І́МПАРТ (англ. import ад лац. importo прывожу),

прывоз у краіну замежных тавараў, тэхналогій, паслуг (платнае карыстанне паслугамі замежных фірм), капіталаў (у форме крэдытаў ці займаў), каштоўных папер і інш. матэрыяльных каштоўнасцей для рэалізацыі (выкарыстання) на ўнутр. рынку, а таксама транзіту ў трэція краіны; расходы фіз. і юрыд. асоб, урада дадзенай краіны на набыццё тавараў і паслуг, зробленых у інш. краінах. Процілеглае значэнне — вываз тавараў, экспарт. Адрозніваюць І. бачны (увоз матэрыяльных каштоўнасцей); І. ускосны (І. камплектуючых вырабаў для машын, паўфабрыкатаў, абсталявання); І. нябачны (затраты на перавозку грузаў, пасажыраў, турызм, грашовыя пераводы і інш.). Структура І. вызначаецца асаблівасцямі прыродных умоў краіны, развіццём яе эканомікі і яе роляй у міжнар. раздзяленні працы. І. рэгулюецца нац. заканадаўствам, паліт.-прававымі абмежаваннямі, мытным тарыфам, сістэмай ліцэнзавання і інш. нетарыфнымі мерамі знешнеэканам. рэгулявання. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі, Знешні гандаль.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ПЫТ,

прадстаўленая на рынку патрэба ў таварах і паслугах, абмежаваная дзеючымі цэнамі і плацежаздольнасцю спажыўцоў. Характарызуецца велічынёй, якая вызначае колькасць тавараў (паслуг), што пакупнік жадае і здольны набыць па дадзенай цане ў дадзены перыяд часу. Аб’ём і структура П. залежаць ад цэн на тавар і ад інш. нецэнавых фактараў (мода, даходы спажыўцоў, цэны на інш. тавары, у т. л. на тавары-заменнікі і спадарожныя тавары). Таварная структура П. — сукупнасць удзельнай вагі асобных тавараў і таварных груп у агульным аб’ёме П. Часавая структура П. характарызуе час узнікнення П. (бягучы і перспектыўны П.). Адрозніваюць індывідуальны П. адной асобы, рыначны П. на дадзеным рынку і сукупны П. на ўсіх рынках дадзенага тавару (паслугі) альбо на ўсе тавары (паслугі), што вырабляюцца і прадаюцца. П. у эканоміцы звязаны з прапановай тавараў і паслуг; раўнавага паміж імі — неабходная ўмова раўнавагі ў нар. гаспадарцы.

т. 12, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮКС (ад франц. luxe раскоша),

назва багата, раскошна абсталяваных магазінаў, гасцініц, кают, купэ, некаторых тавараў вышэйшага класа, разраду, гатунку.

т. 9, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАРТЫМЕ́НТ (франц. assortiment),

аднародная прадукцыя (паслугі) па відах, гатунках, марках. Адрозніваюць асартымент групавы, відавы і ўнутрывідавы, ці разгорнуты. Групавы асартымент — пералік узбуйненых таварных груп, на якія падзяляецца ўся наменклатура тавараў нар. спажывання, што рэалізуюцца ў рознічным гандлі (напр., мяса і мясапрадукты, кандытарскія вырабы, тканіны, швейныя вырабы і гэтак далей). Відавы асартымент — падзел групавога асартыменту на віды (напр., групы тканін — на баваўняныя, шарсцяныя, шаўковыя, ільняныя і інш.). Унутрывідавы, ці разгорнуты, асартымент — разнавіднасць унутры асобнага віду тавараў (паводле мадэлі, колеру, фасону і інш. прыкмет).

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т РЫ́НКУ Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь.

Створаны ў 1992 у Мінску на базе Бел. філіяла Усесаюзнага НДІ па вывучэнні попыту насельніцтва на тавары нар. спажывання і кан’юнктуры гандлю. Асн. кірункі дзейнасці: навук.-даследчае, інфарм.-метадычнае і практычнае забеспячэнне фарміравання і рэгулявання ўнутр. рынку тавараў і паслуг на Беларусі; комплексныя даследаванні рынку тавараў нар. спажывання, праблем структурнай перабудовы сферы гандлю; удасканаленне тэарэт. і арганізацыйна-практычных асноў вывучэння рынку; даследаванне сац.-эканам. праблем спажывання; прагназаванне развіцця асн. элементаў і прапорцый рэгіянальнага рынку і інш.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭЛАІ́ДА (Adelaide),

горад на Пд Аўстраліі. Адм. ц. штата Паўд. Аўстралія. Знаходзіцца на ўзгорыстых берагах заліва Сент-Вінсент каля падножжа хр. Маўнт-Лофты. Засн. ў 1836. Больш за 1 млн. ж. (1993). Порт па вывазе с.-г. і харч. тавараў (пшаніца, воўна, віно і інш.). Вузел чыгунак і аўтадарог.

Буйны прамысл. цэнтр: аўтабудаванне, хім., электратэхн., электронная, металаапр. (у т. л. дакладная механіка), нафтаперапр. прам-сць. Цэнтр мукамольнай, вінаробнай, кансервавай, тэкст., швейнай, абутковай прам-сці. Вытв-сць спажывецкіх тавараў. Ун-т.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАРЫЗА́ЦЫЯ (франц. valorisation),

1) павышэнне цаны тавараў, курсу каштоўных папер і інш. з дапамогай дзярж. мерапрыемстваў.

2) Тое, што і рэвальвацыя.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДАПЛА́ТА,

папярэдняя частковая аплата тавараў і паслуг з ліку агульнай сумы плацяжу, служыць гарантыяй наступнай поўнай аплаты. Выкарыстоўваецца пераважна ў гандлі.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКАЛЕ́Я (ад араб. бакал прадавец харчовых прыпасаў),

абагульненая назва некаторых харч. тавараў — круп, мукі, кандытарскіх вырабаў, солі, чаю, кавы, прыпраў і інш.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНАЯ БЛАКА́ДА,

эканамічная ізаляцыя якой-н. дзяржавай ці групай дзяржаў адной або некалькіх краін з мэтай спыніць ці прыпыніць імпарт тавараў гэтых краін. Ажыццяўляецца шляхам выкарыстання забаронных і наступальных звышпратэкцыянісцкіх пошлін. Спалучаецца з валютнымі абмежаваннямі, устанаўленнем кантынгентаў і квот дапушчальнай да ўвозу прадукцыі, а таксама ўвядзеннем забарон на экспарт у пэўную краіну або на імпарт з яе тавараў. Правядзенне М.б. тармозіць развіццё эканомікі блакіраванай краіны, аднак у некаторых выпадках яна праследуе прагрэсіўныя мэты, напр., большасць дзяржаў свету праводзіла М.б. ПАР і Радэзіі, дзе панавалі расісцкія рэжымы.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)