ПАТЭ́НЦЫЯ СЕКСУА́ЛЬНАЯ,
здольнасць арганізма да сексуальных рэакцый. У сексалогіі ўжываецца выключна ў адносінах мужчынскай сексуальнасці. Уключае ступень напружанасці палавога члена, хуткасць з’яўлення эрэкцыі, магчымасць весці інтэнсіўнае палавое жыццё. Расстройствы П.с. вядуць да імпатэнцыі.
т. 12, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАПУЛЯ́ЦЫЯ (ад дэ... + папуляцыя),
памяншэнне колькасці папуляцыі віду жывых арганізмаў пад уплывам прыродных або антрапагенных фактараў. У адносінах да раслін — зрэджванне. У асобных краінах назіраюцца сімптомы чалавечай Д.
т. 6, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕРСО́ЛД,
сітуацыя рэзкага зніжэння цэн на які-небудзь тавар у выніку паступлення яго ў вял. колькасці на рынак. Тэрмін часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.
т. 1, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЗА (ад эст. môis),
асобная сядзіба з с.-г. пабудовамі, хутар у Эстоніі і інш. краінах Усх. Прыбалтыкі. Да пач. 20 ст. назва М. зрэдку ўжывалася ў адносінах да хутароў і фальваркаў на тэр. Беларусі.
т. 11, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ЧНЫ АТАМІ́ЗМ,
вучэнне аб рэчаіснасці, паводле якога свет уяўляе сабой сукупнасць толькі знешне звязаных паміж сабой атамарных (якія не маюць састаўных частак) фактаў. Распрацавана Б.Раселам і Л.Вітгенштэйнам у пач. 20 ст. Тэарэт. вытокі Л.а. — неэўклідава геаметрыя, матэматыка, розныя сістэмы фармальнай логікі. Праграма Л.а. прадугледжвала пабудову «лагічна дасканалай мовы» на ўзор лагічнай мовы. Сутнасць пераўтварэнняў у адносінах да мовы зводзілася да распрацоўкі элементарных, простых, далей не раскладальных у сэнсавых адносінах сказаў — своеасаблівых «атамаў» мовы, сапраўднасць якіх можна было б лёгка пацвердзіць эмпірычным шляхам. Распрацоўкі Л.а. былі выкарыстаны Венскім гуртком, адыгралі пазітыўную ролю ў развіцці логікі.
Літ.:
Козлова М.С. Философия и язык. М., 1972;
Современная буржуазная философия. [Ч. 2]. М., 1978.
Т.І.Адула.
т. 9, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБ’ЕКТЫ́ЎНЫ ІДЭАЛІ́ЗМ,
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога лічаць суб’ектыўнае першасным у адносінах да аб’ектыўнага і адмаўляюць незалежнасць навакольнай рэчаіснасці ад волі і свядомасці суб’екта; адзін з асн. відаў ідэалізму.
т. 15, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНАЁМ,
дапаможны ў адносінах да дагавору маёмаснага найму або дагавору найму жылога памяшкання цывільна-прававы дагавор, па якім наймальнік здае нанятую маёмасць або яе частку трэцяй асобе — паднаймальніку, застаючыся адказным перад наймадаўцам. У дагаворных адносінах з наймадаўцам паднаймальнік не знаходзіцца, і заключэнне дагавору П. не ўплывае на характар і абавязацельствы бакоў па дагаворы найму. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь наймальнік не можа даць паднаймальніку большы аб’ём правоў, чым мае сам па дагаворы найму. Са спыненнем дагавору найму адначасова спыняецца і дагавор паднайму.
І.М.Сямёнава.
т. 11, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫНІ́ЗМ (позналац. cynismus ад грэч. kynismos вучэнне кінікаў),
бессаромныя, нахабныя паводзіны ў адносінах да чаго-н., прасякнутыя пагарджаннем да норм грамадскай маралі; нігілістычнае стаўленне да здабыткаў агульначалавечай культуры. Ц. у паводзінах і перакананнях найб. характэрны для людзей, якія імкнуцца дасягнуць сваіх эгаістычных мэт любымі сродкамі.
т. 17, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫ КО́ШЫК,
метад вымярэння сярэднеўзважанага курсу адной валюты ў адносінах да пэўнага набору інш. валют. Выкарыстоўваецца ў сувязі з увядзеннем у 1973 плаваючых валютных курсаў. Неабходны для разліку курсаў нац. валют, стварэння міжнар. грашовых адзінак (тыпу СДР, ЭКЮ і інш.), індэксацыі валюты цаны і валюты пазыкі ў міжнар. эканам. адносінах. Для разліку валютнага курса бяруць валюту некалькіх краін, вызначаюць удз. вагу дадзенай краіны ў сукупным валавым нац. прадукце і знешнегандл. абароце гэтых краін. Напр., для «пабудовы» СДР выкарыстана 5 нац. валют (долар ЗША, ням. марка, яп. іена, франц. франк, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі) і ЭКЮ.
т. 3, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АВЕРБО́Т»,
1) ступень закупленасці таварнага рынку. Пры залішняй закупленасці цэны дасягаюць вышэйшага ўзроўню і маюць тэндэнцыю да росту, пачынаецца продаж кантрактаў спекулянтамі.
2) Сітуацыя рэзкага росту цэн на які-небудзь тавар у выніку вял. аб’ёму куплі. Тэрмін «Авербот» часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.
т. 1, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)