АФРЫКА́НСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Афрыканскі кратон, Афрыкана-Аравійская платформа,

старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае амаль увесь Афрыканскі мацярык (за выключэннем Атласкіх і Капскіх гор), Аравійскі п-аў (без гор Амана) і в-аў Мадагаскар з Сейшэльскімі а-вамі. Крышталічны фундамент складзены з блокаў глыбока метамарфізаваных парод ранняга дакембрыю, якія акаймаваны познадакембрыйскімі складкавымі паясамі. На значнай тэрыторыі пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах і масівах. Платформавы чахол залягае ў сінеклізах, якія запоўнены пародамі позняга пратэразою і палеазою, аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (запоўнены пародамі мезазою і кайназою). Максімальная магутнасць платформавага чахла (8—10 км) назіраецца на перыферыі афрыканскай платформы (у сінеклізах Кару і Усх.-Лівійскай, аўлакагене Бенуа, перыакіянскіх прагінах). Кансалідацыя фундамента афрыканскай платформы завяршылася ў познім пратэразоі — раннім палеазоі. На працягу палеазою — ранняга мезазою платформа ўваходзіла ў склад суперкантынента Гандвана. Сучасныя рысы набыла ў мелавым перыядзе пасля расколу Гандваны. У выніку інтэнсіўнага падняцця, асабліва на У, у міяцэне ўзнікла Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма і рыфты Чырвонага м. і Адэнскага заліва, што суправаджалася вулканізмам. Афрыканская платформа мае буйныя радовішчы золата, алмазаў, плаціны, хрому, нікелю, урану, рэдказямельных элементаў, поліметалаў і інш.

М.​А.​Нагорны.

т. 2, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ШЧАРДАЎСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я, на Пн Віцебскай вобл. (усх. частка Расонскага р-на) і ў Расіі (большая частка). На Беларусі мяжуе з Полацкай нізінай, працягнулася з Пн на Пд на 22 км, з 3 на У на 29 км. Пл. 650 км². Выш. 180—220 м, найб. 224 м (на ПнУ).

Прымеркавана да Латвійскай седлавіны. Магутнасць асадкавага чахла да 300 м. Вылучаны адклады валдайскай серыі верхняга дакембрыю (пясчаныя і пясчана-гліністыя), ардовіку (вапнякі, мергелі, даламіты), дэвону (стракатаколерная пясчана-гліністая тоўшча). Антрапагенавыя адклады (магутнасць 30—60 м) складзены з валунных супескаў і суглінкаў, участкаў маламагутнага покрыва водна-ледавіковых асадкаў. Фарміраванне ўзвышша звязана з краявой зонай акумуляцыі паазерскага зледзянення.

Сучасны рэльеф сярэднеўзгорысты і ўзгорыста-западзінны, ускладнены камамі і азёрнымі катлавінамі. Ваганні адносных вышынь 10—25 м. Марэнныя ўзгоркі складзены з валунных суглінкаў, супескаў, камавыя — з пяску з уключэннем жвіру і галькі. Трапляюцца озавыя грады з пяскоў, жвіру і валунна-галечнага матэрыялу з марэнным чахлом. Сярэднія т-ры студз. 8,4 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 629 мм за год. Н.ў. дрэніруюць р. Дрыса і яе правыя прытокі. Азёры Нешчарда, Усвечча, Валоба, Межава і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя. Пад лесам каля 40% тэрыторыі. Лясы захаваліся невял. ўчасткамі на вяршынях і стромкіх схілах узгоркаў. Пераважаюць бары, субары, ельнікі, па далінах рэк і азёр з дамешкамі дубу. Па паніжэннях бярозавыя і альховыя лясы. Пад ворывам 15% тэрыторыі.

Нешчардаўскае ўзвышша ў Расонскім раёне Віцебскай вобл.

