САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА НАСЕЛЬНІЦТВА

Сацыяльная абарона як састаўная частка сац. палітыкі Рэспублікі Беларусь накіравана на развіццё сац. сферы грамадства, задавальненне інтарэсаў і патрэбнасцей розных груп насельніцтва, паляпшэнне ўмоў жыцця і працы, забеспячэнне належнага ўзроўню аховы здароўя, адукацыі і выхавання людзей, скарачэнне беднасці і сац. няроўнасці, развіццё чалавечага патэнцыялу. Яна прадугледжвае комплекс мер па матэрыяльнай падтрымцы самых слабых і малазабяспечаных груп насельніцтва, сац. абароне інвалідаў, ветэранаў, пажылых людзей, беспрацоўных, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, пенсіённым забеспячэнні, сац. абслугоўванні грамадзян, сац. страхаванні, удасканаленні прац. адносін.

Асн. нарматыўнымі актамі, якія рэгулююць адносіны ў сферы сац. абароны насельніцтва, з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» (1991, у рэд. ад 14.7.2000), «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (1991), «Аб ветэранах» (1992, у рэд. ад 12.7.2001), «Аб пенсіённым забеспячэнні» (1992, са зменамі ў 1998), «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў» (1994), «Аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (1992, у рэд. ад 19.3.2002), «Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання» (1995), «Аб сацыяльным абслугоўванні» (2000) і інш. Пытаннямі рэалізацыі дзярж. палітыкі ў галіне сац. абароны, павышэння эфектыўнасці прафес. сац. работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва, забеспячэння сац. гарантый грамадзян непасрэдна займаюцца Мін-ва працы і сац. абароны Рэспублікі Беларусь, інш. рэсп. органы дзярж. кіравання, мясц. распарадчыя і выканаўчыя органы ўлады.

З гісторыі сацыяльнай дапамогі на Беларусі. Розныя формы дапамогі і ўзаемадапамогі існавалі ўжо ў насельніцтва, што жыло на тэр. Беларусі да 10 ст. З пашырэннем хрысціянства з’явіліся структураваныя дзяржавай і грамадствам ін-ты дапамогі і падтрымкі — бальніцы, шпіталі, вучэльні, а таксама царк.-манастырская і царк.-прыходская сістэма абароны, якая ахоплівала ўсіх, хто меў патрэбу ў дапамозе. У ліку першых на Беларусі прытулкаў для дзяцей былі манастырскія вучылішчы, створаныя Ефрасінняй Полацкай; у манастырах знаходзілі прытулак і заспакаенне ўдовы, сіроты, нядужыя і ўбогія. З 14 ст. развіццё сац. дапамогі адбывалася ў рамках дзярж.-муніцыпальнага і абшчыннага апекавання. Статуты ВКЛ і інш. нарматыўна-прававыя акты 16—18 ст. змяшчалі шэраг патрабаванняў і норм па прадухіленні беднасці, абароне правоў сацыяльна слабых і маргінальных слаёў насельніцтва. З пач. 19 ст. на тэр. пражывання этнічных беларусаў дзейнічаў Статут грамадскага апекавання Рас. імперыі. Складвалася пэўная структура «закрытых» устаноў дапамогі, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні Прыказаў грамадскага апекавання (бальніцы, дамы апекі, багадзельні, інвалідныя дамы, дамы для невылечных хворых, выхаваўчыя дамы, сіроцкія і дзіцячыя прытулкі). З 1860—70-х г. на аснове айч. і замежнага вопыту намецілася тэндэнцыя пераходу ад дзярж. апекавання да дэцэнтралізаванага грамадскага апекавання, індывідуалізацыі дапамогі насельніцтву. У 1903 на Беларусі было 110 дабрачынных устаноў для апекі і выхавання дзяцей, іх лячэння, агульнага і спец. бясплатнага навучання, дзейнічала 29 сіроцкіх дамоў і дзіцячых прытулкаў.

