ПАЗВАНО́ЧНІК, пазваночны слуп,

асноўная частка восевага шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца са злучаных паміж сабой пазванкоў, з’яўляецца органам апоры і руху тулава, шыі і галавы, ахоўвае размешчаны ў пазваночным канале спінны мозг.

Зыходная форма — хорда ў ніжэйшых пазваночных; у вышэйшых пазваночных захоўваецца ў целах пазванкоў (рыбы, земнаводныя) ці ў выглядзе студзяністага ядра міжпазванковых дыскаў. П. рыб падзяляецца на тулаўны і хваставы аддзелы, П. амфібій — на шыйны, грудны і крыжавы, млекакормячых — на шыйны (6—9, часцей 7 пазванкоў), грудны (9—24, часцей 13), паяснічны (2—9), крыжавы (1—10, часцей 2—4) і хваставы (3—46). П. чалавека мае 32—34 пазванкі, якія складаюцца з цела, дуг і адросткаў, злучаных паміж сабой храсткамі, суставамі і звязкамі; падзяляецца на 5 аддзелаў: шыйны (7 пазванкоў), грудны (12), паяснічны (5), крыжавы (5, зрастаюцца), хвастцовы (3—5, зрастаюцца). У нованароджанага дзіцяці П. амаль прамы, на 1-м годзе жыцця набывае шыйны і паяснічны лардозы (выгін наперад), грудны і крыжавы кіфозы (выгін назад), скаліёзы (бакавыя выгіны), якія змякчаюць штуршкі ад хады, бегу, скачкоў. Гл. таксама Скрыўленне пазваночніка.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭПАНА́ЦЫЯ (франц. trépanation ад trēpan свярдзёлак),

хірургічная аперацыя ўскрыцця касцявой поласці. Часцей выконваецца Т. чэрапа (напр., пры пухлінах галаўнога мозга, унутрычарапным кровазліцці).

т. 16, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТРАХАЛО́ГІЯ (ад грэч. batrachos жаба + ...логія),

устарэлая назва раздзела заалогіі, які вывучае земнаводных. Часцей замяняецца больш шырокім паняццем — герпеталогія (даследуе і земнаводных, і паўзуноў).

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРГА́ (магчыма, ад фін. purku мяцеліца),

моцная нізавая мяцеліца пры ўварванні халоднага паветра, часта пры бязвоблачным небе. Тэрмін часцей ужываецца ў паўн. бязлесных мясцовасцях.

т. 13, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНКЛІ́Т (ад грэч. synklētos скліканы савет),

1) у Старажытнай Грэцыі сход вышэйшых саноўнікаў (савет).

2) У пераносным сэнсе (звычайна іранічна) поўны склад асоб (часцей высокапастаўленых).

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮЛЕРЫЁЗ,

інвазійная хвароба авечак, коз і некат. дзікіх жвачных жывёл (ласі, казулі, алені, лані, муфлоны, сарны і інш.), якая выклікаецца воласападобнай нематодай Мюлера, што паразітуе ў лёгкіх. Сустракаецца ў Еўропе, Азіі, Амерыцы і Аўстраліі, часцей у летне-асенні перыяд. Жывёлы заражаюцца пры заглынанні з травой інвазійных лічынак нематоды (разам з малюскамі — прамежкавымі гаспадарамі або пасля выхаду з іх), якія з цёкам лімфы і крыві заносяцца ў лёгкія, выспяваюць і адкладваюць яйцы. З яец выходзяць лічынкі, заглынаюцца з макротай і выдаляюцца з фекаліямі. Цячэнне часцей хранічнае. Развіваюцца бранхіты, бронхапнеўманія (часам з ацёкам), схудненне, маладняк адстае ў росце і развіцці. Пры значнай інвазіі жывёлы гінуць.

т. 11, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕРСО́ЛД,

сітуацыя рэзкага зніжэння цэн на які-небудзь тавар у выніку паступлення яго ў вял. колькасці на рынак. Тэрмін часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТУРБА́ЦЫЯ (новалац. masturbatio ад лац. manus рука + stupro апаганьваць), ананізм,

раздражненне ўласных эрагенных зон (часцей палавых органаў) з мэтай выклікання аргазму. Узнікае звычайна ў раннім і юнацкім узросце.

т. 10, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СУХІ́ ПЭ́НДЗАЛЬ» у жывапісе і графіцы,

тэхнічны, часам дапаможны, прыём — работа цвёрдым пэндзлем, слаба насычаным фарбай (звычайна алейнай па светлым незагрунтаваным палатне). Часцей выкарыстоўваецца для дэкар.-афармленчых работ.

т. 15, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНО́ГРАФ (ад актына... + ...граф),

прылада для бесперапыннага аўтаматычнага запісу інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі. Складаецца з прыёмніка (часцей тэрмаэл. актынометр), які варочаецца геліястатам за сонцам, і рэгістратара-гальванографа (самапісны высокаадчувальны гальванометр).

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)