ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл. Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.

У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;

Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;

Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБЕРЫ́ЙСКА-КАЎКА́ЗСКІЯ МО́ВЫ, каўказскія мовы,

умоўная назва сукупнасці каля 40 аўтахтонных (карэнных) моў Каўказа. Пашыраны пераважна на Паўн. Каўказе, у Закаўказзі, Турцыі і Іране. Пытанне іх роднасці з інш. мовамі свету канчаткова не высветлена. І.-к.м. падзяляюць на 3 групы: абхазска-адыгскія, картвельскія і нахска-дагестанскія мовы (паводле інш. класіфікацыі нахска-дагестанскую групу падзяляюць на 2 — нахскую і дагестанскую). Найб. пашырана грузінская мова, што мае стараж. пісьменства. Пасля 1917 літаратурнымі сталі абазінская, абхазская, аварская, адыгейская, даргінская, інгушская, кабардзінская, лакская, лезгінская, табасаранская і чэчэнская. Алфавіты на арабскай і лац. графіцы, у 1936—39 пераведзены на рускую. Астатнія 25 моў бяспісьменныя (занская, сванская, бацбійская, убыхская і шэраг дагестанскіх моў).

Асаблівасць фанетыкі І.-к.м. — багатая сістэма зычных (напр., ва убыхскай мове 82 зычныя). Марфалогія І.-к.м. аглюцінатыўная (з элементамі фузіі ў нахска-дагестанскіх і з’явамі полісінтэтызму ў абхаза-адыгскіх мовах); прэфіксальны лад — агульнакаўк. рыса словазмянення і словаўтварэння. Іменныя класы раней уласцівы ўсім І.-к.м. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць эргатыўнай канструкцыі сказа. Лексіка ўключае шмат агульных запазычанняў з араб., іранскай, цюркскіх і інш. моў.

Літ.:

Климов Г.А., Алексеев М.Е. Типология кавказских языков. М., 1980;

Климов Г.А. Введение в кавказское языкознание. М., 1986.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬЦКІЯ МО́ВЫ,

група моў, якія адносяцца да індаеўрапейскай сям’і моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). У 1-м тыс. да н.э. былі пашыраны ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Іспаніі, Паўн. Італіі. Пазней зона іх распаўсюджання значна скарацілася. Паводле геагр. прыкметы падзяляюць на кантынент. і астраўныя. Іх вылучаюць у 3 падгрупы: гальскую (гальская, кельтыберская, лепантыйская), гайдэльскую (ірл., гэльская, мэнская) і брыцкую (валійская, корнская, брэтонская). Мэнская, корнская, кельтыберская, лепантыйская і гальская — мёртвыя мовы; ірландская мовадзярж. мова Ірландыі (разам з англ.); валійская ўжываецца ў перыёдыцы і на радыё, выкладаецца ў школах (разам з англ.); брэтонская і гэльская мовы — сукупнасць рэгіянальных дыялектаў без устойлівай пісьмовай літ. нормы і ўжываюцца ў вуснай форме. Некат. асаблівасцямі К.м. збліжаюцца з італійскімі мовамі.

Стараж. К.м. былі флектыўнымі, для сучасных характэрны аналіт. тып марфалогіі. У фанетыцы розныя камбінаторныя змяненні гукаў (галосных і зычных), інкарпарацыя, спрашчэнне канцавых складоў, сілавы націск, спецыфічнае ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў, цвёрды парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі кантынент. К.м. датуюцца прыблізна 5—1 ст. да н.э. (надпісы на камянях, графіці на вазах, этрускае пісьмо і інш.), астраўных — 4—11 ст. (агамічныя надпісы, глосы і інш.). Вывучае К.м. кельталогія.

