ЛІФЛЯ́НДЫЯ (ням. Livland краіна ліваў),

1) нямецкая назва Лівоніі ў 13—16 ст. 2) Афіцыйная назва тэр. Паўн. Латвіі і Паўд. Эстоніі (лат. Відземе, эст. Ліівімаа) у 17 — пач. 20 ст. ў складзе Швецыі (1629—1721, правінцыя) і Расіі (1721—1917, Ліфляндская губ.).

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗЕМСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

узгоркавае ўзвышша на ПнУ Латвіі. Складаецца з Цэнтральна-відземскага узв. (з вышэйшым пунктам Латвіі г. Гайзінькалнс, 311 м) і размешчанага на ПнУ Алуксненскага узв. (г. Дэлінькалнс, 271 м), якое пераходзіць ва узв. Хаанья (у Эстоніі). Складзена пераважна з марэнных суглінкаў. У нізінах — азёры.

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́РНУ,

прыморскі кліматычны і гразевы курорт у Эстоніі. Вядомы з 1838, адкрыта водалячэбніца. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Асн. лекавыя фактары — клімат і марскія сульфідныя глеевыя гразі. Лечаць органы кровазвароту, стрававання, апоры і руху, нерв. сістэму, гінекалагічныя хваробы. Дробнапясчаны пляж, марскія купанні. Санаторыі, водагразелячэбніца, дамы адпачынку.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВО́НІЯ (лац. Livonia, ням. Livland краіна ліваў),

Інфлянты, гістарычная назва зямель Усх. Прыбалтыкі, якая першапачаткова адносілася да вобласці рассялення ліваў на ўзбярэжжы Рыжскага заліва. З 2-й чвэрці 13 ст. яна пашырана на ўсю тэр. Латвіі і Эстоніі, заваяваную ням. крыжакамі. Л. называлі канфедэрацыю 5 духоўна-феад. дзяржаў (Лівонскі ордэн, Рыжскае арцыбіскупства, Дэрпцкае, Эзель-Вікскае, Курляндскае біскупствы), якія намінальна былі пад уладай рым. папы і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ і пазней у Рэчы Паспалітай у дачыненні да Л. ўжывалася назва Інфлянты. Пасля распаду Лівонскага ордэна (1561) у час Лівонскай вайны 1558—83, далучэння Паўн. Эстоніі да Швецыі (1561) і ўтварэння Курляндскага герцагства (1561) назва Л. (Інфлянты) ужывалася толькі ў адносінах да Паўн. Латвіі і Паўд. Эстоніі, якія ў 1561 перайшлі пад ўладу ВКЛ. Тут было ўтворана Задзвінскае герцагства (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У выніку вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 Паўд. Эстонія і Паўн.-Зах. Латвія захоплены Швецыяй і ператвораны ў яе правінцыю. З 17 ст. за гэтай тэрыторыяй замацавалася ням. назва Ліфляндыя. У выніку Паўночнай вайны 1700—21 яна далучана да Расіі як Ліфляндская губ. Частка Л., што пасля 1629 засталася ў Рэчы Паспалітай, у 1667 ператворана ў Інфлянцкае ваяв. з цэнтрам у г. Дынабург (цяпер Даўгаўпілс, Латвія). Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) гэта тэрыторыя далучана да Расіі.

т. 9, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РЫ ((Meri) Ленарт-Георг) (н. 29.3.1929, Талін),

эстонскі дзярж. дзеяч, дыпламат, пісьменнік. Сын эст. дыпламата Г.​Меры, які да 2-й сусв. вайны знаходзіўся з сям’ёй у Берліне і Парыжы. Скончыў Тартускі ун-т (1953). У 1941 разам з маці і братам дэпартаваны сав. ўладамі ў Сібір, адкуль вярнуўся ў Эстонію ў 1946. З-за забароны працаваць па спецыяльнасці (гісторыя) займаўся драматургіяй, кінадакументалістыкай, радыёжурналістыкай, перакладамі; удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па вывучэнні фіна-угорскіх і народаў Сярэдняй Азіі. З 1986 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Эстоніі. З крас. 1990 міністр замежных спраў Эстоніі, з крас. 1992 пасол у Фінляндыі. З кастр. 1992 прэзідэнт Эст. Рэспублікі (у вер. 1996 перавыбраны). Аўтар кніг лірычных і філас. падарожных дзённікаў: «У краіну вулканаў» (1964; пра Камчатку), «Зорная ваколіца» (1974; пра падарожжа па паўн. узбярэжжы Еўразіі), «Серабрысты світанак» (1976; гісторыя фіна-угорскіх плямён).