З 1917 на тэр. Беларусі ўсталёўвалася сав. мадэль сац. забеспячэння і сац. страхавання насельніцтва на аснове фінансавання з дзярж. бюджэту і цэнтралізаванай сістэмы размеркавання фондаў. У 1920 у БССР створаны нар. камісарыят сац. забеспячэння. У 1921 дапамогу ад дзяржавы атрымлівалі больш за 276 тыс. чал. (каля 10% насельніцтва тагачаснай БССР). Паступова складвалася гарантаваная сістэма сац. забеспячэння, якая ўключала матэрыяльнае забеспячэнне грамадзян у старасці, у выпадку страты працаздольнасці і інш. У пасляваенны час дзяржава ўзяла на поўнае ўтрыманне інвалідаў Вял. Айч. вайны, якія страцілі родных і блізкіх і мелі патрэбу ў пастаянным доглядзе. У 1945 на Беларусі працавалі 22 дамы-інтэрнаты для інвалідаў гэтай катэгорыі і для састарэлых. У 1956 паводле Закона аб дзярж. пенсіях расшырана кола асоб, якія мелі права на пенсію, памер пенсій рабочым і служачым па старасці павялічаны больш як у 2 разы, па інваліднасці — у 1,7 раза. З 1965 сталі назначацца пенсіі калгаснікам па старасці, інваліднасці, у выпадку страты карміцеля, а таксама дапамогі жанчынам-калгасніцам па цяжарнасці і родах. У 1960—80-я г павялічваліся мінімальныя памеры пенсій розным катэгорыям інвалідаў, рабочым і служачым, членам калгасаў. Развіваліся такія формы сац. падтрымкі, як дапамога мнагадзетным і адзінокім маці, утрыманне на сродкі дзяржавы адзінокіх і састарэлых грамадзян, якія страцілі працаздольнасць. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі з 1991 пачала фарміравацца сучасная бел. сістэма сац. абароны насельніцтва, сталі адраджацца традыцыйная бел. духоўнасць і практыка міласэрнасці, дабрачыннасці і канфесіянальнага сац. служэння.

Сістэмай пенсіённага забеспячэння ахоплены кожны непрацаздольны, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, незалежна ад грамадзянства, дзейнасці ў мінулым і інш. абставін; тым, хто не можа працаваць, але не мае права на прац. пенсію, назначаецца пенсія сацыяльная. Адзіная крыніца фінансавання прац. пенсій — бягучыя страхавыя ўзносы наймальнікаў (для большасці — 35% фонду аплаты працы) і работнікаў (1% індывід. зарплаты). Гэтыя сродкі акумулююцца ў пазабюджэтным Фондзе сац. абароны насельніцтва Мін-ва працы і сац. абароны. На пенсіі затрачваецца каля 80% сабраных узносаў, астатняя іх частка ідзе на выплаты, звязаныя з інш. страхавымі выпадкамі (аздараўленне насельніцтва, аплата часовай непрацаздольнасці, дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей да 3-гадовага ўзросту). Пенсіённае забеспячэнне ваеннаслужачых і прыроўненых да іх асоб, дзярж. служачых, а таксама пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і людзей, якія атрымліваюць сац. пенсіі, ажыццяўляецца за кошт дзярж. бюджэту (поўнасцю або часткова).

Агульная колькасць пенсіянераў (з улікам пенсіянераў сістэмы мін-ваў абароны, унутр. спраў, па надзвычайных сітуацыях і К-та дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь) на працягу 1990—2003 павялічылася з 2375 тыс. да 2599 тыс. чал. За гэты час найб. павялічылася колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі па ўзросце (з 1725 тыс. да 1912 тыс. чал.), што звязана з дэмаграфічнымі тэндэнцыямі т.зв. старэння насельніцтва. Колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі за выслугу гадоў, павялічылася з 3 тыс. да 17 тыс. чал. На 14,5% скарацілася колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі з выпадку страты карміцеля (з 187 тыс. да 160 тыс. чал.). У 1,4 раза вырасла колькасць атрымальнікаў сац. пенсіі і ў 2003 дасягнула 52 тыс. чал. (гл. табл. 1). Прагназуецца, што да 2020 на Беларусі асоб пенсіённага ўзросту (60/55 гадоў) будзе амаль 28%, а з улікам усіх, хто будзе атрымліваць дапамогу па інваліднасці і інш. віды выплат ва ўзросце ніжэй за пенсіённы, іх колькасць перавысіць 32% агульнай колькасці насельніцтва. У 2003 сярэдні памер назначаных пенсій склаў 114 тыс. руб. за месяц, або 38% сярэдняй налічанай заработнай платы і 69% велічыні мінімальнага спажывецкага бюджэту (у 1992 было адпаведна 20% і 78%). Сярэдні памер пенсій па ўзросце ў 2003 складаў 119 тыс. руб., па інваліднасці — 109 тыс., у выніку страты карміцеля — 77 тыс., за выслугу гадоў — 150 тыс., сац. пенсій — 52 тыс. руб. Мінімальная пенсія па ўзросце склала 82 тыс. руб. (гл. табл. 2).