Літ.:

Льюис Г., Педерсен Х. Краткая сравнительная грамматика кельтских языков: Пер. с англ. М., 1954.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ ГРАМА́ТЫКА, параўнальна-супастаўляльная граматыка,

тып лінгвістычнага апісання, у якім разглядаюцца дзве або некалькі моў з пункту гледжання наяўнасці агульных і спецыфічных рыс. Вылучаюць параўнальна-гістарычную граматыку (параўнальнае апісанне моў у дыяхранічным аспекце),

гал. мэта якой выяўленне генет. блізкасці моў праз дыяхранічны аналіз іх агульных рыс, і параўнальна-супастаўляльную граматыку (параўнальнае апісанне моў у сінхранічным аспекце; наз. таксама кантрастыўнай, канфрантатыўнай ці супастаўляльнай граматыкай або параўнальнай тыпалогіяй моў), якая разглядае падабенства і асаблівасць моў, што параўноўваюць незалежна ад іх генет. адносін. Традыцыйна пад паняццем П.г. разглядаюць параўнанне не толькі ўласна грамат. ладу супастаўляемых моў, але і іх фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння і сінтаксісу. П.г. мае не толькі тэарэтычны, але і прыкладны характар (пераклад, выкладанне і навучанне мовам). Першыя навук. працы па П.г. з’явіліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. і звязаны з узнікненнем параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. У ліку першых параўнальных усх.-слав. даследаванняў былі «Параўнальная граматыка славянскіх моў» В.​К.​Паржазінскага і «Уводзіны ў параўнальную граматыку славянскіх моў» А.​М.​Сялішчава (абодва 1914).

Літ.:

Гурскі М.І. Параўнальная граматыка рускай і беларускай моў. 2 выд. Мн., 1972;

Нехай О.А., Поплавская Т.В. Сравнительная типология английского и белорусского языков. Мн., 1983;

Гл. таксама да арт. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІРЫЯЛО́ГІЯ,

галіна ўсходазнаўства, якая вывучае мову, гісторыю і культуру стараж. народаў Двухрэчча (шумераў, вавіланян, асірыйцаў, хетаў і інш.) і суседніх краін, што карысталіся клінапісам. Часам узнікнення асірыялогіі як навукі лічаць 1857, калі быў расшыфраваны першы клінапісны тэкст. База для развіцця асірыялогіі закладзена даследаваннямі Г.Роўлінсана, які адкрыў у Іране клінапісныя надпісы цара Дарыя I, працамі Г.Ф.Гротэфенда па расшыфроўцы стараж.-перс. клінапісаў, археал. раскопкамі на тэр. Ірака, дзе ў 1-й пал. 19 ст. выяўлены рэшткі асірыйскіх гарадоў (Ніневіі, Дур-Шарукіна і інш.), знойдзены каштоўныя дакументы (б-ка асірыйскага цара Ашурбаніпала, архіў Тэль-эль-Амарна, законы вавілонскага цара Хамурапі і інш.). Поспехаў у галіне асірыялогіі дасягнулі Ф.Цюро-Данжэн (Францыя), Г.​Цымерн і Б.​Мейснер (Германія), С.​Н.​Крамер (ЗША), Б.Грозны (Чэхія) і інш. У Рас. імперыі асірыялогіяй займаліся У.​С.​Галянішчаў, М.В.Нікольскі, беларус К.А.Касовіч, які ў 1871 выдаў стараж.-перс. клінапісныя надпісы. У сав. час пытанні Асірыялогіі распрацоўвалі І.​М.​Дзьяканаў, М.М.Нікольскі, В.В.Струвэ, Б.А.Тураеў, А.І.Цюменеў, У.​К.​Шылейка і інш. На Беларусі праблемамі асірыялогіі (хеталогія) займаецца Г.​І.​Даўгяла. Важнейшымі цэнтрамі асірыялогіі з’яўляюцца Усходні ін-т у Чыкага (ЗША), Багдадскі музей, Луўр (Парыж), Брытанскі музей (Лондан), Папскі біблейскі ін-т (Рым), ун-ты Прагі, Берліна, Лейдэна, С.-Пецярбурга, Тбілісі, Ерэвана і інш.

Літ.:

Фридрих И. Дешифровка забытых письменностей и языков: Пер. с нем. М., 1961;

Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967.

Г.​І.​Даўгяла.

т. 2, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАЕЎРАПЕІ́СТЫКА, індаеўрапейскае мовазнаўства,

галіна параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, якая вывучае індаеўрапейскія мовы. Грунтуецца на даследаванні адпаведнасцей паміж падобнымі элементамі індаеўрап. моў (з арыентацыяй на іх стараж. стан) і інтэрпрэтацыі гэтых адпаведнасцей.