т. 11, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

шчыльныя або рыхлыя прыродныя мінеральныя агрэгаты больш ці менш пастаяннага мінералагічнага і хім. саставу, якія ўтвараюць самаст. геал. целы, што складаюць зямную кару, а таксама верхнія абалонкі планет зямной групы, Месяца, астэроідаў. Складаюцца з мех. злучэння розных паводле саставу мінералаў, у т. л. вадкіх. У прыродзе вядома больш за 3 тыс. мінералаў, з іх 40—50 пародаўтваральных. Тэрмін «горныя пароды» ўпершыню ў сучасным сэнсе выкарыстаў рус. мінералог і хімік В.​М.​Севяргін (1798).

Утвараюцца ў выніку геал. працэсаў у пэўных фіз.-хім. умовах унутры зямной кары ці на яе паверхні. Гэтыя працэсы вызначаюць састаў, будову, структуру, тэкстуру і ўмовы залягання горных парод. Паводле паходжання вылучаюць асадкавыя горныя пароды, магматычныя горныя пароды, метамарфічныя горныя пароды і метасаматычныя горныя пароды. Асадкавыя складаюць каля 10% аб’ёму зямной кары і каля 75% пл. зямной паверхні, на магматычныя, метамарфічныя і метасаматычныя горныя пароды прыпадае каля 90% аб’ёму. Як фіз. целы горныя пароды характарызуюцца шчыльнасцю, пругкасцю, трываласцю, цеплавымі, электрычнымі, магнітнымі, радыяцыйнымі і інш. ўласцівасцямі. Горныя пароды вывучаюць геахімія, літалогія, петраграфія, петрафізіка, фізіка. Амаль усе горныя пароды могуць выкарыстоўвацца як карысныя выкапні (каменны вугаль, галіт, пясок, гліна і інш.) або як руды (апатыт, баксіт і інш.). Да руд адносяць горныя пароды з кандыцыйнай колькасцю каштоўных кампанентаў.

На Беларусі ўсе класы горных парод вядомы ў складзе асадкавага чахла крышт. фундамента. Яе тэр. ўкрыта магутным чахлом асадкавых горных парод, сярод якіх пераважаюць пясчана-алеўрытавыя (34,7% аб’ёму), карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты, мел і інш. — 24,5%), гліны і сланцы (20,7%), солі (14,8%) і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАШУ́Т (франц. parachute ад parer папярэджваць + chute падзенне),

апарат для запавольвання скорасці падзення ў паветры чалавека ці грузаў. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, касманаўтыцы, парашутным спорце і інш.

Ідэю П. падаў і навук. абгрунтаваў Леанарда да Вінчы (1495). У 1617 першы спуск на П. з высокай вежы здзейсніў венецыянскі інж.-механік Ф.​Веранцыо. У 1783 француз С.​Ленарман стварыў і выпрабаваў П. з жорсткім каркасам (у выглядзе вял. парасона), на якім франц. паветраплавальнік А.​Ж.​Гарнерэн у 1797 спусціўся з паветр. шара. Ранцавы П. створаны ў Расіі Г.​Я.​Кацельнікавым (1911). У СССР першы скачок з П. здзейсніў у 1927 М.​М.​Громаў; вучэбна-трэніровачныя П. з’явіліся ў 1930.

Складаецца з купала са стропамі, падвясной падвеснай сістэмы, выцяжнога П., ранца, чахла, выцяжных фала, кальца і аварыйнага кальца. Адрозніваюць П. па форме купала (напр., круглы, прамавугольны, па плошчы 0,1—1000 м² і больш) і асаблівасцях канструкцый (напр., са шчылінамі і клапанамі, якія дапамагаюць кіраваць П.). Ёсць П., купал якіх у час спуску набывае форму крыла лятальнага апарата. Паводле прызначэння П. падзяляюць на людскія, грузавыя і спецыяльныя. Людскія бываюць выратавальныя, трэніровачныя, спарт., дэсантныя. Для спуску цяжкіх грузаў ужываюць шматкупальныя сістэмы (3 і больш). Спец. П. служаць для тармажэння самалёта (пры пасадцы), гоначнага аўтамабіля, спуску на зямлю касм. спускальных апаратаў, радыёзондаў і інш., а таксама спуску касм. апаратаў на тыя планеты, якія маюць атмасферу і інш.