У 2003 на пенсіі затрачана 9,6% ВУП (у 1994—5,8%), што абумоўлена павышэннем узроўню забеспячэння і павелічэннем колькасці пенсіянераў. Сістэматычна праводзіцца індэксацыя пенсій, заснаваная на росце сярэдняй заработнай платы і змяненні велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. За 2003 каэфіцыент замяшчэння мінулага заработку (пенсіі па ўзросце) дасягнуў 43,6%; у адносінах да пражытачнага мінімуму пенсіянера гэтая дапамога перавысіла 125%. У сувязі з рэструктурызацыяй прадпрыемстваў колькасць занятых у эканоміцы (плацельшчыкаў узносаў) прыкметна зніжаецца, а доля атрымальнікаў пенсій павялічваецца. З 1990 колькасць пенсіянераў павялічылася на 10,9%, а колькасць работнікаў скарацілася на 13,9%. У выніку колькасць атрымальнікаў пенсій, якія прыпадаюць на кожныя 100 работнікаў, павялічылася з 46 да 60 чал., або на 28%. Узмацненне дэфармацыі ўзроставай структуры грамадства і скарачэнне прац. патэнцыялу павялічвае нагрузку на эканамічна актыўнае насельніцтва. Для падтрымання пенсій на дасягнутым узроўні і своечасовай іх выплаты вядзецца карэкціроўка ўмоў і норм назначэння пенсій, змяненне фактычнага ўзросту выхаду на яе па старасці, правіл выплаты працуючым пенсіянерам, умоў назначэння і крыніц фінансавання датэрміновых пенсій і інш. Ажыццяўляецца паступовы пераход да налічэння пенсій, зыходзячы з аб’ёму выплачаных страхавых узносаў, а ў перспектыве плануецца задзейнічаць накапляльныя механізмы фарміравання сродкаў на гэтыя мэты. Па індывіднакапляльнаму прынцыпу з розных крыніц будзе ажыццяўляцца фінансаванне дадатковага, абавязковага і добраахвотнага прафес. пенсіённага страхавання.

Сацыяльная абарона сем’яў з дзецьмі. Сямейная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь разглядаецца як састаўная частка сац. палітыкі дзяржавы і накіравана на забеспячэнне неабходных умоў для рэалізацыі сям’ёй яе эканам., узнаўленчай, выхаваўчай і культ.-псіхал. функцый, рэалізацыю права дзяцей і моладзі на паўнацэннае фіз., інтэлектуальнае, маральнае і сац. развіццё. На Беларусі пражывае 2920 тыс. нуклеарных сем’яў, з іх 1580 тыс., або 54% ад агульнай колькасці, складаюць сем’і, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Каля 60% такіх сем’яў маюць адно дзіця, 35% — двое і 6% — трое і больш дзяцей. Каля 33% насельніцтва краіны маюць сярэднедушавы даход ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму, што абумоўлівае нізкі ўзровень даходаў у мнагадзетных і няпоўных сем’ях. Практычна кожная другая сям’я распадаецца, павялічваецца колькасць няпоўных сем’яў, пазашлюбнай нараджальнасці, бацькоў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Востра стаіць праблема дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, павялічваецца колькасць дзяцей-інвалідаў.

Асн. формамі дзярж. падтрымкі сем’яў, якія маюць дзяцей, з’яўляюцца: грашовыя выплаты сям’і на дзяцей у сувязі з іх нараджэннем, выхаваннем і ўтрыманнем (дапамогі і пенсіі); прац., падатковыя, крэдытныя і інш. льготы; матэрыяльная дапамога ў грашовай і рэчавай формах; сац. абслугоўванне сям’і. Такую дапамогу атрымліваюць больш за 700 тыс. дзяцей, або 37% ад іх агульнай колькасці. У 2003 на гэтыя мэты зрасходавана 334 млрд. руб. Дапамога на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, а таксама сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда і дзіця, інфіцыраванае вірусам СНІД, ва ўзросце да 18 гадоў, назначаецца незалежна ад сукупнага даходу. Сем’ям з дзецьмі прадугледжаны льготы па падаткаабкладанні, аплачваюцца харчаванне ў дашкольных установах і падручнікі. Малазабяспечаныя сем’і атрымліваюць бясплатнае харчаванне да першых двух гадоў жыцця дзіцяці; мнагадзетныя вызваляюцца ад выплаты зямельнага падатку. Калі расходы на жыллё і камунальныя паслугі перавышаюць 25% сярэднямесячнага сукупнага даходу сям’і, то ёй даюцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі.

На Беларусі дзейнічае сістэма адраснай сац. дапамогі, якую атрымліваюць найб. неабароненыя сем’і і грамадзяне, мнагадзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама тыя, што выхоўваюць непаўналетніх у выпадку, калі сукупны сярэднедушавы даход сям’і за 3 мес, што папярэднічалі звароту па дапамогу, не перавышае 60% дзеючага бюджэту пражытачнага мінімуму на душу насельніцтва. Розныя сац. паслугі сям’і аказваюць 153 цэнтры сац. абслугоўвання насельніцтва, 24 сац.-пед. цэнтры, 74 прытулкі для непаўналетніх і 97 цэнтраў навучання і рэабілітацыі. Значныя паслугі, матэрыяльную дапамогу мнагадзетным і няпоўным сем’ям аказваюць мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы са сродкаў мясц. бюджэтаў. Развіццю сістэмна-комплекснага падыходу да вырашэння праблем дзяцінства і сям’і садзейнічае рэалізацыя прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі» на 2001—05 з падпраграмамі «Дзеці Чарнобыля», «Дзеці-сіроты», «Дзеці-інваліды», «Дзіцячае харчаванне», «Удасканаленне сацыяльнай абароны сям’і і дзяцей».

