АДРЭНАКАРТЫКАТРО́ПНЫ ГАРМО́Н, картыкатрапін (АКТГ),

гармон пярэдняй долі гіпофіза, які стымулюе функцыю кары наднырачнікаў (выпрацоўку картызону). Поліпептыд складаецца з 39 рэшткаў амінакіслот. Выдзяленне АКТГ рэгулюецца гармонам гіпаталамуса кортыкаліберынам. На яго сакрэцыю ўплываюць антыдыурэтычны гармон, катэхаламіны, вазаактыўны інтэрстынальны пептыд, картызол, ангіятэнзін. Пры дзеянні АКТГ на кару наднырачнікаў стымулюецца яе рост, паскараецца сінтэз бялку і РНК, павялічваецца сінтэз і сакрэцыя стэроідаў наднырачнікаў, што паскарае пераўтварэнне халестэролу ў прэгненалон. АКТГ у вял. колькасці можа выклікаць актывацыю ліпазы і ўзмацненне ліполізу, стымуляваць сакрэцыю інсуліну падстраўнікавай залозай. Прэпараты АКТГ атрымліваюць з гіпофіза свіней, авечак; выкарыстоўваюць як лек. сродкі пры захворванні сістэмы крыві, рэўматоідным артрыце, падагры, розных алергічных хваробах і інш.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАМАДЭ́РН (ад ультра... + мадэрн),

сучасны стылявы кірунак у мастацтве, архітэктуры, дызайне, засн. на мадэрне і выяўляецца ў яго крайніх формах: падкрэсленая індывідуалізацыя, свабодная планіроўка, сінтэз пластычных мастацтваў. На Беларусі шырокага развіцця не атрымаў.

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ІДЭ́Я,

катэгорыя ідэаліст. філасофіі аб звышнатуральным, хоць нічым не абгрунтаваным духоўным пачатку. Найб. поўна распрацавана Гегелем. Абсалютная ідэя не мае першапрычыны свайго ўзнікнення і існавання, сама выступае ў якасці стваральніка ўсяго існага. Вызначаецца рухомасцю і зменлівасцю самаўвасаблення. Развіваецца дыялектычна па схеме трыяды: тэза, антытэза, сінтэз. Тэза (сцвярджэнне) — абсалютная ідэя існуе сама ў сабе, характарызуецца самаразвіццём і магчымасцю ў патэнцыі ўзнікнення матэрыяльнага. Антытэза (адмаўленне тэзы) — абсалютная ідэя, абвяргаючы свой першапачатковы стан (тэзу), матэрыялізуецца і існуе ў форме прыроды і чалавека. На гэтым этапе ўзнікае сістэма прыродных прадметаў і чалавека. Сінтэз (зняцце супярэчнасцяў) — у выніку развіцця прыроды і чалавека ўзнікае свядомасць, якая выяўляецца ў 3 формах: мастацтве (у выглядзе вобраза), рэлігіі (уяўлення), філасофіі (паняццяў).

М.​В.​Анцыповіч.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ РАЗГО́РТКА,

паслядоўнае раскладанне (разгортка) відарыса, створанага аптычнай сістэмай у тэлевізійнай перадавальнай камеры, на складальныя элементы адначасова з атрыманнем відэасігналу, а таксама адваротнае пераўтварэнне з дапамогай кінескопа эл. сігналаў у бачны відарыс. У першых тэлевізійных сістэмах Т.р. ажыццяўлялася мех. спосабам, электронную Т.р. прапанаваў Б.Л.Розінг (гл. Тэлебачанне).

У вяшчальных сістэмах чорна-белага і каляровага тэлебачання Т.р. ажыццяўляецца сканіраваннем зыходнага відарыса разгортвальным элементам (электронным ці светлавым праменем пастаяннай інтэнсіўнасці), сінтэз відарыса на экране кінескопа — электронным праменем, прамадуляваным відэасігналам па інтэнсіўнасці. Раскладанне і сінтэз відарыса праводзяць па радках злева направа (радковая разгортка) і па вертыкалі зверху ўніз (кадравая разгортка). След ад руху разгортвальнага элемента ўтварае тэлевізійны радок, сукупнасць радкоў — тэлевізійны растр, перададзены (узноўлены) за гэты час відарыс — тэлевізійны кадр (поле).

А.​П.​Ткачэнка.

т. 16, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛАРАПЛА́СТЫ (ад грэч. chlōros зялёны + plastos вылеплены),

унутрыклетачныя арганоіды (пластыды) раслін, у якіх адбываецца фотасінтэз. З-за наяўнасці хларафілу афарбаваны ў зялёны колер. Знаходзяцца ў клетках розных тканак надземных органаў раслін, асабліва ў лісці і зялёных пладах. У вышэйшых раслін Х. лінзападобнай формы, адасоблены ад цытаплазмы знешняй мембранай (абалонкай). Унутры знаходзяцца структурныя адзінкі — тылакоіды, у якіх лакалізаваны пігменты: асноўныя — хларафілы, дапаможныя — караціноіды. Маюць рыбасомы, ДНК, ферменты. Акрамя фотасінтэзу ў іх адбываецца сінтэз АТФ, сінтэз і гідроліз ліпідаў, крухмалу, бялкоў і ферментаў, што ўдзельнічаюць у светлавой рэакцыі. Уласны генет. апарат і спецыфічная бялоксінтэзавальная сістэма абумоўліваюць адносную аўтаномію Х. ад інш. клетачных структур. Пры старэнні лісця і сцёблаў, выспяванні пладоў хларафіл у Х. разбураецца і ператвараецца ў храмапласты.

