ГУ́ЛАК ((Hulak) Яраслаў) (н. 10.9.1920, г. Прахаціцы, Чэхія),

чэшскі перакладчык. Перакладае творы слав. л-р. На чэш. мову пераклаў раман І.​Мележа «Мінскі напрамак», аповесці В.​Быкава «Мёртвым не баліць», «Праклятая вышыня», «Абеліск», «Сотнікаў», «Дажыць да світання», «Круглянскі мост», «Знак бяды», «Кар’ер». Аўтар прадмоў і пасляслоўяў да перакладзеных ім кніг.

А.​В.​Мажэйка.

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЧЫСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (? — 1044),

князь полацкі (1003—44), сын Ізяслава Уладзіміравіча, унук Рагнеды Рагвалодаўны і Уладзіміра Святаславіча. Як адзін з першых князёў адроджанай полацкай дынастыі Рагвалодавічаў змагаўся за аднаўленне незалежнасці Полацкай зямлі ад улады кіеўскіх князёў. У 1021 захапіў Ноўгарад і вывеў у Полацк шмат палонных. У адказ вял. князь кіеўскі Яраслаў Мудры з войскам пайшоў з Кіева на Брачыслава Ізяславіча і разбіў палачан на р. Судаміры. Аднак паводле заключанага пагаднення Брачыслаў Ізяславіч атрымаў гарады Віцебск і Усвяты. Да 1026 Брачыслаў Ізяславіч і Яраслаў кіравалі Кіеўскай Руссю са сваіх вотчын Полацка і Ноўгарада праз намеснікаў у Кіеве, што азначала прызнанне Яраславам паліт. незалежнасці Полацкай зямлі. Уладу дуумвірата парушыў захоп у 1024 кн. Мсціславам Уладзіміравічам Чарнігава і ўсталяванне ў 1026 Яраслава ў Кіеве. Брачыслаў Ізяславіч значна пашырыў межы Полацкай зямлі на Пд і Пн, заснаваў г. Брачыслаўль (Браслаў). Брачыслаў Ізяславіч быў вядомы ў Скандынавіі, пра што сведчыць «Эймундава сага».

С.​В.​Тарасаў.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛ ((Goll) Яраслаў) (11.7.1846, г. Хлумец, Чэхія — 8.7.1929),

чэшскі гісторык, паэт. Заснавальнік школы крыніцазнаўчага кірунку ў чэш. гістарыяграфіі (школа Гола). Вучань В.Томека. Скончыў Пражскі ун-т (1870), дзе і працаваў (праф. 1880—1910), адначасова праф. Гандл. акадэміі (1874—80). З 1895 выдаваў час. «Český časopis historycky» («Чэшскі гістарычны часопіс») і да 1918 яго кіраўнік. Чл. аўстр. палаты паноў (1909—18). Аўтар прац па сярэдневяковай гісторыі Чэхіі (пераважна 15—18 ст.), якую выкладаў з пазіцый пазітывізму. Пісаў вершы, перакладаў творы Ш.Бадлера.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Яраслаў Мікітавіч) (н. 27.5.1933, Мінск),

бел. вучоны ў галіне дарожна-буд. матэрыялаў і тэхналогій. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1957). З 1961 у БПА. Навук. працы па фіз.-хім. асновах буд. кампазіцыйных матэрыялаў і стварэнні эфектыўных тэхналогій для іх атрымання. Распрацаваў агульную метадалогію комплекснай актывацыі буд. матэрыялаў, тэхналогію трыбаактывацыі пяскоў, мадыфікатары для атрымання мінер. парашкоў з крэменязёмістай сыравіны.

Тв.:

Реофизика конгломератных материалов. Мн., 1978 (разам з З.​П.​Шульманам, Э.​А.​Зальцгендлерам);

Активационно-технологическая механика дорожного асфальтобетона. Мн., 1990.

т. 7, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МУЦЬ (Яраслаў Іванавіч) (н. 10.1.1940, в. Вострава Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. крытык, літ.-знавец. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1967). Настаўнічаў. З 1975 у Магілёўскім ун-це імя А.​Куляшова (з 1986 дэкан філал. ф-та). Друкуецца з 1972. Даследуе шляхі развіцця і стан сучаснай бел. паэзіі і прозы, узаемасувязі і ўзаемаўплыў бел. і рус. л-р; аспекты ўплыву эпічнай паэзіі Я.​Коласа на творчасць рус. паэтаў (кн. «Жыццёвасць традыцый», 1985). Аўтар крытычных артыкулаў і рэцэнзій, прысвечаных творчасці П.​Глебкі, А.​Кулакоўскага, І.​Навуменкі, А.​Пысіна.

