∙гадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн.т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш.Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн.т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн.т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч.прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сці — тэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т. л. для земляробства каля 1% (1,8 млн.га). 470 тыс.га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш.Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн.га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс.км. У краіне 4,4 тыс.км нафтаправодаў, 0,4 тыс.км прадуктаправодаў, 1,9 тыс.км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т. л.міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд.дол., імпарт 7,3 млрд.дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.
Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст.л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.С.Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн.літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба за сац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр. Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лівіі.Да арт.Лівія. Лівійская пустыня.Да арт.Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,
афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст.Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.
Гістарычны нарысда Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр.ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр.ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б.ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).
Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад.грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта I Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.
Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛдзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый I (гл.Ілжэдзмітрый I) і Лжэдзмітрый II (гл.Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьбабел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра I і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ.Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра I разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн.чал. да 1,5 млн.чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял.кн.літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр.мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл.Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн.адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл.Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.
Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.
Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст.асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл.Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст. — усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).
Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд.Мн., 1994;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.
А.П.Грыцкевіч.
Герб Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». Малюнак 1575.«Трыбунал Вялікага княства Літоўскага». Тытульны ліст. Вільня. 1586.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Рэзідэнцыя вялікіх князёў ВКЛ і Верхні замак у Вільні. Малюнак Ю.Камараўскаса.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Люблінская унія. Карціна Я.Матэйкі.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Від Гродна. Гравюра канца 16 ст.Першая старонка Статута Вялікага княства Літоўскага. 1529.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Інтэр’ер Нясвіжскага касцёла. 16—18 ст.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Абраз «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты Браслаўскага раёна. 1-я пал. 16 ст.
БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс.км², нас. 10 254 тыс.чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г.Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл.Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ.Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял.сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВКБССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл.Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл.Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл.Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс.чал.Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССРновай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач.кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл.Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст.індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. СаветБССР (гл. ў арт.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн.чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп.барацьба (гл.Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл.Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт.Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс.т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г.асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел.энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс.т супраць 402 тыс.т у 1960 і 275 тыс.т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн.га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс.чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс.канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс.чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.
З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. СаветБССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.
Літ.:
гл. пры арт.Беларусь.
І.Я.Марчанка.
Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЫЯ (на мове хіндзі Бхарат),
Рэспубліка Індыя (Republic of India), дзяржава ў Паўд. Азіі на п-ве Індастан і прылеглых тэрыторыях. Па плошчы 7-я, па колькасці насельніцтва 2-я краіна ў свеце. Мяжуе на ПнЗ з Пакістанам, на Пн з Кітаем, Непалам і Бутанам, на У з М’янмай і Бангладэш. На ПдЗ абмываецца Аравійскім м., на ПдУ — Бенгальскім залівам; на Пд Манарскі зал. і Полкскі прал. аддзяляюць І. ад Шры-Ланкі. Падзяляецца на 25 штатаў і 7 саюзных тэрыторый. Пл. 3287,6 км². Нас. 944,6 млн.чал. (1996). Сталіца — г.Дэлі (афіцыйна — яго ч. Нью-Дэлі). Афіц. мовы — хіндзі і англійская (часова), афіцыйна выкарыстоўваюць таксама 17 рэгіянальных моў асобных штатаў і мёртвую мову санскрыт. Нац. святы — Дзень незалежнасці (15 жн.) і Дзень рэспублікі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. І. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1950 (са шматлікімі дапаўненнямі). Уваходзіць у Садружнасць. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбіраюць члены парламента і заканад. сходаў штатаў тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны Кангрэс: ніжняя палата — Нар. палата (не больш за 547 дэпутатаў, з якіх 545 выбіраюцца насельніцтвам, 2 назначаюцца прэзідэнтам ад англа-інд. абшчыны), верхняя палата — Савет штатаў (не больш за 150 дэпутатаў, 12 з іх назначаюцца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца шляхам ускосных выбараў). Агульны тэрмін паўнамоцтваў ніжняй палаты 5, верхняй — 6 гадоў. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Заканад. і выканаўчая ўлада ў штатах належыць заканад. сходам штатаў сумесна з губернатарамі, якіх назначае прэзідэнт, у саюзных тэрыторыях — лейтэнант-губернатарам, гал. камісарам і адміністратарам (таксама назначае прэзідэнт) і заканад. сходам і ўрадам. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца органам канстытуцыйнага нагляду, вышэйшыя суды штатаў і шэраг судоў ніжэйшых інстанцый у акругах.
Прырода. Паводле характару паверхні І. падзяляецца на 3 часткі: пласкагор’е Дэкан на Пд, горы Гімалаі і Каракарум на Пн, Інда-Гангская раўніна паміж імі. Пласкагор’е Дэкан займае амаль увесь п-аў Індастан. Складзена з метамарфічных і вывергнутых парод, вапнякоў і пясчанікаў. На У абмежавана невысокімі гарамі Усх. Гатамі (да 1680 м), на З — Зах. Гатамі (да 2633 м). На Пд паўвострава горы Кардамонавы і Анаймалай (да 2695 м). Паміж Гатамі і морам вузкімі палоскамі (да 20—30 км) цягнуцца прыбярэжныя хвалістыя нізіны. Гімалаі і Каракарум — складаныя сістэмы гор і хрыбтоў мезазойскага і альпійскага ўзросту, парушаныя разломамі. Гімалаі ўздымаюцца на Пн трыма вял. ступенямі: горы Сівалік (800—1200 м), М. Гімалаі (2500—3000 м) і Вял. Гімалаі (5500—6000 м). Найвышэйшая ў межах І. вяршыня Гімалаяў — г. Канчэнджанга (8585 м), у Каракаруме — г. Чагары (8611 м). У гарах значныя ледавікі. Снегавая мяжа на выш. 5100—5300 м. Ледавікі спускаюцца да выш. 4000—3000 м. Інда-Гангская алювіяльная раўніна размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, слаба нахілена да нізоўяў рэк Інд (на З) і Ганг (на У). Запоўнена марскімі адкладамі і рачнымі наносамі. Карысныя выкапні ў асноўным на ПнУ краіны (жал., марганцавыя, уранавыя і торыевыя руды, храміты, слюда, вугаль, нафта). У цэнтр. І. — руды каляровых металаў і вугаль, на Пд — баксіты, манацытавыя пяскі, золата, буры вугаль, на З — нафта і прыродны гаручы газ. Запасы каменнага вугалю ацэньваюцца ў 121,4 млрд.т, жал. руды — у 22,4 млрд.т. Клімат субтрапічны (на Пн) і трапічны (на Пд), мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C (каля падножжа Гімалаяў) да 27 °C (на Пд), мая — на б.ч. краіны 28—30 °C, у цэнтры Дэкана да 35 °C. Макс. колькасць ападкаў на У краіны (каля 2000—3000 мм, у Чэрапунджы сярэдняя за шмат гадоў каля 12000 мм). На астатняй тэрыторыі выпадае ў сярэднім 1000—1500 мм ападкаў за год. Засушлівыя раёны на ПнЗ Інда-Гангскай раўніны і ў цэнтры Дэкана (100—300 мм). Сезоны адрозніваюць па атм. ападках: зімовы (снеж.—люты) сухі, халаднаваты; веснавы (сак.—май) найб. гарачы, засушлівы; летні (чэрв.—ліст.) вельмі вільготны (каля 90% ападкаў за год) і менш гарачы. У гарах клімат горны субтрапічны і высакагорны. Рачная сетка на б.ч. тэрыторыі густая. Найб. рэкі: Ганг, Брахмапутра, Інд, Нармада, Гадавары, Крышна. Выкарыстоўваюцца для арашэння, буд-ваГЭС і суднаходства. На б.ч. ўнутраных пласкагор’яў пераважаюць розныя тыпы чырваназёмных і чарназёмападобных (рэгуры) глеб. Рэгуры фарміруюцца на вулканічных пародах, вызначаюцца ўрадлівасцю. На Інда-Гангскай раўніне і на прыморскіх нізінах — урадлівыя алювіяльныя глебы. У Гімалаях — вышынная пояснасць горных глеб. Расліннасць багатая і разнастайная, амаль усюды змененая чалавекам, у некат. раёнах прыродная расліннасць знішчана. У засушлівых раёнах Дэкана і на З Інда-Гангскай раўніны — саванная расліннасць з рэдкімі лясамі і калючымі хмызнякамі. На наветраных схілах Зах. Гатаў, ва ўсх.ч. Гімалаяў — вечназялёныя трапічныя лясы (сал, чорнае і чырвонае дрэвы і інш.) з мноствам эпіфітаў і ліян. На падветраных схілах Зах. Гатаў, на ПнУ Індастана і на У Інда-Гангскай раўніны — мусонныя (лістападныя) лясы. У Гімалаях добра выражана вертыкальная пояснасць расліннага покрыва ад трапічных лясоў да альпійскіх лугоў. Лясы займаюць 24% тэр. краіны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, тыгры, гіены, леапарды, шакалы, дзікія сланы, дзікія быкі гаур і бантэнг, кракадзілы, чарапахі, змеі, яшчаркі. Шмат птушак і насякомых. Каля 100 ахоўных тэрыторый, у т. л.нац. паркі Казіранга, Гірскі Лес, Манас, шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. І. — шматнацыянальная краіна, больш за 500 народнасцей і плямён. Пераважаюць нацыі і народнасці індаеўрапейскай (72%) і дравідыйскай (25%) моўных груп. Да індаеўрапейскай групы адносяцца (млн, чал., 1992): хіндустанцы — 244, біхарцы — 92,5, бенгальцы — 80, маратхі — 66,5, гуджаратцы — 46, орыя — 32,2, раджастанцы — 19,9, сікхі — 16,5, асамцы — 14,6, пенджабцы — 9; усе жывуць на Пн краіны. На Пд — народы дравідыйскай групы (млн.чал., 1992): тэлугу — 74,5, тамілы — 61, канара — 35, малаялі —35 і інш. Народы мунда (санталы, мунда, хо і інш.) жывуць у гарах Цэнтр. І. На мовах тыбета-бірманскай групы гавораць горныя плямёны і народнасці на Пн і ПнУ. Сярод вернікаў пераважаюць індуісты (83%) і мусульмане (11%). Ёсць хрысціяне (3%), сікхі (2%), будысты, джайны, парсы і інш. Сярэдняя шчыльн. 287 чал. на 1 км², на Інда-Гангскай раўніне і марскіх узбярэжжах — да 1000 чал., у гарах і засушлівых раёнах на З — менш за 50 чал. З 1977 ажыццяўляецца праграма планавання сям’і, аднак сярэднегадавы прырост складае 1,8% і насельніцтва павялічваецца штогод больш як на 15 млн.чал. У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1996): Бамбей — 15138, Калькута — 11923, Дэлі — 9948, Мадрас — 6002, Хайдарабад — 5477, Бангалор — 4799, яшчэ ў 11 гарадах больш за 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 65%, у прам-сці і абслуговых галінах — 35% насельніцтва.
