МАРКС (Marcks) Герхард (18.2.1889, Берлін — 1981),

нямецкі скульптар і графік. Вучыўся ў Берліне ў Р.​Шайбе (1907—12). З 1912 выкладаў у «Баўгаузе», Школе маст. рамёстваў у Гале (1925—33), Вышэйшай школе выяўл. мастацтваў у Гамбургу (1946—50). У 1910-я г. зазнаў уплыў А.​Маёля, пазней В.​Лембрука. З 1920-х г. ствараў канструктыўна-ясныя. гарманічныя кампазіцыі і партрэты, арыентаваныя на архаічную стараж.-грэч. пластыку: «Альцына» (1934), «Ева», «Скаваны Праметэй» (абедзве 1948), «Фрэя» (1949), «Ладдзя Харона» (1952), партрэт Х.​Пурмана (1956—63) і інш. Аўтар помнікаў ахвярам 2-й сусв. вайны ў Кёльне (1949), Гамбургу (1949—52), Мангейме (1952), Гановеры (1956—58) і інш. Рабіў ілюстрацыі ў тэхніцы дрэварыту да баек Эзопа (1950) і інш.

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РШАЛ (Marshall) Джордж Кэтлет (31.12.1880, г. Юніянтаўн, штат Пенсільванія, ЗША — 16.10.1959),

ваенны і дзярж. дзеяч ЗША, дыпламат. Ген. арміі (1944). Скончыў Віргінскі ваен. каледж (1901). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба арміі ЗША (1939—45), удзельнік Касабланкскай, Квебекскай, Каірскай, Тэгеранскай (усе 1943), Квебекскай (1944), Крымскай (Ялцінскай) і Берлінскай (Патсдамскай; абедзве 1945) міжнар. канферэнцый. У снеж. 1945 — студз. 1947 спец. прадстаўнік (пасол) прэзідэнта ЗША Г.​Трумэна ў Кітаі. У 1947—49 дзярж. сакратар ЗША, ініцыятар праграмы аказання Злучанымі Штатамі эканам. дапамогі пасляваен. Еўропе (гл. Маршала план). У 1950—51 міністр абароны ЗША. Нобелеўская прэмія міру 1953 (разам з А.Швейцэрам).

Літ.:

Ледовский А.М. Миссия Дж.​Маршалла в Китай и советско-китайско-американские отношения // Вопр. истории. 1999. № 2.

Дж.Маршал.

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЙЛЕР (Mailer) Норман (н. 31.1.1923, г. Лонг-Бранч, штат Нью-Джэрсі, ЗША),

амерыканскі пісьменнік і публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Першы антываен. раман «Голыя і мёртвыя» (1948) напісаны ў традыцыях сац. рэаліст. рамана. У раманах «Бераг варвараў» (1951), «Парк аленяў» (1955), «Чаму мы ў В’етнаме?» (1967), сац.-крытычныя матывы, у рамане «Амерыканская мара» (1965) уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Канфлікт паміж асобай і грамадствам у цэнтры «дакументальнага рамана» «Песня ка́та» (1979). Лепшыя кнігі М.-публіцыста — «Арміі ночы» і «Маямі і аблога Чыкага» (абедзве 1968) пра апазіц. рух у ЗША ў канцы 1960-х г. Аўтар раманаў «Старадаўнія вечары» (1983), «Сапраўдныя хлопцы не танцуюць» (1984), «Змена варты» (1989), кніг «Мэрылін» (1973) і «Пра жаноцкую вытанчанасць» (1980; пра М.​Манро).

