КРЫЛО́ВІЧ (Фёдар Андрэевіч) (23.3.1916, Мінск — 7.11.1959),
адзін з арганізатараў Асіповіцкага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. Удзельнік баёў каля воз.Хасан (1938), на р. Халхін-Гол (1939), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну стварыў у Асіповічах некалькі падп. груп, адну з якіх узначальваў. 30.7.1943 на чыг. ст. Асіповічы правёў буйную дыверсію, у выніку якой знішчаны 4 варожыя эшалоны, у т. л. 1 з новымі танкамі «Тыгр» і бронемашынамі. Са жн. 1943 кіраўнік дыверсійнай групы ў атрадзе 1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У лютым—ліп. 1944 упаўнаважаны ЦК ЛКСМБ па Асіповічах. Пасля вайны працаваў на чыгунцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАНТУ́НСКАЯ А́РМІЯ,
злучэнне ўзбр. сіл Японіі ў Паўн.-Усх. Кітаі (Маньчжурыі) у 1919—45. Створана ў 1919 на Квантунскім п-ве (адсюль назва), які паводле Портсмуцкага мірнага дагавора 1905 адышоў да Японіі. У 1931—32 разам з інш.яп. злучэннямі акупіравала ўсю Маньчжурыю. Удзельнічала ў вайне супраць Кітая (з 1937), ваен. канфліктах з СССР на воз.Хасан (1938), з СССР і Манголіяй на р. Халхін-Гол (1939). У жн. 1945 складалася з 24 дывізій, 12 брыгад, падначаленых ёй паветр. арміі і Сунгарыйскай рачной флатыліі (усяго 750 тыс.чал., 1155 танкаў, 5360 гармат і мінамётаў, 1800 самалётаў, 25 караблёў). Разгромлена сав. войскамі ў час Маньчжурскай аперацыі 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЮ́ТАЎ (Пётр Андрэевіч) (23.12.1906, в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.3.1960),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў 1-ю Ваен. школу авіятэхнікаў (1932), Качынскую ваен. школу лётчыкаў (1935). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік выратавання чэлюскінцаў у 1934, баёў каля воз.Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім фронце. Нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка капітан П. вызначыўся 17.12.1941 над Ладажскім воз. пад Ленінградам, дзе ў паветр. баі з 6 варожымі знішчальнікамі збіў 2 з іх, на пашкоджаным самалёце адбіваў атакі; за час вайны збіў 17 варожых самалётаў. Да 1955 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
сярэдневяковая дзяржава на тэр. Ірака і Зах. Ірана ў 935—1055. Назва ад кіруючай дынастыі (родапачынальнік Абу Ш. Буях ці Бувейх). Браты Алі, Ахмед і Хасан Буіды (Бувейхіды) на чале атрадаў наёмнікаў падпарадкавалі сваёй уладзе Зах. Іран, пасля заваявання Багдада (945) пазбавілі Абасідаў свецкай улады, прысвоілі сабе тытул «эмір эміраў». Цэнтрамі Буідаў дзяржавы. былі гарады Багдад, Рэй (каля Тэгерана) і Шыраз. Найб. значны прадстаўнік дынастыі Адуд ад-Даула [949—983] аб’яднаў усе заваяваныя Буідамі тэрыторыі (Арабскі Ірак з гарадамі Багдад і Басра, вобласці Хузістан і Фарс, вакол г. Керман, раёны гарадоў Хамадан, Ісфахан і Рэй). У 1029 дзяржава страціла ўсх. землі (тэр. вакол Рэя і Ісфахана), якія захапіў султан Махмуд Газневі (гл. ў арт.Газневіды). У 1055 Буідаў дзяржаву заваявалі сельджукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАШЭ́ІН (Сямён Майсеевіч) (28.11.1899, г. Варонеж, Расія — 16.9.1978),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-лейт. танкавых войск (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, вайны ў Іспаніі ў 1936—37, баёў каля воз.Хасан (1938), вызваленчага паходу ў Зах. Беларусь 1939 (прымаў разам з ген. Г.Гудэрыянам сумесны развітальны сав.-герм. парад у Брэсце), сав.-фінл. вайны 1939—40. З 1941 на Цэнтр., Калінінскім, 1-м Укр. і 1-м Бел. франтах. Часці корпуса пад яго камандаваннем вызначыліся пры фарсіраванні р. Шчара, вызваленні Слоніма, Брэста, Варшавы, штурме Берліна. Да 1953 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін Брэста (1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРБЕДА́РЫ,
сарбадары (перс. — іпыбенікі), удзельнікі нар. руху ў Цэнтр. Азіі і Усх. Іране ў 14 ст. Заснавальнік руху С. — шэйх Халіфэ, які выступіў у г. Харасан з пропаведдзю шыізму супраць правіцеляў-сунітаў. Пасля забойства ў 1335 Халіфэ яго справу працягваў шэйх Хасан Джуры. Ён заснаваў асобнае рэліг. брацтва (тарыкат), падтрыманае насельніцтвам Харасана. У выніку нар. паўстання ў Харасане С. захапілі г. Себзевар, які зрабілі сваёй сталіцай (1337), потым — Нішапур і Тус. Галава С. — Веджых-ад-дзін Масуд абвясціў сябе султанам. У 1353 С. разбілі войска апошняга правіцеля Хулагуідаў дзяржавы Туга Цімура. З часам дзяржава С. ператварылася ў звычайную феад. дзяржаву, якая была знішчана войскамі Цімура ў 1381. Паўстанні С. адбыліся таксама ў Самаркандзе (1365), Кермане (1373—74) і Себзевары (1383).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІРЭДЗІ́Н ТУСІ́ (Абу Джафар Мухамед ібн Мухамед ібн Хасан Абу Бакр) (18.2.1201, г. Тус, Іран — 25.6.1274),
арабскі вучоны-энцыклапедыст, дзярж. дзеяч. З 1256 на службе ў манг. ільхана Хулагу, дзе займаўся пытаннямі фінансаў і падаткаў. Пераклаў на араб. мову працы Пталамея і Эўкліда і дадаў да іх уласныя каментарыі. Удасканаліў матэм. метады ў астраноміі, рашыў шэраг задач сферычнай трыганаметрыі. Пабудаваў астр. абсерваторыю ў г. Марага (1259, цяпер г. Мераге, Іран), дзе пад яго кіраўніцтвам складзены астр. табліцы «Зідж Эльхані», у якіх змешчаны каталог яркіх зорак, некаторыя геагр. звесткі, табліцы сінусаў і тангенсаў і інш. Напісаў шэраг трактатаў па матэматыцы, філасофіі, медыцыне, логіцы, этыцы і інш.
