І́СА,

рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 554 км². Пачынаецца каля в. Серабрышча Баранавіцкага р-на. Асн. прытокі Пляхоўка і Рудня (справа). Пойма чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае, шыр. яе 100—180 м. Рэчышча ў верхнім і ніжнім цячэнні на пра цягу 15 км каналізаванае; яго шыр. ў межань 4—8 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с. На рацэ каля г. Слонім і в. Нагуевічы Слонімскага р-на плаціны; каля Слоніма зона адпачынку Іса.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Выганаўскае возера,

у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на водападзеле р. Шчара і Ясельда, за 37 км на У ад г. Івацэвічы, на тэр. гідралагічнага заказніка Выганашчанскае. Пл. 26 км², даўж. 7 км, найб. шыр. 4,8 км, найб. глыб. 2,3 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 87,1 км². Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, у зах. ч. шматлікія мелі. З Пн на Пд возера перасякае Агінскі канал. Вылучаецца відавым багаццем вышэйшых водных раслін і наяўнасцю прыбярэжнай разнатраўна-асакова-злакавай сплавіны шыр. да 150 м. Мноства вадаплаўных птушак. Зарастае.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫША́НКА, Міша,

рака ў Брэсцкай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 930 км². Пачынаецца на паўд. схілах Навагрудскага ўзв. каля в. Буйнявічы Баранавіцкага р-на, цячэ па Баранавіцкай раўніне. Асн. прытокі: Малатоўка (справа), Мутвіца (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 500—800 м. Пойма двухбаковая, месцамі забалочаная, шыр. 400—600 м. Рэчышча на працягу 16 км каналізаванае, на астатнім працягу моцназвілістае, шыр. 10—12 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 40 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,9 м³/с. Створаны 3 сажалкі. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАШЭ́ІН (Сямён Майсеевіч) (28.11.1899, г. Варонеж, Расія — 16.9.1978),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. танкавых войск (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, вайны ў Іспаніі ў 1936—37, баёў каля воз. Хасан (1938), вызваленчага паходу ў Зах. Беларусь 1939 (прымаў разам з ген. Г.Гудэрыянам сумесны развітальны сав.-герм. парад у Брэсце), сав.-фінл. вайны 1939—40. З 1941 на Цэнтр., Калінінскім, 1-м Укр. і 1-м Бел. франтах. Часці корпуса пад яго камандаваннем вызначыліся пры фарсіраванні р. Шчара, вызваленні Слоніма, Брэста, Варшавы, штурме Берліна. Да 1953 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін Брэста (1974).

С.М.Крывашэін.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ КАНА́Л,

у Беларусі, у Пінскім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобл., злучае басейны рэк Нёман і Прыпяць праз рэкі Шчара і Ясельда; ч. былога Дняпроўска-Нёманскага воднага шляху. Даўж. (разам з Выганашчанскім воз.) 54 км. Складаецца з 2 ч., якія пачынаюцца з воз. Выганашчанскае: 1-я (даўж. 3,5 км) упадае ў Шчару за 3,5 км на Пн ад воз. Выганашчанскае, 2-я (даўж. 46 км) — у Ясельду за 1 км на ПнУ ад в. Мерчыцы Пінскага р-на. Прымае сцёк з густой сеткі асушальных каналаў, у т. л. з Краглевіцкага (справа) і Хварашчанскага (злева).

Будаваўся ў 1767—83 па ініцыятыве М.К.Агінскага для перавозу грузаў, пераважна лесу. У 1799—1804 вяліся работы па яго добраўпарадкаванні. У 1-ю сусв. вайну гідратэхн. збудаванні разбураны, потым адноўлены. Да 1941 выкарыстоўваўся для суднаходства і лесасплаву. У Айч. вайну шлюзы і плаціны разбураны; гасп. значэння не мае.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГА́МБУРГ»

(«Hamburg»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну супраць партызан і мясц. насельніцтва ў трохвугольніку Ліда—Баранавічы—Ваўкавыск. Адбылася 7—17.12.1942. Мэта аперацыі — наступленнем прыціснуць партызан і мясц. жыхароў, што адыходзілі з імі, да загараджальнай лініі каля сутокаў рэк Шчара і Нёман і знішчыць. Аперацыю праводзілі паліцэйскі полк, 5 паліцэйскіх і ахоўных батальёнаў, 2 батальёны вермахта, больш за 15 спец. каманд паліцыі бяспекі і СД, артыл. рот і дывізіёнаў пад камандаваннем брыгадэнфюрэра СС К. фон Готберга. Ім процістаялі 4 партыз. атрады (800 чал.) і Ленінская партыз. брыгада, якая прыняла асн. ўдар праціўніка. Пасля жорсткіх баёў у ноч на 17 снеж. партызаны, пазбегнуўшы акружэння, выйшлі ў раней намечаныя раёны. У выніку аперацыі карнікамі было загублена 6172 чал., з іх 4498 чал. мірнага насельніцтва. Пасля перагрупоўкі сваіх сіл акупанты працягвалі аперацыю пад кодавай назвай «Альтона».

