КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1978.

Прынята 14.4.1978 на нечарговай 9-й сесіі Вярх. Савета БССР 9-га склікання. Складалася з прэамбулы і 10 раздзелаў, у якіх 19 глаў, 172 артыкулы. Пабудавана ў адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977. Канстатавала, што працоўныя Беларусі з дапамогай рус. пралетарыяту ўпершыню здабылі сваю дзяржаўнасць, у краіне пабудавана развітое сацыяліст. грамадства, сфарміравалася новая гіст. супольнасць людзей — савецкі народ. Вызначалася паліт. сістэма грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС (як кіруючая і накіроўваючая сіла сав. грамадства, ядро яго паліт. сістэмы), грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Гал. формай улады прызнана ўлада народа — крыніца дзярж. суверэнітэту. Органы дзярж. улады пачалі называцца Саветамі нар. дэпутатаў. Колькасць асн. правоў, свабод і абавязкаў грамадзян была значна павялічана. Суверэнітэт БССР у складзе Саюза ССР быў абмежаваны арт. 73 Канстытуцыі СССР, паза межамі якога БССР магла самастойна ажыццяўляць дзярж. ўладу на сваёй тэрыторыі. Вышэйшым органам дзярж. улады рэспублікі з’яўляўся Вярх. Савет БССР і яго пастаянна дзеючы орган — Прэзідыум Вярх. Савета, вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам — СМ БССР, мясц. органамі дзярж. улады і кіравання — мясц. Саветы нар. дэпутатаў і іх выканкомы. Упершыню ў канстытуцыйнай практыцы рэспублікі ўводзіліся такія формы прамой дэмакратыі, як усенар. абмеркаванне найб. важных пытанняў дзярж. жыцця і іх вынясенне на рэферэндум. Канстытуцыйна замацоўваліся прынцыпы дэмакр. цэнтралізму пабудовы органаў дзярж. улады і кіравання. Асобны артыкул прысвячаўся ролі прац. калектываў. Дапускалася індывід. прац. дзейнасць грамадзян. Устанаўліваліся дзярж. сімвалы, гімн і сталіца, працэдура змянення Канстытуцыі рэспублікі.

А.​Л.​Галаўко.

т. 7, с. 599

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНА́ЦЫЯ, каранаванне,

цырымонія ўрачыстага прыняцця хрысц. манархам (імператарам, каралём, вял. князем, герцагам і інш.) сімвалаў улады (карона, скіпетр і інш.) пры ўступленні на прастол, якая суправаджаецца царк. абрадамі і сімвалізуе «боскае» паходжанне манарх. улады. Вяршыняй К. з’яўляецца ўскладанне вышэйшым царк. іерархам краіны кароны (адсюль назва) на галаву манарха. У ВКЛ і Польшчы адбывалася паводле звычаяў каталіцкіх краін. У Расіі абрад К. запазычаны з Візантыі, адбываўся ва Успенскім саборы Маскоўскага Крамля.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЦЕ́Ж,

узброенае выступленне ваен. і інш. апазіц. груповак супраць існуючай у краіне ўлады з мэтай ажыццяўлення дзярж. перавароту альбо далучэння краіны ці часткі яе тэрыторыі да інш. дзяржавы. Захоп улады мяцежнікамі звычайна суправаджаецца ўстанаўленнем адкрытай дыктатуры, разгромам дзярж. устаноў, адменай дэмакр. правоў і свабод насельніцтва, тэрорам у адносінах да паліт. апанентаў, апазіцыйных партый і арганізацый. Тыповыя прыклады М. — Карнілава мяцеж 1917 у Расіі, захоп улады ваен. хунтай у Чылі ў 1973. Гл. таксама Глінскіх мяцеж 1508, Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́Т ЧЛЕ́НАЎ УСТАНО́ЎЧАГА СХО́ДУ,

