ЗІКУРА́Т,

ступеньчаты культавы будынак у Стараж. Месапатаміі.

Будавалі З. з сырцовай цэглы ў выглядзе высокай, у некалькі ярусаў (З—7) вежы, якая звужалася ўверсе. Сцены абкладвалі каляровай глазураванай цэглай, кожны паверх меў свой колер (звычайна чорны, чырвоны, белы). Наверсе размяшчалася свяцілішча, да якога ішлі пандусы і прыступкі. Найб. вядомыя З. — Этэменанкі (т. зв. Вавілонская вежа, 7 ст. да н.э.) і Чога-Зенбіль.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНАЕ,

радовішча пяску ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Лукі. Пластавы паклад звязаны з алювіяльнымі адкладамі поймы р. Дняпро. Пяскі светла-шэрыя, палевашпатавакварцавыя, дробназярністыя, з лінзамі сярэднезярністых. Разведаныя запасы 13,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,9—10,1 м, ускрышы 0,2—4,5 м. Пяскі прыдатныя на выраб сілікатнай цэглы, сценавых вырабаў з шчыльнага і ячэістага сілікатабетону.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРЭСКА́РП (франц. contrescarpe ад контр... + escarpe адхон) 1),

процітанкавая загарода ў выглядзе крутога зрэзу на схіле мясцовасці, накіраванага ў бок таго, хто абараняецца. Мае вышыню 3—4 м, разлічаны на перакульванне танкаў пры іх спусканні з вышыні.

2) Бліжэйшы Да праціўніка адхон (з драўніны, цэглы, камення) знешняга крапаснога рова. Выкарыстоўваўся да 19 ст. ў якасці проціштурмавой перашкоды.

Да арт. Контрэскарп.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТРЫКАЎСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдавізант. стылю ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. з цэглы. Будынак мае крыжападобную кампазіцыю з 3-апсіднай алтарнай часткай. Сяродкрыжжа ўвянчана вял. светлавым барабанам з купалам. Пры ўваходзе размешчана 3-ярусная вежа-званіца з купалам, завершаным галоўкай. У дэкоры выкарыстаны закамары, паяскі, сухарыкі.

Т.​В.​Габрусь.

Петрыкаўская Мікалаеўская царква.

т. 12, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІЧХА́ТРА,

старажытна-індыйскі горад у даліне р. Ганг (штат Утар-Прадэш, Паўн. Індыя). Паводле эпасу «Махабхарата», быў сталіцай Паўдн. Панчалаў. Даўжыня гар. валоў, пабудаваных каля 500 да нашай эры, каля 5,6 км. Раскопкамі выяўлена 9 буд. гарызонтаў, верхні датуецца канцом 11 — пач. 12 ст. У ніжніх гарызонтах выяўлены збудаванні з сырцовай цэглы, некалькі храмаў эпохі Гупта (4—6 ст.). У 9—11 ст. Ахічхатра заняпала.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ВАСКРАСЕ́НСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю ў г. Барысаў. Пабудаваны ў 1874 (арх. П.​Мяркулаў). Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка, завершана 9 галоўкамі. Арх.-дэкар. элементы з белай цэглы (какошнікі, ліштвы вокнаў і дзвярэй, раскрапоўка вуглавых пілястраў і інш.) ствараюць маляўнічы кантраст з цёмна-чырвонымі сценамі. У 1907 перад саборам пабудавана званіца (арх. В.​Струеў) з больш сціплым дэкорам фасадаў.

Барысаўскі Васкрасенскі сабор.

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́СТА (Augusta),

горад на ПдУ ЗША, у штаце Джорджыя, порт на р. Савана. Засн. ў 1735. 397 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990), частка прыгарадаў у штаце Паўд. Караліна. Вузел чыгунак і аўтадарог. Хімічная (у т. л. вытв-сць мінер. угнаенняў, лякарстваў), сталеліцейная, цэлюлозна-папяровая, тэкст., шкларобная, харч. прам-сць. Вытв-сць кантрольна-вымяральных прылад і мед. інструментаў, вогнетрывалай цэглы. У прыгараднай зоне атамны камбінат «Савана-Рывер».

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБПА́ЛЬВАЛЬНАЯ ПЕЧ,

печ для абпалу розных матэрыялаў. Абпальвальная печ з т-рай рабочай зоны 700—1300 °C паводле канструкцыі бываюць шахтавыя, шматподавыя, трубчастыя, вярчальныя. Прызначаныя для абпалу вогнетрывалай гліны, вапняку, даламіту, цэментнай шыхты, метал. рудаў. Камерныя, кальцавыя, тунэльныя, канвеерныя абпальвальныя печы з т-рай вышэй за 1000 °C выкарыстоўваюцца для абпалу вогнетрывалай цэглы, фарфоравых і фаянсавых вырабаў, эмаляў і фарбаў на посудзе, дэталях машын і апаратаў.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУДЗІ́НАВА,

радовішча глін у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., каля в. Грудзінава. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона-бурыя, шакаладныя, стужачныя, шчыльныя, пластычныя, з дробнымі вапняковымі сцяжэннямі. Разведаныя запасы 9,1 млн. м³, перспектыўныя 2,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,4 м, ускрышы 0,2—7,8 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб. Радовішча распрацоўваецца Обальскім керамічным заводам.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНІКІ,

радовішча глін і суглінкаў у Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Праскурні. Пластавы паклад звязаны з неагенавымі адкладамі. Гліны і суглінкі тугаплаўкія, высокапластычныя, з рэдкімі праслоямі гліністага пяску, прасочваецца чаргаванне каляровых і літалагічных рознасцей. Разведаныя запасы 7,66 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 6,3—18,2 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0.2—6.7 м. Гліны і суглінкі прыдатныя на выраб цэглы. Радовішча распрацоўваецца.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)