Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.Існаваў у 14 — пач. 20 ст. ў Вільні.
Узнік як праваслаўны пры царкве св. Тройцы, пабудаванай жонкай вял.кн.ВКЛ Альгерда Ульянай на месцы гібелі трох віленскіх пакутнікаў, першыя манахі ўпамінаюцца ў 1391. Адным з архімандрытаў быў Макарый (15 ст., пазней мітрапаліт кіеўскі). Спачатку манастыр існаваў на міласціну, потым атрымаў зямельныя ўладанні ад кн. Галоўчынскага і К.Астрожскага. Апошні пабудаваў мураваную Троіцкую царкву (каля 1514), у якой знаходзіўся абраз Маці Божай. У 16 ст. манастыр пад патранатам гараджан, потым — мітрапаліта. Пры царкве з 1589 існавала брацтва, якое мела прывілей на друкарню. У 1609 манастыр стаў уніяцкім, сярод яго архімандрытаў былі дзеячы уніяцкай царквы: І.Руцкі, Л.Крэўза, А.Дубовіч, Ф.Грабніцкі. Ва уніяцкі перыяд Віленскі Троіцкі манастыр атрымаў значныя зямельныя надзелы. У 1-й пал. 17 ст. дзейнічаў базыльянскі навіцыят. Пасля пажару 1706 пабудаваны новы манастырскі корпус.
Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў праваслаўны, у 1845 аднесены да 3-га класа, у ім размешчана Літ. духоўная семінарыя, амаль усе зямельныя ўладанні забраны ў казну. Для іканастаса Троіцкай царквы І.Л.Хруцкі намаляваў абразы. У час 1-й сусв. вайны манастыр спыніў існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЗАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1914 з чырвонай цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Мураваны 3-нефавы храм з трансептам і гранёнай апсідай, абапал якой 2 сакрысціі. Сцены звонку ўмацаваны контрфорсамі, вокны спічастыя. Двухвежавы гал. фасад з трохвугольным франтонам завершаны высокімі зубцамі. Такія ж франтоны ўпрыгожваюць тарцы трансептаў. Гал. ўваход вылучае перспектыўны партал з вімпергам і круглым акном-ружай над ім. Вежы на гал. фасадзе (выш. 59 м) завершаны вострымі 8-граннымі шатрамі і значна ўзвышаюцца над астатнімі аб’ёмамі. У інтэр’еры калоны і пілястры складанага профілю пераходзяць у высокія падпружныя спічастыя аркі скляпенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРВЯ́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1903 у в. Гервяты (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.) з чырвонай цэглы (арх. А.Альшалоўскі). 3-нефавая 1-вежавая базіліка з трансептам у зах.ч., накрыта 2-схільным крыжовым дахам. З У да гал. нефа прыбудавана высокая 2-ярусная вежа-званіца, завершаная шпілем. Сярэдні павышаны неф з нізкімі стральчатымі вокнамі ўмацаваны контрфорсамі, паміж кожнай парай якіх размешчаны высокія спараныя стральчатыя вокны з дэкар. ружамі ў завяршэнні. Бакавыя фасады ўпрыгожаны аркатурна-зубчастым поясам, антаблемент мае фрыз са стылізаваным арнаментам у выглядзе 3-ступеньчатых зубцоў і карніз. Ідэнтычна вырашаныя алтарны фасад і тарцы трансепта маюць ярусную кампазіцыю. Гал. ўваход аформлены перспектыўным парталам, які завершаны вімпергам і ружай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТРО́ІЦКІ ЗАЛАТАГО́РСКІ КАСЦЁЛ, касцёл святога Роха,
помнік архітэктуры неаготыкі ў Мінску. Пабудаваны ў 1861—64 з цэглы на б. каталіцкіх могілках Залатая горка. Аднанефавы аднавежавы прамавугольны ў плане храм з 5-граннай апсідай, мае сім. аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны 2-яруснай прамавугольнай у плане вежай пад 4-схільным шатром. Па баках франтона — дэкар. вежачкі. Фасады будынка расчлянёны стылізаванымі 3-ступеньчатымі контрфорсамі, а таксама стральчатымі нішамі з аконнымі праёмамі. Па перыметры сцены завершаны развітым карнізам. Уваход у выглядзе высокага спічастага партала. Пасля рэстаўрацыі (1983) будынак касцёла прыстасаваны пад залу камернай музыкі Бел.дзярж. філармоніі. Пры ўваходзе ў залу — керамічная скульптура «Музыка», у нішах б. крыпты — дэкар. скульптуры нар. персанажаў (маст. М.Байрачны, В.Прыешкін), у нішах каля аргана — драўляныя скульптуры (скульпт. Л.Давідзенка). Аконныя праёмы аздоблены арнаментальным вітражом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму ў Мінску. Засн. ў 1630 М.Вяжэвіч на Траецкай гары (сучасная вул. М.Багдановіча) пры драўлянай царкве (вядома з 15 ст., знішчана ў 1656, адноўлена ў 2-й пал. 17 ст.). Фасады і інтэр’еры драўлянай царквы св. Тройцы ў 17—18 ст. былі аздоблены аптычным (ілюзорным) жывапісам. У 1799—1800 на месцы старога драўлянага будынка манастыра ўзведзены новы — мураваны ў стылі класіцызму (арх. Ф.Крамер): 2-павярховы П-падобны ў плане, накрыты 2-схільным дахам. Сіметрычны гал. фасад падзелены карнізным поясам на 2 ярусы (ніжні апрацаваны рустам) і раскрапаваны 3 рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы (у бакавых рызалітах завяршаліся сандрыкамі). Інтэр’еры ўпрыгожаны насценнай размалёўкай (не захавалася). Тэрыторыя манастыра была абнесена мураванай агароджай з брамай-званіцай. Пасля пажару 1809 манастырскі будынак адноўлены (арх. М.Чахоўскі), з У да яго прыбудавана галерэя. У 1834 манастыр закрыты, будынак прыстасаваны пад шпіталь гар. бальніцы, у 1840-я г. рэканструяваны (арх. К.Хршчановіч). Рэканструяваўся ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. (надбудаваны 3-і паверх). Цяпер у ім корпус 2-й гар. клінічнай бальніцы.
У.М.Дзянісаў.
Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак. Галоўны фасад. Чарцёж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар. аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.