МА́РКАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 1.5.1946, г.Чавусы Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі і тэхнікі. Д-ртэхн.н. (1997), праф. (1999). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1968). З 1970 у Бел.тэхнал. ун-це (з 1995 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні ўзаемадзеянняў і раздзяленні фаз у цепламасаабменных апаратах. Распрацаваў высокаэфектыўныя апараты-кантактары для газавай (асушка прыроднага газу) і інш. галін прам-сці.
Тв.:
Анализ движения взвешенных частиц в роторном сепараторе (разам з Ф.У.Пруднікавым) // Инженерно-физ. журн. 1991. Т. 60, № 3;
К расчету устройств для сепарации капель жидкости // Весці НАН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1998. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГУ́НСКІ (Сцяпан Парфёнавіч) (6.1. 1912, г.Чавусы Магілёўскай вобл. — 26.12.1978),
бел. правазнавец. Чл.-кар.АН Беларусі (1953). Д-рюрыд.н. (1970), праф. (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1946), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦКВКП(б) (1951). З 1945 у ЦККПБ. З 1951 гал. вучоны сакратар прэзідыума АН Беларусі, з 1956 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. Асн.навук. працы па пытаннях тэорыі і гісторыі станаўлення і развіцця бел.сав. дзяржаўнасці. Пад яго кіраўніцгвам выдадзена «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76).
Тв.:
Создание и упрочение белорусской государственности 1917—1922. Мн., 1958;
Государственное строительство БССР в годы восстановления народного хозяйства (1921—1925). Мн., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ВІЧ (Леў Яфімавіч) (20.8.1898, г.Чавусы Магілёўскай вобл. — 11.5.1945),
ваенны разведчык, Герой Сав. Саюза (1965), камбрыг (1938). Скончыў Вышэйшую школу штабной службы камсаставу РСЧА (1921), Ваен. акадэмію РСЧА (1924), вучыўся ў Ваен.-паветр. акадэміі імя Жукоўскага. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Перад 2-й сусв. вайной у некат. краінах Еўропы быў вядомы як камерсант, уладальнік камерцыйных фірм; на самай справе вёў разведку (псеўд.Эцьен, Конрад Кертнер, Старасцін). У канцы 1936 арыштаваны і італьян. асобым трыбуналам асуджаны да 12 гадоў зняволення, якое адбываў у турмах і канцлагерах. У 1943 перададзены гітлераўцам, прайшоў канцлагеры Маўтхаўзен, Мельк, Эбензе. Адзін з арганізатараў падполля, кіраўнік падп. арг-цыі ў канцлагеры Эбензе (Аўстрыя). Вызвалены 6.5.1945 амер. войскамі безнадзейна хворы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г.Магілёў. Пл. 11 602 км² (1926), нас. 512,7 тыс.чал. (1924). Уключала 10 раёнаў (Быхаўскі, Бялыніцкі, Журавіцкі, Кармянскі, Лупалаўскі, Магілёўскі, Прапойскі, Чавускі, Чачэвіцкі, Шклоўскі), 4 гарады (Стары Быхаў, Магілёў, Чавусы, Шклоў), 3 мястэчкі (Бялынічы, Карма, Прапойск), 161 сельсавет. У сувязі са скасаваннем Калінінскай акр. 9.6.1927 у М.а. перададзены Бялынкавіцкі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Мілаславіцкі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі р-ны. 4.8.1927 скасаваны Бялынкавіцкі р-н (яго тэр. далучана да Касцюковіцкага р-на) і Мілаславіцкі р-н (яго тэр. далучана да Клімавіцкага р-на). Акруговая газ. «Магілёўскі селянін». На 1.1.1930 у М.а. 16 раёнаў, 6 гарадоў, 7 мястэчак, 259 сельсаветаў, у т. л. 3 польскія і 2 латышскія нацыянальныя. 26.7.1930 М.а. скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СЯ,
рака ў Беларусі, у Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток Проні (бас. Дняпра). Даўж. 104 км. Пл. вадазбору 955 км². Пачынаецца на Смаленскім узв. на паўд. ускраіне в. Анціпенкі Дубровенскага р-на, працякае па Аршанска-Магілёўскай раўніне ў Аршанскім раёне Віцебскай вобл., Горацкім, Дрыбінскім, Шклоўскім, Чавускім р-нах Магілёўскай вобласці. Асн. прытокі: Лімна, Аўчоса, Руза (справа), Паўна, Галубіна, Чарніца, Касінка (злева).