Гісторыя. У І. сфарміравалася адна з найб.стараж. цывілізацый свету. Паводле археал. даследаванняў у 3-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд існавала развітая культура, створаная, верагодна, дравідыйскімі народамі. Каля 15 ст да н.э. ў І. прыйшлі плямёны арыйцаў, якія займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, былі знаёмы з рамёствамі. Яны паступова занялі тэрыторыі ў далінах рэк Інд і Ганг, часткова знішчылі, часткова ўвабралі ў сябе пэўныя элементы мясц. культур і навязалі мясц. народам уласную культуру і рэлігію (гл.Брахманізм). Правадыры мясц. плямён пачалі ствараць невял. самаст. дзяржавы (бхаратаў і інш.), што стала прычынай войнаў (напр., бітва 10 цароў у канцы 2-та тыс. да н.э., якая скончылася перамогай цара бхаратаў). З 6 ст. да н.э. сярод шматлікіх індаарыйскіх дзяржаў найб. значэнне набылі Магадха і Кашала. Імкненне арыйцаў адасобіцца ад мясц. насельніцтва прывяло да ўзнікнення варнаў (саслоўяў), унутры якіх вылучыліся замкнёныя групы — касты. Сац. няроўнасць, падзел на варны паспрыялі ўзнікненню каля 6 ст. да н.э. новых рэліг.-этычных кірункаў — будызму і джайнізму. У 327 да н.э. ў даліну Інда ўварваліся войскі Аляксандра Македонскага, але ў 325 да н.э. вымушаны былі адступіць. Пры дынастыі Маур’яў Магадха валодала амаль усёй тэр. І. і ч. сучаснага Афганістана. Росквіт дзяржавы прыпадае на часы Ашокі, які ў 3 ст. да н.э. значна ўзмацніў пазіцыі будызму і ўстанавіў шырокія гандл. сувязі з інш. краінамі. Унутр. супярэчнасці і ўварванне ў І. бактрыйскіх грэкаў (гл.Грэка-Бактрыйскае царства) прывялі да распаду дзяржавы Маур’яў. З 1—2 ст.н.э. большасць паўн. І. пад уладай Кушанскай дзяржавы. Пасля яе распаду ў пач. 4 ст. ўлада ў паўн. І. перайшла да дынастыі Гуптаў (гл.Гуптаў дзяржава), якая падпарадкавала сабе і паўд. землі. Гэты час лічыцца залатым векам у гісторыі І., бо высокага ўзроўню дасягнулі навука, л-ра, мастацтва. У канцы 5 ст. дзяржава гуптаў распалася пад націскам гунаў. Кароткачасовае аб’яднанне паўн. І. адбылося ў 1-й пал. 7 ст. пры ўладару Харшы. З гэтага часу пануючай рэлігіяй стаў індуізм. У перыяд панавання ўладароў з раджпуцкіх родаў (гл.Раджпуты) пачаліся шматлікія набегі мусульман (з 712), якія ў канцы 10 ст. стварылі ў Газні дзяржаву пад уладай дынастыі Газневідаў Уладар дзяржавы Махмуд (11 ст.) ажыццявіў шэраг грабежніцкіх паходаў у І. і захапіў Пенджаб. Улада мусульман у І. ўмацавалася ў выніку заваяванняў у канцы 12 ст. Мухамеда Гуры (гл.Гурыды). На захопленых тэрыторыях у 1206 узнікла дзяржава са сталіцай у Дэлі (гл.Дэлійскі султанат). З яе ўтварэннем у І. ўзмацніўся і пашырыўся іслам. У 1398 султанат захапілі войскі Цімура, яго нашчадкі (дынастыя Саідаў) правілі да 1451, пазней уладарыла мусульм. дынастыя Лодзі. На Пд існавалі незалежныя інд. дзяржавы, найб, моцнымі з якіх былі Бахманідскі султанат і Віджаянагар.
Адкрыццё ў 1498 партуг. мараплаўцам Васка да Гамай марскога шляху ў І. прывяло да з’яўлення тут еўрапейцаў. На зах. узбярэжжы І. пачалі ўзнікаць факторыі, у 1510 партугальцы захапілі в-аў Гоа. У 1526 у паўн. І. ўварваўся ўладар Кабула З.М.Бабур, нашчадак Цімура і заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў. Пры яго пераемніках дзяржава Вял. Маголаў ператварылася ў адну з наймацнейшых і найвялікшых у гісторыі І. Вяршыні сваёй магутнасці яна дасягнула пры Акбары (1556—1605), які аб’яднаў амаль усю І. (акрамя паўд.ч.). Партугальцаў, што кантралявалі амаль увесь гандаль з І., з сярэдзіны 16 ст. пачалі выцясняць англічане (у 1600 засн.брыт.Ост-Індская кампанія, якая мела шырокія паліт. паўнамоцтвы) і французы (у 1664 засн.франц. Ост-Індская кампанія). На працягу 17 ст.англ. і франц. фарты і факторыі ператварыліся ў вял. гарады. Еўрап. каланізацыя, узмацненне сепаратызму ў асобных правінцыях, сутычкі паміж феадаламі прывялі да аслаблення краіны. Эканам. заняпад, галеча насельніцтва (пераважна сельскага), унутр.барацьба, справакаваная рэліг. нецярпімасцю правіцеля Аўрангзеба [1658—1707], выклікалі супраціўленне сялян, а таксама феадалаў і свяшчэннікаў (паўстанне ў Пенджабе, арганізаванае сектай сікхаў). Са смерцю Аўрангзеба настаў паліт. і эканам. заняпад І.
Унутр. разлажэнне дзяржавы Вял. Маголаў суправаджалася пашырэннем еўрап. каланізацыі. Абвастрэнне ў 1-й пал. 18 ст. саперніцтва паміж еўрап. дзяржавамі (асабліва Англіяй і Францыяй) прывяло да сямігадовай вайны 1756—63, якая закончылася перамогай англічан, Правадніком англ. палітыкі ў І. стала Ост-Індская кампанія. У 1757 захоплены Бенгалія і Біхар, у ходзе англа-майсурскіх войнаў (1767—99) да ўладанняў кампаніі далучана значная ч.паўд. І., княствы Майсур, Хайдарабад і інш. ператвораны ў англ. васалаў. Сітуацыю ў краіне пагоршыў голад 1769, у выніку якога вымерла каля 1/3 насельніцтва. У 1772 губернатарам Бенгаліі стаў У. Гастынгс (з 1773 ген.-губернатар). Ён рэарганізаваў падатковую сістэму, прызначыў кіраўнікамі буйных акруг англічан, увёў грамадз. і крымін. суды. Цэнтрам англ.калан. улад у І. стала Калькута. Парламенцкі акт 1784 падпарадкаваў І. непасрэдна брыт. ўраду. У выніку англа-маратхскіх войнаў (1775—1818) ліквідавана дзяржава пешв, ч. княстваў трапіла ў васальную залежнасць. Да сярэдзіны 19 ст. англічане шляхам анексій падпарадкавалі 2/3тэр. І. Яны правялі суд. рэформу (на некат. пасады былі прызначаны індусы), рэарганізавалі на еўрап. ўзор пошту, тэлеграф, правялі першую чыгунку, стварылі дэпартамент асветы, які павінен быў арганізоўваць школы для індусаў, англ. мову абвясцілі афіцыйнай. Адначасова англічане заахвочвалі сепаратысцкія тэндэнцыі ў інд. грамадстве, мясц. і племянны нацыяналізм, правакавалі спрэчкі паміж індуістамі і мусульманамі. Паступова І. ператварылася ў сыравінную базу і рынак збыту для англ. тавараў. Інтэнсіўная эксплуатацыя зямель, вял. падаткі і знішчэнне традыц. сувязей паміж рамяством і сельскай гаспадаркай разаралі інд. сялянства. Гэта стала адной з прычын Індыйскага народнага паўстання 1857—59. Пасля задушэння паўстання англ. ўладанні ў І. падпарадкаваны непасрэдна брыт. кароне. 1.1.1877 у Дэлі каралева Вікторыя ўрачыста абвешчана імператрыцай І.; ад яе імя правіў віцэ-кароль.
