ПАНТЭЛЕРЫ́Я (Pantelleria),

востраў у цэнтры Міжземнага м., у Туніскім прал., на ПдЗ ад Сіцыліі, у складзе Італіі. Пл. 83 км². Выш. да 836 м. П. — надводная ч. патухлага вулкана. Частыя землетрасенні. Сады, вінаграднікі. Порт — Пантэлерыя.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЙСКІ ПЕРАШЫ́ЕК,

паўночная звужаная да 160 км частка Карэйскага п-ва ў КНДР, паміж Зах.-Карэйскім і Усх.-Карэйскім залівамі. На З — нізінная раўніна, у цэнтры — лясісты хр. Пуктэбон (выш. да 1833 м), на У — Вансанская раўніна.

т. 8, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДА́Н, курэнь,

часовая жылая пабудова, вартоўня ці склад у садах, на вял. агародах, у лесе, на сенажаці. Вядомы на Беларусі і Украіне са старажытнасці. Найчасцей будан будавалі ў выглядзе 2-схільных канструкцый з тонкіх жэрдак на 2 слупах-сохах, злучаных уверсе перакладзінай, накрывалі карой, галлём, саломай, сенам. У пач. 20 ст. на Палессі зафіксаваны буданы больш складанай пірамідальнай канструкцыі: васьмігранныя ў плане з 4 слупамі ў цэнтры, якія звязваліся перакладзінамі і служылі асновай нахіленых сцен з плашак або драніц, абкладзеных звонку дзёрнам. Часам ніжнюю частку будана рубілі з бярвён, а над агнішчам (у цэнтры) ставілі 2-схільны дах з дымнікам па баках. Выкарыстоўвалі будан і як часовае жыллё ў перыяд розных нягод, асабліва войнаў.

т. 3, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВАЯ ПЛО́ШЧА, рынак,

адна з галоўных плошчаў стараж. гарадоў і мястэчкаў, дзе праходзілі таргі і кірмашы. На Беларусі ўзніклі ў эпоху Кіеўскай Русі з развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю. Звычайна размяшчаліся ў гіст. цэнтры горада, часам каля рэк (дзе былі прыстані), прылягалі да замкаў. Гандлёвая плошча была кампазіцыйным цэнтрам сялібнай тэр. гарадоў і мястэчкаў. Мела прамавугольны, радзей трохвугольны шматгранны план, ад яе ў радыяльных напрамках адыходзілі вуліцы, што вялі да гар. брам. У цэнтры плошчы гарадоў размяшчаліся ратушы (нярэдка аб’яднаныя з гандлёвымі радамі), гасціныя двары, у мястэчках — крамы. Перыферыйныя часткі займалі культавыя будынкі, корчмы і аўстэрыі, важніцы, каморы, жылыя дамы рамеснікаў і гандляроў.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 5, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВРО́ЦЛАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Wrocławskie),

у паўднёва-заходняй частцы Польшчы. Пл. 6287 км², нас. 1130,7 тыс. чал. (1992), гарадскога 74%. Адм. ц.г. Вроцлаў. Рэльеф пераважна раўнінны. На Пн Жмігрудская катлавіна і Тшабніцкая града (257 м), у сярэдняй ч. Вроцлаўская раўніна, на Пд — перадгор’і Судэтаў (г. Шленжа 718 м). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -1 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 500—900 мм. Гал. рака — Одра з прытокамі Відава, Алава, Шленза і інш. Хвойныя і мяшаныя лясы. Гаспадарка прамысл.-аграрная. Развіта маш.-буд., харч., фармацэўтычная, хім., металургічная прам-сць. Найб. прамысл. цэнтры: Алясніца, Ельч-Ляскавіцы, Бжэг Дольны, Алава. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя травы, тэхн. культуры. Гадуюць свіней. Санаторна-курортныя цэнтры: Тшабніца і Абарнікі-Шлёнске.

