МАРШ,

музычны жанр. Склаўся ў інстр. музыцы. Яго вызначальныя рысы: дакладны рытм з вострымі пункцірнымі фігурамі і сінкопамі, мелодыка з «фанфарнымі» інтанацыямі, скачкамі, паўторамі гукаў, квадратнасць пабудовы, устойлівы тэмп. Памер пераважна ​2/4, ​4/4.

М. сфарміраваўся ў далёкім мінулым на аснове інстр. сігналаў (гл. Сігнальная музыка), паходнай салдацкай песні, некат. форм танц. музыкі (напр., паланэза). Разнастайнасць характару і зместу М. абумоўлена яго канкрэтным прызначэннем (страявы, жалобны, канцэртны і інш.), сац.-грамадскімі ўмовамі эпохі і традыцыямі нац. муз. культур. М. — адзін з вядучых жанраў духавой музыкі, які садзейнічае арганізацыі руху і стварэнню адзінага эмац. настрою. Сярод ваен. М. вылучаюць страявы (парадны), цырыманіяльны (калонны і фанфарны), паходны, або «хуткі», сустрэчны, пахавальны (жалобны), кожны з якіх мае свае муз.-стылявыя асаблівасці. На ранняй ступені развіцця М. стаў таксама жанрам тэатр., канцэртнай і быт. музыкі. Развіваецца ў пастаяннай сувязі яго прыкладной і «мастацкай» форм.

На Беларусі М. выкарыстоўваецца ў нар. і прафес. муз. практыцы; абавязковы кампанент традыц. вясельнага рытуалу, дзе стварае атмасферу ўсеагульнай радасці і ўрачыстасці. У кожнай мясцовасці ёсць свае традыц. папулярныя маршы, у т. л. рус. ваен. М. «Развітанне славянкі», «Туга па Радзіме», «Егерскі марш», «Парыжскі марш 1814 г.», бел. нар. песня «Бывайце здаровы», польск. застольная песня «Сто год» і інш., розныя па месцы і па часе ўзнікнення. У 2-й пал. 19 ст. да жанру М. звярталіся І.​Глінскі, Я.​Ёдка і інш. М. зрабіў вял. ўплыў на развіццё масавай песні. У 20 ст. М. пісалі бел. кампазітары Р.​Бутвілоўскі, Ю.​Бяльзацкі, Я.​Глебаў, І.​Лучанок, П.​Падкавыраў, Р.​Сурус, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін. М.-парафразы створаны на тэмы песень У.​Алоўнікава, Лучанка, Ю.​Семянякі і інш. М. распрацоўваецца ў бел. сімф., опернай, балетнай, фп. музыцы і інш.

Літ.:

Городецкая 3., Магазинер Л. Типичные черты жанра, композиции и музыкального языка маршей // В помощь военному дирижеру. М., 1955. Вып. 2.

І.​Дз.​Назіна.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНА́ТНА-ЦЫКЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,

разнавіднасць шматчасткавай цыклічнай формы музычнай, характэрная для санатна-сімфанічнага (сімфоніі, канцэрты і г.д.) і санатнага (санаты, трыо, квартэты, квінтэты і інш.) цыклаў. Ёй уласцівы драматургічная і функцыян. ўзаемасувязь частак на аснове канцэпцыйнага адзінства цыкла пры пэўнай вобразна-тэматычнай іх самастойнасці.

Вытокі С.-ц.ф. ў стараж. цыклічных творах тыпу стараж. санаты, сюіты, партыты, такаты і інш. У працэсе эвалюцыі выкрышталізаваліся яе структурныя і функцыян. асаблівасці, якія сталі ўстойлівымі (нарматыўнымі) у творчасці венскіх класікаў (2-я пал. 18—1-я пал. 19 ст.) І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена. Класічная С.-ц.ф. мае 4 часткі (часам 3, як выключэнне — 2). 1-я частка — санатнае алегра (гл. Санатная форма), якая зместам і характарам музыкі вызначае маст. сэнс усяго санатна-сімф. цыкла. 2-я частка, павольная, звычайна — лірычны цэнтр санатна-сімф. цыкла. 3-я частка рухомая, з нечаканымі вобразна-тэматычнымі пераключэннямі. Паслядоўнасць сярэдніх частак цыкла бывае адваротная. 4-я частка (фінал) выніковая ў творы. У працэсе развіцця муз. мастацтва адбыліся змены ў канцэпцыях і драматургіі санатна-сімф. цыкла. Наватарскія рысы С.-ц.ф. выявіліся ў інтэрпрэтацыі Бетховена (у 9-й сімф. харавы з салістамі фінал), Г.​Берліёза (у «Фантастычнай сімфоніі» ўпершыню выкарыстана лейттэма). З 5-й сімфоніі Бетховена замацоўваецца тэндэнцыя як непасрэднага пераходу адной часткі С.-ц.ф. ў наступную.