Прыток англ. капіталу на рубяжы 19—20 ст. паскорыў прамысл. развіццё І., паспрыяў росту нац. буржуазіі. У 1885 створана партыя ліберальна-памешчыцкіх колаў і інтэлігенцыі Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК). Хутка ў ёй аформілася радыкальная плынь на чале з Б.Тылакам, якая пасля падзелу Бенгаліі паводле рэліг. прыкмет (1905) узначаліла нац-вызв. рух. Брыт. ўлады вымушаны былі правесці шэраг рэформ і адмяніць закон аб падзеле Бенгаліі (1911). З мэтай расколу вызв. руху яны ініцыіравалі стварэнне Мусульманскай лігі (1906). У 1-ю сусв. вайну Вялікабрытанія актыўна эксплуатавала матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы І. Збядненне насельніцтва, голад і эпідэміі выклікалі ў 1918—22 уздым вызв. руху, які ўзначаліла інд. буржуазія. ІНК узяў на ўзбраенне ідэі і метады М.К.Гандзі (масавыя ненасільныя дзеянні, непадпарадкаванне англ. уладам). Прыняцце законаў, скіраваных супраць удзельнікаў вызв. руху і на замацаванне калан. становішча І., выклікалі масавы пратэст і прывялі да кровапраліцця (расстрэл мітынгу ў Амрытсары ў крас. 1919). Па закліку Гандзі ІНК пачаў у 1920 кампанію грамадз. непадпарадкавання, якая была падмацавана забастоўкамі рабочых і паўстаннямі сялян. Уплыў ІНК узрос, ён ператварыўся ў масавую партыю, а гандзізм стаў яго афіц. ідэалогіяй. У 1927 у ІНК склалася левае крыло на чале з Дж.Нэру і С.Ч.Босам, пад націскам якога Кангрэс высунуў у 1929 лозунг поўнай незалежнасці для І. Радыкальныя настроі ў вызв. руху знайшлі ўвасабленне ў стварэнні Камуніст. партыі І. (КПІ, з 1925), шэрагу рабоча-сял. партый (1926—27), успышцы тэрарызму ў канцы 1920-х г.
Сусв. эканам. крызіс 1929—33 рэзка абвастрыў супярэчнасці паміж інд. грамадствам і брыт. каланіялізмам. ІНК правёў некалькі кампаній грамадз. непадпарадкавання, у княствах Кашмір і Алвар адбыліся сял. паўстанні. Брыт. ўлады рэпрэсіямі і ўступкамі спрабавалі стабілізаваць сітуацыю (гл.«Круглага стала» канферэнцыі). У 1935 прыняты новы закон (канстытуцыя) аб кіраванні І., які пашырыў прадстаўніцтва маёмных слаёў у выбарных органах, але захаваў калан. ўладу. У 2-й пал. 1930-х г. краіну ахапілі забастоўкі рабочых і сял. выступленні супраць феад. дэспатыі князеў.
У вер. 1939 І. была ўцягнута ў 2-ю сусв. вайну. Інд. буржуазія выкарыстала антываен. рух для націску на ўлады Вялікабрытаніі і запатрабавала надання І. незалежнасці. Мусульм. ліга выступіла за стварэнне асобнай мусульм. дзяржавы Пакістан У сак. 1942 брыт. ўрад прапанаваў падзяліць пасля вайны І. на 2 дамініёны, але без стварэння нац. ўрада. У адказ ІНК пачаў новую кампанію грамадз. непадпарадкавання, але калан. ўлады арыштавалі яго лідэраў (жн. 1942). У краіне ўспыхнуў антыбрыт. рух пад лозунгам «Прэч з Індыі!». Вясной 1944 лідэры ІНК вызвалены, у 1945 падпісана пагадненне з Мусульм. лігай аб прынцыпах фарміравання часовага нац. ўрада. Брыт. ўрад быў вымушаны пайсці на ўступкі. У жн 1946 сфарміраваны часовы ўрад на чале з Нэру, а 15.8.1947 І. падзелена на 2 дамініёны — Інд. саюз і Пакістан (гл.Маўнтбетэна план). Падзел І. на рэліг. аснове выклікаў узбр. сутыкненні мусульман і індусаў (у час аднаго з іх забіты Гандзі), стварыў праблему бежанцаў, прывёў да тэр. спрэчак. У 1947—49 адбыўся ваен. канфлікт з Пакістанам з-за Кашміра.
26.1.1950 паводле новай канстытуцыі І. стала рэспублікай, абвешчаны дэмакр. свабоды, адменены розныя віды дыскрымінацыі і прымусовай працы. На першых усеагульных выбарах у пач. 1950-х г. перамог ІНК. У эканоміцы быў узяты курс на стварэнне магутнага дзярж. сектара, заахвочванне нац. і абмежаванне замежнага прыватнага капіталу, планаванне. З дапамогай замежных дзяржаў пабудаваны буйныя металург. прадпрыемствы, створаны новыя галіны прам-сці, закладзены асновы энергетыкі. У сельскай гаспадарцы ішло паступовае абмежаванне памешчыцкага землеўладання, пачалі стварацца кааператывы. У 1950-я г. штаты рэарганізаваны на нац. або лінгвістычнай аснове, а княствы ліквідаваны; асновай знешняй палітыкі абвешчаны пазітыўны нейтралітэт на базе пяці прынцыпаў мірнага суіснавання. І. стала адным з арганізатараў і лідэраў Руху недалучэння, актыўна падтрымлівала антыкалан. барацьбу інш. народаў. У 1950—60-я г. яна дамаглася вяртання шэрагу сваіх тэрыторый ад Францыі і Партугаліі.
На рубяжы 1950—60-х г. актывізаваліся правыя бурж. і рэліг.-абшчынныя партыі, адбыліся сутыкненні мусульман і індусаў у Пенджабе, Асаме, Мадх’я-Прадэш. Абвастрэнне інда-кіт. канфлікту прывяло да ўвядзення ў кастр. 1962 надзвычайнага становішча, рэпрэсій супраць КПІ (раскалолася ў 1964). Пасля смерці Нэру (1964) у краіне абвастрылася паліт.барацьба. Унутры ІНК аформіліся 2 групоўкі, якія павялі барацьбу за ўладу ў партыі і краіне. Перамаглі левацэнтрысты на чале з І.Гандзі, што ў 1966 узначаліла ўрад. Пачалася рэалізацыя «праграмы 10 пунктаў» (умацаванне дзярж. сектара, сац.-эка нам. меры ў інтарэсах шырокіх слаёў насельніцтва), прыняты шэраг важных законаў (аб дзярж. кантролі, ліквідацыі прывілеяў б. князёў і інш.). Вайна з Пакістанам (1971) і сусв.эканам. крызіс 1973—75 прывялі да зніжэння тэмпаў росту прамысл. і с.-г. вытв-сці, абвастрэння сац. супярэчнасцей. Масавыя стачкі і забастоўкі 1972—74 суправаджаліся ўзмацненнем рэліг.-абшчынных і сепаратысцкіх выступленняў у штатах Андхра-Прадэш, Гуджарат, Біхар, тэрарызмам. У ліп. 1975 уведзена надзвычайнае становішча, арыштаваны лідэры апазіцыі. Адначасова ўрад абвясціў праграму шырокіх сац.-эканам. мерапрыемстваў. Абмежаванне грамадз. свабод, празмернае ўзмацненне выканаўчай улады, рэпрэсіі супраць левых партый і інш. выклікалі чарговы раскол ІНК і паражэнне яго на выбарах 1977 ад блока Джаната парты.
Але супярэчлівая эканам. палітыка, рост сац. напружанасці, раскол блока прывялі да адстаўкі ўрада і ўпэўненай перамогі ІНК на датэрміновых выбарах. Гал. задачамі новага ўрада Гандзі былі: пашырэнне эканам. і сац. інфраструктуры, ліквідацыя галечы і забеспячэнне занятасці, у паліт. жыцці — умацаванне ўплыву ІНК, барацьба супраць сепаратызму і экстрэмізму. Сепаратысцкія выступленні ў Асаме і Пенджабе падаўлены з дапамогай арміі (у т. л. штурм «Залатога храма» ў Амрытсары). У адказ сікхскія сепаратысты 31.10.1984 забілі І.Гандзі. Яе сын Р.Гандзі ўзначаліў урад і ІНК. Яго ўрад прыняў жорсткія захады супраць тэрарызму, узяў курс на мадэрнізацыю дзяржсектара эканомікі, прыцягненне замежнага капіталу і найноўшых тэхналогій, распрацаваў маштабныя сац. праграмы. Аднак пагаршэнне эканам. паказчыкаў у 1987—88, паліт. крызіс у кіраўніцтве ІНК прывялі да зніжэння яго папулярнасці. У 1988 пяць апазіц. партый стварылі Нац. фронт, які склаў моцную канкурэнцыю ІНК на выбарах 1989. Кааліцыйны ўрад, сфарміраваны на чале з лідэрам Нац. фронту В.П.Сінгхам, у ліст. 1990 пайшоў у адстаўку. У сак. 1991 у адстаўку падаў наступны кааліцыйны ўрад Ч.Шэкхара. У час перадвыбарнай кампаніі, прызначанай на май 1991, тэрарысты забілі Р.Гандзі. Новым старшынёй ІНК выбраны Н.П.В.Раа, які перамог на выбарах і ўзначаліў ўрад. Прэзідэнтам у 1992 абраны Шанкар Даял Шарма. Павольнае і супярэчлівае ажыццяўленне новай эканам. палітыкі, незадаволенасць часткі мясц. буржуазіі засіллем замежнага капіталу, крывавыя сутычкі на рэліг. глебе, рэзкае абвастрэнне адносін І. з суседнімі мусульм. краінамі прывялі да адстаўкі ўрада і прыходу да ўлады ў 1996 урада левацэнтрысцкай кааліцыі пад кіраўніцтвам І.К.Гуджрала. ІНК напачатку падтрымаў гэты ўрад, што дазволіла яму заставацца на чале ўлады да канца 1997. Спыненне падтрымкі ІНК прывяло да адстаўкі ўрада Гуджрала і правядзення у лют. 1998 парламенцкіх выбараў. І. чл.ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інд.нац. кангрэс — самая ўплывовая паліт. партыя ў краіне, Бхаратыя джаната парты, Джаната дал, Камуніст. партыя І., Камуніст. партыя І. (марксісцкая). Асн.