т. 4, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІ́ЙНА-ТЭХНІ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

сістэма падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў для розных галін нар. гаспадаркі; адна з састаўных частак прафесійнай адукацыі. Засн. на базавай або агульнай сярэдняй адукацыі. Уключае прафес. вучылішчы, ліцэі, каледжы, вышэйшыя прафес. і тэхн. ўстановы, цэнтры прафес. адукацыі, навуч.-вытв. цэнтры і інш. Мае розныя профілі: маш.-буд., буд., аграпрамысл., электратэхн., хім., сферы паслуг і інш. Для атрымання дадатковых прафес. ведаў і навыкаў, набыцця новых прафесій і спецыяльнасцей прафес.-тэхн. навуч. ўстановы праводзяць павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. На Беларусі ў сістэме П.-т.а. 248 навуч. устаноў, у якіх 136 тыс. навучэнцаў па 350 прафесіях (2000/2001 навуч. г.). Гл. таксама Беларусь (раздз. «Асвета»).

Э.​М.​Каліцкі.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦАЎЛАДКАВА́ННЕ,

сістэма арганізацыйных, эканам. і прававых мер, накіраваных на забеспячэнне прац. занятасці насельніцтва У шырокім сэнсе П. аб’ядноўвае ўсе формы прац. дзейнасці, у т. л. прадпрымальніцтва, індывід. прац. дзейнасць і да т.п. У вузкім сэнсе пад П. разумеецца працэс пошуку адпаведнай работы і ўладкаванне на ёй, а таксама працэс прафес. падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі грамадзян для атрымання наяўных прац. месцаў. У забеспячэнні занятасці насельніцтва ўдзельнічаюць агульныя і спец. дзярж. органы. Агульнае кіраванне П. у Рэспубліцы Беларусь ускладзена на Мін-ва працы, якое нясе адказнасць за распрацоўку і рэалізацыю дзярж. палітыкі ў галіне працы і занятасці. Спец. органам П. з’яўляецца дзярж. служба занятасці, у якую ўваходзяць Гал. ўпраўленне дзярж. службы Мін-ва працы, абл. ўпраўленні службаў занятасці, гар. і раённыя цэнтры занятасці, інфарм. цэнтры, цэнтры па прафес. падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы беспрацоўных (гл. Беспрацоўе), іх філіялы і аддзяленні. Дзярж. служба занятасці з’яўляецца пасрэднікам паміж беспрацоўнымі і наймальнікамі. Падставай ўзнікнення праваадносін паміж імі з’яўляецца рашэнне службы занятасці аб прызнанні грамадзяніна беспрацоўным. Прававое рэгуляванне адносін, звязаных з П., ажыццяўляецца законам «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.12.1991 і інш. нарматыўнымі актамі.

А.​В.​Моціна.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЦЭНТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА СВЕ́ТУ уяўленне пра будову Сусвету, паводле якога ў цэнтры яго размешчана нерухомая Зямля, вакол якой рухаюцца ўсе нябесныя целы. Геацэнтрычная сістэма свету апісана К.​Пталамеем (2 ст.). На змену геацэнтрычнай сістэме свету прыйшла геліяцэнтрычная сістэма свету.

т. 5, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАЛЭ́НКА (Ostrołęka),

горад у цэнтры Польшчы, адм. ц. Астралэнцкага ваяводства. На р. Нараў. Вядомы з 1373. 51,8 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Цэлюлозна-папяровая, металаапр., цэментная, шкляная, дрэваапр. прам-сць. ЦЭЦ. Касцёл у стылі барока і кляштар 17—18 ст.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ-Л-ХАЛА́СА,

у старажытнаарабскай міфалогіі бог плямён Цэнтр. Аравіі (цэнтры пакланення — гарады Мекка і Табал). Не меў акрэсленых функцый, але лічыўся магутным. У Табале існавала яго свяцілішча (знішчана ў 7 ст. пры Мухамедзе), дзе ад імя бога рабіліся прадказанні.

т. 7, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)