У музыцы 20 ст. мадыфікацыі С.-ц.ф. датычаць тэматызму (Дз.​Шастаковіч, Р.​Шчадрын, Г.​Канчэлі, Дз.​Смольскі, Я.​Глебаў), узаемасувязі частак (І.​Стравінскі, А.​Веберн, Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, Я.​Цікоцкі, А.​Мдывані, Дз.​Смольскі, В.​Кузняцоў, Ф.​Пыталеў і інш.), часам да іх зліцця ў адно цэлае (Канчэлі, Смольскі), колькасці частак і прынцыпаў формаўтварэння (Шастаковіч, А.​Месіян, М.​Аладаў, Л.​Абеліёвіч, Мдывані, К.​Цесакоў). У сучаснай музыцы значную ролю адыгрываюць яе індывідуалізаваныя варыянты.

Літ.:

Катуар Г.Л. Музыкальная форма. Ч. 2. М., 1936;

Способин И.В. Музыкальная форма. 7 изд. М., 1984.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНА́ТНАЯ ФО́РМА,

нецыклічная форма музычная, якой уласцівы проціпастаўленне дзвюх або некалькіх вобразна-тэматычных сфер, суадносіны якіх грунтуюцца на прынцыпах кантрасту або адрознення, бесперапыннае вобразна-тэматычнае развіццё на аснове прычынна-выніковай сувязі, пэўныя формаўтваральныя танальна-функцыян. суадносіны. Асн. раздзелы С.ф. — экспазіцыя, распрацоўка, рэпрыза — утвараюць 3-часткавую кампазіцыю тыпу ABA. Акрамя асн. раздзелаў часам мае уступ і коду (заключны раздзел). С.ф. выкарыстоўваюць у адной з частак, звычайна 1-й (санатнае алегра), санатна-сімф. цыкла (гл. Санатна-цыклічная форма). Існуе і як форма самаст. твора (1-часткавыя санаты, уверцюры, фантазіі, паэмы і інш.). Форма, у якой замест распрацоўкі эпізод, заснаваны на новай тэме, мае назву С.ф. з эпізодам. Магчыма С.ф. без распрацоўкі (характэрная для оперных уверцюр, павольных частак санатна-сімф. цыклаў і інш.). Кампазіцыйныя прынцыпы С.ф. выкрышталізаваліся на аснове старадаўніх форм. Класічная С.ф. склалася ў творчасці кампазітараў венскай класічнай школы. Пачынаючы з твораў Л.​Бетховена, асабліва ў музыцы Р.​Шумана, Э.​Грыга, Ф.​Шапэна, Ф.​Ліста, П.​Чайкоўскага, А.​Скрабіна, С.​Рахманінава, С.ф. відазмяняецца ў кампазіцыйных і стылявых параметрах, дынаміцы тэматычнага развіцця, танальных суадносін, формаўтварэння. 20 ст. адзначана фарміраваннем індывідуальных варыянтаў С.ф. (Г.​Малер, А.​Анегер, Скрабін, С.​Пракоф’еў, Дз.​Шастаковіч, М.​Мяскоўскі, Ю.​Юзелюнас, В.​Лютаслаўскі, К.​Пендарэцкі і інш.). У бел. музыцы С.ф. прадстаўлена шматбакова і ў класічных нормах (Л.​Абеліёвіч, М Аладаў, А.​Багатыроў, Г.​Вагнер, Я.​Глебаў, В.​Залатароў, Ф.​Пыталеў, К.​Цесакоў, Я.​Цікоцкі і інш.), і ў разнастайных сучасных мадыфікацыях (У.​Дарохін, В.​Кузняцоў, А.​Мдывані, Дз.​Смольскі, А.​Сонін, Р.​Сурус і інш.).