прафс. аб’яднанні: Інд.нац. кангрэс прафсаюзаў, Усеінд. кангрэс прафсаюзаў, Саюз інд. рабочых, Цэнтр інд. прафсаюзаў, Кангрэс аб’яднаных прафсаюзаў, Саюз рабочых І.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна, мае значныя поспехі ў сац.-эканам. развіцці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) дасягнуў 1,41 трыльёна дол. (1996), на аднаго чалавека прыпадае каля 1500 долараў. Эканам. адсталасць у асобных сферах эканомікі суседнічае з найноўшымі дасягненнямі сусв. навукі і тэхнікі. Дзярж. сектар адыгрывае важную ролю ў развіцці эканомікі, забяспечвае вытв-сць 39% прадукцыі. У сельскай гаспадарцы (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) ствараецца 30,3%, а ў прам-сці (разам з буд-вам) — 28,2% ВУП. Сельская гаспадарка выкарыстоўвае 55% тэрыторыі — каля 181 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 145 млн.га. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. 35 млн.га засяваюцца двойчы за год. Узровень механізацыі і хімізацыі нізкі, у якасці цяглавай сілы шырока выкарыстоўваюць жывёлу. Ураджаі на значных плошчах залежаць ад колькасці і тэрмінаў выпадзення ападкаў. Арашаецца каля палавіны земляробчых плошчаў. Сельская гаспадарка мае раслінаводчы кірунак. «Зялёная рэвалюцыя» 1960—70-х г. (зямельная рэформа, механізацыя, шырокае выкарыстанне мінер. угнаенняў і пестыцыдаў) была накіравана на ліквідацыю пагрозы голаду. Амаль паўсюдна вылучаюцца 2 с.-г. сезоны: харыф (летні) і рабі (зімовы). Культуры харыф маюць патрэбу ў працяглым гарачым надвор’і і вял. колькасці вільгаці. Вялікія адрозненні ў прыродных умовах выклікаюць тэр. дыферэнцыяцыю с.-г. вытв-сці. Усюды пераважаюць харч. збожжавыя культуры, збор 182 млн.т (1993/94). Рысу збіраюць 79 млн.т (гал. культура У і Пд краіны). Пшаніцу (57,7 млн.т) вырошчваюць на раўнінах штатаў Пенджаб і Хар’яна, у бас.р. Ганг, арашальных раёнах штата Раджастхан. Збор кукурузы 9,4 млн.т. Прасяныя вырошчваюць як непаліўныя культуры. Сярод іх: джавар (блізкі да сорга) — 11,7 млн.т, баджра — 5 млн.т, рагі — 2,9 млн.т. Важнае месца ў пераважна вегетарыянскім харчаванні насельніцтва займаюць бабовыя: грэм — 5,1 млн.т, тур — 2,7 млн.т і інш. Павялічваецца вытв-сцьтэхн. культур (збор млн.т, 1993/94): цукр. трыснягу — 250, бавоўны — 2,1, арахісу — 5,3, сланечніку — 1,4, тытуню — 0,58, чаю — 0,7. Цукр. трыснёг вырошчваюць пераважна ва ўсх.ч. басейна р. Ганг і на Пд краіны, бавоўнік — на ПнЗ, джут — у вільготных раёнах на У, арахіс — на плато Дэкан і ў штаце Гуджарат, сланечнік, рапс і гарчыцу — на Пн, кунжут і тытунь — усюды, чай — у перадгор’ях Гімалаяў у штаце Асам. Менш значныя зборы кавы і натуральнага каўчуку. І. — традыцыйны і буйнейшы пастаўшчык на сусв. рынак спецый і вострых прыпраў (чорны і чырвоны перац, кардамон, імбір, гваздзіка і інш.). Разнастайнае гасп. значэнне мае какосавая пальма, пасадкі (каля 1 млн.га) размешчаны па ўзбярэжжах на Пд (найб. у штаце Керала). Вырошчваюць фрукты і агародніну; найб. апельсіны, бананы, манга, папайю, гуаву. Жывёлагадоўля развіта параўнальна слаба. Па рэліг. матывах многія індыйцы не забіваюць жывёлу і не ядуць мяса. Таварная жывёлагадоўля не мае шырокага развіцця. Сял. гаспадаркі трымаюць валоў, у вільготных і гарачых раёнах — буйвалаў. Ад буйваліц і кароў атрымліваюць малако і маладняк. Пагалоўе жывёлы слаба забяспечана кармамі, пад лугамі і пашай каля 10% тэрыторыі, пад фуражнымі культурамі каля 5% пасяўных плошчаў. Карова дае каля 400—500 л малака за год. Пагалоўе (1996, млн. гал): буйн. раг. жывёлы —196 (1-е месца ў свеце), буйвалаў — 80,1, коз — 120, авечак — 45,4, свіней — 11,9, птушкі — каля 150. Шаўкаводства. Рыбалоўства ў рэках і морах. Улоў рыбы 4,3 млн.т (1993).
І. дасягнула значных поспехаў у развіцці прамысловасці, асабліва такіх галін, як чорная металургія, машынабудаванне, тэкст., нафтаперапр., фармацэўтычная, вытв-сць угнаенняў і інш. У выніку супрацоўніцтва з вядучымі індустр. краінамі пабудаваны шматлікія прадпрыемствы, узніклі новыя цэнтры апрацоўчай прам-сці. У глыбінных раёнах развіваецца горназдабыўная прам-сць. Развіццё прам-сці грунтуецца на багатых запасах жал. і марганцавых руд, баксітаў, каменнага вугалю, урану, меднай руды і інш.Найб. здабываецца (1993/94, млн.т): вугалю — 245 (штаты Біхар, Зах. Бенгалія), жал. руды — 56,4 (штаты Біхар, Арыса), марганцавай руды — 1,8 (цэнтр.ч. краіны), баксітаў — 5 (пераважна штаты Арыса і Мадх’я-Прадэш), меднай руды — 5,2 (штаты Біхар, Раджастхан). Вытв-сць электраэнергіі 398,3 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважаюць ЦЭС на вугалі і ГЭС; ёсць АЭС. Здабыча нафты 32 млн.т (1994) у штатах Асам і Гуджарат. Перапрацоўка нафты больш за 100 млн.т за год, найб. з-ды ў Бамбеі, Мадрасе, Вішакхапатнаме, каля Дэлі і Калькуты. У 1994 выплаўлена 18,2 млн.т сталі. Сучасныя металургічныя камбінаты ў Дургапуры, Рауркеле, Бакары, Дург-Бхілаінагары. Алюмінію выплаўляюць 466 тыс.т (1993), буйнейшыя з-ды ў Корбе, Ратнагіры. Развіваецца каляровая металургія. Буйныя станкабуд. прадпрыемствы ў Бангалоры, Ранчы, Мадрасе, Бамбеі. Развіта цяжкае (у гарадах Ранчы, Дургапур, Вішакхапатнам) і агульнае (штаты Махараштра, Гуджарат, Тамілнад) машынабудаванне. Судна- і аўтамабілебудаванне (у Бамбеі, Мадрасе, Калькуце, Джамшэдпуры). Вытв-сць (1993/94, млн.шт.): аўтобусаў і джыпаў — 0,24, матацыклаў — 1,76, веласіпедаў — 7,7. Развіта с.-г. машынабудаванне. Цэнтры самалётабудавання Бангалор і Канпур. Вытв-сць абсталявання для тэкст., цукр., цэм., хім. прам-сці (Бхопал, Хайдарабад), эл.-тэхн. прам-сць (Бамбей, Мадрас, Дэлі, Калькута, Раніпур). Вытв-сць радыёпрыёмнікаў 264 тыс.шт. (1993/94). Развіта ваен.прам-сць. Сінт. смолы і пластмасы, сінт. валокны (679 тыс.т, 1994) выпускаюць прадпрыемствы ў Бамбеі і Дургапуры. Угнаенні (9,9 млн.т, 1992/93) вырабляюць у Сіндры, Нангале, Бамбеі. І. займае 3-е месца ў свеце па вытв-сці тканін (штогод каля 13—14 млрд.м) і з’яўляецца адным з вядучых экспарцёраў тэкстылю. Буйнейшыя цэнтры па вытв-сці баваўняных тканін у Бамбеі, Ахмадабадзе, Мадрасе, джутавая вытв-сць у раёне Калькуты, прадпрыемствы шарсцяной прам-сці ў Канпуры, Амрытсары, Срынагары, Ахмадабадзе і інш., гарбарна-абутковай у Канпуры, Агры, Мадрасе. Шмат разнастайных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Выпуск цукру 15,8 млн.т (1994/95), асн. заводы ў штатах Утар-Прадэш і Махараштра, вытв-сць алею з арахісу і баваўнянага семя на пласкагор’і Дэкан і ў штаце Гуджарат. Развіваюцца тытунёвая, папяровая і шкляная прам-сць. Усюды развіта разнастайная саматужная вытв-сцьмаст. вырабаў і сувеніраў з каляровых металаў, дрэва, слановай косці. Вял. значэнне мае здабыча і апрацоўка каштоўных камянёў. Рамёствы і паўсаматужная вясковая прам-сць даюць парчу, ювелірныя вырабы, кераміку, мэблю, высакаякасны шоўк (муслін). У баваўнаводчых раёнах пашыраны саматужнае прадзенне і ткацтва. Найб. развітыя эканам. раёны: Паўночна-Усходні (цэнтр Калькута) і Заходні(цэнтр Бамбей). Асн. від транспарту чыгуначны. Даўж. чыгунак 62462 км, у т. л. 11793 км электрыфікавана (1996). Гал. чыгункі Амрытсар—Дэлі—Калькута, Дэлі—Бамбей, Дэлі—Мадрас, Калькута—Бамбей. Аўтамаб. дарог 2037 тыс.км, у т. л. 981,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём (1996). Даўж.ўнутр. водных шляхоў 16 180 км. Развіваецца авіяц. транспарт. У краіне 288 аэрапортаў і аэрадромаў. З міжнар. аэрапортаў найб. значэнне маюць аэрапорты Дэлі, Калькуты, Бамбея. Марскі транспарт абслугоўвае пераважна міжнар. сувязі. Гал. парты: Бамбей, Калькута, Мадрас, Вішакхапатнам, Кочын. Танаж гандл. флоту 6,8 млн. брута рэгістравых т (1996). Даўж. трубаправодаў 7,4 тыс.км, у т. л. нафтаправодаў 3 тыс.км, прадуктаправодаў 2,7 тыс.км, газаправодаў 1,7 тыс.км (1996). І. наведвае штогод каля 2 млн. турыстаў.