Схема раскрыцця парашута: 1 — выкід выцяжнога парашута з парашутнага кантэйнера; 2 — выцягванне купала са стропаў асноўнага парашута раскрытым выцяжным парашутам; 3, 4, 5 — напаўненне купала паветрам.

т. 12, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАЛО́ГІЯ (ад літа... + ...логія),

навука пра асадкавыя горныя пароды і сучасныя асадкі. Вывучае іх рэчыўны састаў, будову, паходжанне, заканамернасці прасторавага размяшчэння і інш. Асн. метады даследаванняў: фацыяльны, фармацыйны, параўнальна-літалагічны і стадыяльны аналізы, аптычная мікраскапія, хім., рэнтгена-структурны, рэнтгена-спектральны, ізатопны і інш. Па выніках даследаванняў складаюцца літолагафацыяльныя і літолага-палеагеаграфічныя карты і атласы. Цесна звязана са стратыграфіяй, петраграфіяй, мінералогіяй, палеанталогіяй, палеагеаграфіяй і інш.

Л. склалася як адна з галін геалогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку стратыграфічных. палеагеаграфічных і інш. даследаванняў з вывучэннем рэчыўнага саставу асадкавых парод і карысных выкапняў. Вял. значэнне мелі працы вучоных: англ. Г.​Сорбі, амер. Дж.​Мерэя, Дж.​Барэла, У.​Твенхафела, Ф.​Петыджана і інш., франц. Л.​Каё, В.​Вагана, ням. І.​Вальтэра, Г.​Потанье, рас. М.​А.​Галоўкінскага, А.​П.​Паўлава, П.​А.​Зямятчанскага, Я.​У.​Самойлава, П.​М.​Чырвінскага, А.​Дз.Архангельскага, Дз.В.Наліўкіна, Л.В.Пуставалава, М.М.Страхава, Л.​Б.​Рухіна і інш.

На Беларусі вывучэнне асадкавых парод вядзецца з пач. 20 ст. Да 1940-х г. яно праводзілася эпізадычна, разам з інш. геал. даследаваннямі. З сярэдзіны 20 ст. пачаліся сістэматычныя літалагічныя даследаванні платформавага чахла, у асадкавых пародах якога выяўлены карысныя выкапні — каменныя і калійныя солі, фасфарыты, бурыя вуглі, гаручыя сланцы, нафта, даўсанітавыя руды, розная сыравіна для буд. матэрыялаў і інш. У сярэдзіне 1950-х г. створана лабараторыя літалогіі і геахіміі ў Ін-це геал. навук АН Беларусі. Даследавана Л. асадкавых і вулканагенных тоўшчаў верхняга пратэразою, палеазою, стараж. кор выветрывання, бурых вуглёў, гаручых сланцаў, даўсанітаносных парод і інш. (пад кіраўніцтвам А.С.Махнача). У Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. н.-д. геолага-разведачным ін-це ВА «Белгеалогія» праводзяцца вывучэнне каменнай і калійных солей, фасфарытаў, гіпсаў, мергельна-мелавых і крамяністых, пясчана-жвіровых і нафтаносных парод.

Літ.:

Фролов В.Т. Литология. Кн. 1—3. М., 1992—95;

Систематика и классификации осадочных пород и их аналогов. СПб., 1998.

М.​В.​Вераценнікаў.

т. 9, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКАЯ НІЗІ́НА.