Літ.:

Берков В.О. Сонатная форма и строение сонатно-симфонического цикла. М., 1961;

Горюхина Н.А. Эволюция сонатной формы. 2 изд. Киев, 1973;

Бобровский В.П. Функциональные основы музыкальнай формы. М., 1978;

гл. таксама да арт. Форма музычная.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНА́ЛЫ,

адзін з найб. стараж. родаў гукавай творчасці прыкладнога прызначэння. Вядомы ўсім народам свету.

Адрозніваюць моўныя С. (перагукванні, клічы), вак. (напр., бел. і ўкр. «хойканні») і інструментальныя. Узнікненне С. абумоўлена неабходнасцю зносін на значнай адлегласці. Існуюць С. паляўнічыя, пастухоўскія, вартавыя, ваен., паштовыя, чыг., магічныя, культавыя, цырыманіяльныя, спарт. і інш. Выкарыстоўваюцца сігн. інструменты розных тыпаў: мембранныя (барабан, літаўры), самагучальныя (біла, гонг, звон, трашчотка) і духавыя (труба, рог). Тэхніка-канструкцыйныя выразныя магчымасці такіх інструментаў, спецыфіка нац. муз. традыцый, канкрэтнае грамадскае прызначэнне сігнальных найгрышаў вызначаюць разнастайнасць семантыкі і відаў С. Яны прадстаўлены неўпарадкаванымі дамуз. шумамі, асобнымі рытмічнымі фігурамі без фіксаванай вышыннасці гукаў і найгрышамі. Для апошніх характэрна сувязь з моўнымі інтанацыямі клічу, звароту, фанфарнасць мелодыкі, пункцірнасць рытмікі, варыянтнасць маштабна-структурных адзінак, імправізацыйнасць стылістыкі і выканання.

На працягу многіх стагоддзяў С. адыгрывалі ў жыцці ўсх. славян, у т. л. беларусаў, важную грамадскую ролю. Паводле стараж.-бел. гіст. помнікаў, з дапамогай С. склікалі народ на веча (напр., звон у Полацку), паведамлялі пра небяспеку (пажар, паводка, набліжэнне ворага), падтрымлівалі сувязь у час ваен. дзеянняў («трубы трубят городеньские...» у «Слове аб паходзе Ігаравым», 12 ст.), віталі князя і яго дружыну, іншаземных гасцей, суправаджалі нар. і культавыя абрады, святкаванні, арыентавалі падарожнікаў у непагадзь, адзначалі час. Выкарыстоўвалі ў час палявання (рагавыя С. ў «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага), у побыце пастухоў (труба, рог, драўляныя або метал. званкі), паляўнічых (труба, рог, трашчотка), у розных быт. абставінах (біла-калатушка) і інш. Асаблівае месца адводзілася С. у ваен. побыце С. — адзін з асн. «першасных жанравых пачаткаў», які паўплываў на развіццё многіх жанраў прафес. муз. мастацтва (І.​С.​Бах, Л.​Бетховен, Р.​Вагнер, Г.​Берліёз, П.​Чайкоўскі, М.​Рымскі-Корсакаў), у т. л. бел. (Я.​Цікоцкі, Я.​Глебаў і інш.).

Літ.:

Назина Н.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна.

т. 14, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМФАНІ́ЧНАЯ МУ́ЗЫКА,

галіна інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання сімфанічным аркестрам Выразныя сродкі сімф. аркестра даюць магчымасць увасабляць разнастайныя творчыя задумы, складаныя драматург. канцэпцыі, значныя муз. вобразы як у манум. цыклічных кампазіцыях, так і ў невял. творах.

Вытокі С.м. ў інстр. ансамблевым музіцыраванні часоў антычнасці. У эпоху Адраджэння склаўся спецыфічны інстр. (ансамблева-аркестравы) стыль, у 17 — пач. 18 ст. сфарміраваліся жанры С.м.: сюіта, канцэрт, уверцюра. У выніку развіцця класічнага складу сімф. аркестра сталі фарміравацца санатна-цыклічныя формы і жанр сімфоніі ў творчасці кампазітараў мангеймскай школы і венскай класічнай школы, якая дала класічныя тыпы сімфоніі, канцэрта, уверцюры. У 19 ст. ўзніклі новыя жанры. удасканалены і інструменты сімф. аркестра. павялічылася роля дырыжора; паглыбіліся сувязі С.м. з опернай, балетнай, харавой, камернай музыкай.