Сацыяльная абарона ветэранаў, інвалідаў і пажылых людзей. На Беларусі пражывае амаль 95 тыс. ветэранаў Вял. Айч. вайны, 25 тыс. ветэранаў баявых дзеянняў на тэр. інш. краін, 480 тыс. інвалідаў, каля 900 чал. дажылі да 100 гадоў. Дзейнічае Рэсп. міжведамасны савет па праблемах інвалідаў. У краіне створана сістэма мед. рэабілітацыйнай службы, якая ўключае 284 аддзяленні (62 стацыянарныя і 222 амбулаторныя), 15 санаторных і 16 цэнтраў мед. рэабілітацыі (усяго больш чым на 2,5 тыс. ложкаў). У 2003 на базе 97 цэнтраў навучання і рэабілітацыі прайшлі падрыхтоўку каля 1000 дзяцей з парушэннямі развіцця. У Мінску, Гродне і Магілёве дзейнічаюць цэнтры сац. работ, у якіх інваліды працуюць і атрымліваюць спецыяльнасць. З мэтай рэалізацыі творчых і вытворчых здольнасцей інвалідаў і з улікам індывід. праграм рэабілітацыі ім забяспечваецца права працаваць у наймальнікаў са звычайнымі ўмовамі працы, у спецыялізаваных арганізацыях, у цэхах і на ўчастках, якія выкарыстоўваюць працу інвалідаў, а таксама займацца прадпрымальніцкай і інш. прац. дзейнасцю, не забароненай законам. Зацверджаны Дзярж. рэестр тэхн. сродкаў сац. рэабілітацыі, якія выдаюцца інвалідам бясплатна або на льготных умовах. Пратэзна-артапедычнымі вырабамі і інш. тэхн. сродкамі сац. рэабілітацыі карыстаюцца амаль 90 тыс. бел. грамадзян. Вырашаецца праблема стварэння безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў, іх доступу да аб’ектаў сац. інфраструктуры, грамадскага транспарту, месцаў працы, адпачынку і вольнага часу, павышэння сац. статусу інвалідаў праз прац. дзейнасць.

Са сродкаў рэсп. і мясц. бюджэтаў, прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў фінансуецца Рэсп. комплексная праграма па праблемах пажылых людзей. У краіне функцыянуюць 72 інтэрнатныя ўстановы на 17 240 тыс. месцаў, у т. л. 25 дамоў-інтэрнатаў для састарэлых інвалідаў на 5079 месцаў, 4 санаторыі сац. сістэмы. Пабудаваны 13 спецыялізаваных жылых дамоў для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў з комплексам службаў сац.-быт. прызначэння на 1800 кватэр. У сельскай мясцовасці працуе 509 дамоў сац. паслуг, 17 невялікіх дамоў-інтэрнатаў, якія фінансуюць аграпрадпрыемствы ці мясц. выканаўчыя органы. У рамках прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі» здадзены ў эксплуатацыю Багушэўскі, Гарадзішчанскі і Чэрвеньскі дамы-інтэрнаты. З лістапада 2000 у Рэсп. цэнтры для дзяцей-інвалідаў прайшлі рэабілітацыю 35 тыс. чал. У большасці раёнаў рэспублікі створаны фонды дапамогі малазабяспечаным грамадзянам, якія фарміруюцца за кошт адлічэнняў гар. мясц. бюджэту і пазабюджэтных сродкаў, добраахвотных узносаў прац. калектываў, грамадскіх арг-цый і асобных грамадзян. Традыцыйным стала штогадовае правядзенне 1 кастрычніка Дня пажылых людзей.

Сацыяльнае абслугоўванне грамадзян ажыццяўляецца на аснове дзярж. сац. стандартаў па абслугоўванні насельніцтва. У сістэме Мін-ва працы і сац. абароны дзейнічае нарматыў: адзін цэнтр сац. абслугоўвання на адм. раён. Ва ўсіх 156 раёнах краіны працуюць аддзяленні сац. дапамогі дома, якія абслугоўваюць больш за 62 тыс. грамадзян; 70% апекаваных жыве ў сельскай мясцовасці. У рэспубліцы больш за 560 тыс. грамадзян з’яўляюцца адзінокімі або жывуць асобна ад дзяцей і сваякоў.