На Пд Беларусі і Пн Украіны; займае большую ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, каля паловы Гомельскай абласцей Беларусі і паўн. часткі Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай абласцей Украіны. Мяжуе з Прыбугскай раўнінай на ЗПнЗ, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Прыдняпроўскай нізінай на У, Прыдняпроўскім і Валынскім узвышшамі на Пд. Уключае б.ч. тэрыторыі фізіка-геагр. падправінцый Беларускага Палесся і Украінскага Палесся, а таксама фізіка-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе (паводле В.​А.​Дзяменцьева) і Валынскае Палессе, Кіеўскае Палессе і нізінную ч. Жытомірскага Палесся. Паводле геамарфалагічнага раянавання (А.​В.​Мацвееў) П.н. вылучана ў вобласць, якая складаецца з 22 геамарфалагічных раёнаў. На Беларусі П.н. займае пл. каля 43,5 тыс. км², працягнулася з 3 на У на 350—420 км, з Пн на Пд на 60—240 км, пераважныя выш. 110—155 м, найб. 221 м (Мазырская града); на Украіне выш. 150—160 м, найб. 316 м (Оўруцкі краж). У межах П.н. ў рэльефе крышт. фундамента вылучаецца шэраг тэктанічных упадзін і падняццяў, якія значна паўплывалі на фарміраванне сучасных ландшафтаў і геал. будову (магутнасць асадкавага чахла ад 20—50 м на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. сыходзіць да нуля; ва ўсх. ч. Падляска-Брэсцкай упадзіны магутнасць да 1,7 км, у Прыпяцкім прагіне — да 2,6 км). П.н. спалучае ландшафты шырокіх азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі. Характэрны шматлікія плоскія забалочаныя скразныя даліны, азёрныя катлавіны (найб. воз. Чырвонае), буйныя тарфяныя масівы, густая рачная сетка (гал. водная артэрыя р. Прыпяць з прытокамі, у зах. ч. р. Зах. Буг з правымі прытокамі), разгалінаваная сетка меліярац. каналаў (найб. Дняпроўска-Бугскі канал). Пра карысныя выкапні, клімат, глебы, расліннасць П.н. гл. ў арт. Беларускае Палессе.

М.​А.​Шышонак.

т. 11, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНГЕ́Я (ад пан... + грэч. gē зямля),

старажытны гіганцкі суперкантынент, які аб’ядноўваў усе сучасныя кантыненты і ў геал. гісторыі Зямлі існаваў тройчы: П. 0, П. 1, П. 2.

Познаархейская кратанізацыя зямной кары пачалася 3 млрд. г. назад (на мяжы ранняга і позняга архею) і завяршылася 2,7—2,5 млрд. г. назад, пра што сведчыць узрост найб. стараж. адкладаў платформавага чахла. Магчыма, у гэты час зямная кара ўтварала суцэльную абалонку, або ўсеагульнае скучванне ў канцы архею прывяло да яе канцэнтрацыі ў выглядзе суперкантынента П. 0 у адным паўшар’і і ўтварэнню першаснага акіяна ў другім паўшар’і. У пач. пратэразою ўзніклі протагеасінкліналі, якія падзялілі П. 0 на вял. колькасць протаплатформ. Развіццё раннепратэразойскіх протагеасінкліналей завяршылася пераважна да 1,8—1,75 млрд. г. назад (у канцы ранняга пратэразою). Протаплатформы апынуліся моцна спаянымі протагеасінклінальнымі складкавымі сістэмамі і паясамі тэктона-тэрмальнай перапрацоўкі з нарошчваннем кантынент. кары. Утварыўся суперкантынент П. 1. З гэтага часу на плошчы сучасных стараж. платформ усталяваўся кантынент. рэжым з пашыраным наземным вулканізмам. Існаванне П. 1, як і П. 0, пацверджана палеамагн. данымі (падабенства крывых блукання полюсаў Зямлі) і пераходнымі палеаструктурамі. У раннім рыфеі фіксуюцца пач. працэсы распаду П. 1 у вобласці Паўд.-Усх. Азіі, новаўтварэнне акіянскіх басейнаў і ўзнікненне мікракантынентаў, з перыферыяй якіх звязана станаўленне афіялітавых паясоў. У познім рыфеі адбыўся распад П. 1 на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію, узніклі планетарныя рухомыя паясы. У канцы палеазою (позняя перм) зноў аднавілася суцэльнасць кантынент. кары: Лаўразія і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай утварылі адзіны звышкантынент, якому А.Вегенер (гл. Вегенера гіпотэза) даў назву П. (у адрозненне ад рыфейскага суперкантынента П. 1, мае назву П. 2).