Экспарт краіны 29,96 млрд.дол., імпарт 33,5 млрд.дол. (1995). Асн. экспартныя тавары: прадукцыя машынабудавання і металаапрацоўкі, тканіны, каштоўныя камяні і ювелірныя вырабы, адзенне, скуры і вырабы з яе, жал. руда, чай, камп’ютэрныя праграмы. Імпартныя тавары: нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, угнаенні і сыравіна для іх вытв-сці, каляровыя металы, хім. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Германія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія. Беларусь у 1996 экспартавала ў І. тавараў на 6,6 млн.дол., імпартавала на 14,6 млн.дол. (у 1995 адпаведна 4 і 11,8 млн.дол.). І. атрымлівае дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Адной з крыніц паступлення валюты з’яўляюцца пераводы ад грамадзян, якія працуюць за мяжой (штогод 0,8—1 млрд.дол.). Знешні доўг 97,9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — інд. рупія.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, непасрэднае кіраўніцтва войскамі ажыццяўляюць міністр абароны (цывільная асоба) і к-т начальнікаў штабоў. У 1997 налічвалі 1,2 млн.чал., рэзерв — каля 0,7 млн.чал. У сухап. войсках 1,1 млн.чал., 11 армейскіх карпусоў, 36 агульнавайск. дывізій, 16 асобных брыгад і інш. злучэнні, часці, каля 3,2 тыс. танкаў, 1,5 тыс. баявых машын пяхоты, 3,9 тыс.артыл. гармат, 2,5 тыс. мінамётаў, 1,7 тыс. зенітных сродкаў і інш. У ВПС 40 авіяц. крылаў, у складзе якіх 45 эскадрылляў баявой авіяцыі (каля 800 самалётаў), 43 эскадрыллі дапаможнай авіяцыі (каля 600 самалётаў і верталётаў), 5 крылаў зенітных кіроўных ракет. У ВМС 3 ваен.-марскія камандаванні, авіяцыя флоту і падраздзяленні берагавой артылерыі, каля 80 баявых караблёў, у т. л. 2 авіяносцы, 18 дызельных падводных лодак, 16 ракетных і 20 супрацьлодачных караблёў, каля 40 баявых катэраў. Ваен.-марскія базы Бамбей, Кочын і інш. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Пераўзбраенне і рэфармаванне ўзбр. сіл вядзецца ў рамках праграмы «Армія —2000».
Ахова здароўя. Пытанні аховы здароўя належаць да кампетэнцыі дзяржавы. Існуе развітая сетка мед. цэнтраў, асн. задача якіх — прадухіленне распаўсюджвання эпідэмій праказы, малярыі, туберкулёзу. У сферы дзейнасці дзяржавы ўваходзіць і кантроль за ўзроўнем нараджальнасці. Распрацаваны 2 праграмы планавання натуральнага прыросту (1952, 1986) з мэтай зменшыць яго да 1,2%. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,5, жанчын 60,8 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1357 чал., урачамі — 1 на 2173 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 69 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. уніфікавана, аднак у некат. штатах ёсць адрозненні. Уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў (дашк. выхаванне развіта слаба і ў асноўным прыватнае), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. У большасці штатаў дзейнічае школьная сістэма: 5-гадовая пач. школа (для дзяцей з 6 да 11 гадоў, у некат. штатах з 5 гадоў), 3-гадовая няпоўная сярэдняя (6—8-ы кл.; завяршае абавязковае навучанне), 2-гадовая вышэйшая сярэдняя школа (9—10-ы кл.). Навучанне ў дзярж.пач. школах вядзецца на родных мовах вучняў (бясплатнае), у прыватных — пераважна на англ. мове і платнае. У ліку асн. прадметаў — хіндзі (дзярж. мова). У дзярж. няпоўных сярэдніх школах (за выключэннем некалькіх штатаў) навучанне таксама бясплатнае і на роднай мове, хіндзі і англ. мовы выкладаюцца як прадметы. У поўнай сярэдняй школе навучанне платнае. Прадметы ў ёй падзяляюцца на абавязковыя (агульнаадук.) і на выбар (спецыяльныя), аб’яднаныя ў цыклы (гуманіт., прыродазнаўчых навук, тэхн., сельскай гаспадаркі, камерцыйны, мастацтва, хатняй гаспадаркі); выкладаюцца і прыкладныя дысцыпліны: ткацтва, гарбарная і ганчарная справа, рукадзелле і інш. Выпускнікі поўнай сярэдняй школы маюць права паступаць у галіновыя ВНУ. Для паступлення ва ун-т неабходна прайсці падрыхтоўчы курс або скончыць вышэйшую сярэднюю школу. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя малодшыя тэхн. і 2-гадовыя індустр. вучылішчы і школы (на базе няпоўнай сярэдняй школы), сярэднія тэхн.навуч. ўстановы, курсы падрыхтоўкі кадраў для прам-сці і сельскай гаспадаркі. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты (у склад некат. уваходзяць каледжы) і ін-ты. Навучанне 5—6 гадоў, платнае. У 1996/97 навуч.г. ў І. 169 ун-таў і 32 ін-ты. Буйнейшыя ВНУ: Калькуцкі, Бамбейскі, Мадраскі (усе з 1857), Дэлійскі (з 1922) ун-ты; Кхарагпурскі, Бамбейскі, Мадраскі, Канпурскі тэхн. ін-ты. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1902) у Калькуце, Публічная (з 1951) у Дэлі, Цэнтр. публічная (з 1896) у Мадрасе, Б-ка ўсходняй л-ры (з 1924) у Патне. Буйнейшыя музеі: Нац. музей І. (з 1949), Нац. галерэя сучаснага мастацтва ( 1954), Мемар. музей і б-ка Дж.Нэру, Мемар. музей М.Гандзі — усе ў Дэлі; Інд. музей (з 1814) у Калькуце, Дзярж. музей (з 1851) і Нац.маст. галерэя (з 1951) у Мадрасе. Навук. даследаванні праводзяцца ў ВНУ і спец.навук. цэнтрах, прамысл. даследчых лабараторыях; у галіне прыродазнаўчых навук у асноўным сканцэнтраваны ва ун-тах, а таксама ў асобных навук. цэнтрах. Буйнейшыя з іх — Ін-т фундаментальных даследаванняў у Бамбеі, Атамны даследчы цэнтр і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. У І. выходзіць больш за 35 тыс.перыяд. выданняў на 93 мовах, пераважна на англійскай. Большасць выданняў прыватныя або належаць буйнейшым выдавецкім кампаніям «Таймс оф Індыя», «Індыян экспрэс», «Хіндустан таймс», «Ананда базара патрыка». Сярод штодзённых газет найб. тыраж маюць «Indian Express» («Індыйскі экспрэс», з 1932, на англ. мове), «Наў бхарат таймс» («Час новай Індыі, з 1947, на мове хіндзі), «The Hindu» («Індус», з 1878, на англ. мове). Інфармацыйныя агенцтвы друку: Прэс Траст оф Індыя (з 1947), Юнайтэд Ньюс оф Індыя (з 1960), Хіндустан Самачар (з 1948), Індыя Прэс Эйджэнсі (з 1957). Радыё дзейнічае з 1927, з 1930 кантралюецца дзяржавай; адно з буйнейшых у свеце: 102 вяшчальныя цэнтры, 42 рэгіянальныя радыёстанцыі штодзённа трансліруюць 273 інфарм. бюлетэні на 24 мовах і 36 дыялектах. Тэлебачанне з 1957 (эксперым. праграмы ў Дэлі), агульнанац. з 1965, з 1981 — каляровае. Кантралюецца і фінансуецца ўрадам, мае 280 гадз вяшчання штотыднёва. Дзейнічаюць 18 тэлевізійных і 9 рэлейных станцый.