Ля вытокаў І. — ням. мовазнавец Ф.​Боп і дацкі вучоны Р.​К.​Раск. Асн. дасягненні 1-га перыяду ў развіцці І. (пач. 19 ст.) — вызначэнне кола індаеўрап. моў, стварэнне першай параўнальна-гіст. граматыкі (Боп) і асноў індаеўрап. этымалогіі (ням. мовазнавец А.​Пот). 2-і перыяд (сярэдзіна 19 ст.) вызначаецца працамі ням. вучоных А.Шлайхера, І.Шміта, А.​Фіка (індаеўрап. этымалогія). 3-і перыяд (канец 19 — пач. 20 ст.) звязаны з младаграматызмам, а таксама з працамі Ф. дэ Сасюра, П.Ф.Фартунатава, А.Мее, Х.Педэрсена і інш.

Развіццё І. характарызуецца пашырэннем матэрыялу даследаванняў (адкрыццё хецкай і інш. анаталійскіх моў), увагай да малавядомых моў, новымі тэорыямі ў галіне вакалізму і кансанантызму (ларынгальная тэорыя, акцэнтуацыя), структуры іменных асноў і кораня, арыгінальнымі ідэямі, звязанымі са структурай склонавай парадыгмы і дзеяслова, новымі гіпотэзамі пра дыялектны падзел стараж. індаеўрап. кантынуума і яго генетычных сувязях з настратычнымі мовамі і інш. (Э.Бенвеніст, Е.Курыловіч, Ф.​Шпехт, Ю.​Покарны, В.​Пізані, Дж.​Дэвота, В.Порцыг, В.​У.​Іванаў і інш.).

Літ.:

Общее и индоевропейское языкознание: Обзор лит.: Пер. с нем. М., 1956;

Савченко АН. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. М., 1974;

Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

размежаванне моў свету пры іх параўнальным вывучэнні па пэўных таксанамічных рубрыках у адпаведнасці з прынцыпамі, якія вынікаюць з агульнай мэты даследавання і на падставе пэўных адзнак. Існуюць 4 асн. віды К.м.: генеалагічная класіфікацыя моў, арэальная, тыпалагічная класіфікацыя моў і сацыялінгвістычная. Генеалагічная К.м. праводзіцца на аснове вывучэння роднасці моў параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. Арэальная К.м. улічвае прыкметы, звязаныя з моўнымі кантактамі і ўзаемаадносінамі паміж мовамі (гл. Арэальная лінгвістыка) ці дыялектамі (гл. Лінгвістычная геаграфія). Тыпалагічная К.м. заснавана на паняцці падабенства (фармальнага ці семантычнага) моў. Сацыялінгвістычная (функцыянальная) К.м. грунтуецца на вызначэнні аб’ёму і структуры камунікацыі на той ці інш. мове (гл. Функцыянальная лінгвістыка).

Генеалагічная К.м. мае абсалютны характар (кожная мова адносіцца да адной пэўнай генеалагічнай групы і не можа змяніць гэтай прыналежнасці). Сацыялінгвістычныя характарыстыкі моў з цягам часу мяняюцца. Тыпалагічная К.м. заўсёды адносная і гістарычна зменлівая з прычыны зменлівасці структуры мовы і яе тэарэт. асэнсавання. Арэальная К.м. характарызуецца большай або меншай устойлівасцю ў залежнасці ад абраных параметраў класіфікацыі Генеалагічнае падабенства з цягам часу сціраецца, арэальнае — у выпадку канвергентнага развіцця моў — можа ўзмацняцца. Для арэальнай класіфікацыі істотны тэр. паказчык, генеалагічная К.м. не залежыць ад лакалізацыі моў.

Пытанні К.м. актыўна распрацоўваюцца з пач. 19 ст. («Мітрыдат» ням. філолага І.​К.​Адэлунга, дзе ў сінкрэтычнай форме азначаны арэальная, генеалагічная і тыпалагічная К.м.). З сярэдзіны 20 ст. вывучаюцца тэарэт. прынцыпы розных відаў К.м.; даследуюцца праблемы арэальнай і тыпалагічнай К.м.

Літ.:

Теоретические основы классификации языков мира. [Ч. 1—2]. М., 1980—82;

Общее языкознание. 2 изд. Мн., 1995;

гл. таксама пры арт. пра кожны від К.м.

А.​М.​Рудэнка.

