РАГАЧО́ЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Рагачове і Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. пад кіраўніцтвам Рагачоўскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Складалася з 17 арг-цый (больш за 160 чал.): 2 у Рагачове (кіраўнікі М.Я.Данілава і К.К.Гардзіеўскі), 3 у в. Турск (А.А.Ганчароў, В.Ф.Ярмоленка, Л.А.Кудраўцава), у пасёлках Дняпроўскі (Г.А.Фядосава), Масткі (М.С.Філіпаў) і Лавы (Ф.Р.Сідарэнка), вёсках Азяраны (А.К.Мальцаў), Гадзілавічы (І.В.Гранкова), Забалацце (В.К.Парфёнава), Красніца (А.І.Шукевіч), Слабада (А.А.Канавалава), Станькаў (У.Я.Крапніцкая), Філіпкавічы (Р.П.Лукашэвіч), Церахоўка (У.Ф.Мазепіна) і на ст. Салтанаўка (В.А.Ашмянскі, У.В.Лабачоў) Жлобінскага р-на. Падпольшчыкі запісвалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю і боепрыпасы, зімой 1943 пераправілі ім абсталяванне зубаўрачэбнага кабінета і ўрачоў-стаматолагаў; рэгулярна псавалі абсталяванне на лесазаводзе, сянных прэсаў, апаратуру сувязі, водаправодную сістэму чыг. станцыі Рагачоў і гарнізона праціўніка, разам з партызанамі ўдзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, у баі з ням. гарнізонам у в. Гадзілавічы; аказвалі дапамогу разведгрупам Чырв. Арміі ў зборы інфармацыі пра перадыслакацыі праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНІ́ГАЎСКА-ПРЫ́ПЯЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск Цэнтральнага фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 26.8—30.9.1943; 1-я частка бітвы за Дняпро 1943. Мэта аперацыі — разгром ням. войск на Ноўгарад-Северскім і Канатопскім напрамках, выхад да р. Дняпро. У пач. аперацыі ў склад фронту ўваходзілі 13-я, 48-я, 65-я, 60-я, 61-я, 2-я танк. і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі ням. 2-я армія і частка войск 9-й арміі групы армій «Цэнтр», частка войск 4-й танк. арміі групы армій «Поўдзень». 26 жн.сав. войскі 2-й танк. і 65-й армій, прарваўшы абарону праціўніка на гал. напрамку, авалодалі 27 жн.г. Сеўск і прасунуліся на 20—25 км. Войскі ж 60-й арміі да 31 жн. прасунуліся на 60 км і ўступілі на тэр. Украіны. Развіваючы гэты поспех, войскі левага крыла фронту выйшлі да р. Дзясна, фарсіравалі р. Сейм; 6 вер. яны вызвалілі г. Канатоп, 9 вер. — г. Бахмач, 15 вер. — г. Нежын. Войскі правага крыла таксама выйшлі да Дзясны і фарсіравалі яе; 16 вер. яны вызвалілі г. Ноўгарад-Северскі, 21 вер. — г. Чарнігаў, фарсіравалі р. Дняпро; 23 вер. вызвалілі г.п. Камарын і захапілі плацдарм на правым беразе р. Прыпяць. Войскі 48-й і 65-й армій, што наступалі на Гомельскім напрамку, захапілі 2 плацдармы на правым беразе р. Сож, 26 вер. вызвалілі г.п.Церахоўка. Значную дапамогу сав. войскам аказвалі партызаны, якія захапілі на Дняпры і Прыпяці некалькі перапраў, а таксама зрывалі перавозкі ням. войск у ходзе аперацыі «Канцэрт». У выніку Ч.-П.а. сав. войскі прасунуліся на 300 км на З, замацаваліся на занятых плацдармах, што садзейнічала вызваленню Беларусі і Правабярэжнай Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНЫЯ ВО́ЙСКІ,
спецыяльныя войскі, прызначаныя для тэхн. прыкрыцця, аднаўлення, буд-ва і эксплуатацыі чыг. напрамкаў з мэтай забеспячэння баявой дзейнасці ўзбр. сіл у ваен. час; у мірны час выкарыстоўваюцца для тэхн. прыкрыцця буйных чыг. аб’ектаў, буд-ва новых і павелічэння прапускной здольнасці існуючых ліній.