Распад П. 2 пачаўся 200 млн. г. назад у канцы трыясавага — пач. юрскага перыяду мезазойскай эры і звязваецца, паводле гіпотэзы «Новая глабальная тэктоніка», з утварэннем новай сістэмы канвекцыйных ячэек у мантыі. Гл. таксама Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАКІТА́Й,

паўвостраў на ПдУ Азіі. Абмываецца на З Бенгальскім зал., Андаманскім м. і Малакскім пралівам; на УПаўд.-Кітайскім м. Паўн. граніца — ад дэльты рэк Ганг і Брахмапутра да дэльты р. Хангха. Пл. каля 2 млн. км². Берагі слаба парэзаныя, прыродных бухтаў мала. Рэльеф вельмі складаны, уяўляе сабой чаргаванне гор субмерыдыянальнага напрамку і шырокіх нізін і плато. На З Араканскія горы (г. Вікторыя 3053 м), на Пн Шанскае нагор’е, у цэнтр. частцы хр. Танентаўнджы, на У горы Чыянгшон (Анамскія). Найб. нізіны Іравадзійская, Менамская, Камбаджыйская; найб. плато Карат. Тэр. І. адносіцца да ўсх. геасінклінальнай вобласці Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, унутры якой вылучаюць Індасінійскі сярэдзінны масіў і познадакембрыйскія, палеазойскія, мезазойскія і кайназойскія складкавыя сістэмы, што акаймоўваюць яго. Ва ўсх. ч. масіву — дакембрыйскі фундамент. Б.ч. масіву перакрыта палеазойскімі і мезазойскімі кантынентальнымі і марскімі адкладамі чахла. Геасінклінальная стадыя развіцця рэгіёна завяршылася ў канцы трыясу — пач. юры падняццямі і гранітоідным магматызмам. З гэтага ж часу пачалося фарміраванне юрскіх і мелавых кантынентальных упадзін, грабенаў. Грабен Іравадзі запоўнены палеагенплейстацэнавымі кантынентальнымі (рачнымі і азёрнымі) і марскімі адкладамі магутнасцю да 11 км, змяшчае радовішчы нафты, газу і каменнага вугалю. У І. сканцэнтраваны буйнейшыя ў свеце радовішчы волава і вальфраму, а таксама медзі, цынку, жалеза і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на п-ве Малака экватарыяльны. На нізінах т-ра студз. больш за 20 °C, ліп. да 28 °C, крас. 29 °C. У гарах т-ры зніжаюцца да 15 °C у студз. і 25 °C у ліпені. Ападкі ў асноўным летнія: на З 2500—5000 мм, у цэнтр. ч. 1300—2000 мм, на У 2000 мм (пераважна зімой), на Пд (п-аў Малака) больш за 2000 мм за год. Буйнейшыя рэкі Меконг, Салуін, Іравадзі, Менам-Чао-Прая і воз. Танлесап. Вечназялёныя вільготныя лясы рознага відавога складу ў больш вільготных раёнах, мангравыя — на ўзбярэжжы, лістападныя, якія пераходзяць ў саванну на Пн і ва ўнутр. раёнах. На нізінах і ў перадгор’ях земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўна, чай, кава, бананы і інш.). Багаты жывёльны свет: арангутангі, макакі, сланы, насарогі, тыгры, мядзведзі, алені і інш. Птушкі: фазаны, дзікія куры, паўліны, папугаі і інш. Шматлікія паўзуны (у т. л. кракадзілы) і насякомыя. На тэр. І. дзяржавы Тайланд, Камбоджа, б.ч. М’янмы, Малайзіі, Лаоса, В’етнама і невял. ч. Бангладэш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,

другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.​Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр. Паўн. Амерыкі, на З Паўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б. ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.