Літаратура. Найб. старажытным помнікам інд. л-ры з’яўляюцца Веды (канец 2-га — 1-я пал. 1-га тыс. да н.э.) — рэліг. гімны на санскрыце. Каля 6—5 ст. да н.э. ў вуснай творчасці на нар. мовах (пракрытах) пачало складвацца ядро вял. эпічных паэм «Махабхарата» і «Рамаяна», якія ў першых стагоддзях, н.э. прынялі канчатковы выгляд на санскрыце. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. на мовах палі і пракрытах створана будыйская л-ра, у т. л. джатакі, дзе рэліг. дыдактыка спалучаецца з фалькл. сюжэтамі. У 4—3 ст. да н. э. запісана кніга нар. казак на санскрыце «Панчатантра». Яна была вельмі пашырана на Усходзе і ў сярэдневяковай Еўропе. На рубяжы новай эры намеціўся пераход да індывід. творчасці, складваліся самаст.літ. віды і формы: пракрыцкая лірыка Халы (4 ст.), санскрыцкія драмы Ашвагхашы (2 ст.), Бхасы (4 ст.), тамільская ліра-эпічная паэзія, а пазней творчасць Калідасы (5 ст.) і Дандзіна (6—7 ст.) на санскрыце. Вяршыня стараж.-тамільскай л-ры — кніга афарызмаў «Тырукурал» Тырувалувара (4—5 ст.). Каля 7 ст. побач з санскрыцкай і тамільскай узніклі л-ры на мовах канада, тэлугу, асамскай, бенгальскай, гуджарацкай, арыйскай, пенджабскай, хіндзі, урду і інш. Стварэнне дзяржаў з пануючымі мусульм. вярхамі і пашырэнне ісламу выклікалі ўзнікненне інд. персамоўнай л-ры (Амір Хасроў Дэхлеві, 13 ст.; М.А.Бедыль, 17 ст. і інш.; гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Іран). Нар. антыфеад. рух пад рэліг. лозунгам бхакці (літар. адданасць) спрыяў развіццю л-ры 15—17 ст., накіраванай супраць класавага і каставага прыгнёту. У паэзіі бхакці побач з дэмакр. (Кабір, пенджабскі паэт Нанак, 16 ст.; маратхскі паэт Тукарам, 17 ст.; паэты хіндзі Сурдас і Дадудаял, 16 ст.) адзначаецца і кансерватыўная (паэт хіндзі Тулсідас, 17 ст.) тэндэнцыя. Адзін з вял. помнікаў паэзіі бхакці — «Адыгрантх» («Пачынальная кніга», пач. 17 ст.) — анталогія рэфарматарскай паэзіі народаў Паўн. І. Яна ўключае творы буйнейшых паэтаў-бхактаў, у т. л. заснавальніка рэліг.-рэфарматарскага руху сікхізм (пазней стаў рэлігіяй) Нанака. Заваяванне І. Вялікабрытаніяй у 18 ст. прывяло да заняпаду інд. л-ры і ўзмацнення эпігонства. У 19 ст. ў шэрагу л-р паяўляюцца асветніцкія тэндэнцыі. Каля вытокаў асветніцкага руху «Маладая Бенгалія» стаялі першы англамоўны паэт Г.Л.В.Дэрозіо і пачынальнік бенгальскай прозы А.Рай. Інд.нар. паўстанне 1857—59, рост нац. самасвядомасці інд. народаў і аб’яднанне іх у барацьбе супраць брыт. каланіялізму паскорылі развіццё інд. л-ры. Сац. тэматыка заняла гал. месца ў творах бенгальца М.Дота (камедыя «І гэта называецца цывілізацыя?»), Д.Мітра (сатыр. камедыі, драма «Люстэрка індыга») і Б.Чатападхая (гіст. і сац.-быт. раманы), драматурга і публіцыста хіндзі Бхаратэнду Харышчандра, раманіста урду Р.Саршара («Аповесць пра Азада»), маратхскага пісьменніка В.Чыплункара, драматурга Г.Б.Дэвала, паэта К.К.Д.Кешаўсута, заснавальніка гуджарацкай прозы Нармадшанкара і інш. У 1920-я г.цэнтр. тэмай інд. л-ры стала барацьба за нац. незалежнасць (творчасць М.Гупты, М.Чатурведзі, Ш.Чатападхая, Б.Бандападхая, Гурбахша Сінгха і інш.). У 1936 па ініцыятыве Прэмчанда, М.Р.Ананда і С.Саджада Захіра створана Асацыяцыя прагрэс. пісьменнікаў І. Вял. ўплыў на л-ру зрабіў гандзізм. Вышэйшая ступень развіцця крытычнага рэалізму — творчасць Р.Тагора і Прэмчанда. Вядомасць набылі лірыка паэта урду Э.Х.А.Вафы, раманы бенгальскага пісьменніка Г.Халдара, проза і публіцыстыка пісьменніка хіндзі Яшпала. Абнаўляліся паэт. формы, інтэнсіўна развівалася проза. З’явіліся фрэйдысцкі раман І.Джошы «Ладжа», містычная паэзія паэтэсы Махадэві Вармы (абодва хіндзі). Заваяванне І. дзярж. незалежнасці вывела наперад сац. тэматыку, садзейнічала ўмацаванню адзінства шматнац. л-р краіны. Узмацнілася цяга да адлюстравання людзей працы, барацьбітоў за сац. справядлівасць (празаік канада Ніранджана, малаялец Такажы Шывашанкара Пілай і інш.). Экзістэнцыялісцкая філасофія адлюстравалася ў творчасці пісьменніка хіндзі Аг’еі і раманіста тэлугу Б.Крышнарао. Вылучаецца творчасць паэтаў хіндзі Д.Бхараці, маратхскіх паэтаў Б.С.Мардхекара і Ш.М.Муктыбодха. Побач з л-рамі на нац. мовах развіваецца інд.л-ра на англ. мове (паэты Дэрозіо, К.Гхош, Т.Дат, у 19 — пач. 20 ст. — А.Гхош, С.Найду, Чатападхай, празаікі Ананд, Р.К.Нараян, Чатападхай і інш.). На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб.інд.нар. казак «Чароўная чаша» (1957), зб. апавяданняў інд. пісьменнікаў «Дрэва вады» (1959), «Выбранае» К.Чандра (1957), раманы «Садоўнік» (1927) і «Крушэнне» (1958), «Выбранае» (1976) Тагора друкаваліся таксама паасобныя творы Тагора, Прэмчанда, Чатападхая, Ананда і інш.
Архітэктура. Найб.стараж. ўзоры архітэктуры І. — абарончыя, гасп. і жылыя пабудовы г. Махенджа-Дара і Харапа (3—2-е тыс. да н. э.). У 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца ўстойлівыя формы і тыпы нар. дойлідства, правілы забудовы і геам. планіроўкі вёсак і гарадоў. У дзяржаве Маур’яў (4—2 ст. да н.э.) ствараліся багатыя жылыя дамы і палацы, будыйскія культавыя збудаванні: мемар. стаўпы («стамбха» ў Сарнатху), манум. паўсферычныя пабудовы (ступа ў Санчы), пячорныя храмы (чайцья) у Кондане, Аджанце і Карлі, манастыры. Пазней узніклі новыя арх. вырашэнні (вежападобны храм Махабодхі ў в. Будх-Гая, храм у Санчы, 5 ст.). З 6—7 ст. храмы стараж. тыпаў (скальны храм у Элоры, 8 ст.) саступаюць месца на Пн вежападобным круглаватым будынкам (у Бхубанешвары, Кхаджураха, 10—12 ст.), на Пд — храмам у выглядзе ўсечаных пірамід (у Махабаліпураме, 7 ст.), з канцэнтрычнымі агароджамі і надбрамнымі вежамі (у Танджавуры, пач. 11 ст.). Раскошай вызначаюцца джайнскія храмы 11—12 ст. (храм Вімала на гары Абу) з белага мармуру, інкруставаныя ўнутры каштоўнымі камянямі. З 13 ст. ў Дэлійскім султанаце архітэктура набыла геам. дакладнасць, пашырыліся стральчатыя аркі, плоскасная паліхромная арнаментацыя, будаваліся мячэці, купальныя пахавальні, мінарэты (Кутб-Мінар у Дэлі, каля 1200). Яна дасягнула росквіту ў дзяржаве Вял. Маголаў у 16—17 ст.: умацаванні і мармуровыя палацы Агры і Дэлі, мячэці, маўзалей Тадж-Махал. На Пд па-ранейшаму будавалі аздобленыя скульптурай храмы (у Мадураі, 17 ст.), у Раджастхане ствараліся палацы-крэпасці, «вежы перамогі». Будавалі гарады з мураванымі дамамі. Англ. каланізатары пачалі ўкараняць эклектычныя формы архітэктуры. Гарады (Бамбей, Калькута, Дэлі) забудоўваліся дамамі еўрап. тыпу, узнікалі рэзкія кантрасты раёнаў стараж. архітэктуры, багатых еўрапеізаваных кварталаў і трушчобнага жылля беднаты. Хутка раслі партовыя гарады (Калькута, Мадрас, Бамбей), дзе ўжо з 17 ст. англічане ўзводзілі фарты, докі і хрысц. цэрквы. У 18 — сярэдзіне 19 ст.адм., дзелавыя будынкі і прыватныя рэзідэнцыі будавалі ў формах англ. класіцызму і неаготыкі. Прыклад горадабудаўніцтва калан. перыяду — Нью-Дэлі (забудоўваўся ў 1912—30-я г.). На мяжы 19—20 ст. з развіццём нац.-вызв. руху і абуджэннем цікавасці да нац. культуры пашырылася стылізацыя пад традыц. формы інд. дойлідства (ун-т у Хайдарабадзе, 1918). Пасля заваявання незалежнасці ў І. разгарнулася грандыёзнае па маштабах буд-ва, звязанае з індустрыялізацыяй краіны. У 1950—60 пры дапамозе замежных спецыялістаў узводзілі гідраэнергет. комплексы (Бхакра-Нангал і інш.), металургічныя камбінаты (у Бхілаі) і інш. Вакол буйных прадпрыемстваў будавалі пасёлкі і гарады (Чандыгарх, 1951—56, група замежных і інд. архітэктараў пад кіраўніцтвам Ш.Э.Ле Карбюзье). Жылыя і грамадскія будынкі ў буйных гарадах узводзяць у формах сучасных зах.-еўрап. стыляў (пераважна функцыяналізму): банк у Калькуце (1969, арх. А.Гупта), а таксама ў спалучэнні традыц. і сучасных тэхн. прыёмаў і аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў (Ін-т індалогіі ў Ахмадабадзе, 1960—63, арх. Б.Дошы).
