ВЕ́ДЫ,

вынік пазнання прадметаў і з’яў рэчаіснасці, правільнае яе адлюстраванне ў свядомасці чалавека. Як ідэальнае выражэнне ў знакавай форме аб’ектыўных уласцівасцей і сувязей свету, прыроды і грамадства, веды з’яўляюцца перадумовай і непасрэднай мэтай працэсу пазнання, авалодання вопытам і разуменнем, неабходнымі для спасціжэння аб’ектыўнай ісціны і стваральна-творчай дзейнасці людзей. У ходзе гэтага працэсу ажыццяўляецца пераход ад няведання да ведаў, ад аднаго ўзроўню пазнання да другога, больш высокага і дасканалага. Даследаванне прыроды ведаў пачалося ў антычнай філасофіі, якая аддзяляла свет вечных і нязменных сутнасцей — ідэй або форм ад невыразнага і няўстойлівага свету з’яў. Арыстоцель і Платон лічылі, што веды можна мець толькі аб сапраўдным існым («свеце па ісціне»), а зменлівы пачуццёвы вопыт («свет па меркаванні») з’яўляецца крыніцай ілюзій, меркавання і веры. І.Кант на аснове аналізу структуры і межаў навук. пазнання аддзяляў веды ад веры, меркавання, спекулятыўнага мыслення і такіх форм свядомасці, як міф, мова, мастацтва. Г.Гегель зыходзіў з таго, што духоўнае развіццё індывіда паўтарае стадыі самапазнання безасобаснага (сусветнага, аб’ектыўнага) духу, пачынаючы з акта вызначэння пачуццёва дадзеных «рэчаў» і канчаючы «абсалютным веданнем», якое абумоўлівае ўнутр. развіццё ўсіх частак духоўнай культуры чалавецтва — навукі, маралі, рэлігіі, мастацтва і інш. Рацыянальныя элементы гэтага падыходу ўвайшлі ў марксісцкую канцэпцыю ведаў, паводле якой яны — прадукт гіст. развіцця і адлюстравання, характэрнага для ўсіх форм практычнага і духоўнага засваення свету. Прадстаўнікі крытычнага рацыяналізму падкрэслівалі цэласнасць навук. ведаў, разглядалі іх як непарыўны крытычны дыялог паміж рознымі тыпамі навук. тэорый, паміж навукай і ненавукай. Паводле М.Шэлера, веды — гэта акт узыходжання і саўдзелу (любові), які суправаджаецца імгненным спасціжэннем вышэйшай каштоўнасці аб’екта; адваротны шлях ад вышэйшай да ніжэйшай каштоўнасці — нянавісць. А.Конт сфармуляваў «закон трох стадый» гіст. развіцця, паводле якога ўсе думкі людзей праходзяць 3 станы: тэалагічны (рэлігія), метафізічны (філасофія) і «пазітыўнага сінтэзу» (навука). Аб’ектыўную неабходнасць і выключную ролю ведаў у духоўным узвышэнні асобы, удасканаленні сац.-паліт. і нац.-культ. форм жыцця грамадства сцвярджалі бел. філосафы і мысліцелі Ф.​Скарына, С.​Будны, А.​Волан, А.​Доўгірд, М.​Пачобут-Адляніцкі, К.​Семяновіч, А.​Скарульскі, К.​Нарбут, М.​Сматрыцкі, В.​Цяпінскі, С.​Шадурскі і інш.

Працяглая эвалюцыя чалавечых уяўленняў аб свеце вызначыла шматузроўневы характар ведаў. Як элементы іх структура ўключае паняцці, катэгорыі, тэорыі і інш. формы. Назапашванню навук. ведаў спрыяе пастаяннае ўдасканаленне метадаў навук. даследаванняў, якія падзяляюцца на агульналагічныя (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя і г.д.), тэарэтычныя (фармалізацыя, ідэалізацыя, узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага і г.д.) і эмпірычныя (назіранне, вымярэнне, эксперымент, фіз. мадэліраванне і інш.). Адрозніваюць веды данавуковыя (звычайныя), што канстатуюць факты і вызначаюць штодзённыя паводзіны чалавека, і навуковыя, якія даюць тлумачэнне фактаў, асэнсаванне іх у сістэме паняццяў дадзенай навукі, навук. тэорыі. Акрамя таго ў грамадстве існуюць веды міфалагічныя, мастацкія, рэліг. і інш. (гл. Міфалогія, Мастацтва, Рэлігія). Пазнавальная роля ведаў узрастае з камп’ютэрызацыяй усіх сфер вытв. і духоўна-культ. дзейнасці, што дазваляе перадаваць, захоўваць, кадзіраваць і пераўтвараць разнастайную і багатую інфармацыю, ствараць спец. банкі даных, экспертныя сістэмы і інш. Працэсы атрымання, абгрунтавання і практычнай рэалізацыі ведаў вывучаюцца логікай, метадалогіяй, гнасеалогіяй, псіхалогіяй, а таксама спец. навук. дысцыплінамі (навуказнаўства, сацыялогія ведаў, інфарматыка, кагнітыўная інжынерыя; гл. таксама Свядомасць, Ідэальнае, Пазнанне, Тэорыя пазнання). Пэўныя прац. веды, умельствы і навыкі, правілы і нормы грамадскіх паводзін перадаюцца з пакалення ў пакаленне сродкамі народнай педагогікі (традыцыі, звычаі, вусная нар. творчасць, сямейнае выхаванне і інш.).