Ваенізаваныя фарміраванні на рас. чыгунцы ўзніклі ў 1851. Пазней іх замянілі чыг. батальёны, сфарміраваныя на ўзор армейскіх вайск. часцей. Першы такі батальён сфарміраваны ў г. Баранавічы ў 1876, пазней — яшчэ 3 батальёны, а ў 1886 у Баранавічах — першая ў свеце чыг. брыгада. Як асобны від войск Ч.в. існуюць з 1904 (складаліся з Баранавіцкай, Туркестанскай, Закаспійскай і Заамурскай брыгад). У 1-ю сусв. вайну Ч.в. пабудавана 6 тыс.км чыгункі, з іх 1 тыс.км на Беларусі. У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі ваен. чыгуначнікі ў Расіі аднавілі 22 тыс.км чыгункі, у т. л. 4 тыс. на Беларусі, 3169 мастоў, у т. л. 300 на Беларусі. Пасля грамадз. вайны чыг. батальёны перайменаваны ў палкі, некат. з якіх дыслацыраваліся ў Віцебску, Гомелі, Жлобіне і інш.; выконвалі аднаўленчыя работы на станцыях Слуцк, Бабруйск, Орша, Барысаў. У 1926—40 Ч.в. пабудавалі на тэр. Беларусі чыг. лініі Орша—Лепель, Гомель—Чарнігаў, Рослаўль—Магілёў—Асіповічы, вялі аднаўленчыя работы на напрамку Полацк—Маладзечна—Ліда—Масты. У Вял.Айч. вайну ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 для аднаўленчых і эксплуатацыйных работ на Беларусі было сканцэнтравана 14 чыг. брыгад. Яны аднавілі ўчасткі Смаленск—Полацк—Шаўляй, Смаленск—Орша—Мінск, Асіповічы—Баранавічы—Беласток, масты цераз Дняпро каля г. Жлобін, цераз Зах. Дзвіну каля Віцебска і Полацка, цераз Бярэзіну каля в. Шацілкі, цераз Прыпяць каля г. Мазыр, цераз Сож каля Гомеля і інш. З 1965 на тэр. Беларусі дыслацыравалася 30-я асобая чыг. брыгада Яе часці ўдзельнічалі ў буд-ве другіх пуцей на участках Гомель—Жлобін—Асіповічы, Калінкавічы—Оўруч, Гомель—Церахоўка, Лунінец—Ракітнае, Памыслішча—Дзехцяроўка. З падраздзяленнямі Бел. чыгункі войскі ўдзельнічалі ў рэканструкцыі чыг. станцый у Мінску, Віцебску, Брэсце, Гомелі, Лунінцы, Бабруйску; буд-ве пад’язных пуцей да шэрагу заводаў, фабрык, прадпрыемстваў і інш. Ч.в. ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (замена пад’язных пуцей да 4-га энергаблока і інш.).
У студз. 1992 паводле пастановы СМ створаны Ч.в. Рэспублікі Беларусь, у якія ўваходзяць часці, прызначаныя для збудавання землянога палатна, мастоў, рамонту чыг. тэхнікі і інш., а таксама інш.спец. падраздзяленні. Ч.в. працавалі на рэканструкцыі трамвайных пуцей у Мінску і Віцебску, навядзенні пантонных мастоў, дэмаркацыі дзярж. мяжы з Літвой і Латвіяй, пракладцы кабельных ліній, электрасетак і інш.
Літ.:
Степук А. Железнодорожные войска // Армия. 1999. № 4.
А.В.Ганчароў.
Да арт.Чыгуначныя войскі. Воіны-чыгуначнікі наводзяць мост цераз водную перашкоду.