Больш за 12,5 тыс. сац. работнікаў апякуюць адзінокіх інвалідаў. Такое сац. абслугоўванне абыходзіцца дзяржаве ў 10 разоў танней, чым у стацыянарнай сац. установе. У цэлым па краіне з кожных 10 тыс. пенсіянераў надомным абслугоўваннем карыстаюцца 283,7 чал. Найб. развіццё такая форма атрымала ў Мінскай (469 чал.) і Магілёўскай (334 чал.) абласцях. Для цяжкахворых або знявечаных пры бальніцах ствараюцца палаты (ложкі) сястрынскага догляду (усяго 2304 ложкі, у т. л. ў Віцебскай вобл. 515, Мінскай — 431). У сельскай мясцовасці і аддаленых населеных пунктах працуюць 286 дамоў сац. паслуг, ствараюцца гаспразліковыя брыгады, якія аказваюць насельніцтву быт. паслугі. У Мінскай вобл. такіх дамоў 123, у Віцебскай — 95. У Гомельскай і Магілёўскай абласцях функцыянуюць дамы-інтэрнаты для ветэранаў працы на 10—20 месцаў. Праводзяцца шэфская дапамога, дабрачынныя марафоны па зборы сродкаў для падтрымкі малазабяспечаных сем’яў, адкрываюцца спец. рахункі, магазіны сац. падтрымкі, аказваецца гуманіт. дапамога. У рэспубліцы дзейнічае 19 сац. сталовых, 79 салонаў «Міласэрнасць», 80 цэнтраў медыка-сац. дапамогі, у структуры цэнтраў сац. абслугоўвання ёсць аддзяленні першаснага прыёму інфармацыі, аналізу, прагназіравання, рэабілітацыі, тэрміновай сац.-быт. і псіхал. дапамогі. У Мінску адкрыты дом начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства. Аказваецца сац. дапамога мігрантам (бежанцы з былых рэспублік СССР, перасяленцы з Чарнобыльскай зоны), накіраваная на стварэнне ўмоў для ўладкавання і сац. адаптацыі.

Сац. дапамогу сям’і і дзецям аказваюць Бел. камітэт «SOS — Дзіцячая вёска», Бел. дзіцячы фонд, фонд «Дзецям Чарнобыля», Фонд сац. падтрымкі дзяцей і падлеткаў «Мы — дзецям», Фонд дапамогі дзецям-сіротам «Надзея» і інш. Дабрачыннай дзейнасцю займаюцца 16 правасл. брацтваў і 54 сястрынствы, каталіцкае т-ва «Карытас» (яго аддзяленні ёсць у Мінску, Гродне, Барысаве і Полацку), 8 місій Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў, аб’яднанні мусульманскай канфесіі. У 2000 у Мінску адкрыты Дом міласэрнасці, дзе праводзіцца рэабілітацыя інвалідаў і дзяцей-сірот, аказваецца мед. дапамога састарэлым.

Удасканаленне працоўных адносін. Дзяржава арганізуе ахову працы, ажыццяўляе дзярж. нагляд і кантроль за захаваннем заканадаўства аб ахове працы і прадугледжанай ім адказнасці за парушэнне яе норм і правіл, арганізуе абучэнне і інструктаванне работнікаў па ахове працы. Устаноўлены пэўныя гарантыі і кампенсацыі за работу са шкоднымі або небяспечнымі ўмовамі працы, прымаюцца меры па зніжэнні захворванняў, траўматызму на вытворчасці, сац. абароненасці работнікаў.

На канец 2003 у органах дзярж. службы занятасці на ўліку было 136,1 тыс. чал., якія не мелі работы, у т. л. 90 тыс. жанчын (66,1%) і 23,2 тыс. асоб, што пражываюць у сельскай мясцовасці. Узровень зарэгістраваных беспрацоўных склаў 3,1% эканамічна актыўнага насельніцтва (у 1996 была 4%). Патрэбнасць у работніках, заяўленая арганізацыямі ў органы дзярж. службы занятасці, склала 31,7 тыс. чал. Дзярж. палітыка ў гэтай сферы накіравана на недапушчэнне масавага беспрацоўя, і яе цяжкай формы — застойнага і працяглага беспрацоўя, а таксама на сац. падтрымку найб. бедных беспрацоўных грамадзян. Гэтая работа вядзецца на аснове штогадовых дзярж. і рэгіянальных праграм занятасці насельніцтва. Для страхавання ад беспрацоўя і фінансавання мерапрыемстваў такіх праграм існуе Дзярж. фонд садзейнічання занятасці, які фарміруецца за кошт абавязковых адлічэнняў усімі арганізацыямі, незалежна ад форм уласнасці і гаспадарання, у памеры 0,5—1% фонду аплаты працы. Органы дзярж. службы занятасці аказваюць дапамогу беспрацоўным у працаўладкаванні, ствараюць новыя рабочыя месцы, арганізуюць прафес. падрыхтоўку і перападрыхтоўку па запатрабаваных прафесіях, аказваюць фін. падтрымку ў прадпрымальніцкай дзейнасці, развіваюць сістэму прафес. арыентацыі моладзі, незанятага насельніцтва, аказваюць матэрыяльную дапамогу. У 2003 у адпаведнасці з дзярж. праграмай пры садзейнічанні цэнтраў занятасці насельніцтва на пастаянную работу працаўладкавана 208,2 тыс. беспрацоўных. Сярэдні памер дапамогі беспрацоўным склаў каля 8% сярэдняй заработнай платы. Прафес. падрыхтоўку і перападрыхтоўкі прайшлі 27,7 тыс. беспрацоўных. Праводзіцца сац. работа ў сем’ях беспрацоўных па іх сац.-псіхал. рэабілітацыі і гуманізацыі сац. акружэння.