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на атрыманне агульных і прафес. ведаў, ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы, яе фундаментальнай падрыхтоўкі ў сферы асноў Навук. практычнага выкарыстання атрыманых ведаў. Пры гэтым ставіцца задача сумяшчэння нац., культ. і рэгіянальнай асноў адукацыі з арыентацыяй на засваенне вышэйшых дасягненняў нац. і сусв. культуры, забеспячэння цеснага адзінства адукацыйных і выхаваўчых задач.

Літ.:

Лекторский В.Л. Субъект, объект, познание. М., 1980;

Ведин Ю.П. Познание и знание. Рига, 1983;

Полани М. Личностное знание: Пер. с англ. М., 1985;

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Героименко В.А., Лазаревич А.А., Титаренко Л.Г. Знание. Компьютер. Общество. Мн., 1992.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІВЕРСІТЭ́Т (ад лац. universitas сукупнасць),

1) шматпрофільная вышэйшая навуч. ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў па фундаментальных і многіх прыкладных навуках у розных галінах гаспадаркі і культуры, забяспечвае глыбокую тэарэт. падрыхтоўку выпускнікоў да навук.-практычнай і пед. дзейнасці.

Першыя Ў. ўзніклі ў гарадах Еўропы ў 12—13 ст.: Балонскі універсітэт, Оксфардскі універсітэт, Кембрыджскі універсітэт, Парыжскі універсітэт. Сярэдневяковыя У. мелі адм. і суд. аўтаномію і практычна не залежалі ад гар. улад. Іх статус у тагачасным грамадстве найб. дакладна перадаваў лац. тэрмін «Universitas magistrorum et scholarum» («Сукупнасць выкладчыкаў і вучняў»). Пазней У. называлі свецкія ВНУ, у адрозненне ад манаскай вышэйшай школы — акадэміі. Навуч. курс сярэдневяковых У. складаўся з агульнага для ўсіх падрыхтоўчага ф-та, дзе выкладаліся т.зв. «сем вольных мастацтваў (лац. «Septem artes liberalis»), пасля заканчэння якога студэнты выбіралі адзін з вышэйшых ф-таў — мед., юрыд., тэалагічны. Навуч. прадметы падзяляліся на 2 цыклы. Першы — гуманітарны «трывіум» (лац. trivium трохпуцце) — уключаў лац. граматыку, рыторыку і дыялектыку. Другі — «квадрывіум» (лац. guadrivium чатырохпуцце) уключаў арыфметыку, геаметрыю, астраномію і музыку. У некат. У. у другі цыкл дадаткова ўключалі астралогію, алхімію і фізіку. Пасля здачы экзамену за «трывіум» прысуджалася ступень бакалаўра мастацтваў, «квадрывіума» — магістра мастацтваў, па заканчэнні аднаго з 3 вышэйшых ф-таў — магістраў і дактароў медыцыны, права ці тэалогіі. Паступова пад уплывам Адраджэння на базе «трывіума» ствараліся ф-ты вольных мастацтваў, а развіццё «квадрывіума» прывяло да адкрыцця фізіка-матэм. ф-таў.