Значнае месца ў С.м. займае праграмная музыка (сімфоніі, сімфанічныя паэмы, сімфанічныя карціны, сімфанічныя фантазіі і інш.). Да сімф. форм належаць таксама сімфаньета, варыяцыі, рапсодыя, скерца, капрычыо, уверцюра, легенда, марш, папуры, танец і інш. У канцэртны сімф. рэпертуар уваходзяць аркестравыя фрагменты з опер, балетаў, музыкі да драм. спектакляў, кінафільмаў і інш. У С.м. знайшлі ўвасабленне найб. значныя ідэі, тэмы і вобразы, разнастайныя маст.-эстэт. плыні (рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.), яскрава выявіліся асаблівасці нац. кампазітарскіх школ Высокімі дасягненнямі адзначана рус. С.м. (М.​Глінка, П.​Чайкоўскі, М.​Рымскі-Корсакаў, А.​Глазуноў, С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, І.​Стравінскі, М.​Мяскоўскі, Дз.​Шастаковіч, С.​Пракоф’еў і інш.).

На Беларусі С.м. — адна з вядучых галін прафес. кампазітарскай творчасці, у якой адлюстраваны гісторыя народа, ідэі і вобразы сучаснасці, прыроды, нар. паданняў, казак, легенд і інш. Цікавасць да С.м. праявілася ў 1920-я г. (М.​Аладаў, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі і інш.). Сярод жанраў бел. С.м.: сімфонія, сімф. паэма, сюіта, уверцюра, карціна, фантазія. Шырока прадстаўлены ў бел. С.м. прынцып праграмнасці.

Літ.:

Бобровский В. Симфоническая музыка // Музыка XX в. М., 1976. Ч. 1, кн. 1;

гл. таксама да арт. Сімфанізм, Сімфонія.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМФАНІ́ЧНАЯ ПАЭ́МА,

адначасткавы праграмны сімф. твор, які ўвасабляе пэўны сюжэт ці філасофскую ідэю, вызначаныя ў літ. форме (праграме) ці ў назве твора; адзін з асн. жанраў праграмнай музыкі. Узнікла і фарміравалася ў 19 ст. ў непасрэднай сувязі з інш. блізкімі да яе жанрамі — праграмнай уверцюрай, сімфанічнай карцінай, сімфанічнай фантазіяй.

Звычайна С.п. складаецца з некалькіх эпізодаў, характар і паслядоўнасць якіх абумоўлены зместам праграмы, драматургіяй твора і падпарадкаваны эстэт. нормам формаўтварэння ў музыцы (гл. Форма музычная). У ёй свабодна выкарыстоўваюцца класічныя адна- і шматчасткавыя муз. формы, характэрна спалучэнне ў адзінай структуры рыс санатнай формы і санатна-сімф. цыкла, магчымы і нетыповыя структуры, спалучэнні рыс інш. муз. жанраў. Лепшыя С.п. створаны Ф.​Лістам. Да С.п. звярталіся Б.​Сметана, К.​Сен-Санс, С.​Франк, Р.​Штраус, Я.​Сібеліус, А.​Дворжак, Б.​Бартак, А.​Шонберг, М.​Рэгер, А.​Рэспігі, М.​Балакіраў, П.​Чайкоўскі, М.​Рымскі-Корсакаў, А.​Скрабін, А.​Глазуноў і інш.