Даліна скрынкападобная, шыр. 300—500 м. Пойма двухбаковая, парэзаная старыцамі і далінамі прытокаў; яе шыр. 150—300 м. Рэчышча ўмерана звілістае, слабаразгалінаванае, у верхнім цячэнні на 18 км каналізаванае, на асобных участках расчышчанае; шыр. ў сярэднім і ніжнім цячэнні 10—15 м. Берагі стромкія. Найвыш. ўзровень разводдзя ў канцы сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 2,5 м, найб. 3 м. Замярзае ў пачатку снеж., крыгалом ў 3-й дэкадзе сакавіка. У басейне ракі 39 невял. прытокаў агульнай даўж. 96 км, 295 км адкрытай меліярац. сеткі. За 3 км вышэй за вусце — г.Чавусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (25.11.1884, г.Чавусы Магілёўскай вобл. — 4.1.1957),
бел. жывапісец-пейзажыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Вучыўся ў маст. вучылішчы ў Ліепаі (Латвія; 1903—06). Творчасці ўласцівы мяккая, стрыманая колеравая гама, тонкае спалучэнне халодных і цёплых тонаў, спакойная кампазіцыйная будова, паэтычнасць раскрыцця прыгажосці бел. прыроды. У ранні перыяд зазнаў уплыў франц. імпрэсіяністаў. Высокім каларыстычным майстэрствам вызначаюцца работы «Стары Мінск» (1921), «Раніца вясны» (1924), «Млын», «Беларуская вёска» (абедзве 1925) і інш. У 1930-я г. пісаў індустр. пейзажы: «Паглыбленне Арэсы» (1934), «Экскаватар на асушцы» (1938—39), «БелДРЭС» (1940) і інш. Паводле ўражанняў ваен. гадоў стварыў карціну «Па дарогах вайны» (1945—46). Пранікнёнай перадачай свету прыроды вызначаюцца творы пасляваен. гадоў: «Вецер» і «На рацэ Сож» (1945), «Бярозкі» (1948), «Беларускі пейзаж» (1949), «Свіслач» (1952), «Жыта», «Раніца», «Лясная рэчка» (1956) і інш.
Літ.:
Лейтман Ф. У.М.Кудрэвіч. Мн., 1958;
Бяспалы А.А. Пясняр беларускага пейзажу // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;
Фатыхава Г.А. З раніцы — настрой і працавітасць // Мастацтва. 1995. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКЛО́НСКІ (Канстанцін Вацлаў Юр’евіч) (? — пасля 1661),
бел. военачальнік у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, палкоўнік. У пач. вайны перайшоў на бок рас. цара Аляксея Міхайлавіча, ад якога атрымаў званне бел. палкоўніка. Войска П. складалася з 6 тыс.чал. На працягу жн. 1654 узяў Чавусы і Магілёў (разам з арміяй ваяводы М.Ваейкава). На падуладных тэр.усх. Беларусі спрабаваў праводзіць самаст. палітыку, незалежную ад царскага ўрада і ўкр. казакоў, што прывяло да жорсткага супрацьстаяння і баявых дзеянняў з наказным гетманам укр. казацкага войска І.Залатарэнкам. Да канца 1654 казакі былі выцеснены з Магілёўскага пав. У 1655 перайшоў на бок ВКЛ, пацярпеў паражэнні ад рас. войск пад Барысавам і Койданавам, ад казакоў Залатарэнкі пад Ашмянамі. З восені 1655 завербаваны ў войска брандэнбургскага электара Фрыдрыха Вільгельма, саюзніка Рэчы Паспалітай. Праз некалькі месяцаў, з-за здрады электара, удзельнічаў у паходзе на Прусію пад кіраўніцтвам В.Гасеўскага. 22.10.1656 у час бітвы са шведамі пад Філіпавам трапіў у палон, зняволены ў Мальбаркскай крэпасці. Пасля вызвалення на вайсковую службу не пайшоў, уласныя сродкі ахвяраваў на ўзбраенне войск ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Магілёўскае староства, Магілёўская эканомія,
буйное дзярж. ўладанне ў 14—18 ст. У 1387—99 належала каралеве Ядвізе, жонцы Ягайлы. У 15 ст., верагодна, з яе адасобіўся маёнтак Буйнічы. У 1501—31 М.в. у пажыццёвым уладанні вял. княгіні Алены Іванаўны, пазней — дзярж. ўласнасць. Тэр. М.в. сфарміравалася да 1-й пал. 16 ст., калі да яе далучаны часткі воласці Басея і Мсціслаўскага княства. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. звычайна называлася староствам. У 1560 уключала г. Магілёў і больш за 60 сёл. Пасля адм. рэформы 1565—66 у складзе Аршанскага павета. З 1588 перайшла ў разрад эканомій. У канцы 16 ст. імкліва павялічвалася колькасць жыхароў і паселішчаў. Паводле інвентара 1604, М.в. складалася (апрача Магілёва) з 194 сёл (з іх 28 пустых), падзеленых на 12 войтаўстваў. Першы адміністратар Магілёўскай эканоміі — Л.І.Сапега, у 1736—72 М.