ЛАЗАКО́ВІЧ Тамара Васілеўна (11.3. 1954, в. Сеўскае Праўдзінскага р-на Калінінградскай вобл., Расія — 1.11.1992),

бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1972). З 1976 дзярж. трэнер СССР па Віцебскай вобл. Чэмпіёнка XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія) у камандным першынстве, сярэбраны прызёр у практыкаваннях на гімнастычным бервяне, бронз. — у асабістым першынстве і вольных практыкаваннях. Чэмпіёнка свету (1970, г. Любляна, Югаславія) у камандным першынстве. Чэмпіёнка Еўропы (1971, Мінск) у асабістым першынстве (мнагабор’е), у практыкаваннях на бервяне і брусах, уладальніца Кубка Еўропы (1971) у практыкаваннях на бервяне.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУ́МБІЧ (Trumbić) Антэ (17.5.1864, г. Спліт, Харватыя — 17.11.1938),

харвацкі і югаслаўскі паліт. дзеяч. Д-р права (1890). Вучыўся ва ун-тах Заграба, Вены і Граца (Аўстрыя). З 1 894 чл. харвацкай (далмацінскай) Партыі права. У 1895—1918 дэп. Далмацінскага сабора і аўстр. парламента. Заснавальнік ліберальна-бурж. Харвацкай партыі (1905), якая выступала за харвацка-сербскае збліжэнне. З 1915 старшыня Паўднёваславянскага камітэта; ад яго імя падпісаў Корфскую дэкларацыю 1917 аб стварэнні Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія), міністрам замежных спраў якога быў у 1918—20.

т. 15, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫБУРДАНІ́ДЗЕ Мая Рыгораўна (н. 17.1.1961, г. Кутаісі, Грузія),

грузінская шахматыстка. Чэмпіёнка свету (1978—91), 6-я ў гісторыі шахмат. Міжнар. гросмайстар сярод жанчын (1977) і мужчын (1984). Засл. майстар спорту СССР (1978). Пераможца 5 шахматных алімпіяд (1978—86) у складзе зборнай каманды СССР. Чэмпіёнка СССР сярод дзяўчат (1976) і жанчын (1977). Пераможца і прызёр буйных міжнар. турніраў: у Тбілісі (1975, 1984), Будапешце (1978), Бялградзе (1979, 1983), г. Бад-Кісінген, Германія (1979), г. Яйцы, Югаславія (1986), Бруселі (1987). Уладальніца міжнар. шахматнага прыза «Оскар» (1984—87).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 17, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЦЮ́К-ЖУКО́ЎСКІ Аляксей Андрэевіч (н. 15.8.1953, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979), з 1981 выкладаў у ім, з 1982 — у Бел. каледжы мастацтваў у Мінску. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу ў рэаліст. манеры. Творам уласцівы лаканізм выяўл. сродкаў, псіхалагізм: «Бабіна лета. Бульба» (1979), «Ля матчынага парога» (1980), «Слуцкія ткачыхі» (1981), «Вясна Перамогі. Салдатка» (1984), «Мелодыя стагоддзяў» (1986), «Мір табе, зямля мая» (1987), «Ля студні» (1991), «Пажоўклыя лісты» (1995), «Лёс» (1996), трыпціхі «Раніца «залатога» дажджу» (1996), «Бязвінна загінуўшым воінам» (1998), «Укрыжаваная Югаславія» (1999), «Здрадніцтва» (2000).

т. 12, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛМА́ТАЎ (сапр. Лучыч Васіль Панцеляймонавіч; 1852, вобл. Далмацыя, Югаславія — 27.2.1912),

рускі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у Адэсе. У 1873—76 у Маск. агульнадаступным т-ры, у 1880—84 у маскоўскіх т-рах Пушкінскім і Ф.​Корша, у 1884—94 і з 1901 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). Яго мастацтва вызначалася высокай культурай, філіграннай дакладнасцю, уменнем ствараць тыповыя вобразы. Сярод роляў: Гамлет, Макбет, кароль Лір (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.​К.​Талстога), Агішын («Жаніцьба Бялугіна» А.​Астроўскага і М.​Салаўёва), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Ракіцін, граф Любін («Месяц у вёсцы», «Правінцыялка» І.​Тургенева). Аўтар п’ес, фельетонаў, апавяданняў і аповесцей з тэатр. жыцця.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІМІТРО́Ў Георгі Петраў (19.4.1904, г. Белаградчык, Балгарыя — 12.3.1979),

балгарскі кампазітар, харавы дырыжор. Нар. арт. Балгарыі (1967). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1929). У 1923—39 жыў у эміграцыі (Югаславія, Польшча). У 1940—48 маст. сакратар Сафійскай нар. оперы, у 1946—58 кіраўнік хору імя Г.​Кіркава, дзярж. канцэртнага аб’яднання «Музыка». Адзін з ініцыятараў выдання і рэдактар (1952—55) час. «Българска музика» («Балгарская музыка»). З 1949 выкладаў у Балг. кансерваторыі (з 1962 праф.). Аснова яго кампазітарскай творчасці — хар. песні і канцэртныя п’есы. У хар. творах апіраўся на балг. сял. фальклор і рэв. песню. Аўтар муз.-публіцыстычных артыкулаў. Дзімітроўская прэмія 1950.