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі маст. культуры захаваліся з 3—2-га тыс. да н.э. (скульптура і кераміка з Махенджа-Дара і Харапы). Росквіту мастацтва І. дасягнула з утварэннем дзяржавы Маур’яў (4—2 ст. да н.э), спалучыўшы ўплыў культур краін Міжземнамор’я і Персіі: капітэль калоны Ашокі з г. Сарнатх («Ільвіная капітэль», каля 243 да н.э.) — нац. эмблема сучаснай І., статуя багіні ўрадлівасці («якшыні») з Дыдарганджа (верагодна, 2 ст. да н.э.) і інш. Ідэяй невычэрпнасці і разнастайнасці свету прасякнуты шматфігурныя рэльефы на сюжэты паданняў пра Буду на агароджы і брамах-«торана» ступа ў Бхархуце (2 ст. да н.э.) і браме ступа № 1 у Санчы (1 ст. да н.э.). У маст. культуры дзяржавы Гуптаў (4—5 ст.) з’явіліся строгія ідэалізаваныя вобразы (статуі Буды з Сарнатха і з Гандхары), наскальныя рэльефы (Удаягіры), пышная скульптура і размалёўкі пячорных храмаў Аджанты. У сярэдневякоўі атрымаў развіццё мініяцюрны жывапіс. Гуджарацкія мініяцюры (пераважна ілюстрацыі да рэліг. кніг) вызначаюцца плоскасным адлюстраваннем чалавечых фігур, лакальнымі фарбамі. У 16 ст. склалася школа магольскай мініяцюры (ілюстрацыі да гіст. трактатаў, партрэтны і анімалістычны жанры). З сярэдзіны 16 ст. развівалася раджпуцкая школа, пазней — школа Пахары, для якіх характэрны гучны каларыт, вытанчаны лінейны рытм, лірычная пранікнёнасць У перыяд англ. каланізацыі стараж. традыцыі выяўл. мастацтва заняпалі. У 1850-я г.брыт. адміністрацыя стварыла некалькі маст. школ у розных гарадах І. з навучаннем на еўрап. ўзор, што адыграла важную ролю ў фарміраванні новага прафес. мастацтва. Буйнейшы прафес. жывапісец Р.Варма ў духу зах.-еўрап. акадэмізму пісаў карціны на тэмы жыцця народа. На мяжы 19—20 ст. група мастакоў на чале з А.Тагорам і мастацтвазнаўцам Э.Б.Хавелам стварыла аб’яднанне «Бенгальскае Адраджэнне» з эстэт. праграмай незалежнасці ад еўрап. акадэмізму і звароту да нац. каранёў. Асн. тэматыка мастакоў гэтай плыні (Н.Бос, С.Гупт, С.Укіл) — сцэны вясковага жыцця і эпізоды з міфаў. Нягледзячы на майстэрства і лірычную тонкасць твораў, з прычыны аддаленасці ад рэалій жыцця яны не пазбеглі стылізатарства і рамантызацыі і хутка вычарпалі свае магчымасці. Аднак «Бенгальскае Адраджэнне» адыграла значную культ.-гіст. ролю, абудзіла цікавасць да нац. спадчыны. У 20 ст. асяродкам новага кірунку ў мастацтве стаў ун-т Вішвабхараты, засн. Р.Тагорам. У 1930—40-я г. мастакі А.Шэр-Гіл (спалучэнне традыцый жывапісу Аджанты і постімпрэсіянізму) і Дж.Рой (традыцыі бенгальскага лубка) заснавалі новую рэаліст. школу мастацтва (жывапісец А.Бос, скульпт. В.П.Кармаркар). У мастацтве незалежнай І. склалася шмат плыней: традыцыі «Бенгальскага Адраджэння» працягваў Б.Укіл, рэаліст. мастацтва — скульпт. і жывапісец С.Кхастгір, графік Х.Дас, традыцыі інд. і еўрап. мастацтва 20 ст. спалучалі жывапісцы і графікі К.К.Хебар, Ш.Чаўда, С.Мукерджы, скульпт. Ч.Кар, П.Д.Гупта і інш. На мяжы 1950—60-х г. узмацніліся мадэрнісцкія кірункі (М.Ф.Хусейн, Чаўда, С.Гуджрал). У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца старадаўнія віды саматужнай вытв-сці: ткацтва, разьба па дрэве, косці, камені і мармуры (Агра), апрацоўка металу (Джайпур, Бідар), прыгатаванне лакаў і размалёўка імі (штат Махараштра), ганчарства (Джайпур, Бамбей), пляценне, вышыўка (Кашмір).
Музыка. Раннія этапы фарміравання музыкі І. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. склалася традыцыя т. зв. ведыйскіх песнапенняў — своеасаблівае напеўнае рэчытаванне свяшчэнных тэкстаў Ведаў (найб. значныя Рыгведа — веда гімнаў і Самаведа — веда мелодый). На мяжы н.э. ў муз. культуры І. сфарміраваўся шэраг «высокіх» муз., муз.-танц. (бхарат нацья), муз.-тэатр. (санскрыцкая драма) жанраў; пачалося развіццё муз. навукі: трактаты «Гіталанкара» (каля 1 ст.н.э.), «Нацьяшастра» Бхараты (2—4 ст.н.э.), «Брыхадэшы» Матангі (5—7 ст.), «Сангітаратнакара» Шарнгадэвы (13 ст.), «Сварамелакаланідхі» Рамамацьі (16 ст.). Асновы фундаментальных канцэпцый інд. класічнай музыкі — рага (ладамеладычнае разгортванне) і тала (метрарытмічная арганізацыя). Характэрная рыса класічнай маст. культуры І. — сангіт, сінтэз муз., вак. і харэаграфічнага мастацтва, на аснове якога сфарміраваліся формы інд.муз.т-ра — джатра, якшагана, тамаша і інш. Узорамі муз.т-ра з’яўляюцца і класічныя стылі інд. танца — бхарат нацья, катхакалі, катхак, маніпуры. У 13—14 ст. сістэма інд. музыкі падзялілася на 2 вял. рэгіянальныя традыцыі: паўн. (хіндустані, зазнала розныя ўплывы) і паўд. (карнатак, захавала нац. стыль). У 15—16 ст. у межах хіндустані сфарміравалася прыдворная вак. форма дхрупад (Міян Тансен і Свамі Харыдас), у 18 ст. дасягнуў росквіту рамантычна-віртуозны кхаял — вак., потым і інстр. жанр, які актывізаваў развіццё гар.муз. культуры і фарміраванне лакальных выканальніцкіх школ — гхаранаў. У карнацкай вак. музыцы дзейнічала традыцыя крыці, прадстаўленая буйнейшымі інд. музыкантамі 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Ш.Шастры, Цьягараджы і М.Дыкшытара. Муз. спадчына Р.Тагора стала самаст.маст. кірункам — т. зв. Рабіндрасангіт (песні Рабіндраната). Важным стымулам кампазітарскай творчасці стала кінамузыка з відавочнымі тэндэнцыямі да аб’яднання прынцыпаў стылістыкі нац. і зах.-еўрап. школ (А.Бісвас, Х.Кумар, С.Чаўдхуры, Р.Барман, С.Бхаскар і інш.). Сярод выканаўцаў 20 ст. дырыжор З.Мета, інструменталісты Р.Шанкар (сітар), Б.Хан (шэхнаі), Х.Чаўрасья (флейта), Ш Шарма (сантур), З.Хусейн (табла), спевакі браты Д. і К.Гандхарва, Г.Алі Хан, Б.Чатурведзі, спявачкі П.Султана, Субулакшмі, Ш.Гурці. Працуюць: Муз. акадэмія ў Мадрасе (з 1928), Цэнтр мастацтва Кералы (з 1930), Муз.ін-т Гандхарва Махавідзьялая (з 1939), Акадэмія музыкі, танца і драмы ў Дэлі, Нац. цэнтр выканальніцкіх мастацтваў у Бамбеі, муз. школы, каледжы, муз. ф-ты пры ун-тах; выдаюцца муз. часопісы.
Тэатр. Інд.т-р узнік у старажытнасці з 2 відовішчных форм: культавай містэрыі ведыйскай эпохі, звязанай з прадстаўленнямі ў гонар бога-грамавержца Індры, і імправізаванага смехавага прадстаўлення, якое таксама ўзнікла на глебе культавых свят. Пазней гэтыя формы зліліся. Найб. раннія ўпамінанні пра «ната» (дапаможнікі па акцёрскім мастацтве) змешчаны ў граматыцы Паніні (4 ст. да н.э.). Узнікненню класічнага інд.т-ра (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.) папярэднічаў нар. традыцыйны т-р, які меў шмат форм, вядомых і ў сучаснай І.: на Пн — муз.-танц. драма ліла (ліла—ігра), заснаваная на сюжэтах стараж.-інд. легенд, міфаў і эпічных твораў «Махабхарата» і «Рамаяна»; на Пд — танц. драма катхакалі (катха — апавяданне, калі — муз. інтэрпрэтацыя), якая ў 18 ст. ператварылася ў высокаразвітую тэатр. форму са сваёй драматургіяй, якшагана аб’яднала танец, дыялог, дэкламацыю і спевы; у Зах. Бенгаліі і Арысе — джатра і інш. Да інд.нар. камедыі належаць прадстаўленні быт. сцэнак кашмірскімі скамарохамі — бхандамі. Для інд.тэатр. традыцыі характэрны кансерватызм і сінтэтычнасць. Сістэма выяўл. сродкаў уключае паэт. слова, вак. і інстр. музыку, танец, пантаміму, драм. мастацтва. Формы нар.т-ра паўплывалі на класічны інд.т-р, які фарміраваўся на працягу 5—1 ст. да н.э. Першы санскрыцкі трактат аб т-ры — «Нацьяшастра» Бхараты («Навука пра тэатр»; 2—4 ст.н.э.) змяшчае звесткі пра паходжанне т-ра, драмы, музыкі, танца, пра арганізацыю сцэнічнай прасторы, маст.-выяўл. сродкі і інш. Распрацавана канцэпцыя раса (вучэнне аб эмоцыі), паводле якой кожнай расе адпавядаў пэўны сюжэт і персанажы. Дэтальна распрацавана мова жэстаў мудра, якая мае больш за 500 сімвалаў і праз чаргаванне, камбінацыі і паставы рук выражае розныя прадметы, дзеянні, эмоцыі, абстрактныя паняцці. У інд. класічнай драме 2 асн. жанры: натака — высокая драма на міфалагічны сюжэт і пракарна, звязаная з нар. смехавым прадстаўленнем. На санскрыце гавораць «высокія» мужчынскія персанажы, на пракрыце — жаночыя і «нізкія» мужчынскія персанажы. Росквіту інд. класічная драма дасягнула ў перыяд імперыі Гуптаў (4—5 ст.; драматургі Бхаса, Шудрака і Калідаса). Акцёраў запрашалі на прыдворныя святы, у палацах будавалі тэатр. залы, ствараліся і ўласныя трупы, часта жаночыя, гарэмныя.