Літ.:
Мамедбейли Г.Д. Основатель Марагинской обсерватории Мухаммед Насирэддин Туси. Баку, 1961;
Юшкевич А.П. История математики в средние века. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКІ (Фёдар Іларыёнавіч) (27.11. 1908, г.п. Міхайлаўка Запарожскай вобл., Украіна — 6.4.1989),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл., Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў палкавую кав. школу (1932), курсы сав. будаўніцтва (1939) і палітсаставу (1940). З 1940 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў на воз.Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну ў пач.ліп. 1941 стварыў разам з Ц.П.Бумажковым і ўзначаліў партыз. атрад у Акцябрскім р-не Палескай вобл., са студз. 1942 камандзір Палескага партыз. злучэння, з мая 1942 камандзір 123-й Акцябрскай партыз. брыгады, адначасова з крас. 1943 чл. Палескага падп. абкома КП(б)Б, з ліст. 1943 — Акцябрскага падп. райкома КП(б)Б. Званне Героя Сав. Саюза прысвоена ў ліку першых сав. партызан. Пасля вайны да 1966 на сав. і гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў (Сяргей Леанідавіч) (н. 1.7.1911, г. Еўпаторыя, Аўтаномная Рэспубліка Крым, Украіна),
савецкі дзярж. і ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1978), Герой Сав. Саюза (1980). Скончыў Горкаўскае бранятанк. вучылішча (1934), Ваен. акадэміі бранятанк. і механізаваных войск (1947) і Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1932. З 1934 у танк. войсках на Д. Усходзе, удзельнік баёў на воз.Хасан (1938). У Вял.Айч. вайну нач. штаба ўпраўлення камандуючага бранятанк. і механізаванымі войскамі Карэльскага фронту (1943), каманд. бранятанк. і механізаванымі войскамі 32-й арміі (1944). З 1947 камандзір танк. палка, нач. штаба танк. дывізіі, з 1952 камандзір механізаванай дывізіі, потым нач. штаба і камандзір аб’яднання. У 1960—64 нач. штаба — 1-ы намеснік каманд. войскамі Маскоўскай ваен. акругі. З 1964 1-ы нам.каманд., з 1965 каманд. войскамі Ленінградскай ваен. акругі. З 1967 1-ы нам. міністра, у 1984—87 міністр абароны СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1873—76,
народнае паўстанне на тэр. Какандскага ханства (у 1710 вылучылася з Бухарскага ханства) пад кіраўніцтвам Ісхака Мулы Хасан-аглы (Пулат-бека). Пачалося як рух качэўнікаў-кіргізаў супраць самавольства і вял. падаткаў мясц. правіцеля Худаяр-хана. На працягу 1874—75 адбываліся сутыкненні паміж паўстанцамі і ханскімі войскамі. Калі сыны хана Насрэдзін-бек, Муратбек і военачальнікі разам са сваімі атрадамі далучыліся да паўстанцаў, Худаяр уцёк у Ташкент пад абарону рас. войск. Абвешчаны ханам Насрэдзін 22.9.1875 тайна заключыў з туркестанскім ген.губернатарам К.П.Каўфманам дагавор, паводле якога прызнаў сябе васалам Расіі. Гэта выклікала новы ўздым паўстання, якое набыло нац.-вызв. характар. Паўстанцы, якія абвясцілі ханам Пулат-бека, пасля шэрагу поспехаў у студз.—лют. 1876 разбіты рас. войскамі на чале з ген. М.Дз.Скобелевым каля Андыжана, Асаке і ў крэпасці Учкурган. Пулат-хан уцёк з Учкургана, але быў злоўлены і пакараны смерцю. Какандскае ханства ўключана ў склад Расіі як Ферганская вобл. у Туркестанскім краі.