У бел. музыцы тэматыка С.п. разнастайная: гіст. (В.​Іваноў, У.​Кандрусевіч), героіка-патрыят. (М.​Аладаў, У.​Алоўнікаў, У.​Дарохін, А.​Мдывані, Ф.​Пыталеў, Дз.​Смольскі, Я.​Цікоцкі). У некат. С.п. ўвасоблены філас. ідэі (А.​Бандарэнка, Кандрусевіч, Н.​Усцінава), сюжэты і вобразы маст. л-ры (С.​Аксакаў, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, Ю.​Грыгор’еў, А.​Клеванец, Л.​Шлег і інш.), вобразы гіст. асоб (Аладаў). Значнае месца сярод С.п. займаюць творы, у якіх пераважае карцінна-выяўл. тып праграмнасці (Я.​Дзягцярык, А.​Залётнеў, А.​Чыркун), а таксама святочныя С.п. (Глебаў, Мдывані, Л.​Гуцін) і без абвешчанай праграмы (У.​Дамарацкі, Дз.​Даўгалёў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, А.​Кочын, В.​Помазаў, У.​Прохараў, А.​Сонін, І.​Хадоска і інш.). Некат. творы тыпу С.п. маюць інш. вызначэнні, у т. л. сімф. балада, легенда (Глебаў), казка (В.​Войцік), эскіз (Я.​Паплаўскі) і інш.

Літ.:

Попова Т.В. Симфоническая поэма. 3 изд. М., 1963.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЮІ́ТА (франц. suite літар. — рад, паслядоўнасць),

1) інструментальны муз. твор шматчасткавай цыклічнай будовы, які складаецца з адносна самаст. кантрастных частак, аб’яднаных агульнай маст. задумай. Ад санаты і сімфоніі адрозніваецца больш простай муз. драматургіяй і структурай, адсутнасцю рэгламентацыі колькасці і паслядоўнасці частак, а таксама сувяззю з песняй і танцам.

2) Харэаграфічная кампазіцыя з некалькіх танцаў, самаст. твор або ў складзе балетнага спектакля.

Вытокі С. ў супастаўленні павольнага і хуткага танцаў, вядомых са старажытнасці. С. рознага віду існуюць з 16 ст., у т. л. пад назвай дывертысмент, партыта, серэнада. У 17—18 ст. складалася з асн. (алеманды, куранты, сарабанды, жыгі) і інш. танцаў, а таксама нетанц. частак (арыя, прэлюдыя і інш.). З 19 ст. ствараюцца арк. нетанц. С. (П.​Чайкоўскі), а таксама праграмныя («Шахеразада» М.​Рымскага-Корсакава). Вядомы С., якія складаюцца з музыкі опер, балетаў, а таксама музыкі да тэатр. пастановак.

У бел. музыцы найб. шматлікія і разнастайныя С. для сімф. аркестра (М.​Аладаў, А.​Клумаў, Р.​Пукст, Я.​Цікоцкі), у т. л. праграмныя («Песні міру» У.​Алоўнікава, «Піянерская сюіта» Г.​Вагнера, «Забавы» В.​Войціка, «Палеская сюіта» Я.​Глебава, «Карнавальная сюіта» Я.​Дзягцярыка», «Калядныя забавы» Р.​Суруса, «Кірмашовыя замалёўкі» Л.​Шлег і інш.); для аркестра бел. нар. інструментаў (В.​Іваноў, Э.​Зарыцкі, Дз.​Камінскі, П.​Падкавыраў, «Раёк» А.​Мдывані, «Батлейка» В.​Помазава, «Мінская сюіта» К.​Цесакова і інш.); для асобных інструментаў з сімф. аркестрам (Мдывані, Падкавыраў і інш.) і камернага, стр. аркестра, рознага складу ансамбляў, эстр. аркестра. Значнае месца займаюць С. для хору, салістаў і аркестра (Вагнер, І.​Кузняцоў, Мдывані, Ю.​Семяняка, Дз.​Смольскі, Сурус, Цесакоў, У.​Чараднічэнка, Шлег і інш.), а таксама на аснове твораў інш. жанраў: балетаў (Вагнер, Глебаў, В.​Залатароў, Кандрусевіч), аперэты (Сурус), музыкі да спектакляў драм. т-раў, кінафільмаў (Ю.​Бяльзацкі, Глебаў, Дз.​Лукас і інш.).

Літ.:

Попова Т.В. Сюита. М., 1963.

Т.​А.​Дубкова.

