ГРАВЕЛІ́Т,

сцэментаваны жвір, які мае тэкстуры, уласцівыя пясчаным пародам. Пашыраны сярод асадкавых утварэнняў. Наяўнасць гравеліту сведчыць аб інтэнсіўным размыванні больш стараж. тоўшчаў і блізкасці мелкаводдзя, сушы або падняцця (дадатных формаў рэльефу дна басейна). На Беларусі гравеліт пашыраны ў геал. адкладах венду, антрапагену і інш.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ ШЫРАКАГРУ́ДЫ ІНДЫ́К,

парода індыкоў. Выведзены ў ЗША скрыжаваннем белых галандскіх індыкоў з бронзавымі шыракагрудымі. Пашыраны ў краінах Паўн. і Паўд. Амерыкі, Еўропы. У б. СССР завезены ў 1961, дзе на іх аснове створаны высокапрадукцыйныя лініі для вытв-сці мясных індычанят. На Беларусі пашырана гібрыдная форма — чатырохлінейны галандскі крос Хідон, які гадуюць на Маладзечанскай індыкагадоўчай ф-цы.

Апярэнне птушак белае, на грудзях пучок чорнага пер’я. Гадуюць 3 разнавіднасці: лёгкую, сярэднюю, цяжкую. Жывая маса самцоў лёгкіх формаў 8—9 кг, самак 4,5—5,5 кг, сярэдніх адпаведна 15—17 і 6—7, цяжкіх — 20—25 і 10—11 кг. Яйцаноскасць нясушак лёгкіх формаў 100 і больш яец, сярэдніх 86—93, цяжкіх 40—60 яец. Маса яйца 75—90 г. Птушкі маюць высокую скараспеласць і жыццяздольнасць.

Белыя шыракагрудыя індыкі.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РЛІКІ, аквілегія (Aquilegia),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на ўзлесках і палянах у мяшаных і лісцевых лясах зрэдку трапляюцца ворлікі звычайныя (Aquilegia vulgaris), якія як знікаючая расліна патрабуюць прафілакт. аховы; вырошчваюцца як дэкар., маюць шмат садовых формаў, што адрозніваюцца афарбоўкай калякветнікаў. У культуры трапляюцца інтрадукаваныя з Мексікі віды — ворлікі залатакветныя (Aquilegia chrysantha) і сінія (Aquilegia caerulea), якія выкарыстоўваюцца ў групавых пасадках, міксбордэрах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны з моцным кароткім карэнішчам і прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце двойчы- і тройчытрайчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі двухполыя, буйныя, са шпорцам, адзіночныя, паніклыя, рознага колеру, часам стракатыя і махрыстыя (у садовых формаў). Плод — шматлістоўка. Лек. і ядавітыя расліны.

Ворлікі звычайныя.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМАРФАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел зямной паверхні на рэгіёны, адносна аднародныя паводле асаблівасцей рэльефу. Вылучаныя вобласці, падвобласці і геамарфалагічныя раёны вызначаюцца генетычнай аднароднасцю, падобнасцю формаў, расчлянёнасцю, узростам, напрамкам і інтэнсіўнасцю сучасных геамарфалагічных працэсаў. Геамарфалагічнае раянаванне выкарыстоўваецца пры глебавым, ландшафтным, меліярацыйным і інш. прыродных раянаваннях.

На Беларусі геамарфалагічнае раянаванне распрацоўвалася Дз.​М.​Собалевым (1931), В.​А.​Дзяменцьевым (1948, 1960), М.​М.​Цапенка (1957), Л.​М.​Вазнечуком (1975), Б.​М.​Гурскім (1988) і інш. Даныя сучасных даследаванняў аб генезісе ледавіковых формаў, будове ўзвышшаў, рачных далін, марэнных і водна-ледавіковых раўнін і нізін, характар адлюстравання ў рэльефе тэктанічных асаблівасцей тэрыторыі, сучаснай морфадынаміцы дазволілі дэталізаваць гэтыя схемы і вылучыць на тэр. Беларусі 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускіх краявых ледавіковых узвышшаў і град, Перадпалессе і Палескую нізіну.

А.​В.​Мацвееў.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАГЕНЕ́З (ад гетэра... + ...генез),

1) змена спосабаў размнажэння ў арганізмаў на працягу двух ці больш пакаленняў.

2) Раптоўнае ўзнікненне асобін, якія рэзка адрозніваюцца шэрагам прыкмет ад бацькоўскіх формаў. Адкрыццё гетэрагенезу ням. гістолагам Р.​А.​Кёлікерам (1864) і рус. вучоным С.​І.​Каржынскім (1899) дало пачатак мутацыйнай тэорыі.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНЦУЕ́ЛЯ»,

бел. нар. танец, разнавіднасць кадрылі. Назва паходзіць, верагодна, ад адной з размоўных формаў жаночага імя Ганна — Анця, Анцінея. Бытаваў на Навагрудчыне (зафіксаваны на пач. 19 ст.). Танцавалі ў 2 або 4 пары па чарзе, потым усе разам. Асн. элемент руху — галоп. Муз. памер 24. Тэмп хуткі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АД’ЮНКТУ́РА,

адна з асн. формаў падрыхтоўкі навук. і навукова-пед. кадраў у ВНУ і н.-д. установах Узбр. Сіл некаторых краін СНД. Засн. ў 1938. Камплектуецца з асоб афіцэрскага саставу. Падрыхтоўка прынятых у ад’юнктуру прадугледжвае абарону дысертацый на атрыманне вучонай ступені канд. навук па абранай спецыяльнасці. Аналагічная аспірантуры ў цывільных ВНУ.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКРО́С (англ. backross),

зваротнае скрыжаванне, скрыжаванне гібрыда першага пакалення з адной з бацькоўскіх формаў. У вузкім сэнсе бекрос — скрыжаванне гетэразіготнага па пэўных генах арганізма з гомазіготнымі па гэтых генах асобінамі. Выкарыстоўваецца для выяўлення генатыпічнай структуры арганізма (гл. Аналітычнае скрыжаванне), а таксама для пераадолення бясплоддзя гібрыдаў першага пакалення пры аддаленай гібрыдызацыі.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАКАГО́РНЫ ТЫП РЭЛЬЕ́ФУ, высакагор’е. Характарызуецца глыбокай расчлянёнасцю (ад некалькіх соцень да 2000 і больш метраў), стромкімі схіламі, мноствам скал і асыпкаў, вышчарбленымі грабянямі, наяўнасцю ледавіковых формаў рэльефу, праяўленнямі актыўнага фізічнага і марознага выветрывання. Уласцівы маладым горным краінам, якія ўздымаюцца вышэй за снегавую лінію (Альпы, Гімалаі і інш.). Гл. таксама Альпійскі рэльеф.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТРО́ФІЯ,

харчаванне адных арганізмаў (біятрофаў) біямасай інш. арганізмаў; адна з формаў біятычных узаемаадносін у біяцэнозе. Забяспечвае перанос рэчыва і энергіі ад прадуцэнтаў (утваральнікаў першаснай прадукцыі) да кансументаў (біясінтэз другаснай прадукцыі) і рэдуцэнтаў. Біятрофія можа быць унутрыпапуляцыйнай (унутрывідавой) і міжпапуляцыйнай (у т. л. міжвідавой), мець характар драпежніцтва, паразітызму ці сімбіёзу. Гл. таксама Сапратрофы.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)