СІНХРАТРО́Н [ад грэч. synchronos адначасовы + (элек)трон],

цыклічны рэзанансны паскаральнік зараджаных часціц (у асн. электронаў). Паскарэнне электронаў адбываецца ў высокачастотным эл. полі, частата якога нязменная, і ў магн. полі, напружанасць якога змяняецца ў часе. Пры гэтым часціцы рухаюцца па арбіце пастаяннага радыуса. З-за страт энергіі на сінхратроннае выпрамяненне электроны ў С. паскараюцца да 10 ГэВ. Выкарыстоўваецца для атрымання пучкоў рэлятывісцкіх электронаў і пазітронаў, а таксама мяккага рэнтгенаўскага выпрамянення.

т. 14, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМЖА́НАЎ (Ануар) (Ануарбек) Турлубекавіч (2.5.1930, аул Карлыгаш, Андрэеўскі р-н Талды-Курганскай вобл., Казахстан — 1993),

казахскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1954). У яго аповесцях «Караван ідзе да сонца» (1963), «Сінія горы» (1964; Дзярж. прэмія Казахстана 1967), «Сувенір з Атрара» (1966; Міжнар. прэмія імя Дж.​Нэру 1969), «Трон Рудакі» (1974) і інш. — мінулае і сучаснае Казахстана. Аўтар гіст. трылогіі «Стэпавае рэха» (1969—79).

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. Алма-Ата, 1979.

Ж.​Сахіеў.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТШАЛК (каля 1010—7.6.1066),

князь бодрычаў [1031—66; фактычна з 1044]. Выхоўваўся ў кляштары св. Міхаіла ў г. Люнебург (Германія). Пасля смерці бацькі Прыбыгнева (каля 1030) вярнуўся на радзіму і стаў княжыць, аднак у хуткім часе скінуты саксонцамі і эмігрыраваў у Данію. З дапамогай свайго цесця дацкага караля Кнуда I Вялікага і брэменскага архіепіскапа Адальберта II вярнуў у 1044 княжацкі трон. Заснаваў Вендскую дзяржаву. Укараняў хрысціянства, намагаўся стварыць незалежную слав. царкву. Загінуў у час паўстання (інспіравана племянной знаццю), якое праходзіла пад лозунгам вяртання да язычніцтва.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МУЛ АЎГУ́СТУЛ (Romulus Augustulus),

апошні імператар [475—476] Зах. Рым. імперыі. Бацька Р.А. — военачальнік Арэст скінуў імператара Юлія Непата і 31.10.475 у Равене абвясціў імператарам непаўналетняга Р.А. Яго правы на трон не былі прызнаны ні Усх. Рым. імперыяй, ні правіцелем Галіі Сіягрыем, ні Непатам. Пасля таго як Арэст і Р.А. не выканалі патрабаванняў ўсх.-герм. наёмнікаў, тыя паўсталі і абралі сваім царом Адаакра. Арэст быў забіты, Р.А. 4.9.476 скінуты з трона і сасланы ў прав. Кампанія. Гэта лічыцца канцом Зах. Рым. імперыі.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАПО́ЛК Ю́Р’ЕВІЧ (? — 19.4.1190),

князь тураўскі. Сын тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. Упершыню ўпамінаецца ў 1156, калі князь Яраслаў Уладзіміравіч Асмамысл пасылаў С.Ю. да вял. кн. Юрыя Далгарукага прывесці ў Галіч зняволенага кн. Івана Расціславіча Бярладніка. Як князь тураўскі С.Ю. вядомы з 1162, калі хадзіў разам з інш. князямі выганяць са Слуцка Уладзіміра Мсціславіча. У 1168 С.Ю. удзельнічаў у вял. паходзе вял. кн. Мсціслава Ізяславіча на полаўцаў. У 1170 дапамагаў выгнанаму з Кіева Мсціславу Ізяславічу вярнуць свой трон. С.Ю. пахаваны ў Кіеве ў Міхайлаўскім Залатаверхім саборы.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАДА́Р ГЛЕ́БАВІЧ,