т. 15, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВА́Я МУ́ЗЫКА,

разнавіднасць інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання на духавых інструментах. Ахоплівае творы для асобных інструментаў, для ансамбляў і аркестраў. Вядома са старажытнасці. Яе вытокі звязаны з магічна-рытуальнымі абрадамі, ваен., паляўнічымі, пастухоўскімі і інш. сігналамі (гл. Сігнальная музыка). На працягу стагоддзяў складваліся маст. выразныя сродкі, жанры, формы Д.м. Яе асн. жанры: камерна-інструментальны (санаты, фантазіі, мініяцюры, трыо, квартэты і інш.), марш, папуры. У рэпертуары духавых аркестраў таксама розныя п’есы, уверцюры, часам сімфоніі (М.​Мяскоўскі, І.​Стравінскі), інструментоўкі сімф., балетнай, вак., народнай, а таксама аранжыроўкі і кампіляцыі эстраднай, танц. і джазавай музыкі.

На Беларусі выкарыстанне труб, рагоў, дудак у вайск., паляўнічым, прыдворным побыце і старажоўстве адлюстравана ў летапісных і літ. крыніцах («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага, «Александрыя», «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча), муз. антуражы арх. помнікаў стылю ракако, нац. геральдыцы. З 13 ст. музыка на духавых інструментах суправаджала выступленні скамарохаў. Пастухоўскія сігналы, песенныя, танц. імправізацыі і найгрышы на духавых інструментах (фуярка, чаратоўка, жалейка, дудка, дуда, флейта, кларнет) здаўна ўводзілі ў рэпертуар народных інстр. ансамбляў і аркестраў. Пра характар быт. музыкі 16—17 ст. у выкананні духавых інструментаў дае ўяўленне т.зв. «Полацкі сшытак». У канцы 17 — пач. 18 ст. выканальніцтва на духавых інструментах актыўна развівалася на Магілёўшчыне. У жанрах Д.м. працавалі І.Дабравольскі, Вус, Няльгоўскі і інш. У 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Д.м. Беларусі ўключала пераважна п’есы прыкладнога характару (маршы, бальныя танцы і інш.) і камерна-інстр. творы. У 1930—50-я г. асновы арыгінальнага бел. рэпертуару для духавога аркестра залажылі М.​Аладаў, Ю.​Бяльзацкі, Дз.​Лукас, П.​Падкавыраў, С.​Палонскі, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі. У 1960—90-я г. ў розных жанрах Д.м. прадавалі Л.​Абеліёвіч, У.​Алоўнікаў, А.​Багатыроў, У.​Буднік, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, А.​Гураў, У.​Дамарацкі, Я.​Дзягцярык, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, Э.​Казачкоў, С.​Картэс, А.​Клеванец, І.​Кузняцоў, І.​Лучанок, А.​Мдывані, У.​Палуэктаў, У.​Прохараў, Ю.​Семяняка, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, В.​Сярых, К.​Цесакоў, Л.​Шлег і інш.

Літ.:

Левин С.Я. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНЫЯ ЛАДЫ́,

група дыятанічных ладоў (гл. Дыятоніка). Уключае поўныя і няпоўныя лідыйскі, іанійскі (натуральны мажор), міксалідыйскі, дарыйскі, эалійскі (натуральны мінор), фрыгійскі, лакрыйскі (зрэдку), а таксама ўсе віды пентатонікі. Ступені ў Н.л. знаходзяцца ў суадносінах, уласцівых гукам асн. гукараду, у адрозненне ад ладоў са змененымі асн. ступенямі (гл. Альтэрацыя, Храматыка). Назвы Н.л. запазычаны ў сярэднявеччы са стараж.-грэч. тэорыі музыкі, але структура Н.л. і стараж.-грэч. не супадае. Н.л. адрозніваюцца адзін ад аднаго індывідуальна спецыфічным гучаннем, аднак для лідыйскага, іанійскага, міксалідыйскага характэрна мажорнае нахіленне, для дарыйскага, эалійскага, фрыгійскага — мінорнае (гл. нотны прыклад; схема І.​Спасобіна). Уласцівы муз. фальклору многіх народаў (бел. нар. музыцы характэрны іанійскі, эалійскі, міксалідыйскі, пентатонавыя лады, трапляюцца дарыйскі, фрыгійскі, значна радзей — лідыйскі, лакрыйскі), пад яго ўплывам увайшлі ў сярэдневяковыя манодыі, стараж.-рус. і бел. культавую музыку, з 17 ст. — у зах.-еўрап. і рус. кампазітарскую творчасць. Н.л. шырока прадстаўлены ў рус. і зарубежнай музыцы 19—20 ст. (М.​Мусаргскі, М.​Рымскі-Корсакаў, І.​Стравінскі, Б.​Бартак, Э.​Грыг, К.​Дэбюсі), сав. кампазітараў (М.​Мяскоўскі, С.​Пракоф’еў, Г.​Свірыдаў, Ю.​Шапорын, Дз.​Шастаковіч). Сярод бел. кампазітараў Н.л. выкарыстоўвалі Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, А.​Багатыроў, С.​Бельцюкоў, Я.​Глебаў, В.​Залатароў, П.​Падкавыраў, В.​Помазаў, Ф.​Пыталеў, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, Я.​Цікоцкі, Л.​Шлег і інш.