т. 8, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НСКІЯ МО́ВЫ,

група моў індаеўрапейскай сям’і (гл. Індаеўрапейскія мовы), якія паходзяць ад лацінскай мовы. Адзінае меркаванне пра колькасць Р.м. адсутнічае. Звычайна ў Р.м. ўключаюць: партуг., ісп., каталанскую, франц., правансальскую, рэтараманскую, італьян., сардзінскую, рум. мовы. Больш за 60 краін выкарыстоўваюць Р.м. як нац. ці афіц. мовы (у т. л. франц. — 30, ісп. — 20, партуг. — 7, італьян. — 3 краіны). Адрозніваюць 3 зоны пашырэння Р.м.: «Старая Раманія» — тэр. Еўропы, якая ўваходзіла ў склад Рымскай імперыі і захавала раманскае маўленне, ядро фарміравання Р.м. (Італія, амаль уся Іспанія, Партугалія і Францыя, паўд. Бельгія, зах. і паўд. Швейцарыя, асн. тэр. Румыніі, Малдовы); пашырэнне Р.м. па-за межамі Еўропы ў выніку каланізацыі ў 16—18 ст. Паўн. і Паўд. Амерыкі, т.зв. «Новая Раманія» (ч. Паўн. Амерыкі, амаль уся Цэнтр. і Паўд. Амерыка, б.ч. Антыльскіх а-воў); краіны, у якіх у выніку калан. экспансіі Р.м. сталі афіц. мовамі, але не выцеснілі мясц. моў (значная ч. Афрыкі, невял. тэр. ў Паўд. Азіі і Акіяніі).

У параўнанні з лац. моваю Р.м. характарызуюцца эвалюцыяй у бок аналітызму. Імя згубіла катэгорыю склону (за выключэннем рум. мовы), развіла асобныя формы артыкля, дзеяслоў набыў сістэму складаных канструкцый на аснове спалучэння неасабовых форм і дапаможных дзеясловаў. У сінтаксісе тэндэнцыя да фіксаванага парадку слоў у сказе. Гіст. супольнасць Р.м. падтрымліваецца інтэграцыйнымі працэсамі шляхам запазычвання і асваення вял. колькасці лац. слоў, словаўтваральных мадэлей і сінтакс. канструкцый, а таксама ў выніку міжраманскага ўзаемаабмену, пераважна ў лексіцы. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Грамматика и семантика романских языков. М., 1978;

Алисова Т.Б., Репина Т.А., Таривердиева М.А. Введение в романскую филологию. 2 изд. М., 1987.

У.​В.​Макараў.

т. 13, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЕ МОВАЗНА́ЎСТВА, кампаратывістыка,

галіна мовазнаўства, якая даследуе генетычныя сувязі моў, апісвае моўную роднасць у яе эвалюцыі ў часе і прасторы, вывучае асобную мову (або групу моў) у яе развіцці на падставе параўнання з адпаведнымі фактамі іншых моў. Узнікла ў 19 ст., калі младаграматыкі (гл. Младаграматызм) стварылі ўласную канцэпцыю моўнай эвалюцыі і сфармулявалі ідэі фанет. законаў, змяненняў па аналогіі, адноснай храналогіі і інш. Да прыёмаў даследавання П.-г. м. адносяцца: вызначэнне генет. прыналежнасці пэўных фактаў; фармуляванне правіл суадпаведнасці паміж моўнымі структурамі ў сферы фанетыкі, марфалогіі, а таксама (у меншай ступені) сінтаксісу і семантыкі; мадэляванне архетыпаў — зыходных форм прамовы; стварэнне моўнай храналогіі; рэканструкцыя першасных і другасных станаў сістэмы мовы і інш. П.-г. м. дазваляе пайсці ў глыб гісторыі мовы за межы самых стараж. тэкстаў шляхам высвятлення асобных з’яў і фактаў пэўнай мовы з дапамогай фактаў роднаснай мовы, гісторыя якой прасочваецца з больш стараж. часоў (напр., у адносінах да бел. мовы такімі мовамі з’яўляюцца старажытнаруская мова і стараславянская мова). Дае магчымасць высветліць ступень роднасці паміж мовамі адной моўнай сям’і і ўдакладніць генеалагічную класіфікацыю моў. Мае лінгвадыдактычную накіраванасць, бо дазваляе ствараць т.зв параўнальна-гіст. граматыкі (гл. Параўнальная граматыка). Грунтуецца на прынцыпе параўнання моў, што звязвае яго з апісальным і агульным мовазнаўствам і прынцыпе гістарызму, што збліжае яго з гіст. лінгвістыкай і сацыялінгвістыкай. Выкарыстанне створанага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду даследавання моўных з’яў дало магчымасць дасягнуць значных навук. вынікаў у параўн.-гіст. граматыцы індаеўрап., алтайскіх, фіна-угорскіх, семіцкіх, дравідыйскіх, кіт.-тыбецкіх і інш. моўных сем’яў, а таксама стварыць асновы граматыкі настратычных моў. На Беларусі даследаванні ў галіне П.-г. м. вяліся і вядуцца Т.​С.​Глушак, Р.​М.​Казловай, Р.​В.​Краўчуком, В.​У.​Мартынавым, А.​Я.​Супруном і інш. Выдаецца шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93).