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЯ РАЎНІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, на Пн Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей. Мяжуе са Слонімскім узв. на ПнЗ, Навагрудскім узв. і Капыльскай градой на Пн і ПнУ, Клецкай раўнінай на У, Прыпяцкім Палессем на Пд і Прыбугскай раўнінай на З. Працягнулася з З на У на 85 км, з Пн на Пд на 20—40 км. Сярэдняя выш. 180—190 м над узр. мора, найб. 218 (каля в. Канюхі Ляхавіцкага р-на). Пл. 2,2 тыс. км².

Знаходзіцца на стыку тэктанічных структур: Беларускай антэклізы, Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Магутнасць адкладаў антрапагену ад 30—40 на Пд да 140—160 м на Пн і ў ледавіковых лагчынах (Шчарская, Мышанская). Рэльеф згладжаны, сфарміраваны ледавіковымі водамі ў час дэградацыі сожскага ледавіковага покрыва. Пераважае спадзіста-хвалісты рэльеф, які месцамі пераходзіць у спадзіста-ўвалісты і буйна-ўзгоркавы (каля далін Шчары і Лахазвы) з перавышэннямі 30—40 м. Па схілах далін яры глыб. 3—4 м. На ПнУ азёрна-ледавіковая катлавіна з Калдычэўскім возерам у цэнтры, з якога бярэ пачатак р. Шчара. На памежжы з Палессем развіты дзюны, эолавыя грады і масівы выш. 3—5 м. На паверхні пашыраны водна-ледавіковыя пясчаныя, радзей супясчаныя і сугліністыя адклады асн. марэны. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, баластавыя пяскі, торф, мел і мергель (апошнія ў ледавіковых адорвенях). Сярэднія т-ры студз. ад 0,2 °C да -14,1 °C, ліп. 14—20,8 °C, ападкаў 400—760 мм за год (Баранавічы). Гідрасетка належыць да бас. Нёмана. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда, Іса, Лахазва, азёры — Калдычэўскае, Дамашэўскае, Мышачак, на р. Лахазва вадасх. Гаць. Глебы дзярнова-падзолістыя на пясках і супесках, дзярнова-падзолістыя забалочаныя (глеяватыя) на марэнных суглінках, тарфяна-балотныя і алювіяльныя. Пад лесам 31% тэрыторыі — бары, субары з прымессю шыракалістых пародаў, на левабярэжжы Шчары — дубровы; развіты чорнаалешнікі, бярозавыя і асінавыя групоўкі. Есць нізінныя і пераходныя балоты, заліўныя лугі. Пад ворывам 44% тэрыторыі. У межах Баранавіцкай раўніны біял. заказнікі: Баранавіцкі, Слонімскі, Стронга; Барэцкая дуброва, Лам’еўскія пасадкі карэльскай бярозы і пасадкі лістоўніцы еўрапейскай у Моўчадскім лясніцтве — помнікі прыроды.

Г.П.Рудава.

Баранавіцкая раўніна. Краявід у Баранавіцкім біялагічным заказніку.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ШЫН,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Шчара, каля аўтадарогі Брэст—Мінск; чыг. станцыя (Перамога) на лініі Баранавічы—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 218 км ад Брэста. 687 ж., 282 двары (1998).

Да 1499 велікакняжацкая ўласнасць, потым — кн. Дз.Пуцяціча, Горскіх, Радзівілаў, Валовічаў і інш. У К. нарадзіўся і жыў бел. паэт П.Багрым; у касцёле, пабудаваным у 1920-я г., зберагаецца выкаваная ім жырандоль. З 2-й пал. 19 ст. чыг. станцыя на лініі Брэст—Масква. У 1886 мястэчка Навагрудскага пав., 636 ж., 77 двароў, касцёл (пабудаваны ў 1818), яўр. малітоўны дом. У 1921—39 у Польшчы ў Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Гарадзішчанскім, з 1962 у Баранавіцкім р-нах. У 1972—456 ж., 156 двароў.

Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла П.Багрыма. Помнік архітэктуры — касцёл Божага Цела (1920-я г.).

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРО́ВІЧЫ, Жыровіцы,

вёска Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Шчара, на аўтадарозе, што злучае Слонім з аўтадарогай Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 10 км на Пд ад горада і чыг. ст. Слонім, 138 км ад Гродна. 2577 ж., 646 двароў (1997).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як уладанне, аддадзенае вял. кн. ВКЛ Казімірам Ягелончыкам літ. падскарбію А.Солтану. У 16 ст. заснаваны Жыровіцкі Успенскі манастыр. З 1610-х г. Ж. — уласнасць Л.Сапегі, потым Я.Мялешкі. З 17 ст. мястэчка, у 1652 атрымалі магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1880-я г. больш за 300 ж. З 1921 у складзе Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Слонімскага р-на. У 1971—2591 ж., 430 двароў.

Дзярж. сортавыпрабавальная станцыя. Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя. Сярэдняя і муз. школы. 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (канец 18 ст.) і Жыровіцкі манастыр базыльян.

т. 6, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

фізіка-геаграфічная правінцыя на З Беларусі. Займае Гродзенскую, паўн. ч. Брэсцкай і зах. ч. Мінскай абласцей. Мяжуе на Пн з Беларуска-Валдайскай правінцыяй, на У з Перадпалескай правінцыяй, на Пд з Беларускім Палессем. Працягнулася з З на У на 250 км, з Пн на Пд у сярэднім на 150 км; пл. 37,3 тыс. км². Падзяляецца на фізіка-геагр. раёны (паводле В.А.Дзяменцьева, з дапаўненнем); Лідская раўніна, Сярэднянёманская нізіна, Верхнянёманская нізіна, Паўднёва-Заходняе адгалінаванне Беларускай грады (Навагрудскае, Ваўкавыскае, Гродзенскае і Слонімскае ўзвышшы), Капыльская града, Прыбугская раўніна, Баранавіцкая раўніна, Слуцкая раўніна, Стаўбцоўская раўніна. У рэльефе спалучаюцца канцова-марэнныя ўзвышшы, донна-марэнныя раўніны, водна-ледавіковыя і прыледавіковыя нізіны. Найвыш. пункт 323 м над узр. м. (Замкавая гара на Навагрудскім узв.), самы нізкі пункт Беларусі 80 м над узр. м. ў даліне р. Нёман каля граніцы з Літвой. У тэктанічных адносінах тэр. З.-Б.п. размешчана ў межах Бел. антэклізы і паўн. ч. Брэсцкай упадзіны. Асобныя выхады крышт. архейскіх і пратэразойскіх парод, а таксама асадкі мелавога, палеагенавага і неагенавага ўзросту перакрываюцца чацвярцічнымі (марэннымі, водна-ледавіковымі, азёрнымі, рачнымі, балотнымі і лёсападобнымі) адкладамі. Карысныя выкапні: мел, мергель, пяскі, гліны, торф, жал. руды. Клімат умерана цёплы, вільготны. Сярэдняя т-ра студз. ад -4,4 да -6,7 °C, ліп. 17,4—18,8 °C. Вегет. перыяд 187—208 сут. Ападкаў 530—695 мм, на Навагрудскім узв. да 706 мм за год. Найб. рака Нёман з прытокамі Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач, Ласосна; на ПдЗ рэкі Лясная і Нараў (бас. р. Буг), Ясельда (бас. р. Прыпяць). Найб. азёры Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь. На ўзвышшах і раўнінах глебы дзярнова-падзолістыя сярэдне- і моцнаападзоленыя на марэнных суглінках, супесках і лёсападобных пародах. У нізінах пераважаюць дзярнова-слабаападзоленыя глебы на пясках, а таксама забалочаныя і тарфяна-балотныя; алювіяльна-лугавыя — на поймах рэк. Лясы займаюць 28% тэр. Шыракаліста-яловыя і хваёвыя лясы, хмызнякі, сухадолы і нешырокія палосы заліўных лугоў сярод узвышшаў і на раўнінах. На нізінах пераважаюць хваёвыя бары, драбналістыя і забалочаныя лясы, нізінныя балоты. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі. У З.-Б.п. нацыянальныя паркі Белавежская пушча, Налібоцкая пушча, а таксама ландшафтныя, гідралагічныя і біялагічныя заказнікі.

В.П.Якушка.

т. 7, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)