Т.​Я.​Камароўская.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НКІН Алег Гаўрылавіч (н. 31.3.1952, в. Чарняўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў с.-г. вытв-сці (1975). Працаваў электрамантажнікам, майстрам па буд-ве электрападстанцый, інжынерам у сістэме «Галоўтранснафта». З 1981 у Брэсце. З 1991 у Вільнюсе. З 1998 рэдактар газ. беларусаў Літвы «Рунь». Друкуецца з 1980. Аўтар зб-каў паэзіі «Сурма» (1985), «Расколіна» (1991), «Пенаты» (1999), кніжкі для дзяцей «За месяцам месяц» (1994), кн. прозы (антыутопіі) «Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў» (1994). Паводле бел. нар. казкі напісаў п’есу «Як Лыска ваўком быў» (1985). З польскай пераклаў на бел. мову кнігі паэзіі «Ідзі за мною» Ц.​Норвіда (1993), «Пан Блішчынскі» Б.​Лесьмяна, «Высокія дрэвы» Л.​Стафа (абедзве 1994).

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМАЛЯ́ЕВА Святлана Уладзіміраўна (н. 18.4.1937, Масква),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1980). Скончыла Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1958). З 1959 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага. Талент Н. выявіўся ў лірыка-драм., камедыйных і вострахарактарных ролях: Ганна Паўлаўна Звяздзінцава («Плады асветы» Л.​Талстога), Серафіма Карзухіна («Бег» М.​Булгакава), лэдзі Габулеці і Эмі («Чума на абедзве вашыя хаты» і «Кін IV» Р.​Горына), Бланш Дзюбуа («Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса), лэдзі Кіці («Кола» С.​Моэма), Моніка («Кветка, якая смяецца» Н.​Коўарда; антрэпрыза М.​Казакова) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: «Яўген Анегін» (1958), «Такое кароткае доўгае жыццё» (1975), «Службовы раман» (1977), «Партрэт з дажджом» (1978), «Гараж» (1980), «Каранцін» (1983), «Апошні крок» (1985), «Горка!» (1998) і інш.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЯЛО́ЎСКІ Мікалай Герасімавіч (23.4.1835, С.-Пецярбург — 17.10.1863),

рускі пісьменнік. Скончыў Пецярбургскую духоўную семінарыю (1857). Некат. час вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. Друкаваўся з 1859. У дылогіі «Мяшчанскае шчасце» і «Молатаў» (абедзве аповесці 1861) стварыў вобразы разначынцаў. Кн. «Нарысы бурсы» (1862—63, незавершана) пра норавы і побыт бурсы. Аўтар рамана «Брат і сястра» (фрагменты апубл. 1864), нарысаў, артыкулаў на пед. тэмы і інш. Яго творчасці ўласцівы тонкая назіральнасць, уменне ствараць яркія характары, выкарыстанне прыёмаў гратэску, выразная мова.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М.; Л., 1965;

Избранное. Мн., 1980;

Избранное. М.; Л., 1986;

Очерки бурсы. Мн., 1955.

Літ.:

Ямпольский И.Г. Н.​Г.​Помяловский: Личность и творчество. М.; Л., 1968;

Сажин В.Н. Книги горькой правды: Н.​Г.​Помяловский «Очерки бурсы»... М., 1989.

т. 12, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЦКІ Якаў Ільіч (29.9.1913, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 13.11.1992),

бел. літ.-знавец, перакладчык, мовазнавец. Скончыў Лідскую гімназію (1932), Мінскі пед. ін-т (1948). Настаўнічаў, працаваў у мінскіх пед. ін-це, пед. ін-це замежных моў. Друкаваўся з 1960. Аўтар манаграфій «Сымон Будны» (1975), «Элементы лацінскага словаўтварэння і сучасныя мовы» (1977), «Саламон Рысінскі» (1983), «Мікола Гусоўскі» (1984), «Міхаіл Карыцкі», «Ян Вісліцкі» (абедзве 1991). Даследаваў шматмоўную л-ру Беларусі 16—17 ст. З лац. і польскай моў пераклаў на бел. мову некат. творы Міколы Гусоўскага (з Я.​Семяжонам), М.​Карыцкага (з Ю.​Свіркам), на рус. мову — творы Міколы Гусоўскага (з Семяжонам), С.​Буднага, Я.​Вісліцкага (з Ю.​Прэнскай), С.​Рысінскага, Карыцкага, С.​Кляновіча (з С.​Яўсеевай), Я.​Ліцынія Намыслоўскага, А.​Рымшы і інш.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧО́ПКА Янка (Іван Пятровіч; 8.11.1890, в. Летнікі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 26.5.1977),