антыбальшавіцкі праваэсэраўскі орган улады ў Расіі ў чэрв.—вер. 1918 на тэр. Самарскай, Сімбірскай, Казанскай, Уфімскай і часткі Саратаўскай губерняў у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Утвораны ў Самары 8 чэрв. пасля захопу горада часцямі Чэхаслав. корпуса. Адмяніў дэкрэты сав. улады аб нацыяналізацыі прам-сці і банкаў, аднавіў органы кіравання, якія існавалі да Кастр. рэвалюцыі 1917, з добраахвотнікаў і мабілізаваных стварыў т. зв. народную армію (17—21 тыс. чал.). У выніку наступлення Чырв. Арміі пакінуў Самару, 23 вер. перадаў уладу Уфімскай дырэкторыі.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ВАЕ́ННЫ САВЕ́Т,

вышэйшы часовы надзвычайны орган сав. улады на тэр. Мінскай губ. ў канцы 1918 — пач. 1919. Створаны 15.11.1918 паводле пастановы РВС Зах. арміі ў сувязі з эвакуацыяй ням. войск з тэр. Беларусі. Старшыня С.​І.​Берсан, члены: ваен. кіраўнік Барзінскі, паліт. камісар І.​Ф.​Скуратовіч. М.в.с. падпарадкоўваліся Бабруйскі і Маладзечанскі ваен. саветы. На вызваленай тэр. вёў работу па стварэнні рэўкомаў, органаў сав. улады, батрацкіх к-таў. Склаў паўнамоцтвы 6.1.1919, створаныя ім ваен. і цывільныя органы былі падпарадкаваны Мінскаму губернскаму ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту.

М.​І.​Камінскі.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ПЕТР (ад грэч. skēptron жазло, посах ад skēptomai абапіраюся),

адзін са знакаў (рэгалій) манархічнай улады ў выглядзе жазла, упрыгожанага каштоўнымі камянямі і разьбой.

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́СКАЙ ССР (ВРК БССР),

надзвычайны вышэйшы орган сав. улады на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 1920. Утвораны ў Мінску на базе Мінскага губ. ВРК у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР ад 31.7.1920. У яго ўвайшлі А.​Р.​Чарвякоў (старшыня), А.​І.​Вайнштэйн, У.​М.​Ігнатоўскі, В.​Г.​Кнорын, А.​М.​Крыніцкі, І.​Т.​Смілга. Падпарадкоўваўся Рэв. ваен. савету Зах. фронту. Друк. органы — газ. «Савецкая Беларусь», «Известия военно-революционного комитета ССРБ», «Звезда» і пав. газеты. Асн. задачы: арганізацыя сав. улады на месцах, дапамога Чырв. Арміі, падрыхтоўка склікання з’ездаў Саветаў і выбары пастаянных органаў улады. Меў камісарыяты: ваенны, унутр. спраў, земляробства, фінансаў, харчавання, працы, асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння, юстыцыі, сувязі, рабоча-сял. інспекцыі, савет нар. гаспадаркі і інш. У жн. ўлада ВРК БССР распаўсюджвалася на 21 павет Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., у кастр. пасля заканчэння сав.-польскай вайны — толькі на 6 паветаў Мінскай губ. ВРК БССР перадаў свае паўнамоцтвы Другому Усебеларускаму з’езду Саветаў (13—17.12.1920).

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУТАКРА́ТЫЯ (ад грэч. plutos багацце + kratos улада, моц),

1) улада багатых.

2) Паліт. лад, пры якім прадстаўнікі найб. багатых слаёў карыстаюцца ўсёй паўнатой дзярж. улады.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЦЭНТРАЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + цэнтралізацыя),

перадача функцый кіравання ад цэнтр. органаў улады мясц. органам, пашырэнне кола паўнамоцтваў ніжэйшых органаў кіравання за кошт вышэйшых; ліквідацыя або паслабленне цэнтралізацыі.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад англ., франц. loyal надзейны, пэўны, правільны),

1) адданасць дзеючым законам, пастановам органаў улады (часам знешняя, фармальная).

2) Карэктныя, добразычлівыя адносіны да каго-, чаго-небудзь.

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)