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании: Пер. с фр. М., 1954;

Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980;

Десницкая А.В. Сравнительное языкознание и история языков. Л., 1984.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЛАВА́НСКАЯ МО́ВА, агульнаславянская мова,

мова старажытных славян перыяду іх адноснага адзінства. У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распалася на асобныя славянскія мовы. На думку некат. вучоных, паміж індаеўрап. і праслав. перыядамі існаваў перыяд балтаславянскай прамовы, з якой П.м. вылучылася ў канцы 1-га тыс. да н.э. Разам з прабалт., індаіран. і армянскай П.м. належыць да групы satem індаеўрапейскіх моў. Носьбіты П.м. змянілі тэр. жыхарства (слав. прарадзіму) у Цэнтр. і Усх. Еўропе; верагодна ў 1-м тыс. да н.э. тэр. прарадзімы славян (да гэтага часу размяшчаліся больш на З і Пн) ахоплівала Прыпяцкае Палессе. П.м. зведала дыялектнае чляненне. Адна са стараж. дыялектных ’яе рыс — адрозненне выбухнога і фрыкатыўнага вымаўлення «г». Перад распадам П.м. вылучаліся паўн. і паўд., зах. і ўсх. дыялектныя зоны. За час існавання зазнала істотныя змены. У фанетыцы пры вылучэнні з індаеўрап. адзінства мяккія заднеязычныя зычныя ператварыліся ў свісцячыя, супалі прыдыхальныя і непрыдыхальныя зычныя, у пэўных пазіцыях s перайшло ў «х», адбылася дэлабіялізацыя галосных. Фанет. працэсы праходзілі ў 2 гал. кірунках: узыходнай гучнасці (манафтангізацыя дыфтонгаў, узнікненне насавых галосных, станаўленне закона адкрытага складу і інш.) і гармоніі (палаталізацыя заднеязычных зычных, змена гукаў побач з j і інш.) складу. У марфалогіі адбывалася перабудова сістэмы часцін мовы (падзел імені на назоўнікі і прыметнікі, узнікненне ўмоў для вылучэння лічэбнікаў, рост прыслоўяў), тыпаў скланення, утварэнне новага імперфекта ў дзеяслова, станаўленне апазіцыі незакончанага і закончанага трывання. Пашырылася прэфіксальнае словаўтварэнне дзеясловаў, суфіксальнае — назоўнікаў і прыметнікаў, замацоўваўся слав. тып простага сказа, ствараліся перадумовы для развіцця складанага сказа. Лексіка П.м. значна ўзбагацілася ўласнымі новаўтварэннямі, часткова запазычаннямі з балт., германскіх, іранскіх і інш. моў. П.м. не мела пісьмовай фіксацыі. Стан і развіццё яе рэканструююцца параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. П.м. як продка ўсіх сучасных слав. моў вывучае славянскае мовазнаўства.

Літ.:

Чекман В.Н. Исследования по исторической фонетике праславянского языка. Мн., 1979;

Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981;

Мартынов В.В. Становление праславянского языка по данным славяно-иноязычных контактов. Мн., 1982;

Этимологический словарь славянских языков: Праславянский лексический фонд. Вып. 1—25. М., 1974—99.

А.​Я.​Супрун.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)