ВАЛЬЕ́ХА ((Vallejo) Сэсар) (16.3.1892, г. Сант’яга-дэ-Чука, Перу — 15.4.1938),
перуанскі празаік, паэт. У першым зб. вершаў «Чорныя геральды» (1918; бел.пер. Р.Барадуліна, 1993) элементы паэтыкі лаціна-амер. мадэрнізму арганічна спалучаны з протаавангардысцкімі тэндэнцыямі і індзейскім фальклорам. У 1920—21 зняволены за ўдзел у сял. хваляваннях. У турме напісаў зб. «Трыльсе» (1922), вытрыманы ў традыцыях авангардысцкай паэзіі. З 1923 у эміграцыі (Францыя, Іспанія). У 1928 і 1931 наведаў СССР. Напісаў раман пра рабочых-індзейцаў «Вальфрам» і публіцыстычную кн. «Расія ў 1931 г.» (абодва 1931). Пад уражаннем грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 стварыў цыкл «Іспанія, няхай абмінае мяне чаша гэта» (выд. 1939). Сталая творчасць (зб. «Чалавечыя вершы», выд. 1939) характарызуецца прастатой і эмацыянальнасцю, спалучэннем авангардысцкага наватарства з сац. і агульначалавечай праблематыкай. Аўтар публіцыст. кн. «Супраць прафесійнай тайны», «Мастацтва і рэвалюцыя» (абедзве выд. 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТАМІ́РА (Altamira),
пячора ў правінцыі Кантабрыя (Іспанія). У 2-й пал. 19 ст. тут выяўлены наскальныя рознакаляровыя выявы жывёл, стаянка эпохі салютрэ і ранняга мадлену. Даўжыня пячоры каля 280 м (з шэрагам залаў). Памеры намаляваных фігур (бізонаў і інш.) да 2,25 м. Паводле радыевугляроднага аналізу малюнкі зроблены каля 15500 г. назад. Альтаміра — найб. значная па мастацкім багацці «галерэя» першабытнага чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭЛЬЯ́НА ((Orellana) Франсіска дэ) (1505 або 1511, горад Трухільё, Іспанія — 1546 або 1550),
іспанскі канкістадор; першы еўрапеец, які перасек Паўднёвую Амерыку ў самай шырокай частцы мацерыка і прасачыў сярэдняе і ніжняе цячэнне Амазонкі. Прымаў удзел у заваяванні Перу (1532—34) пад кіраўніцтвам Ф.Пісара. 26.12.1541 выйшаў з форта Гуаякіль, перабраўся цераз Анды, спусціўся да вусця ракі Напа і выплыў у Амазонку. 26.8.1542 дасягнуў Атлантычнага акіяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ ((Victoria) Томас Луіс дэ) (каля 1548, г. Авіла, Іспанія — 27.8.1611),
іспанскі кампазітар, арганіст; буйнейшы прадстаўнік ісп. культавай вак. поліфаніі. Вучань К.Маралеса. У 1565—89 жыў у Рыме, з 1594 у Мадрыдзе, арганіст і віцэ-капельмайстар каралеўскага манастыра францысканцаў. Аўтар мес, матэтаў, гімнаў, магніфікатаў, псалмаў і інш.Найб. вядомыя «Службы на страсны тыдзень», «Страсці па Матфею» (абодва 1585), «Меса на смерць каралевы Марыі» (1605).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСДРУБА́Л (Hasdrubal; ? — 221 ла н.э.),
карфагенскі палкаводзец. Узначальваў дэмакр. групоўку. Зяць Гамількара Баркі, у 237 суправаджаў яго ў ісп. паходзе, з 229 узначальваў карфагенскія войскі ў Іспаніі. Заснаваў г. Новы Карфаген (сучасны г. Картахена, Іспанія). Ажаніўшыся з іберыйскай прынцэсай, яшчэ больш узмацніў уплыў карфагенян у Іспаніі. У 226 падпісаў з рымлянамі дагавор, паводле якога р. Ібер (Эбра) стала мяжой карфагенскіх уладанняў у Іспаніі. Забіты кельцкім рабом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГРЫ́Н, Негрын Лопес (Negrín Lopez) Хуан (3.2.1894, г. Лас-Пальмас, Іспанія — 14.11.1956), іспанскі паліт. і дзярж. дзеяч. Праф. фізіялогіі і анатоміі. З 1929 чл.Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39дэп. картэсаў (з 1933). міністр фінансаў (з 1936), прэм’ер-міністр (з мая 1937) урада Нар. фронту, пазней і міністр абароны. У сак. 1939 эмігрыраваў, да 1945 лічыўся кіраўніком рэсп. ўрада Іспаніі ў эміграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́НЬЯ ((Azana) Мануэль) (10.1.1880, г. Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія — 4.11.1940),
іспанскі дзярж. і паліт. дзеяч, пісьменнік. Заснаваў партыю Рэсп. дзеяння (1930). Ваенны міністр (1931), кіраўнік урада (1931—33). Лідэр Леварэсп. партыі (з 1934), адзін з заснавальнікаў Нар. фронту (1935). Пасля перамогі Нар. фронту (1936) лідэр яго правага крыла, кіраўнік урада, з мая 1936 да 1.3.1939 — прэзідэнт рэспублікі. Пасля перамогі франкістаў у 1939 эмігрыраваў у Францыю. Аўтар літ. эсэ, аповесцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́НЬЕС ДЭ БАЛЬБО́А ((Núñez de Balboa) Васка) (каля 1475, г. Херэс-дэлос-Кабальерас, Іспанія — 1517),