На Беларусі У. доўгі час не адкрываліся з-за дамінавання манаскай сістэмы адукацыі. Толькі Віленская езуіцкая акадэмія мела правы еўрап. У. У выніку значная частка прывілеяванай моладзі вучылася ў розных ВНУ Еўропы. Найб. папулярнасць на Беларусі меў Кракаўскі ун-т, засн. ў 1364 (гл. Ягелонскі універсітэт). Першы айч. свецкі універсітэцкі цэнтр навукі і асветы створаны ў часы дзейнасці Адукац. камісіі, якая на чале асветніцкай справы ў ВКЛ паставіла Віленскую галоўную школу з правамі У. Капіраванне статутаў Адукац. камісіі і германскіх У. дазволіла ў пач. 19 ст. правесці ў Рас. імперыі поўнамаштабную асветніцкую рэформу. Уся тэр. краіны была падзелена на навуч. акругі, на чале кожнай з якіх знаходзіўся У. Бел. землі ўваходзілі ў склад Віленскай навуч. акругі на чале з Віленскім універсітэтам. У дарэв. Расіі было 13 У. (44 тыс. студэнтаў). Першым адкрыты Маскоўскі універсітэт. Найстарэйшыя (апрача Віленскага У.) Тартускі універсітэт, Казанскі універсітэт, Харкаўскі універсітэт, Санкт-Пецярбургскі універсітэт, Кіеўскі нацыянальны універсітэт. Паводле статутаў 1802—05 У. ў Рас. імперыі мелі 4 ф-ты: фізіка-матэматычны (мог падзяляцца на фізіка-матэм. і хіміка-прыродазнаўчае аддзяленні; выкладаліся фізіка, хімія, прыродазнаўства, батаніка, астраномія, вышэйшая і прыкладная матэматыка, архітэктура, аграномія, геадэзія); медыцынскі (выкладаліся анатомія, паталогія, клінічная тэрапія, хірургія, акушэрства і ветэрынарыя); маральных і паліт. навук (выкладаліся логіка, метафізіка, філасофія, мараль, прыроднае, паліт. і нар. права, палітэканомія, агульная і царк. гісторыя, дагматычнае і маральнае багаслоўе, грамадз. і крымінальнае права стараж. і сучасных народаў); л-ры і вольных мастацтваў (выкладаліся красамоўства, грэчаская, лац., польская, рус., англ., ням. і франц. мовы, паэзія, маляванне, скульптура). Дадаткова ў склад У. маглі ўваходзіць духоўныя і настаўніцкія семінарыі як самаст. ўстановы. Кіраваў У. савет прафесараў, які прызначаў заг. кафедраў, дэканаў ф-таў і прапаноўваў імператару кандыдатуру рэктара. У 1820—30-я г. бел. моладзі было забаронена вучыцца ў еўрап. У, а сама-Беларусь у 1832—1917 была рэгіёнам Рас. імперыі, пазбаўленым уласнага У., бо ён разглядаўся як верагодны ачаг чарговага паўстання. Асобныя правы У. мелі Полацкая езуіцкая акадэмія і Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У сав. час У. адкрыты ва ўсіх саюзных і ў большасці аўтаномных рэспублік.

У 2001/02 навуч. г. на Беларусі дзейнічалі дзярж. У.: БДУ, Беларускі аграрны тэхнічны універсітэт, Бел. гандлёва-эканам. ун-т спажывецкай кааперацыі (да 2001 Гомельскі кааператыўны інстытут), Бел. мед. ун-т (да 2001 Мінскі медыцынскі інстытут), Бел. нац. тэхн. ун-т (да 2002 Беларуская політэхнічная акадэмія), Беларускі педагагічны універсітэт, Беларускі тэхналагічны універсітэт, Беларускі універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі універсітэт культуры, Беларускі універсітэт транспарту, Беларускі эканамічны універсітэт, Брэсцкі тэхн. ун-т (да 2000 Брэсцкі політэхнічны інстытут), Брэсцкі універсітэт, Віцебскі мед. ун-т (да 1999 Віцебскі медыцынскі інстытут), Віцебскі тэхналагічны універсітэт, Віцебскі універсітэт, Гомельскі тэхн. ун-т (да 1998 Гомельскі політэхнічны інстытут), Гомельскі універсітэт, Гродзенскі мед. ун-т (да 2000 Гродзенскі медыцынскі інстытут), Гродзенскі аграрны ун-т (да 2000 Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут), Гродзенскі універсітэт, Магілёўскі тэхн. ун-т (да 2000 Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут), Магілёўскі універсітэт, Міжнародны экалагічны універсітэт, Мінскі лінгвістычны універсітэт, Полацкі універсітэт. У 1992 у Мінску засн. першы на Беларусі недзярж. незалежны Еўрапейскі гуманітарны універсітэт.

2) Грамадская навуч. ўстанова па распаўсюджанні ведаў у розных галінах навукі, культуры, грамадскага жыцця і павышэнні прафес. кваліфікацыі. У сав. час існавалі таксама нар. ун-ты, ун-ты культуры, марксізму-ленінізму. У ліп.—жн. 1918 у Маскве дзейнічаў Беларускі народны універсітэт.

А.​Ф.​Самусік.

т. 16, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)