т. 8, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЯШКЕ́ВІЧ (Яраслаў Генрыхавіч) (н. 4.1.1939, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. хімік-арганік. Канд. хім. н. (1976), дац. (1978). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1961). З 1961 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па хіміі драўніны, праблемах бел. хім. тэрміналогіі. Даследаваў асаблівасці хім. будовы і рэакцыйнай здольнасці лігніну таполі пры хім. перапрацоўцы драўніны, прапанаваў сістэму ўтварэння бел. назваў хім. элементаў. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Арганічная хімія. Ч. 1. Мн., 1991;

Этапы станаўлення беларускай хімічнай тэрміналогіі // Хімія: прабл. выкладання. 1996. Вып. 5.

А.​І.​Болсун.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙРАЎСКІ ((Heyrovský) Яраслаў) (20.12.1890, Прага — 27.3.1967),

чэшскі хімік, стваральнік паляраграфіі. Чл. Чэхаславацкай АН (1952). Скончыў Пражскі ун-т (1918), з 1922 праф. гэтага ун-та, у 1926 працаваў у Сарбоне (Парыж). У 1950—67 дырэктар Дзярж. паляраграфічнага ін-та ў Празе, які з 1964 носіць яго імя. Пры даследаванні электролізу на ртутна-кропельным электродзе ўстанавіў залежнасць паміж патэнцыяламі аднаўлення і акіслення рэчываў і іх прыродай, а таксама паміж велічынёй дыфузійнага току і канцэнтрацыяй рэчыва ў электраліце (1922), што дало пачатак паляраграфіі. Нобелеўская прэмія 1959.

Тв.:

Рус. пер. — Основы полярографии. М., 1965 (разам з Я.​Кута).

Я.Гейраўскі.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЮ́К (Яраслаў Раманавіч) (н. 15.4.1939, с. Цэгаў Валынскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне гістахіміі і электроннай мікраскапіі. Д-р біял. н., праф. (1986). Скончыў Львоўскі зоаветэрынарны ін-т (1962). З 1968 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па морфафункцыянальных уласцівасцях залоз страўніка пры дысбалансе ў арганізме стэроідных гармонаў і інш.

Тв.:

Марфалагічныя і бактэрыялагічныя аспекты ўзаемаадносін у сістэме маці — плод пры ўнутрыстраўнікавым заражэнні самак энтэрапатагенным штамам E. coli (у сааўт.) // Весці АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1995. № 1;

Морфафункцыянальныя змены фалікулаў шчытападобнай залозы ў раннія тэрміны халестазу (у сааўт.) // Там жа. № 2.

т. 10, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦІН (Яраслаў Георгіевіч) (6.2.1942, в. Малая Плотніца Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1964), з 1970 працаваў у ім. З 1985 у Бел. НДІ кардыялогіі (заг. лабараторыі). Навук. працы па распрацоўцы і ўдасканаленні методык абследавання і лячэння хворых з сардэчнымі арытміямі, распрацоўцы партатыўных аўтам. устройстваў для аналізу рытму сэрца і яго парушэнняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Мониторирование электрокардиограммы // Инструментальные методы исследования в кардиологии. Мн., 1994;

Клиника, диагностика и лечение основных видов сердечных аритмий // Ишемическая болезнь сердца. Мн., 1997.

т. 11, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ХА ((Průcha) Яраслаў) (24.4.1898, Скврняні, каля г. Пльзень, Чэхія — 25.4.1963),

чэшскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Чэхаславакіі (1953). У 1924—28 акцёр Гар. т-ра ў Кладна (з 1963 імя П.), у 1931—63 працаваў у Нац. т-ры ў Празе. Сярод роляў: Гален («Белая хвароба» К.​Чапека), Ян Жыжка, Войнар, Дзівішак («Ян Жыжка», «Войнарка», «Бацька» А.​Ірасека), Марцін Кабат («Жарты з чортам» Я.​Дрды), Вяршынін («Тры сястры» А.​Чэхава), Лёўшын («Ворагі» М.​Горкага) і інш. Найб. цікавыя рэжысёрскія работы — пастаноўкі п’ес І.​К.​Тыла (у т. л. «Упартая жанчына»). Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1951, 1952.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)