БУЛЬ (Bull) Уле (5.2.1810, г. Берген, Нарвегія — 17.8.1880),
нарвежскі кампазітар, скрыпач, муз. фалькларыст. Самабытны рамант. выканальніцкі стыль Буля склаўся пад уплывам мастацтва Н.Паганіні і нарв. нар. скрыпачоў — выканаўцаў на хардынгфелі. Яго творы, запісы і апрацоўкі нар. песень садзейнічалі фарміраванню нарв. кампазітарскай школы. Заснавальнік першага нарв. т-ва «Нацыянальная сцэна» (Берген, 1850). Канцэртаваў у многіх краінах Еўропы (у Расіі з 1838). З 1851 жыў пераважна ў ЗША. Аўтар канцэрта для скрыпкі з арк., скрыпічных п’ес, п’ес на амер. матывы, хароў, музыкі для драм. т-ра.
т. 3, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў Юрый Мацвеевіч (20.4.1889, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.1.1941),
рускі і ўкр. фалькларыст і літ.-знавец. Акад. АН Украіны (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). У 1911—25 выкладаў у гімназіях і ВНУ Масквы. З 1939 дырэктар Ін-та фальклору АН Украіны. Складальнік фальклорных зб-каў: «Казкі і песні Белазерскага краю» (1915), «Паэзія вёскі» (1926; абодва з Б.М.Сакаловым), «Быліны» (1937), «Народная лірыка» (1939), «Анежскія быліны» (выд. 1948) і інш. Аўтар прац «Слова аб палку Ігаравым» і народная творчасць» (1936), «Рускі фальклор» (1941). У некат. працах выкарыстоўваў бел. фальклор.
т. 14, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОРАБАГА́ТЧАНКА Альбіна Васілеўна (н. 5.2.1949, г. Зілупе, Латвія),
бел. этнамузыказнаўца, фалькларыст, педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1995). Праф. (2003). Скончыла Бел. кансерваторыю (1973). З 1973 выкладала ў Маладзечанскім муз. вучылішчы, з 1977 — Бел. ун-це культуры, адначасова з 1982 арганізатар і кіраўнік вучэбнага інстр. ансамбля «Спадчына», у аснове якога традыцыі «траістай музыкі». Вывучае бел. інстр. фальклор. Аўтар манаграфій «Беларускі музычны фальклор: Інструментальная традыцыя» (кн. 1, 2; 1990), «Народная інструментальная культура беларускага Паазер’я» (1997), «Інструментазнаўства» (2000), «Беларускія народныя музычныя інструменты XX стагоддзя» (2001), навуч. і метадычных дапаможнікаў і інш.
т. 18, кн. 1, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́РАЯ Вольга Мікалаеўна (н. 22.8.1965, в. Мокрая Дуброва Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фалькларыст, этнолаг. Д-р філал. н. (2003). Скончыла БДУ (1987). Настаўнічала. З 1989 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Навук. працы ў галіне абрадавага фальклору, нар. рэлігійнасці і каляндарных рытуалаў, сямейна-родавых адносін у працэсе сацыякультурных перамен. Упершыню фундаментальна даследавала рэліг. ўшанаванне продкаў у традыц. нар. культуры, што дазволіла стварыць тэарэтыка-метадалагічныя асновы новага кірунку ў фалькларыстыцы. Аўтар манаграфіі «Каштоўнасна-нарматыўная прырода ўшанавання продкаў» (2002), сааўтар кн. «Каляндарна-абрадавая паэзія» (2001).
т. 18, кн. 1, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЫ́МЕНКА Павел Паўлавіч (н. 16.7.1919, с. Саланіца Лубенскага р-на Палтаўскай вобл.),
бел. і ўкр. крытык, літ.-знавец, фалькларыст. Д-р філал. н. (1958), праф. (1959). Працаваў у Гомельскім ун-це (1950—72), з 1972 у Сумскім пед. ін-це. Даследчык бел. і ўкр. фальклору і л-ры, бел.-ўкр. фалькл. і літ. узаемасувязяў. Сааўтар падручнікаў і дапаможнікаў для студэнтаў («Беларуская вуснапаэтычная творчасць», 1966; «Старажытная беларуская літаратура», 1968; «Гісторыя ўкраінскай літаратуры», 1970, і інш.).