Літ.:

Социальная политика Республики Беларусь в условиях реформирования экономики: Сб. науч. тр. Мн., 1998;

Григорьев А.Д. Социальная работа на Беларуси: история, опыт, проблемы. Мн., 2000;

Яго ж. История отечественной социальной работы (X — начало XX в.). Мн., 2004;

Морова А.П. Социальная политика в сфере трудовых отношений. Мн., 2000;

Проблемы развития национальной экономики Беларуси (теоретические и практические аспекты). Мн., 2002;

Социальная работа с семьей: мир взрослых и детей. Мн., 2002;

Ванкевич Е.В., Морова А.П., Новикова И.В. Управление региональным рынком труда при переходе к рыночной модели социальной политики в Беларуси. Витебск, 2004.

А.​П.​Морава.


Табліца 1
Колькасць пенсіянераў і сярэдні памер назначаных ім месячных пенсій па відах пенсіённага забеспячэння (на канец года)
1990 1995 2000 2002 2003
Колькасць пенсіянераў, тыс. чал. 2375 2659 2622 2615 2599
 у тым ліку атрымліваюць пенсіі: па ўзросце 1725 2001 1953 1922 1912
 па інваліднасці 277 318 322 321 312
 у выпадку страты карміцеля 187 138 157 165 160
 за выслугу гадоў 3 6 11 16 17
 сацыяльныя 37 53 50 52 52
Сярэдні памер назначаных месячных пенсій, тыс. руб. 107​1 387 36​2 90 114
 у тым ліку:
 па ўзросце
110 407 38 94 119
 па інваліднасці 94 368 34 85 109
 у выпадку страты карміцеля 63 217 24 60 77
 за выслугу гадоў 111 491 49 115 150
 сацыяльныя 62 127 17 39 52

​1 У рублях.

​2 З улікам дэнамінацыі (памяншэнне ў 1000 разоў).


Табліца 2
Асноўныя паказчыкі пенсіённага забеспячэння (на канец года)
1992 1995 2000 2002 2003
Колькасць пенсіянераў, тыс. чалавек 2551 2659 2622 2615 2599
Колькасць занятых у эканоміцы,
якія прыпадаюць на 1 пенсіянера
1,95 1,66 1,69 1,68 1,66
Мінімальная пенсія па ўзросце, тыс. руб. 2 249 27​1 63 82
Сярэдні памер назначанай пенсіі, тыс. руб. 3 387 36​1 90 114
Мінімальны спажывецкі бюджэт пенсіянера, тыс. руб. 3 762 54​1 128 165
Суадносіны сярэдняга памеру назначанай месячнай пенсіі, у % да:
 велічыні мінімальнага спажывецкага бюджэту пенсіянера 78 51 67 70 69
 сярэдняга памеру налічанай заработнай платы 20 38 42 41 38
Рэальны памер назначанай месячнай пенсіі,
у % да адпаведнага перыяду папярэдняга года
37,9 130,3 143,2 102,3 101,4

​1 З улікам дэнамінацыі (памяншэнне ў 1000 разоў).

Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат.
Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы.
Рэспубліканскі санаторый «Бярэзіна».

т. 18, кн. 2, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКТЫЛАЛО́ГІЯ (ад дактыла... + ...логія),

спосаб зносін глухіх людзей з дапамогай ручной азбукі. Шырока выкарыстоўваецца ў першапачатковы перыяд абучэння глухіх дзяцей (у дзіцячым садку і школе) як вядучы сродак фарміравання мовы і зносін, таксама адзіны сродак зносін сярод слепаглуханямых. У ручной азбуцы столькі ж знакаў, колькі літар у алфавіце. Паводле абрысу многія дактыльныя знакі нагадваюць літары і звычайна паказваюцца пальцамі адной рукі. Той, хто гаворыць, мяняе фігуры з пальцаў, а той, хто ўспрымае, складае з іх словы. Мовы з рознымі алфавітамі маюць кожная сваю дактылалагічную сістэму. На Беларусі пашырана рус. Д. Законам Рэспублікі Беларусь аб сац. ахове інвалідаў (1991) мова жэстаў прызнаецца ў якасці сродку міжасобасных зносін, навучання і прадастаўлення паслуг перакладу.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМАШЭ́НКА Павел Андрэевіч (н. 1.1.1940, в. Побалава Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-медык у галіне хвароб вуха, горла, носа. Д-р мед. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1963). З 1970 у Бел. НДІ экспертызы працаздольнасці і арг-цыі працы інвалідаў. З 1975 у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З 1989 у Бел. мед. ун-це (заг. кафедры), адначасова гал. отарыналарынголаг Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па праблемах захворванняў вуха, горла, носа (дыягностыка, кансерватыўнае і хірург. лячэнне, экспертыза, прафілактыка, рэабілітацыя).

