від дэфармацыі стрыжня (бруса і інш.) або яго часткі пад уздзеяннем падоўжных расцягвальных ці сціскальных сіл. Характарызуецца зменай даўжыні стрыжня (яго часткі). Улічваецца пры вызначэнні найважнейшых мех. характарыстык матэрыялаў: модуляў пругкасці, межаў трываласці, пругкасці, цякучасці і інш.
Істотнае значэнне мае дыяграма дэфармавання. Для пластычных матэрыялаў яна характарызуецца прамой лініяй у пачатковай (пругкай) стадыі расцяжэння (дзе сапраўдны Гука закон), участкам цякучасці і зніжэннем расцягвальнага намагання ў месцы ўтварэння шыйкі (звужэння) узору (гл.Паўзучасць матэрыялаў). Дыяграма расцяжэння крохкіх матэрыялаў (напр., чыгуну) характарызуецца малой дэфармацыяй, што папярэднічае разрыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРВА́Ж (франц. réservage ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),
1) від паглыбленай гравюры на метале спосабам траўлення; разнавіднасць афорта. Узнік у 2-й пал. 19 ст. Малюнак пяром або пэндзлем, нанесены мастаком спец. чарнілам непасрэдна на паверхню металу, пакрываюць кіслотатрывалым грунтам і апускаюць друкарскую форму ў ваду. Пры набрынянні чарніла прыўзнімае часткі грунту, якія лёгка здымаюцца і агаляюць метал для траўлення.
2) Спосаб двухколернай афарбоўкі керамічных вырабаў з выкарыстаннем натуральнага тону самой керамікі: часткі вырабу, не прызначаныя для афарбоўкі, пакрываюць слоем тлушчу ці алею, які выгарае пры абпальванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬВЕ́ЦЫЯ (лац. Helvetia),
старажытная назва паўн.-зах.часткі сучаснай Швейцарыі. Як сінонім Швейцарыі ўжывалася ў 16 ст., потым у 18 ст. (стварэнне Гельветычнай рэспублікі 1798—1803).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАТАМІ́Я (ад аўта... + грэч. tomē адсячэнне),
самакалечанне, здольнасць некаторых жывёл самаадвольна аддзяляць часткі свайго цела пры рэзкім раздражненні. Звязана з уласцівасцю ўзнаўляць страчаныя часткі цела: у яшчаркі вырастае новы хвост замест адламанага, у рака — клюшні, у актынідыі — шчупальцы. Аўтатамія — ахоўнае прыстасаванне, якое выпрацавана ў працэсе эвалюцыі як спосаб пасіўнай абароны. Часам звязана з размнажэннем: адламаныя прамяні марскіх зорак могуць аднавіцца ў цэлую жывёліну. Уласціва многім прадстаўнікам фауны Беларусі: гідрам (адкідваюць шчупальцы), кольчатым чарвям (канец цела), павукам, матылям, конікам і ракам (канечнасці), яшчаркам порсткай і жывароднай, вераценніцы ломкай, некаторым птушкам (глушцы, цецерукі), здольным пры небяспецы скідаць покрыўнае пер’е і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́МЕТР (ад грэч. logos тут адносіны + ...метр),
вымяральны механізм для вызначэння адносін дзвюх эл. велічынь (звычайна сіл току ў яго рухомай частцы). Бываюць магнітаэлектрычныя, электра- і ферадынамічныя, электрамагнітныя. Дзеянне найб. пашыранага магнітаэл. Л. заснавана на тым, што накіраваныя насустрач адзін аднаму вярчальныя моманты, якія ўзніклі ад уздзеяння вымяраемых велічынь на рухомую частку Л., ураўнаважваюцца пры адхіленні рухомай часткі на пэўны вугал. Л. выкарыстоўваюцца ў омметрах, фазометрах, частатамерах і інш.
Схема магнітаэлектрычнага лагометра: 1 — рухомыя шпулі; 2 — стралка, прымацаваная да рухомай часткі прылады; 3 — асяродак, які стварае неаднароднае па зазоры магнітнае поле; 4 — пастаянны магніт; M1, M2 — вярчальныя моманты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМУЗІ́Н (франц. limousine ад назвы гіст. вобласці Лімузен),
кузаў закрытага тыпу легкавога аўтамабіля. Мае зашклёную перагародку, што аддзяляе пярэдняе сядзенне ад астатняй часткі кузава. Выкарыстоўваецца ў вял. аўтамабілях вышэйшага класа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЯ́Ж (франц. moulage ад mouler фармаваць),
злепак або мадэль прадмета (з гіпсу, воску, парафіну і інш.) у натуральную велічыню; служыць у якасці нагляднага дапаможніка, напр., М. плода, органа, часткі цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭМАТЭ́ХНІКА,
навукова-тэхнічная дысцыпліна, якая вывучае пытанні праектавання, стварэння, выпрабавання і эксплуатацыі складаных тэхн. і інфарм. сістэм на аснове ЭВМ. Грунтуецца на метадах матэм. логікі і статыстыкі, камбінаторыкі, тэорыях алгарытмаў, гульняў, сітуацый, масавага абслугоўвання, інфармацыі і інш.
Састаўныя часткі С. — іерархічная структура складаных сістэм і арганізацыя іх праектавання, аналіз, мадэліраванне, сінтэз і аптымізацыя сістэм. Складанымі сістэмамі лічаць аб’екты (сістэмы), састаўныя часткі (падсістэмы) якіх разглядаюць як асобныя сістэмы, аб’яднаныя пэўнымі сувязямі (суадносінамі) ці пэўнымі прынцыпамі. Пры распрацоўцы такіх сістэм вырашаюць праблемы, звязаныя з уласцівасцямі падсістэм, а таксама з заканамернасцямі функцыянавання ўсяго аб’екта.
Літ.:
Дружинин В.В., Конторов Д.С. Системотехника. М., 1985.