іспанскі канкістадор. У 1500 адправіўся ў Амерыку на в-аў Эспаньёла (цяпер Гаіці). У 1510 пераправіўся на Панамскі перашыек, у новую ісп. калонію, адкуль у пошуках зручнага шляху ў Перу у 1513 упершыню перасек Панамскі перашыек і дасягнуў берагоў Ціхага ак., які назваў Паўднёвым м. У пач. 1517 абвінавачаны ісп. губернатарам у змове і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРАЛТА́Р (Gibraltar),
уладанне Вялікабрытаніі на Пд Пірэнейскага п-ва, каля Гібралтарскага праліва. Нейтральнай зонай аддзелены ад ісп.г. Ла-Лінеа. Важны стратэг. пункт на Міжземным м.Пл. 6,5 км². Нас. 32 тыс.чал. (1993). Большасць насельніцтва гібралтарцы — нашчадкі іспанцаў, англічан, мальтыйцаў і інш.Афіц. мова — англійская, пашырана таксама іспанская. Паводле веравызнання 77% католікаў, па 7% мусульман і англікан. Каля паловы насельніцтва занята ў гандлі і абслуговых галінах. Гібралтар складаецца са скалы (выш. да 425 м) і пясчанага перашыйка, які злучае іх з паўвостравам. Прырода і клімат міжземнаморскія. Гаспадарка звязана пераважна з абслугоўваннем ваенна-марской і ваенна-паветр. баз Вялікабрытаніі, транзітнага порта (заходзіць каля 3 тыс. суднаў за год). Рээкспартны гандаль, увоз нафтапрадуктаў, харч. тавараў, прэснай вады. Замежны турызм (штогод 4,2—5 млн.чал.). Суднарамонтныя верфі. Швейныя ф-кі, з-ды па вытв-сці піва і мінер. вады, каваапрацоўчыя, тытунёвыя, рыбакансервавыя, алейныя прадпрыемствы. Асн.гандл. партнёры Вялікабрытанія, Іспанія, Данія, Японія. Грашовая адзінка — гібралтарскі фунт стэрлінгаў.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. Гібралтара існавалі са стараж. часоў. Гібралтар быў вядомы стараж. грэкам і рымлянам пад назвай Кальпе, адзін з Геркулесавых слупоў. У пач. 8 ст.араб. палкаводзец Тарык ібн Сеід пабудаваў тут крэпасць Джэбель-ат-Тарык (гара Тарыка). Пазней крэпасць сталі называць Гібралтар, у 1160 побач з ёю ўзнік араба-маўрытанскі горад. У 1309—33 крэпасцю валодалі іспанцы, потым мараканцы, якія пабудавалі яшчэ больш магутныя ўмацаванні (частка іх захавалася да нашага часу). У 1462 Гібралтар зноў захоплены іспанцамі. У час вайны за ісп. спадчыну ў 1704 аб’яднаная англа-галандская эскадра пад камандаваннем англ. адмірала Дж.Рока захапіла Гібралтар. Паводле Утрэхцкага міру 1713 Гібралтар замацаваны за Вялікабрытаніяй і стаў яе ваен.-марской базай. У 18 ст.Іспанія неаднойчы спрабавала рознымі спосабамі вярнуць Гібралтар. Самая працяглая 4-гадовая яго аблога (1779—83) скончылася няўдачай. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 зноў прызнаны ўладаннем Вялікабрытаніі, у 1830 абвешчаны брыт. калоніяй. Значэнне Гібралтара вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У 1907 Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія заключылі пагадненне аб захаванні ў Гібралтарскім праліве статус-кво. У 2-ю сусв. вайну ўсё грамадз. насельніцтва Гібралтара эвакуіравана ў Вялікабрытанію (пасля вайны вярнулася). Іспанія зноў заявіла аб сваім праве на Гібралтар, у 1966 яна аб’явіла блакаду Гібралтара, спыніла ўсе яго зносіны з мацерыком.
У маі 1969 прынята новая канстытуцыя Гібралтара, якая ўвяла мясц. самакіраванне, 30.7.1969 адбыліся першыя выбары ў мясц. Асамблею, сфарміраваны ўрад. Заканад. ўлада ў Гібралтары належаць губернатару, якога прызначае брыт. манарх, і палаце сходу. У 1975 (пасля смерці дыктатара Ф.Франка) Іспанія змякчыла свае пазіцыі — адмяніла абмежаванні на ўезд і выезд з Гібралтара, аднавіла тэлеф. сувязь і інш. У 1980 падпісана Лісабонскае пагадненне аб статусе Гібралтара. Аднак паміж Вялікабрытаніяй і Іспаніяй працягваецца саперніцтва за Гібралтар. У 1984 падпісана ісп.-брыт. дэкларацыя аб пачатку перагавораў па ўрэгуляванні праблемы Гібралтара. Адкрыццё ў 1985 сухапутнай граніцы аслабіла напружанне ў адносінах паміж гэтымі краінамі. У 1991 Гібралтар пакінулі апошнія часці брыт. сухапутных войск, засталіся толькі падраздзяленні ВМС і ВПС. На парламенцкіх выбарах у 1992 перамагла кіруючая Сацыяліст. партыя працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ДА (Ojeda, Hojeda) Алонса дэ (каля 1470, г. Куэнка, Іспанія — каля 1515), іспанскі мараплавец, канкістадор. Удзельнік 2-й экспедыцыі (1493—96) Х.Калумба. У пошуках золата першы з еўрапейцаў трапіў ва ўнутр. раёны Гаіці. У 1499—1500 узначаліў экспедыцыю (з удзелам А.Веспучы), якая адкрыла бераг Гвіяны і шэраг астравоў, у т. л. Кюрасао. У 1502 зноў абследаваў карыбскі бераг Венесуэлы, у 1508—10 — паўн. бераг Калумбіі і заснаваў там крэпасць, паклаўшы пачатак іспанскай каланізацыі Паўд. Амерыкі.