князь менскі, магчыма, і гарадзецкі. Сын менскага кн. Глеба Усяславіча. Працягваў барацьбу менскіх князёў за ўстанаўленне дамінуючага становішча Менска ў Полацкай зямлі. У 1158 (паводле інш. крыніц у 1159) выступіў з братамі ў паход супраць полацкага кн. Рагвалода Барысавіча. У 1161 (1162) знаходзіўся ў Гарадцы (месцазнаходжанне не высветлена), разам з Літвою разбіў войска Рагвалода. У 1167 выступіў супраць полацкага кн. Усяслава Васількавіча і заняў полацкі трон, заключыўшы дагавор з вечам. Затым накіраваўся ў Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але, даведаўшыся, што на дапамогу віцябчанам ідзе смаленскі кн. Раман, вярнуўся ў свае землі.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНАТРО́Н [ад грэч. kenos пусты + (элек)трон],

электравакуумны дыёд для выпрамлення пераменнага току пераважна прамысл. частаты. Вынайдзены ў 1905 англ. вучоным Дж.​А.​Флемінгам.

К. мае аксідны або карбідаваны катод (прамога ці ўскоснага напальвання) і чэрнены ці маціраваны рабрысты анод. Высакавольтныя К. (напружанне на анодзе да 100 кВ, сіла току да 500 мА) выкарыстоўваюцца ў выпрамніках радыёпрыёмнай і вымяральнай апаратуры, рэнтгенаўскіх устаноўках і інш.; нізкавольтныя (напружанне да 2 кВ, сіла току да некалькіх ампер) выцеснены выпрамнымі паўправадніковымі дыёдамі.

В.​І.​Вараб’ёў.

Высакавольтны кенатрон: 1 — анод; 2 — катод; 3 — газапаглынальнік; 4 — ахоўны экран.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ГВЕН, Лугвень, Лінгвен,

Лангвен (у праваслаўі Сямён; каля 1355—1431),

князь, сын Альгерда. Разам з інш. князямі падпісаў Крэўскую унію 1385. У 1389—92 і 1407—12 князь у Вял. Ноўгарадзе, з 1392 валодаў Мсціслаўскім княствам. Удзельнічаў у войнах ВКЛ з рус. княствамі, у Мсціслаўскай бітве 1386 з вял. князем смаленскім Святаславам, захапіў Вязьму, Смаленск, Варатынск. На чале мсціслаўскай, аршанскай і смаленскай харугваў вызначыўся ў Грунвальдскай бітве 1410. У 1430—31 у барацьбе Свідрыгайлы з Жыгімонтам Кейстутавічам за трон падтрымліваў першага. Заснаваў каля Мсціслава Ануфрыеўскі манастыр. Родапачынальнік князёў Мсціслаўскіх.

А.​В.​Белы.

т. 9, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІЦКІ АКТ 1501,

акт дзярж. уній паміж Польшчай і ВКЛ. Падпісаны 23.10.1501 у г. Мельнік (Падляшскае ваяв. ВКЛ, цяпер у Польшчы) пры абранні вял. князя ВКЛ Аляксандра на каралеўскі трон Польшчы. М.а. прадугледжваў у будучым выбары агульнага манарха для абедзвюх дзяржаў (зафіксаваны таксама ў Мельніцкім прывілеі 1501), устанаўленне агульнай грашовай сістэмы, правядзенне агульнай унутранай і знешняй палітыкі. Фактычна М.а. вёў да ліквідацыі дзярж. самастойнасці ВКЛ. У выніку шырокай апазіцыі сейм ВКЛ у 1505 не зацвердзіў М.а. і ён не набыў сілы. Планы польскіх магнатаў і шляхты здзейсніліся ў выніку заключэння Люблінскай уніі 1569.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНІПА́ЦКІЯ БІ́ТВЫ,

тры найважнейшыя бітвы ў гісторыі Індыі каля г. Паніпат (100 км на Пн ад Дэлі). Адбылася 21.4.1526 паміж войскамі правіцеля Кабула Бабура і апошняга султана Дэлійскага султаната Ібрагіма Лодзі. Скончылася перамогай Бабура, што прывяло да стварэння Магольскай імперыі. Адбылася 5.11.1556 паміж арміямі Акбара і прэтэндэнта на дэлійскі трон Хему. Скончылася перамогай Акбара, засведчыла канчатковае ўсталяванне ўлады Вялікіх Маголаў над Паўн. Індыяй. Адбылася 14.1.1761 паміж войскам афганцаў на чале з Ахмад-шахам Дурані і аб’яднаным войскам Маратхскіх княстваў. Перамога афганцаў стала прычынай узаемнага аслаблення праціўнікаў і іх адступлення з Паўн. Індыі.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)