ВО́ЛЖСКІ,

горад у Расіі, у Валгаградскай вобл. Узнік у 1951 у сувязі з буд-вам Волжскай ГЭС. 283,3 тыс. ж. (1994). Порт на р. Волга. Нафтаперапр., нафтахім., хім. (шыны, гумава-тэхн. вырабы; мыйныя сродкі), машынабуд. і металаапр. (абсталяванне для сельскай гаспадаркі, падшыпнікі, запасныя часткі да аўтамабіляў; вытв-сць труб; рамонт рачных суднаў і інш.), харч. прам-сць. Краязнаўчы музей.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́РЖАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,

каля паўночна-ўсх. ускраіны Віцебска. Пластападобны паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона- і цёмна-бурыя стужачныя, пластычныя, шчыльныя, карбанатныя. Разведаныя запасы 9,6 млн. м³, перспектыўныя 1,4 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,4—8 м, ускрышы 0,2—6,3 м. Гліны прыдатныя на выраб керамзіту. дрэнажных труб, цэглы.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНЫ́,

ударны муз. інструмент класа ідыяфонаў. Складаецца з 12—18 метал. труб-цыліндраў (звычайна латунных) храматычнага строю дыяметрам 25—38 мм, свабодна падвешаных у метал. або драўлянай раме выш. каля 2 м. Сучасныя З. маюць педальна-дэмпфернае прыстасаванне. Гук здабываецца ўдарам калатушкі з бочачкападобнай галоўкай, абцягнутай скурай. Выкарыстоўваюцца ў сімф. аркестры для імітацыі царк. звону.

Званы.

т. 7, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫШТАВА́ННІ,

часовыя дапаможныя прыстасаванні (канструкцыі) для размяшчэння на неабходнай вышыні рабочых, інструментаў, матэрыялаў пры выкананні буд. і мантажных работ. Бываюць зборна-разборныя (інвентарныя стоечныя, падвесныя і інш.) і перасоўныя самаходныя. Робяцца з метал. труб з раздымнымі злучэннямі элементаў, са стальных стрыжняў і канатаў (струн), насцілаў, агараджэнняў. Прасцейшыя Р. — драўляны насціл на стойках.

Рыштаванні самаходныя ВА «Белкамунмаш».

т. 13, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́К,

радовішча тугаплаўкіх глін на ўскраіне пас. Гарадок Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Пластавы паклад, утвораны стракатымі азёрнымі глінамі алігацэну і міяцэну. Разведаныя запасы каля 33 млн. м³. Карысная тоўшча 6—15 м, ускрыша 2,5—7,8 м. Гліны дысперсныя пластычныя і высокапластычныя, вогнетрывалыя. Прыдатныя на выраб каналізацыйных і дрэнажных труб і цэглы, як фармовачны матэрыял. Сыравінная база Рэчыцкага камбіната будматэрыялаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЖЭЎ,

горад, цэнтр раёна ў Цвярской вобл., у Расіі, на р. Волга. Размешчаны на ўскраіне Валдайскага ўзв. Вядомы з 11 ст. 70,4 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабудаванне, льноперапр., харч.; з-ды: аўтатрактарнага эл. абсталявання, дрэнажных труб, эл.-мех.; камбінаты: мэблевы, нярудны (вытв-сць даламітавай мукі), жакардавага ткацтва; ільночасальная ф-ка. Музеі: краязнаўчы, Вял. Айч. вайны. Арх. помнікі 18 ст.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІРА́ЛІ (франц. spirales ад лац. spira выгін),

1) плоскія крывыя лініі, што закручваюцца (раскручваюцца) вакол некаторага фіксаванага пункта і з кожным абходам набліжаюцца (аддаляюцца) да яго. Напр., архімедава спіраль, лагарыфмічная спіраль, спіраль Карню і інш. Выкарыстоўваюцца пры графічным рашэнні некаторых задач дыфракцыі, у некаторых канструкцыях развадных мастоў, пры праектаванні фрэз, труб.

2) Прасторавыя крывыя лініі, што закручваюцца вакол вызначанай восі, напр. вінтавая лінія.

т. 15, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТРУ́ЗІЯ (ад позналац. extrusio выштурхванне), шпрыцаванне палімераў,

спосаб атрымання вырабаў або паўфабрыкатаў з пластычных мас і гум выцісканнем матэрыялу праз канал прафілюючага інструменту (экструзійнай галоўкі). Гэтым метадам перапрацоўваюць да 50% усіх тэрмапластаў, а таксама гумавыя сумесі. Найб. пашырана ў экструдэрах (шпрыц-машынах). Выкарыстоўваецца ў вытв-сці плёнак, труб, шлангаў, аўтамаб. камер, пры накладанні эл. ізаляцыі на правады, кабелі і інш.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-ДА́БІ, Абу-Забі,

горад, сталіца Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і эмірата Абу-Дабі. 328 тыс. ж. (1992). Размешчаны на прыбярэжным востраве Персідскага зал., які злучаны з мацерыком дамбамі і мастамі. Буйны прамысл., культ. і гандл. цэнтр, другі па велічыні порт краіны. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр нафтаздабычы. Нафтаперапр. і газаперапр. прам-сць; цэментны, металургічны, пластмасавых труб з-ды; прадпрыемства па апрасненні вады. Суднабудаванне. Рыбалоўства.

Горад Абу-Дабі.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУДЗІ́НАВА,

радовішча глін у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., каля в. Грудзінава. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона-бурыя, шакаладныя, стужачныя, шчыльныя, пластычныя, з дробнымі вапняковымі сцяжэннямі. Разведаныя запасы 9,1 млн. м³, перспектыўныя 2,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,4 м, ускрышы 0,2—7,8 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб. Радовішча распрацоўваецца Обальскім керамічным заводам.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)