Тв.:
Тарас Шаўчэнка і Беларусь. Мн., 1969;
Летапіс братэрства. Мн., 1973;
Бібліяграфічны ўказальнік прац аб беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязях (1865—1965). Гомель, 1967.
т. 2, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАДО́ЎСКІ Марк Канстанцінавіч (18.12.1888, г. Іркуцк — 24.11.1954),
рус. фалькларыст, этнограф, літ.-знавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). Даследаваў праблемы казказнаўства, асобныя жанры фальклору («Ленскія галашэнні», 1922; «Верхняленскія казкі», 1938), сувязь вуснай нар. творчасці і л-ры («Руская казка», т. 1—2, 1932; «Артыкулы па літаратуры і фальклоры», 1960, і інш.). Найб. значная праца «Гісторыя рускай фалькларыстыкі» (т. 1—2, 1958—63) змяшчае факты з гісторыі збірання і вывучэння бел. нар. творчасці. Бел. фальклорны матэрыял выкарыстаў у каментарыях да складзенага ім зб. «Народныя казкі пра бога, святых і папоў: Рускія, беларускія і ўкраінскія» (1963).
т. 1, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДАЛАТЫШЫ́,
удзельнікі нац.-ліберальнага руху ў Латвіі ў 1850—60-я г. Выступалі супраць рэшткаў прыгонніцтва і засілля ням.-балт. дваранства, за пашырэнне сял. самакіравання, эканам. самастойнасць Латвіі і адраджэнне лат. нац. культуры, садзейнічалі развіццю лат. літ. мовы, нац. л-ры і мастацтва, школьнай адукацыі, лат.-рус. культ. сувязей, распаўсюджванню навук. ведаў. Былі праціўнікамі рэв. барацьбы, але падтрымлівалі сял. выступленні і лічылі, што яны прымусяць рас. ўрад да правядзення рэформ. Заснавальнікі і ідэйныя кіраўнікі — публіцысты К.Валдэмар, К.Біезбардзіс, паэт Ю.Алунан, фалькларыст К.Баран. Друкаваны орган — «Pēterburgas avizes» («Пецярбургская газета»), якая выдавалася ў 1862—65 у Пецярбургу.
т. 10, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў Уладзімір Глебавіч, бел. этнограф і фалькларыст 2-й пал. 19 ст. Чл. Мінскага губернскага стат. к-та, Рус. геагр. т-ва. З 1863 жыў у Мінскай губ., потым працаваў у Тураве, Мазыры міравым пасрэднікам, надворным саветнікам, міравым суддзёю. Друкаваўся ў «Минских губернских ведомостях», «Минских епархиальных ведомостях» і інш. Аўтар артыкулаў: «Нарысы нораваў Барысаўскага павета», «Нарысы народных святкаванняў і маленняў на Палессі», «Палессе: Паездка на возера Князь-Жыд», «Ліст з Палесся» (усе 1869), «Тураўская кантата св. Іаану Хрысціцелю» (1879), «Дзе мошчы св. Кірылы Тураўскага?» (1884). Адзін з першых запісаў легенды пра Князь-возера. Рабіў этнагр. замалёўкі.
А.Ю.Лозка.
т. 14, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯПЛІ́НСКІ Марцін [1810?, б. фальварак Крупава (паводле інш. звестак, Цяшэйкава), Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл. — 3.8.1847], бел. паэт, фалькларыст. Пісаў на польскай мове. У 1831—33 у ссылцы на Каўказе, потым жыў на радзіме. Друкаваўся з 1837. У віленскім альманаху «Biruta» («Бірута»), час. «Athenaeum» («Атэнэум»), «Wizerunki і roztrząsania naukowe» («Навуковыя агляды і развагі») змяшчаў рамант. вершаваныя творы, пераклады. Збіраў і выкарыстоўваў у сваёй творчасці бел. паданні, песні, прымаўкі, прыказкі (апавяданне «Штосьці тут сабакам смярдзіць»), Падрыхтаваныя да друку 3 тамы «Паэзіі» засталіся ў рукапісе (не выяўлены). Меркаваў арганізаваць выданне альманаха «Наднёманскі снапок».
У.І.Мархель.
т. 17, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ягораў А. (фалькларыст) 3/374; 5/285; 10/17, 531; 12/447, 449, 621
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)