Тв.:

Диагностика болезней уха, горла, носа // Клиническая диагностика: Справ. пособие для семейного врача. Мн., 1999;

Болезни уха. горла и носа. Мн., 2002 (разам з В.​Я.​Гапановічам).

т. 17, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ахова здароўя

Гісторыя аховы здароўя на Беларусі (393).

Сістэма аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (397).

Ахова здароўя на Беларусі — сістэма дзярж., сацыяльна-эканам., грамадскіх і мед. мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і ўмацаванне здароўя людзей, прафілактыку і лячэнне захворванняў. Прынцыпы аховы здароўя насельніцтва вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь: яе грамадзянам гарантуецца права на ахову здароўя, у т. л. бясплатнае лячэнне ў дзярж. установах аховы здароўя. Асн. прынцыпы дзярж. палітыкі ў дачыненні да аховы здароўя: даступнасць кваліфікаванай мед. дапамогі і фармацэўтычнага забеспячэння насельніцтва; прафілактычная накіраванасць; прыярытэтнае і льготнае мед. абслугоўванне і лекавае забеспячэнне дзяцей, маці, інвалідаў, сац. маламаёмных грамадзян; падкантрольнасць дзейнасці ўсіх мед. работнікаў і ўстаноў органам аховы здароўя і інш. Асн. палажэнні аховы здароўя народа замацаваны ў законах Рэспублікі Беларусь: «Аб ахове здароўя» (1993, 2002), «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» (1993, 2000), «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў» (1994), «Аб донарстве крыві і яе кампанентаў» (1995), «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека» (1997), «Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыі правоў грамадзян пры яе аказанні» (1999), «Аб Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа» (2000). Пытанні аховы здароўя насельніцтва рэгламентаваны таксама законамі «Аб сацыяльнай ахове грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (1991), «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (1991), «Аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (1993), «Аб правах дзіцяці» (1993). Перспектывы развіцця аховы здароўя выкладзены ў пастановах урада: «Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах у галіне аховы здароўя» (2002), «Канцэпцыя развіцця аховы здароўя на 2004—2007 гады» (2003). Права на ахову здароўя забяспечваецца аховай навакольнага асяроддзя, стварэннем спрыяльных умоў для працы, адпачынку, быту, заняткаў фізкультурай і спортам і інш. З мэтай прафілактыкі захворванняў, бесперапыннасці мед. нагляду і лячэння грамадзяне замацоўваюцца за ўстановамі аховы здароўя па месцы жыхарства, а пры наяўнасці ведамасных устаноў таксама па месцы працы, службы, вучобы.

т. 18, кн. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАА́МСКІ МАНАСТЫ́Р, Спаса-Праабражэнскі,

гісторыка-архітэктурны і прыродны музей-запаведнік у Карэліі. Засн. як мужчынскі манастыр не пазней як у пач. 14 ст. на в-ве Валаам у Ладажскім возеры грэч. манахамі Сергіем і Германам. Знаходзіўся на мяжы наўгародскіх уладанняў, служыў крэпасцю і шмат разоў адбіваў напады шведска-фінскіх атрадаў, у 1611 спустошаны імі. У 1715 адноўлены паводле ўказа Пятра I. Арх. помнікі 18—19 ст.: Спаса-Праабражэнскі сабор, цэрквы Успення, Нікольская, Пятра і Паўла і інш. У 19 ст. буйны рэліг., эканам. і культ. цэнтр. У 1917—40 на тэр. Фінляндыі. У час сав.-фінл. вайны манахі пакінулі яго. З 1945 дом-інтэрнат для інвалідаў Вял. Айч. вайны. З 1979 музей-запаведнік. У 1988 перададзены Рус. правасл. Царкве.

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ПРА́ЦЫ,

сістэма арганізацыйна-прававых, эканам., тэхн. і сан.-гігіенічных мер, якія садзейнічаюць нейтралізацыі шкоднага ўздзеяння на арганізм работніка, прафілактыцы траўматызму і прафес. захворванняў і абавязковыя для выканання ўсімі прадпрыемствамі, установамі, арг-цыямі і службовымі асобамі. Права на ахову працы замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і рэгламентавана Кодэксам законаў аб працы. Спец. нормы права рэгламентуюць ахову працы жанчын, моладзі, інвалідаў. Абавязкі па ахове працы заканадаўствам ускладзены на наймальніка. Для аховы працы выдзяляюць сродкі і матэрыялы, парадак выкарыстання якіх вызначаецца ў калектыўных дагаворах або пагадненнях.

Нагляд і кантроль за выкананнем правілаў і нормаў аховы працы ажыццяўляюць спец. ўпаўнаважаныя органы, прафсаюзы, Саветы дэпутатаў, іх выканаўчыя і распарадчыя органы, мін-вы і ведамствы, пракуратура. За парушэнне заканадаўства па ахове працы ўстаноўлена дысцыплінарная, адм. і крымін. адказнасць.