Літ.:

Ропот В.Ф., Пушкин В.И. Ордовик Белоруссии. Мн., 1987;

Никитин И.Ф. Ордовик // Стратиграфия и палеонтология древнейшего фанерозоя. М., 1984.

А.​С.​Махнач, У.​І.​Пушкін.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я. Займае цэнтр. і ўсх. ч. Віцебскага і паўн. ч. Лёзненскага р-наў Віцебскай вобл., на У заходзіць на тэр. Смаленскай вобл. Расіі. Мяжуе з Лучоскай нізінай на Пд, Чашніцкай раўнінай на ПдЗ, Полацкай нізінай на З, Гарадоцкім узв. на ПнЗ і Суражскай нізінай на ПнУ. Працягнулася з З на У на 65 км, з Пн на Пд на 40 км. Самае высокае ў Бел. Паазер’і ўзвышша, пераважаюць выш. больш за 200 м, найбольшая 296 м (Гаршэва гара). Пл. Віцебскага ўзвышша больш за 1900 км².

Прымеркавана да Віцебскай мульды Аршанскай упадзіны. Паверхня адкладаў платформавага чахла ўтварае высокае (120—140 м над узр. м) моцна расчлянёнае плато, складзенае з даламітаў, вапнякоў і глін верхняга дэвону, даламіты ўтвараюць Віцебскія парогі на р. Зах. Дзвіна, на Рубскім выступе залягаюць блізка каля зямной паверхні. Тоўшчу антрапагену магутнасцю каля 60 м складаюць 5—6 ледавіковых комплексаў, у якіх пераважаюць марэнныя суглінкі, супескі і міжледавіковыя ўтварэнні (торф, азёрныя і алювіяльныя суглінкі, супескі і пяскі). Асн рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў Віцебскую фазу адступання паазерскага зледзянення. Карысныя выкапні: даламіт (радовішча Гралева), легкаплаўкія і цэментныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф.

Паверхня складзена з чырвона-бурых марэнных суглінкаў і супескаў з валунамі, месцамі перакрытых лёсападобнымі пародамі. У рэльефе вылучаюцца 2 ч.: астраўныя, лёдападзельны масіў на ПнЗ і ў цэнтры, і краявыя ледавіковыя ўтварэнні на Пд. Лёдападзельны масіў мае форму кліна з вяршыняй на Пн, характарызуецца буйна- і сярэднеўзгорыстым рэльефам з адноснымі перавышэннямі да 30 м і больш. Паверхня парэзана ярамі і лагчынамі. Паўн. схіл стромкі, паўд. больш спадзісты. На Пд Віцебскага ўзвышша выразны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф, выш. якога да 180 м над узр. м., адносныя перавышэнні 10—15 м. Пашыраны камы, камавыя тэрасы на бартах лагчын, далінныя зандры, трапляюцца озы, суфазійныя западзіны. У межах Віцебскага ўзвышша знаходзіцца тыповае агаленне мікулінскага міжледавікоўя (Смаленская вобл.). Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Рачная сетка належыць да бас. р. Зах. Дзвіна. Віцебскае ўзвышша дрэніруюць рэкі Віцьба, Лучоса (у ніжнім цячэнні) і яе прытокі Ласасіна і Чарніца, а таксама Вымнянка і Рутавеч — прытокі Касплі. Найб. азёры Вымна, Янавіцкае. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя, месцамі завалуненыя, і тарфяна-балотныя. Пад ворывам 35%, пад лесам 16% тэрыторыі. Захаваліся шыракаліста-яловыя, хваёва-яловыя, яловыя лясы, пашыраны другасныя шэраалешнікі, асінавыя і бярозавыя лясы. Лугі злакава-сухадольныя і злакава-нізінныя. На пераходных балотах і ўскраінах вярховых — карэнныя пушыстабярозавыя і хваёва-пушыстабярозавыя лясы, на нізінных — чорнаалешнікі.

А.​Ф.​Санько.

Віцебскае ўзвышша каля в. Веляшковічы Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.

т. 4, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)