бел. пісьменнік, фалькларыст. Скончыў Варанецкую (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.) с.-г. школу. Працаваў у дэпартаменце земляробства Віленскай губ. У 1925 рэдагаваў двухтыднёвік «Праваслаўны беларус» (Варшава). Пасля працаваў аграномам. Друкаваўся з 1912 пад псеўд. Башкір, Янка Башкір. Пісаў вершы і прозу. Збіраў фальклор (зб. «Дурнішча: Народная казка з Дзісеншчыны», 1927). Вершы, байкі, нар. паданні, казкі друкаваў у час. «Заранка», «Пралескі», «Праваслаўны беларус», «Маланка», «Калоссе». Выдаў кн. «Малочная карова: Як яе выбраць, карміць і даглядаць», «Пчолы і як вадзіць іх у рамовых вуллях» (абедзве 1923), «Гародніцтва: Як трэба гаспадарыць на гародзе, каб мець добрае варыва» (1925), «Як выбраць добрага каня» (1928). Аўтар камедыі «Гурток» (1926).

А.​С.​Ліс.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́СЕЎ Генадзь Адамавіч (н. 20.7.1948, г. Гомель),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Арганізатар і нач. участка маст. керамікі на Мінскім з-дзе буд. матэрыялаў. Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва і станковым жывапісе. Сярод твораў дэкар. скульптура «Птушка» (1975), «Вясна» (1977), «Алеся», «Яблынька» (абедзве 1980), «Дзяўчына ў капелюшы» (1997), трыпціхі «Песні роднага краю» (1980), «Партызанам Беларусі» (1982), дэкар. кампазіцыі «Поры года» (1983), «Перамога» (1985), серыя дэкар. ваз «Палессе» (1986), дэкар. камплектаў «Белая варона» (1995), «Чорныя лебедзі» (1997), жывапісных твораў «Варажба» (1966—85), «Мацярынства» (1988), «Развітанне з дзяцінствам» (1991), «Паўстанне Налівайкі» (1995), «Выкраданне Еўропы» (1999), «Скачкі з амурам» (2000) і інш. Выканаў шэраг афармленчых работ. Творы вызначаюцца дэкар. выразнасцю, своеасаблівасцю тэхнікі выканання.

Л.​Ф.​Салавей.

Г.Пусеў. Дзяўчына ў капелюшы. 1997.

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРО́Ў Уладзімір Аляксандравіч (21.7.1910, с. Эмаус Цвярской вобл., Расія — 19.1.1968),

расійскі жывапісец і графік. Нар. маст. СССР (1958). Правадз. чл. АМ СССР (1954). Прэзідэнт АМ СССР (1962—68). Вучыўся ў Ленінградскай АМ (1927—31), у І.І.Бродскага (1931—33). Ў 1933—42 выкладаў у Ленінградскай АМ. Працаваў пераважна ў гіст.-рэв. жанры, ствараў работы, якія вызначаліся ідэйнасцю, псіхал. абмалёўкай: «У.І.Ленін абвяшчае савецкую ўладу» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1948), «Хадакі ў Леніна» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Зімні ўзяты» (1954), «Дэкрэт аб міры», «Дэкрэт аб зямлі» (абедзве 1957). Аўтар партрэтаў удзельнікаў баёў пад Ленінградам, 1942—44, пейзажаў, плакатаў, кніжных ілюстрацый (да рамана Л.​Талстога «Вайна і мір», 1951—53).

Літ.:

Лебедев А.К. В.​А.​Серов. М., 1965.

Л.​Ф.​Салавей.

У.Сяроў. Зімні ўзяты. 1954.

т. 15, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)