т. 6, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́ДАВІЧ (Обрадовић) Дасітэй (да манаства Дзімітрый; каля 1739, в. Чакава, Югаславія — 28.3.1811),

сербскі пісьменнік і асветнік, пачынальнік новай сербскай л-ры на нар. мове. Першы міністр асветы Сербіі (1811). Вучыўся ў Гале, Лейпцыгу, Вене. Вандраваў па Еўропе, у 1787 быў на Беларусі (г. Шклоў). У 1808 арганізаваў т.зв. Вялікую школу ў Бялградзе (пазней ун-т). У філас. і павучальных творах «Пісьмо да Харалампія» (1782), «Парады цвярозага розуму» (1784), «Байкі» (1788), «Збор розных павучальных рэчаў...» (1793), аўтабіягр. рамане «Жыццё і прыгоды Дзімітрыя Абрадавіча...» (ч. 1—2, 1783—88) выкрываў абскурантызм, змагаўся за рацыяналізм мыслення і гуманізм, адстойваў неабходнасць усеагульнай адукацыі, заклікаў паўд. славян да адзінства.

Тв.:

Сабрана дела. Т. 1—3. Београд, 1961.

т. 1, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСПА́РАЎ Гары Кімавіч (н. 13.4.1963, Баку),

расійскі спартсмен (шахматы). Міжнар. гросмайстар (1980), засл. майстар спорту СССР (1985). Скончыў Азерб. пед. ін-т замежных моў (1986). Чэмпіён свету (1980), СССР (1975—77) сярод юнакоў. Чэмпіён свету (1985—97), па версіі ПША (Прафес. Шахматная Асацыяцыя), СССР (1981, 1988), шахматных Алімпіяд (1980, 1982, 1986). Уладальнік Кубка свету (1989, г. Шэлефтэо, Швецыя), прыза «Шахматны Оскар» (1982—83, 1985—88, 1995—96). Пераможца міжнар. турніраў (1980, Баку; 1982, г. Бугойна і 1983, г. Нікшыч, Югаславія; 1986—87, Брусель; 1990, г. Тылбург, Нідэрланды). З 1986 прэзідэнт ПША, прэзідэнт дзіцячага клуба «Камп’ютэр».

Тв.:

Два матча. М., 1987;

Безлимитный поединок. 2 изд. М., 1990;

The child of change. London, 1987.

т. 8, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАНКА Сяргей Лаўрэнцьевіч (н. 11.9.1937, г. Крывы Рог, Украіна),

бел. спартсмен і трэнер па веславанні на байдарках і каноэ. Засл. майстар спорту СССР (1960), майстар спорту СССР міжнар. класа (1965). Засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1969). З 1975 старшы трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства і зборнай каманды Беларусі, у 1995—99 старшы трэнер нац. каманды па веславанні на байдарках і каноэ. Чэмпіён XVII Алімп. гульняў (1960, Рым) на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён свету і Еўропы (1963, г. Яйцы, Югаславія), Еўропы (1961, г. Познань, Польшча) на дыстанцыі 10 тыс. м. Чэмпіён СССР (19 59—63, на дыстанцыях 1000 і 10 тыс. м; усюды на каноэ-двойцы, разам з Л.Гейштарам).

т. 9, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРВА́ЦКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая, харвацкасербская, што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце харватамі і сербамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы харватаў, сербаў, чарнагорцаў і мусульм. часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час тур. панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус сербскай мовы (у Саюзнай Рэспубліцы Югаславія, з 2003 Сербія і Чарнагорыя) і Х.м. (у Рэспубліцы Харватыя).

Мае дыялекты: наваштокаўскі, чакаўскі, кайкаўскі. Х.м. ўласцівы: у фанетыцы — адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у сістэме кансанантызму не развіта мяккасць, цвёрдыя зычныя не змякчаюцца перад галоснымі пярэдняга раду, звонкія зычныя на канцы пераважна не аглушаюцца, націск політанічны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адзіночным ліку, выяўленне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў адзіночным ліку мужчынскага роду, скланенне запазычаных назоўнікаў і абрэвіятур, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык; у лексіцы — істотны герм. і раманскі ўплыў на раннім этапе развіцця мовы, стварэнне замест новых запазычанняў з неслав. моў новых слоў на базе элементаў сваёй мовы або запазычанне лексікі з блізкароднасных моў, пераважна з чэшскай.

Першыя пісьмовыя помнікі: глагалічны тэкст дарчага надпісу, высечаны на Башчанскай пліце (каля 1100), глагалічны рукапіс рэліг. зместу «Венскія лісткі» (12 ст.). У аснове харвацкай лацініцы (гаіцы ці гаевіцы) традыц. лац. пісьмо, адаптаванае да гукавога складу мовы ўвядзеннем дыякрытычных знакаў і стварэннем дыграфаў.

Літ.:

Булахов М.Г. Славянские языки: происхождение, история, современное состояние. Мн., 2001.

Л.​В.​Лявонава.

т. 16, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)