Існаваў у 16—18 ст. у в. Каралін (цяпер у межах г. Пінск Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў традыцыях новаітальян. фартыфікацыйнай сістэмы. У плане — падоўжаны чатырохвугольнік (75 × 37 × 46 × 75) з бастыёнамі на вуглах. Курціны і чатырохвугольныя з брустверамі бастыёны былі вымураваны з каменю (з боку поля бастыёны значна большыя). З ПдУ замак ахоўвалі стромкі бераг і воды р. Піна. Унутры валоў ішоў падземны скляпеністы праход вышынёй 2,1 м і шырынёй 90 см. У 2-й пал. 17 ст. замкам валодаў маршалак ВКЛ Ян Дольскі, потым — кн. Вішнявецкія. У ліп. 1660 у час аблогі П.К.з. разбураны рас. войскамі, у 1704 — войскамі шведскага караля Карла XII. У пач. 19 ст. яшчэ былі цэлыя 2 бастыёны і курціна. Пазней замак знік пад гар. забудовай. Рэшткі П.К.з. адлюстраваны на планах Пінска канца 18 ст., на малюнках Н.Орды 19 ст.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 159—160.
М.А.Ткачоў.
Руіны Пінскага Каралінскага замка 3 малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСУ́МАЎ (Імран Ашум аглы) (25.9.1918, Баку — 20.4.1981),
азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1979). Першы значны твор — кінасцэнарый «Падземны гул» (1937) прысвечаны геолагам-нафтавікам. Аўтар п’ес «Мара» (1938), «Мора любіць адважных» (1954), «Шырэй круг» (1954), аповесці «На дальніх берагах» (1954), рамана «Гады праходзяць» (1973, з Г.Сеідбейлі). Сцэнарыст маст.-дакументальных кінафільмаў «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» і «Пакарыцелі мора» (Ленінская прэмія 1961). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Ткачоў.
Тв.:
Рус.пер. — Высокое назначение: Публицистика разных лет. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РСА,
пад’ёмная металічная ці акаваная жалезам дубовая рашотка, якая дадаткова зачыняла праём вежы-брамы. У еўрап. замках з’явілася ў сярэдзіне 15 ст., на Беларусі — ў канцы 15 — пач. 16 ст. Была важным элементам абароны замка, дзядзінца і інш. — прыкрывала дашчаныя вароты. Герса падымалася і апускалася на ланцугах пад’ёмным механізмам у спец. праёмы брамы. Ніжнія канцы рашоткі былі завостраныя і заходзілі ў спец. гнёзды. Звонку герса часта засланялася пад’ёмным мостам. Былі ў Мірскім замкава-паркавым комплексе, Полацкім Сафійскім саборы, Супрасльскай царкве-крэпасці, Сынковіцкай царкве-крэпасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 15—18 ст. на правым беразе р. Уша, як цэнтр абароны сярэдневяковага Маладзечна. Умацаваны землянымі валамі, на якіх стаялі драўляныя сцены-гародні і вежы. У 17 ст. на вуглах замка пабудаваны бастыёны. Зведаў разбурэнні і пажары ў канцы 14 ст., у 1519 (двойчы), 1533. У 1708 умацаванні замка выкарыстоўваліся ў бітве паміж рус. атрадам і групоўкай шведскіх войск. У 17—18 ст. у замку знаходзілася рэзідэнцыя кн. Агінскіх. На яго тэрыторыі ў 16—18 ст. быў мураваны храм. М.з. разбураны ў канцы 18 ст. Археал. даследаванні замка праводзіў М.А.Ткачоў (1976, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1915 у г. Мсціслаў Магілёўскай губ. пры духоўным вучылішчы. У 1923 меў 1157 экспанатаў; аддзелы: археал., нумізматычны, этнагр., царк. старажытнасцей, 100-годдзя вучылішча. Сярод экспанатаў косці маманта з кар’ера мясц. цагельні, каменныя сякеры і кераміка з гарадзішча, манеты ВКЛ, Рус. дзяржавы 17—18 ст., старадрукі і рукапісныя царк. кнігі, узоры нар. адзення, с.-г. прылады працы, вырабы з лазы, лыка, дрэва. У 1924 створаны аддзелы: прыродна-гіст., мастацка-прамысловы, бібліяграфічны. Пры музеі дзейнічалі гурткі краязнаўцаў і аховы гіст. помнікаў, быў выпрацаваны статут музея. Экспанаты загінулі ў час Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкар. кераміка сярэдзіны — 2-й пал. 16 ст. з г. Мядзел Мінскай вобл.Мясц. майстры выраблялі тэракотавую і паліваную кафлю (найчасцей ужывалі карычневую, зялёную, празрыстую паліву і белую эмаль). Найб. раннія — каробчатыя кафлі, якія адціскалі ў драўляных або гліняных формах, мелі заглыбленую вонкавую пласціну з квадратнай высокай рамкай па краі і высокую румпу. Выраблялі таксама паліхромныя паясныя, карнізныя кафлі, «каронкі», «гарадкі», дэкараваныя рэльефным геам. арнаментам, сюжэтнымі кампазіцыямі на рэліг. тэматыку, з выявамі чалавека, міфалагічных істот і інш.