Ва ўсх. нар. музыцы ў процілегласць еўрапейскай Н.л. не дыятанічныя, што дае падставу для больш шырокага сучаснага разумення іх у музыцы з уключэннем у сэнс тэрміна і недыятанічных сістэм (напр., сучаснай 12-ступеннай сістэмы).

Літ.:

Способин И.В. Лекции по курсу гармонии М., 1969;

Тюлин Ю.Н. Натуральные и альтерационные лады. М., 1971;

Холопов Ю.Н. Проблемы диатоники и хроматики // Сов. музыка. 1972. № 10;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1964. №4;

Юденич Н. Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;

М., 1973. Вып. 2.

Т.А Дубкова.

Натуральныя лады.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРНАЛІ́СТЫКА (ад франц. journal газета),

від творчай дзейнасці грамадскага кірунку па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак, праз сродкі масавай інфармацыі (СМІ) — друк, радыё, тэлебачанне, кіно і інш. Уключае таксама навуку пра ролю і месца СМІ у жыцці грамадства, пра формы і металы журналісцкай дзейнасці. Вызначаецца аператыўнасцю і перыядычнасцю, абапіраецца на юрыд. законы і маральна-этычныя нормы, развіваецца па ўласных прынцыпах і законах. Праз СМІ выконвае інфарм. функцыі, уздзейнічае на грамадскую думку, на светапогляд чалавека. Функцыі і задачы Ж. ў розны гіст. перыяд мяняліся. У залежнасці ад канкрэтных задач (публіцыстычных, мастацкіх, навуковых, прафесійных і інш.) Ж. ўласціва шматгаліновасць.

Ж. ўзнікла ў пач. 17 ст. (гл. Газета, Часопіс). Першыя рэгулярныя масавыя перыяд. выданні з’явілася ў 2-й пал. 18 ст. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. з вынаходствам фатаграфіі і кінематографа з’явілася фота- і кінажурналістыка, з 1920-х г. развіваецца радыёжурналістыка, з 1940-х г. — тэлежурналістыка. У сучаснай Ж. важную ролю адыгрываюць дзярж. і прыватныя сродкі масавай інфармацыі. Спецыфіка Ж. патрабуе высокакваліфікаваных прафес. кадраў. На Беларусі журналісцкую адукацыю атрымліваюць на ф-це журналістыкі БДУ (з 1944), дзе найб. актыўна займаюцца таксама яе навук. і практ. праблемамі. З 1946 дзейнічае Міжнародная арганізацыя журналістаў, з 1959 Бел. саюз журналістаў (гл. Саюз журналістаў Беларусі). Лепшыя работы ў галіне Ж. на Беларусі адзначаюцца Дзярж. прэміяй (з 1967; да 1991 імя П.​М.​Лепяшынскага). Вывучэнню праблем гісторыі, тэорыі і практыкі Ж. на Беларусі прысвечаны працы С.​Х.​Александровіча, Р.​В.​Булацкага, С.​В.​Говіна, С.​В.​Марцэлева, І.​І.​Сачанкі, Б.​В.​Стральцова, М.​Я.​Цікоцкага і інш. даследчыкаў. Выходзілі і выходзяць выданні, прысвечаныя журналісцкай дзейнасці, — «Рабселькор» (1931—33), «У дапамогу работнікам мясцовага друку», «Культура мовы журналістаў» (вып. 1—6, 1982—92), «Веснік БДУ» (серыя IV, з 1969) і інш., выдаюцца зборнікі, манаграфіі і інш. даследаванні.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;

Стральцоў Б.В. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Орлова Т.В. Введение в журналистику. Организация работы редакции газеты. Мн., 1989.

С.​В.​Говін.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)