Пацей. У 1772 М.в. далучана да Рас. імперыі (5261 дым, 25 063 душы мужчынскага полу). Значная яе частка раздадзена ў прыватную ўласнасць набліжаным да Кацярыны II — А.М.Рымскаму-Корсакаву (5829 душ з мяст.Чавусы), А.П.Ярмолаву (4445 душ), В.Я.Чычагову (3997), А.А.Празароўскаму (448 душ з мяст. Сухары) і інш. Рэшта захавалася ў якасці дзярж. маёнткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.Ф.Захараў) 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 33-я, 49-я, 50-я, а таксама 4-я паветр. арміі, якім процістаялі 8 пяхотных і 2 матарызаваныя дывізіі 4-й арміі ням. групы армій «Цэнтр», што займалі эшаланіраваную (на глыбіню 60 км) абарону. Згодна з планам Бел. аперацыі перад войскамі 2-га Бел. фронту стаяла задача: ва ўзаемадзеянні з войскамі левага крыла 3-га і правага крыла 1-га Бел. франтоў разграміць магілёўскую групу праціўніка, вызваліць Магілёў і выйсці на р. Бярэзіна. Партызанам даручылі разбураць камунікацыі ворага і садзейнічаць сав. войскам у фарсіраванні водных перашкод. На гал. напрамку наступлення 49-й арміі была сканцэнтравана большая частка сіл і сродкаў, якія пераўзыходзілі праціўніка па пяхоце больш як у 2 разы, па артылерыі — у 4 разы, танках — у 1,5 раза. Напярэдадні аперацыі часці авіяцыі далёкага дзеяння і бамбардзіроўшчыкі фронту нанеслі ўдар па аэрадромах, вузлах абароны і артыл. пазіцыях праціўніка. У ходзе аперацыі вызвалены 25 чэрв.Чавусы, 26 чэрв. Горкі, 27 чэрв. Копысь і Шклоў, 28 чэрв. Магілёў і Быхаў. Пасля фарсіравання Дняпра і авалодання Магілёвам войскі фронту выйшлі ў міжрэчча Друці і Дняпра, паглыбіліся ў абарону праціўніка да 90 км. Яны скавалі на сваім напрамку значныя сілы ворага, пазбавілі яго магчымасці ажыццявіць манеўр рэзервамі ў палосах наступлення 1-га і 3-га Бел. франтоў (гл.Бабруйская аперацыя 1944 і Віцебска-Аршанская аперацыя 1944), арганізаванага адыходу за Бярэзіну, што пазней садзейнічала акружэнню і знішчэнню групоўкі праціўніка ў раёне на У ад Мінска. 21 вайск. злучэнне і часць атрымалі ганаровыя найменні «Магілёўскіх», 32 — «Верхнедняпроўскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКІ,
горад, цэнтр Горацкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Проня, пры ўпадзенні ў яе р. Парасіца. Вузел аўтадарог на Оршу, Магілёў, Чавусы, Мсціслаў, Смаленск. За 86 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. ст. Пагодзіна на лініі Орша—Крычаў. 32,8 тыс.ж. (1997).
Паводле дакумент. крыніц вядома з 1544 як сяло, з 17 ст. — цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У 17—19 ст. называліся Горы-Горкі. З 1584 належалі Сапегам. У 1619 атрымалі самакіраванне. У 1-й пал. 17 ст. згадваюцца як горад. З 1717 належалі кн. А.Д.Меншыкаву, графам М.А.Патоцкаму, Я.М.Салагубу. З 1772 у Рас. імперыі; мястэчка ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — Аршанскага, потым Копыскага пав. Магілёўскай губ. У 1780 у Горках 992 ж. У 1795 — 1820 дзейнічала Горацкая суконная мануфактура, двойчы ў год праходзілі кірмашы. У 1829 Горкі канфіскаваны ў царскую казну. З 1840 працавала Горы-Горацкая земляробчая школа, у 1848—64 Горы-Горацкі земляробчы інстытут. З чэрв. 1861 Горкі — горад, цэнтр Горацкага павета. У 1867 зацверджаны герб: у залатым полі 3 чорныя горкі, з якіх вырастаюць зялёныя каласы. У 1879—80 дзейнічаў Горы-Горацкі народніцкі гурток. У 1897 — 6737 ж. Да сак. 1924 у Гомельскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Горацкага раёнаБССР. У 1939 у Горках 22,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 12.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Горках і раёне 2530 чал. Дзейнічала Горацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 26.6.1944 у ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. У 1970 — 22,1 тыс.ж.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч., мясц. прам-сці. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (19 ст.). Брацкая магіла падпольшчыкаў і ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, магіла сав. ваеннапалонных.