У сярэдневяковай драме працягваліся стараж. традыцыі, аднак жанравыя каноны трансфармаваліся. Папулярным стаў жанр націка — «лёгкая» натака, пабудаваная на захапляльнай інтрызе. У сярэдзіне 19 ст. ўзмацнілася ўздзеянне на інд.т-реўрап. культуры. Адзін са значных тэатр. дзеячаў І. новага часу Р.Тагор, імкнучыся аб’яднаць усх. і зах.тэатр. традыцыі, адкрыў эксперым.тэатр. школу (1891; пазней — ун-т Вішвабхараты). У 1872 бенгальскі драматург Г.Гхош заснаваў Нац. т-р. З 2-й пал. 19 ст. пачала актыўна развівацца драматургія на новаінд. мовах: бенгальскай (Тагор, Д.Мітра, Р.Таркаротна і інш.), хіндзі (Б.Харышчандра, Дж.Прасад, Р.Варма і інш.). Тэатр. жыццё І. актывавалася ў 1940-я г., калі ўзніклі прафес. і аматарскія калектывы. Важнае значэнне мела адкрыццё Акадэміі музыкі, танца і драмы (1953), пры якой з 1959 пачала працаваць першая дзярж.тэатр. школа. Тэатр. жыццё 1970-х г. вызначалася імкненнем да сінтэзу традыц.нац.т-ра з формамі і метадамі зах.-еўрап. т-раў. Папулярны т-р лялек. У сучаснай І. працуюць буйныя прафес. т-ры ў Дэлі, Калькуце, Бамбеі, Мадрасе, Катацы, Бенарэсу і інш., якія звяртаюцца да твораў інд. класічнай і сучаснай драматургіі, сусв. класікі. Спектаклі ставяцца на мовах народаў І. (бенгалі, хіндзі, орыя, гуджараці, канада і інш.).
Кіно. Пачаткам кінавытворчасці ў І. была творчасць мастака-літографа Д.Г.Пхалке [фільм «Раджа Харышчандра» (1913) паводле стараж. міфа пра высакароднага цара], які ўвасобіў на экране прынцыпы традыц.інд.тэатр. драмы (джатры). Ён зняў каля 100 фільмаў на сюжэты міфаў (у т. л. з эпасу «Махабхарата» і «Рамаяна»), якія ўзнімалі нац. годнасць ва ўмовах жорсткай брытанскай цэнзуры. Паслядоўнікі Пхалке — рэж. Б.Пейнтэр і Дж.Ф.Мадан праклалі 2 шляхі інд. кіно: першы імкнуўся да гіст. дакладнасці, другі — да відовішчнасці ў камерцыйных мэтах. Буйнейшымі цэнтрамі кінавытворчасці былі і застаюцца гарады Бамбей, Калькута, Мадрас. Найб. значныя фільмы 1920-х г.: «Светач Азіі» Х.Раі і Ф.Остэна, «Толькі зараз з Англіі» Д.Н.Гангападхая; 1930-х г.: «Прыгажосць свету» А.Ірані (першы гукавы фільм, а таксама фільмы на гіст.-міфалагічныя і сац. тэмы рэж. Д.Бошу, Н.Бошу, П.Ч.Баруа, В.Шантарама, Мехбуба, С.Мадзі. У 1930-я г. склаліся сістэма «зорак» і традыцыя ўключаць у сюжэтнае дзеянне муз.-танц. нумары. Абвяшчэнне ў 1950 Рэспублікі І. дало моцны імпульс для развіцця інд. кіно. Былі экранізаваны творы і сцэнарыі пісьменнікаў М.Р.Ананда, К.Чандра, Прэмчанда, Яшпала і інш. Кіно рэалістычнага кірунку прадстаўлялі рэж. Х.А.Абас [ «Дзеці зямлі», 1946, «Спадарожнік» (у сав. пракаце «Ганга») і «Муна», 1952, «Тысяча начэй на ложку з камення» і «Чужаземец» (у сав. пракаце «Хаджэнне за тры моры»), 1956], Б.Рой [«Два бігхі зямлі», 1953, «Суджата» (у сав. пракаце «Недатыкальная»), 1959, «Нявестка Бірадж» (у сав. пракаце «Бірадж Баху»), 1960, і інш.]. Сусветна вядомыя кінематаграфісты І. 1950—80-х г.: прадстаўнік т.зв. калькуцкай школы, рэж., сцэнарыст, кампазітар С.Рэй («Песня дарогі», «Музычны пакой», «Праціўнік», «Шахматысты», «Алмазнае каралеўства» і інш.); рэж. М.Сен («Дзень вяселля», «Пасляслоўе», «Чужое дзіця», «Гутарка», «Калькута-71», «Радавы», «Хор» (у сав. пракаце «30 000!»)]; рэж. Ш.Бенегал [«Канец ночы», «Абуджэнне», «Роля» (у сав. пракаце «Цяжкая роля»), «Вар’яцтва», «Стагоддзе Калі, або Машынная эра», «Сардары Бегам» і інш.]; акцёр, рэж., прадзюсер Р.Капур (з дынастыі Капураў), які ў 1947 засн. уласную студыю ў Бамбеі, рабіў стаўку на масавыя жанры, у якіх праводзіў гуманіст. ідэі («Бадзяга», «Пан—420», «Чысцільшчык абутку», «Сангам», «Маё імя — клоун», «Бобі», «Любоўная немач» і інш.). Рэжысёры 1980—90-х г.: А.Гапалакрышнан, К.Мехта, А.К.Каўль, М.Ратхам, С.Камал, Г.Ніхлані, К.Ладжмі. Сусв. вядомасць атрымала рэж.-жанчына М.Наір («Салям, Бамбей!», «Місісіпі Масала», «Сям’я Перэз», «Камасутра»). Кіназоркі 1980—90-х г.: Х.Маліні, Ш.Азмі, З.Аман, Рэкха, Шрыдэві, М.Дыксіт, Дж.Чаўла, С.Патыл, Нілам, Р.Агніхотры, А.Бачан, М.Чакраборці, Гавінда, А.Капур. Д.Шорф, Ч.Пандэй. У І. на дзярж. і прыватных кінастудыях здымаецца рэкордная колькасць маст. фільмаў у свеце (у 1990—970 фільмаў) на 15—16 мовах (пераважна на хіндзі). Дзярж.арг-цыя «Філмс дывіжэн» стварае дакумент., анімацыйныя, вучэбныя фільмы.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979;
Альбедиль М.Ф. Протоиндийская цивилизация: Очерки культуры. М., 1994;
Шарма Р.Ш. Древнеиндийское общество: Пер. с англ.М., 1987;
Медведев Е.М. Очерки истории Индии до XIII в.: [Сб. ст.]. М., 1990;
Ашрафян К.З. Средневековый город Индии XIII — середины XVIII в.: (Пробл. эконом. и социальн. истории). М., 1983;
Ванина Е.Ю. Идеи и общество в Индии XVI—XVIII вв. М., 1993;
Политическое развитие и общественная мысль Индии в новое и новейшее время: [Сб. ст]. М., 1976;
Празаускас А.А. Этнос, политика и государство в современной Индии. М., 1990;
Краткая история литератур Индии. Л., 1974;
Калинникова Е.Я. Англоязычная литература Индии. М., 1974;
Проблемы индийского романа. М., 1974;
Художественные направления в индийской литературе XX в.: [Сб. ст.], 1977;
Челышев Е.П. Современная индийская литература. М., 1981;
Шептунова И.И. Живопись Бенгальского возрождения. М., 1978;
Потабенко С.И. Изобразительное искусство Индии в новое и новейшее время (конец XVIII — сер. XX в.). М., 1981;
Дева Б.Чайтанья. Индийская музыка: Пер. с англ.М., 1980;
Менон Рагхава Р. Звуки индийской музыки: Путь к раге: Пер. с англ.М., 1982;
Музыкальная эстетика стран Востока. М., 1967. С. 35—139;
Виноградов В.С. Индийская рага. М., 1976;
Котовская М.П. Синтез искусств: Зрелищные искусства Индии. М., 1982;
Кино Индии. М., 1988.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя Індыі ў 20 ст.), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета, навук. ўстановы), Я.Ф.Шунейка (выяўл. мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка), А.М.Міхеева (тэатр), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Індыі.Да арт.Індыя. Узбярэжжа Аравійскага мора ў штаце Гоа.Да арт.Індыя. Вёска ў перадгор’ях Гімалаяў.Да арт.Індыя. Рысавыя палі на Інда-Гангскай раўніне.Да арт.Індыя. Металургічны камбінат у г. Дург-Бхілаінагар.Да арт.Індыя. Ландшафт на пласкагор’і Дэкан.Да арт.Індыя. Памятны знак на месцы крэмацыі М.Гандзі.Да арт.Індыя. Алеевыціскальшчыкі. Гравюра 18 ст.Да арт.Індыя. Фрагмент фасада храма Кандар’я Махадэо ў в. Кхаджураха. Каля 1000.Да арт.Індыя. У цэнтры Бамбея.Да арт.Індыя. Джайнскі храм Вімала на гары Абу ў Раджастхане. 11 ст.Да арт.Індыя. А.Тагор. Развітанне з сынам. 20 ст.Да арт.Індыя. «Ільвіная капітэль» калоны Ашокі з г. Сарнатх. Каля 243 да н.э.Да арт.Індыя. Буда. Размалёўка ў комплексе Аджанта. 6 ст.Да арг.Індыя. Птушкі. Магольская мініяцюра. 17 ст.Да арт.Індыя. Ілюстрацыя да «Бабурнамэ». 16 ст.Да арт.Індыя. Галава Буды з Гандхары. 5 ст.Да арт.Індыя. Радха і Крышна. Школа Пахары. 18 ст.Да арт.Індыя. Індыйскія танцы ў класічных стылях (злева направа): маніпуры, бхарат нацья, катхак.Да арг.Індыя. Выканаўцы на сітары і табла.