т. 10, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎДВЕ́Э (Сільвія Янаўна) (н. 21.8.1927, в. Лехцэ Ярваскага пав., Эстонія),

бел. і эстонская мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Дзярж. маст. ін-т Эстоніі (1961). З 1961 мастак шклозавода «Нёман» у г.п. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл. З 1974 жыве ў Эстоніі, некат. час працягвала супрацоўніцтва са шклозаводам «Нёман». Аўтар узораў маст. посуду, які вызначаецца пастэльным каларытам, выяўленчасцю дэкору, высокай прафес. культурай, дызайнерскім падыходам: наборы «Універсальны» (1967), «Чырвона-сіні» (1968), «Масква золатагаловая» (1972), «Кухонны» (1973), «Гульня з шарамі» (1974), «Ветразі», «Поле» (абодва 1977), кубкі «Званочкі» (1971), «Талін», «Тарту» (абодва 1984), прыборы для крушону «Нектар» (1969), наборы падсвечнікаў «Люты» (1978), кампазіцыі «Флора», «Вясна», «Старыя лямпы» (усе 1969), анімалістычныя скульптуры, вострахарактарныя маскі, гратэскныя партрэты і інш. Аўтар вітража ў будынку гасцініцы пасольства Беларусі ў Маскве (1978).

М.​М.​Яніцкая.

С.Раўдвеэ. Камплект «Кухонны». Фрагмент 1973.

т. 13, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЙТЭЛЬ ((Rüütel) Арнольд) (н. 10.5.1928, в. Лайм’яла, в-аў Саарэмаа. Эстонія),

эстонскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны-аграном. Д-р с.-г. н. (1991), праф. (1991). Скончыў Эст. с.-г. акадэмію ў г. Тарту (1964). З 1956 пам. дырэктара, дырэктар эксперым. базы Эст. ін-та жывёлагадоўлі і ветэрынарыі, з 1963 дырэктар Тартускага ўзорнага саўгаса. У 1969—77 рэктар Эст. с.-г. акадэміі. З 1977 сакратар ЦК Камуніст. партыі Эстоніі па пытаннях сельскай гаспадаркі. У 1979—83 1-ы нам. старшыні СМ Эст. ССР. З 1983 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Эст. ССР, у 1990—92 старшыня Вярх. Савета Эстоніі. Чл. Канстытуцыйнай асамблеі (1991—92). З 1993 дырэктар Ін-та нац. развіцця і супрацоўніцтва. Дэп. (1995—2001) і віцэ-старшыня (1995—97) парламента (Рыйгікога) ад апазіц. партыі Саюз эст. народа. З вер. 2001 прэзідэнт Эст. Рэспублікі.

А.Руйтэль.

т. 13, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВА́НЕМУЙНЕ», Эстонскі акадэмічны тэатр «Ванемуйне»,

старэйшы т-р Эстоніі, які аб’ядноўвае оперу, драму, аперэту і балет. Засн. ў 1870 у Тарту па ініцыятыве эст. паэтэсы і драматурга Л.​Койдула, п’есы якой паклалі аснову нац. драматургіі. Спектаклі ставіліся пры пеўчым т-ве «Ванемуйне» (ад імя бога песні ў эст. міфалогіі). З 1906 прафесійны. У 1966 прысвоена званне акадэмічнага.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́РПЦКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

феадальная дзяржава ў Лівоніі (тэр. паўд.-ўсх. ч. сучаснай Эстоніі з г. Тарту). Засн. ў 1224 рыжскім епіскапам Альбертам, які ўзначаліў агрэсію ням. крыжакоў у Прыбалтыку. На чале стаяў каталіцкі епіскап, буйны феадал-землеўладальнік. Феад. ўсобіцы, а таксама Рэфармацыя ў пач. 16 ст. аслабілі Д.е., і на пач. Лівонскай вайны 1558—83 яно перастала існаваць.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРД ((Ird) Каарэл) (27.8.1909, Рыга — 25.2.1986),

эстонскі рэжысёр, акцёр.

Нар. арт. Эстоніі (1958). Нар. арт СССР (1970). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў студыі драм. мастацтва ў Тарту (1934—36). З 1940 гал. рэжысёр т-ра «Ванемуйне» (г. Тарту). Сярод пастановак: оперы «Агні помсты» Э.​Капа (1945), «Бераг бур» Г.​Эрнесакса (1958), «Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева (1962), «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча і «Лебядзіны палёт» В.​Торміса (1966), «Джоні з Гвіяны» А.​Буша (1969), «Піквікскі клуб» Р.​Шантыра (1978); драм. спектаклі: «Мяшчане» (1946), «Ягор Булычоў і іншыя» (1950) М.​Горкага, «Венецыянскі купец» (1958), «Карыялан» (1964) У.​Шэкспіра, «Жыццё Галілея» (1961), «Швейк у другой сусветнай вайне» (1967) Б.​Брэхта, «Дзікі капітан» Ю.​Смуула (1965), «Сумленне» Э.​Ранета (усе ў т-ры «Ванемуйне»), Пастаноўкі вылучалі глыбіня трактоўкі сцэн. вобразаў, арыгінальнае вырашэнне масавых сцэн. Сярод роляў: Ральф («Жыццё ў Цытадэлі» А.​Якабсана), Хігінс («Пігмаліён» Б.​Шоу), Трыгорын («Чайка» А.​Чэхава), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога). Дзярж. прэмія Эстоніі 1947. Дзярж. прэмія СССР 1967.

К.Ірд.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)