т. 17, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫРЭАТРО́ПНЫ ГАРМО́Н, тырэатрапін,

гармон, які выпрацоўваецца пярэдняй доляў гіпофіза. Паводле хім. прыроды — глікапратэід. Стымулюе сінтэз і выдзяленне асн. гармонаў шчытападобнай залозы — тыраксіну і трыёдтыраніну, паскарае шэраг метабалічных працэсаў у залозе (напр., транспарт і пераўтварэнне глюкозы). Выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 16, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕТАКСІ́НЫ,

нізкамалекулярныя біялагічна актыўныя рэчывы рознай прыроды, якія ўтвараюцца ў тканках арганізма пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення. Удзельнічаюць у фарміраванні прамянёвых пашкоджанняў: тармозяць і скажаюць сінтэз ДНК, прыгнятаюць мітозы, выклікаюць аберацыі храмасом, інтэрфазную гібель клетак, змяняюць пранікальнасць біял. мембран, спыняюць рост тканак.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІТАХРО́М (ад фіта... + грэч. chroma колер, фарба),

блакітны пігмент раслін з групы складаных бялкоў — хромапратэідаў. Трапляецца ва ўсіх органах раслін. Удзельнічае ў фотарэгуляцыі прарастання насення, цвіценні, кантралюе сінтэз біяпалімераў некат. найважн. фотасінтэтычных пігментаў; магчыма, удзельнічае ў рэгуляцыі дыхання і акісляльнага фасфарыліравання, пранікальнасці мембран.

т. 16, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФІНГАЗІ́Н,

вышэйшы аліфатычны ненасычаны амінаспірт; асн. структурны кампанент сфінгаліпідаў. Мае больш за 60 аналагаў і гамолагаў, якія адрозніваюцца колькасцю гідраксільных груп, ступенню ненасычанасці, даўж. вуглевадароднага ланцуга, яго разгалінаванасцю. N-ацыльныя вытворныя С. (цэраміды) — важныя прамежкавыя злучэнні ў біясінтэзе сфінгаліпідаў. Ажыццёўлены хім. сінтэз С. і некат. яго аналагаў.

т. 15, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́МІЯ ЦВЁРДАГА ЦЕ́ЛА,

навука аб сінтэзе, фізіка-хім. уласцівасцях і выкарыстанні рэчываў, якія знаходзяцца ў цвёрдым агрэгатным стане.

Як самаст. галіна хіміі сфарміравалася ў 1970-я г. на базе даследаванняў механізму і кінетыкі хім. рэакцый з удзелам цвёрдых цел, у т. л. найб. пашыраных з іх — тапахім. рэакцый (хоць бы 1 рэагент у цвёрдым стане). Асн. задача Х.ц.ц. — сінтэз рэчываў у цвёрдым стане пэўнага саставу, з зададзенай структурай (што вызначае рэакцыйную здольнасць цвёрдага цела). Састаўной часткай Х.ц.ц. з’яўляецца атрыманне інфармацыі аб уплыве структуры цвёрдых цел на іх рэакцыйную здольнасць і ўласцівасці, вывучэнне механізму дыфузіі ў цвёрдых целах і фазавых пераходаў. Да рэакцый, якія вывучаюцца і выкарыстоўваюцца на практыцы з удзелам цвёрдых цел, адносяцца: працэсы абпальвання, аднаўлення, хларавання руд металаў, цэментацыя сталі; прыгатаванне каталізатараў; сінтэз і ачыстка паўправадніковых матэрыялаў, тэмплатны сінтэз цвёрдых цел; атрыманне нанапорыстых мембран і цэалітаў і інш. Найб. пашыраныя метады даследавання: рэнтгена- і электронаграфія, электронная мікраскапія, тэрмічны аналіз, спектральныя метады (напр., ядзерная спектраскапія), ізатопны метад вывучэння дыфузіі і інш.

На Беларусі даследаванні па Х.ц.ц. праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, БДУ і інш. Значны ўклад у фарміраванне і развіццё Х.ц.ц. зрабілі Б.В.Ерафееў, М.М.Паўлючэнка, В.В.Свірыдаў, А.І.Лесніковіч.

Літ.:

Дельмон Б. Кинетика гетерогенных реакций: Пер. с фр. М., 1972;

Гилевич М.П., Покровский И.И. Химия твердого тела. Мн., 1985;

Вест А.Р. Химия твердого тела: Теория и приложения: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1988;

Крапухин В.В., Соколов И.А., Кузнецов Г.Д. Технология материалов электронной техники: Теория процессов полупроводниковой технологии. М., 1995.

Т.​М.​Вараб’ёва.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)