ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ КАНА́Л,
устаноўленая тэлевізійным стандартам паласа радыёчастот, адведзеная для перадачы тэлевізійных радыёсігналаў адной праграмы. Напр., у сістэме каляровага тэлебачання СЕКАМ 1 Т.к. займае паласу частот 8 МГц.; метровы дыяпазон тэлевізійнага вяшчання (48,5—66, 77—100 і 174—230 МГц паводле тэлевізійнага стандарту D) мае 12 Т.к., дэцыметровы (470—790 МГц, стандарт K) — 40 Т.к., кабельнае тэлебачанне можа мець адваротныя і дадатковыя Т.к. ў дыяпазоне 5—100 МГц. Лічбавае тэлебачанне мае такі ж частотны план Т.к., аднак па кожным канале можна перадаваць 4—6 тэлевізійных праграм у залежнасці ад ступені сціскання лічбавага сігналу, скорасці кадзіравання інфармацыі, віду мадуляцыі і інш.
А.П.Ткачэнка.
т. 16, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБКО́Р, рабочы карэспандэнт,
рабочы ці інш. работнік прамысл. прадпрыемства або арганізацыі, які добраахвотна, на грамадскіх пачатках, дасылае карэспандэнцыі ў газеты, на радыё, тэлебачанне пра свой працоўны калектыў, падзеі ў жыцці горада, пасёлка.
т. 13, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУБЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. publico абвяшчаю ўсенародна),
1) паведамленне пэўнай інфармацыі для агульнага ведама праз друк, радыёвяшчанне, тэлебачанне.
2) Друкаванне якіх-н. матэрыялаў у розных выданнях (кнігах, часопісах, газетах).
3) Тое, што апублікавана, выдадзена.
т. 13, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЬХУА́,
дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Кітая. Засн. ў 1938 у г. Яньань, з 1949 у Пекіне. Абслугоўвае друк, радыё, тэлебачанне краіны. Перадае паведамленні за мяжу на кіт., англ., рус. і інш. мовах. Рассылае бюлетэні, распаўсюджвае фотаінфармацыю для кіт. і замежнага друку.
т. 14, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
форма фізічнага забруджвання навакольнага асяроддзя, пры якой значна павышаецца ўзровень эл.-магн. палёў, створаных тэхнагеннай дзейнасцю чалавека. Асн. яго крыніцы — лініі электраперадач, радыё і тэлебачанне, электрыфікаваныя трансп. лініі, электрабыт. прыборы, асобныя прамысл. прадпрыемствы. Выяўляецца мясц. і генералізаванымі геафіз. анамаліямі, парушэннямі біял. структур. Найб. адчувальныя да Э.з. нерв. і эндакрынная сістэмы арганізмаў.
т. 18, кн. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБНАРО́ДАВАННЕ ЗАКО́НУ,
давядзенне закону да ўсеагульнага ведама; афіцыйнае апублікаванне закону. Ажыццяўляецца органам, які прыняў закон, або кіраўніком дзяржавы ў вызначаныя дадзеным ці спец. законам тэрміны і ўстаноўленым парадку. У Рэспубліцы Беларусь законы і інш. акты, прынятыя Вярх. Саветам, публікуюцца ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», перадаюцца праз сродкі масавай інфармацыі (газеты, тэлебачанне, радыё), сродкі сувязі.
А.М.Абрамовіч.
т. 1, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ННЯ І ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА ІНСТЫТУ́Т,
недзяржаўная вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1991 у Мінску. Рыхтуе менеджэраў, бухгалтараў, спецыялістаў па каштоўных паперах, юрыстаў, эканамістаў у галіне міжнар. эканам. адносін. У 1997/98 навуч. г. ф-ты: менеджменту, кіравання знешнеэканамічнай дзейнасцю, улікова-эканамічны, юрыдычны. Навучанне дзённае і завочнае; платнае. Мае цэнтр інфарм. тэхналогій, спадарожнікавае тэлебачанне, інтэрнет, б-ку. Філіялы ў Бабруйску, Барысаве, Маладзечне, Светлагорску, Пінску.
т. 8, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАЛЬЦО́ВА Ніна Ціханаўна (н. 24.7.1944, г.Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец. Д-р філал. н. (2003). Скончыла БДУ (1967). Працавала ў Брэсцкім абл. к-це па радыёвяшчанні і тэлебачанні, Ін-це этнаграфіі і фальклору АН Беларусі і інш. З 1975 выкладае ў БДУ. Даследуе сучасныя сродкі масавай камунікацыі, бел. кінамастацтва, творчую дзейнасць у аўдыёвізуальнай камунікацыі. Аўтар манаграфій: «Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз» (1977), «Тыпалогія творчай дзейнасці ў аўдыёвізуальнай камунікацыі» (2003).
т. 18, кн. 1, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЯТКО́Ў Яўген Васілевіч (1891, г. Тула, Расія — 1940),
бел. фізік. Канд. фіз.-матэм. н. (1936), праф. (1933). Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). У 1912—19 выкладаў фізіку і матэматыку ў Мінскай гімназіі. У 1920—21 у Мінскім політэхн. ін-це, з 1921 у БДУ (з 1935 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні працэсаў награвання дысперсных і калоідных асяроддзяў у электрычных палях звышвысокіх частот. Аўтар першага на бел. мове навуч. дапаможніка па радыётэхніцы.
Тв.:
Курс радыётэхнікі. Мн., 1933;
Тэлебачанне і тэлефатаграфія. Мн., 1934.
А.А.Гусак.
т. 15, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІКА́ЦЫЯ (лац. communicatio ад communico раблю агульным, звязваю),
працэс перадачы і абмену інфармацыяй; сродкі сувязі паміж любымі аб’ектамі матэрыяльнага і духоўнага свету. Тэрмін «К.» ўзнік у пач. 20 ст. ў кантэксце агульнатэарэт. пабудовы біхевіярызму (Дж.Уотсан), сімвалічнага інтэракцыянізму (Дж.Мід), персаналізму, экзістэнцыялізму. Пасля 2-й сусв. вайны сфарміраваліся 2 асн. падыходы да вывучэння К.: рацыяналістычны (разглядае сродкі інфармацыі ў якасці адзінага стымулу, крыніцы сац. развіцця) і ірацыяналістычны (сцвярджае, што асн. вынікам К. з’яўляецца ўзаемаразуменне). У сац. і паліт. жыцці першаступеннае значэнне мае дзейнасць сродкаў масавай К. — тэлебачанне, радыё, друк, кінематограф і інш.
т. 7, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)