В.​І.​Семянкоў.

т. 2, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДПУСК чарговы,

штогадовы адпачынак з захаваннем месца работы (пасады) і сярэдняга заработку для ўсіх рабочых і служачых (акрамя часовых і сезонных работнікаў). Працягласць асн. водпуску паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь складае не менш як 15 рабочых дзён; для непаўналетніх і інвалідаў не менш як 1 каляндарны месяц. Парадак вылічэння працягласці штогадовага водпуску вызначаецца заканадаўствам. Водпуск за першы год работы даецца па сканчэнні 11 месяцаў бесперапыннай работы ў дадзенага наймальніка, за другі і наступныя гады работы — у любы час рабочага года ў адпаведнасці з чарговасцю. Штогадовыя дадатковыя водпускі даюцца: работнікам, занятым на работах са шкоднымі ўмовамі працы; тым, хто заняты ў асобных галінах нар. гаспадаркі і мае працяглы стаж работы на адным прадпрыемстве (арг-цыі); работнікам з ненармаваным рабочым днём; у інш. выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або калектыўным дагаворам.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ГАЗЕ́ТА»,

грамадска-палітычная газета. Заснавальнікі — Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і Беларускае таварыства інвалідаў па зроку. Выдавалася з 6.5.1994 да 28.6.2002 у Мінску на бел. і рус. мовах раз у тыдзень. Асвятляла дзейнасць органаў заканад. і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь, адстойвала прынцыпы сац. справядлівасці, садружнасці слав. народаў (мела старонку «Славянскі цэнтр»), палемізавала з інш. выданнямі па пытаннях грамадска-паліт., эканам., міжнар. жыцця, расказвала аб праблемах і шляхах развіцця навукі, культуры і сельскай гаспадаркі. Публікавала аналіт. матэрыялы па праблемах экалогіі, маралі і права, рэпартажы, нарысы пра найб. значныя сац., культ. і спарт. падзеі, новыя творы бел. пісьменнікаў і інш. Мела рубрыкі: «Адзінства», «Пункт гледжання», «Фрагменты геапалітыкі», «Праўда ў вочы», «Духоўнасць», «Сыны Айчыны», «Трыбуна паэта», «Векапомнае» і інш. З газетай супрацоўнічалі бел. вучоныя, грамадскія дзеячы, творчая інтэлігенцыя і інш.

Т.​У.​Люковіч.

т. 17, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАШЧАВІ́К Антон Баляслававіч (н. 1.1.1942, в. Тур’я Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі чалавека і жывёл, сац. палітыкі Беларусі. Д-р біял. н. (1989), праф. (1994). Акад. Нью-Йоркскай АН (1996), Міжнар. сац. акадэміі (1998). Скончыў БДУ (1969). З 1979 у Бел. НДІ экспертызы працаздольнасці і арг-цыі працы інвалідаў. З 1981 у Бел. НДІ кардыялогіі (заг. лабараторыі). З 1997 нач. Цэнтра сац. праблем Ін-та сацыяльна-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Навук. працы па распрацоўцы і ўкараненні фізіка-хім. метадаў дыягностыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў і цукр. дыябету; палітыцы ў галіне аховы здароўя, адукацыі, мінімізацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

Социальная сфера Республики Беларусь и Российской Федерации. Мн., 2000 (у сааўт.);

Факторы риска последствий Чернобыльской катастрофы. Мн., 2001 (у сааўт.);

Динамика социальных процессов Республики Беларусь за 10 лет. Мн., 2001 (у сааўт.).

т. 17, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПІТА́ЛЬ (ням. Spital ад лац. hospitalis гасцінны),

1) медыцынская ўстанова для стацыянарнага лячэння ваеннаслужачых (іх сем’яў), таксама для рабочых і служачых сілавых ведамстваў. Вылучаюць Ш. ваен., ваен.-марскія, авіяц., МУС, КДБ, пагранічных войск; рэсп., гал., гарнізонныя і інш. Ёсць Ш. для інвалідаў вайны. Адрозніваюць адна- і шматпрофільныя, стацыянарныя і рухомыя (у дзеючых войсках, напр., хірург. палявы рухомыя Ш.). Мае клінічныя аддзяленні (тэрапеўт., хірург. і інш.), у некат. — паліклінікі, лабараторыі і інш. У Ш. праводзіцца ўрачэбная экспертыза, навук. даследаванні і інш. 2) Установа для апекі над састарэлымі, бяздомнымі, беднымі і хворымі на Беларусі ў 15—18 ст. Засн. ў Брэсце (1495), Зэльве (1508), Мінску (1513) на ахвяраванні свецкіх феадалаў, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмаў, кляштараў і інш. У 1-й пал. 17 ст. ў гарадах Беларусі было па некалькі Ш. (напр., у Мінску 5); у канцы 18 ст. на Беларусі было каля 370 шпіталяў.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)