М.А.Ткачоў, У.В.Угрыновіч.
Да арт.Мядзельская кафля. Тэракотавая кафля з сюжэтнай выявай. Сярэдзіна 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЎЛЯ́НСКІ ЗА́МАК Існаваў у 17 — пач. 18 ст. каля в. Крыўляны
(Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў забалочанай мясцовасці. Належаў князям Чартарыйскім. Меў блізкі да прамавугольніка план (пл. каля 11 га),
быў умацаваны земляным валам (шыр. 7—8, выш. каля 4 м), бастыёнамі, ровам (шыр. 13—15, глыб. да 4 м). З паўн.-зах. боку быў абведзены дадатковым вадзяным ровам. Уезд у замак размяшчаўся з ПдУ. У паўн.-зах. частцы на ўзвышэнні стаяла драўляная вежа, каля якой была сажалка, абнесеная высокім земляным валам і злучаная з рэчкай. У комплекс уваходзілі таксама драўляны палац, жылыя і гасп. пабудовы. Не збярогся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з г. Крычаў Магілёўскай вобл. Промысел вядомы з 12 ст. Росквіту дасягнуў у канцы 16 — пач. 18 ст. Выраблялі з чырв. гліны паліваны сталовы посуд, кафлю, дэкар.арх. ўпрыгожанні, вазы, цацкі, дробную анімалістычную пластыку (выявы мядзведзяў, ільвоў, бараноў і інш.), якія вылучаліся высокім узроўнем тэхналогіі вытв-сці. У 16—18 ст. у аздабленні тэракотавай, паліхромнай, паліванай («мураўлёнай») кафлі пераважалі геам. і расл. арнаменты, геральдычныя і анімалістычныя выявы. У пач. 20 ст. працавала больш за 70 ганчароў. Промысел бытаваў да сярэдзіны 20 ст.
М.А.Ткачоў, У.В.Угрыновіч.
Да арт.Крычаўская кераміка. Тэракотавая кафля з выявай букета. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ВЕ́ЖА,
помнік архітэктуры 2-й пал. 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Уваходзіць у комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў. Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы (злучала горад з замкам; не захавалася) і высокай абарончай вежы. Вежа — квадратнае ў плане збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. 2-і ярус аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі аконнымі праёмамі, 3-і і 4-ы — арачнымі. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырв. цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкар. 2-колерную гаму фасадаў. У архітэктуры вежы алюстраваны рысы бел. абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІЯ ВЕ́ЖЫ,
умоўная назва манум. абарончых вежаў, якія будавалі ў 2-й пал. 13—14 ст. на Валыні, Беларусі і ў Польшчы. Былі цэнтрамі абароны буйных населеных пунктаў, каманднымі пунктамі і ўмацаваным жыллём феадалаў. Адпавядалі тактыцы абароны і метаду аблогі актыўным штурмам пры дапамозе каменекідальных машын, арбалетаў, а з 15 ст. і бамбардаў. Былі прамавугольныя ці круглыя ў плане. На Беларусі да Валынскіх вежаў адносяцца Брэсцкая вежа, Гродзенская вежа-стоўп, Навагрудскія вежы на Малым замку і замку, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш. Тэрмін «Валынскія вежы» ўвёў у навук. ўжытак П.А.Рапапорт пасля вывучэння вежаў на тэр. Валынскай зямлі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст.Мн., 1978.