АДНАРО́ДНАСЦЬ СУСВЕ́ТУ,
аднароднае размеркаванне рэчыва, што назіраецца ў межах Метагалактыкі. Лічыцца, што ў прасторы, маштабы якой у трох вымярэннях перавышаюць адлегласць у 50 Мпк і якая ўключае каля 6000 галактык, шчыльнасць рэчыва прыблізна аднолькавая.
т. 1, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́ФЫ (ад лац. tofus),
група горных парод асадкавага і вулканагеннага паходжання. Маюць порыстую структуру, невысокую шчыльнасць, добра апрацоўваюцца. Адрозніваюць Т. вапнавы (траверцін), туф вулканічны і Т. крамяністы (апалавыя адклады з крыніц). Выкарыстоўваюцца як буд. матэрыялы.
т. 16, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РА,
газападобны стан рэчыва пры т-ры і ціску, ніжэйшых за крытычныя (гл. Крытычны стан). Працэс пераходу кандэнсаванага рэчыва ў П. наз. параўтварэннем.
Паняцці П. і газ амаль эквівалентныя; звычайна да газаў (выключэнне вадзяная П.) адносяць рэчывы пры т-ры, вышэйшай за крытычную тэмпературу. Адрозніваюць П. насычаную, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі з тым жа рэчывам у кандэнсаваным (вадкім або цвёрдым) стане, ненасычаную (перагрэтую), т-ра якой вышэйшая за т-ру насычанай П. пры дадзеным ціску, і перанасычаную, шчыльнасць (ціск) якой вышэйшая за шчыльнасць (ціск) насычанай П. пры такой жа т-ры. Пры нізкім ціску (у разрэджаным стане) і т-ры, значна вышэйшай за т-ру кандэнсацыі, уласцівасці П. блізкія да ўласцівасцей ідэальнага газу. У тэхніцы шырока выкарыстоўваюць вадзяную П. як рабочае цела паравых турбін і машын.
т. 12, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
прасторава-вуглавая шчыльнасць патоку выпрамянення. С.в. роўная адносінам патоку выпрамянення, якое распаўсюджваецца ад кропкавай крыніцы ўнутры прасторавага вугла, да лікавага значэння гэтага вугла. Адзінка С.в. ў СІ — ват на стэрадыян. У сістэме светлавых велічынь аналагам С.в. з’яўляецца сіла святла.
т. 14, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭЛУЛО́ІД (ад цэлюлоза + грэч. eidos выгляд),
пластмаса на аснове нітрату цэлюлозы і пластыфікатару (камфары ці рыцыны). Шчыльнасць 1300—1350 кг/м³. Гаручы, празрысты, водаўстойлівы, трывалы матэрыял. Выкарыстоўваецца для вырабу цацак, мячоў для настольнага тэніса, галантарэйных і канцылярскіх тавараў і інш.
т. 17, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ МАЗА́ІКА,
частае спалучэнне і чаргаванне розных ландшафтаў і іх структурных падраздзяленняў з вял. колькасцю пераходаў (экатонаў) паміж імі. Забяспечвае больш высокую колькасць і шчыльнасць засялення тэр. жывымі арганізмамі, што павялічвае выхад біял. прадукцыі з адзінкі плошчы тэрыторыі.
т. 18, кн. 1, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛЯ́Р (франц. scalaire ад лац. scalaris ступеньчаты), скалярная велічыня,
фізічная велічыня, кожнае значэнне якой (у адрозненне ад вектара) выражаецца толькі адным сапраўдным лікам. Напр., даўжыня, плошча, т-ра, час, шчыльнасць, работа. Значэнне С. можна адлюстраваць пунктам на лінейнай шкале (гл. Вось у матэматыцы).
т. 14, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБАЛІ́Т (ад лац. arbor дрэва + ...літ),
лёгкі бетон, сумесь арган. запаўняльнікаў (драблёных адыходаў дрэваапрацоўкі, чароту, кастрыцы, канапель і інш.), вяжучага (звычайна партландцэменту) і вады. Сярэдняя (па аб’ёме) шчыльнасць 400—700 кг/м³. З арбаліту робяць сценавыя блокі, панэлі, пліты і да т.п. для малапавярховага будаўніцтва.
т. 1, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́РКАСНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,
эфектыўная фіз. велічыня, якая характарызуе спектральную шчыльнасць эл.-магн. выпрамянення цел, што маюць суцэльны спектр. Роўная т-ры абсалютна чорнага цела таго ж вуглавога памеру, што і цела, выпрамяненне якога вывучаецца і якое дае такі ж паток выпрамянення на хвалі дадзенай даўжыні.
т. 18, кн. 1, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛАРАФО́РМ, трыхлорметан,
насычаны аліфатычны галагензмяшчальны вуглевадарод, CHCl3.
Бясколерная вадкасць з саладкаватым пахам, tкіп 61,2 °C, шчыльнасць 1488 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе, добры растваральнік тлушчаў, смол і інш. Атрымліваюць хлараваннем метану, узаемадзеяннем хларалю з гідраксідам кальцыю. Выкарыстоўваецца як растваральнік, сыравіна ў вытв-сці хладонаў, лек. сродкаў, для інгаляцыйнага наркозу.
т. 17, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)