БЕЛАРУ́СКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,

каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Беларусі. Усталявалася ў выніку заключэння Брэсцкай уніі 1596, па ўмовах якой правасл. царква (гл. Праваслаўе) прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання (гл. Каталіцызм), захаваўшы ўсх. грэка-візант. рытуалы і традыц. правасл. абраднасць. Пры гэтым яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы (гл. Уніяцтва) Рэчы Паспалітай, падпарадкаванай непасрэдна папу рымскаму (гл. таксама Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). Пераход правасл. беларусаў ва уніяцкае веравызнанне адбываўся паступова, пераадольваючы на першым часе значнае непрыняцце і нават супраціўленне з боку часткі правасл. духавенства і яго прыхільнікаў, асабліва мяшчан. Але шырокая асветніцка-адукац. дзейнасць, увага да нац.-культ. традыцый, выкарыстанне ў рэліг. жыцці бел. мовы спрыялі павелічэнню ўплыву Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і да канца 18 ст. яна ахоплівала больш за 80% насельніцтва Беларусі. Унутраную арг-цыю Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў 17—18 ст. складалі Наваградска-Літоўская мітрапаліцкая, Полацкая, Пінска-Тураўская і Смаленская епархіі, частка Уладзімірска-Берасцейскай епархіі (Брэсцкае Палессе). Першая з іх ахоплівала Віленскае, Трокскае, Наваградскае, Мінскае і Кіеўскае ваяв. Кафедральнымі саборамі грэка-католікаў былі Барысаглебская царква ў Навагрудку, Успенская царква ў Вільні і Успенская царква ў Мінску. У пач. 18 ст. ў мітрапаліцкай епархіі было каля тысячы уніяцкіх цэркваў, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам мясц. дэканаў (благачынных). Полацкая уніяцкая епархія ўключала Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Курляндскае ваяв. і Лівонію. У Пінска-Тураўскую епархію ўваходзіў толькі Пінскі пав. Смаленская епархія (арганізавана ў 1625) уключала Смаленскае ваяв., Северскую і Чарнігаўскую землі (фактычна перастала існаваць у 1667 пасля далучэння Смаленска да Расіі). У пач. 17 ст. ў Віленскім Троіцкім манастыры быў арганізаваны уніяцкі манаскі ордэн базыльян (гл. Базыльяне), пачалося актыўнае фундаванне уніяцкіх цэркваў і кляштараў, пры многіх з іх ствараліся друкарні, школы, калегіі. Навучанне ў такіх школах і калегіях вялося на бел. мове, нават у самыя неспрыяльныя для яе часы. У друкарнях базыльян было надрукавана шмат катэхізісаў, малітоўнікаў, службоўнікаў, напісаных на бел. мове, а таксама павучанняў, казанняў, палемічных твораў і інш. л-ры на бел., польскай, лац. і царк.-слав. мовах. Перад 1-м падзелам Рэчы Паспалітай (1772) на Беларусі было каля 150 базыльянскіх кляштараў; пасля падзелу шматлікія кляштары і культ.-асв. цэнтры пры іх прыходзілі ў заняпад і ліквідаваліся. 22.4.1794 быў выдадзены ўказ Кацярыны II аб «искоренении Унии» на падставе таго, что бел. сяляне-уніяты і святары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1794 пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі. У 1795 скасаваны ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Пры Паўле I былі заснаваны 2 новыя епархіі — Брэсцкая і Луцкая (1798), але уніяцкая царква была пазбаўлена самастойнасці і падпарадкавана Рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу. У 1809 арганізавана Віленская епархія, а ў 1828 замест існаваўшых 4 епархій створаны Літоўская (цэнтр — Жыровічы) і Беларуская (цэнтр — Полацк). У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяты, якія жылі ў Гродзенскай і Віленскай губ., Беластоцкай вобл., у паўн. паветах Валынскай і ў Падольскай губ. У Беларускай епархіі былі уніяцкія цэрквы і уніяты, якія жылі ў Віцебскай і Магілёўскай губ., 8 паветах Мінскай і Валынскай губ., уніяты Кіеўскай губ. і 6 уніяцкіх цэркваў у Курляндыі. У 1832 указам імператара Мікалая I скасаваны ордэн базыльян, зачынены уніяцкія кляштарныя школы, забаронена друкаванне і распаўсюджванне уніяцкіх кніг. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. да правасл. царквы было далучана каля 2 млн. уніятаў. На Полацкім саборы 1839 была прынята пастанова аб скасаванні Брэсцкай уніі, ўз’яднанні з «Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй царквой» і падпарадкаванні уніяцкай царквы «Свяцейшаму Кіруючаму Усерасійскаму Сіноду»; гэты акт быў зацверджаны правасл. Сінодам і імператарам. Была задушана спроба спыніць рэліг. ўціск і захаваць уніяцкую царкву ў час паўстання 1863—64 пад кіраўніцтвам К.​Каліноўскага.

Уніяцкімі мітрапалітамі былі Міхаіл Рагоза (1595—99), Ігнацій Пацей (1599—1613), Іосіф Веніямін-Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—43), Антоній Сялява (1643—45), Гаўрыіл Календа (1656—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Фларыян Грабніцкі (1746—62), Іраклій Лісоўскі (1804—09), Іасафат Булгак (1812—39) і інш.

Пасля 1921, калі Зах. Беларусь увайшла ў склад Польшчы, на яе тэрыторыі пачалося адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Было арганізавана 30 уніяцкіх прыходаў, актыўна дзейнічалі Друйскі і Альберцінскі кляштары. Пачаў выдавацца час. «Да злучэння». У 1923 у Ватыкане ўтворана спец. камісія па справах Уніі на тэр. ўсх. Польшчы. Але адм. пакаранні, рэпрэсіі, высяленні вернікаў-уніятаў спынілі працэс аднаўлення грэка-каталіцкай царквы. У 1946 у БССР уніяцтва было ліквідавана, захавалася толькі некалькі абшчын за мяжой.

У 1990 Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіц. прызнанне з боку папы рымскага Іаана Паўла II. У 1994 Ватыканам афіцыйна зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на бел. мову, усе святары атрымалі афіц. намінацыі на свае парафіі. Дэканам грэка-каталіцкай царквы Беларусі прызначаны Ян Матусевіч. На Беларусі (на 1.1.1996) дзейнічала 11 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Выдаюцца час. «Унія», грэка-каталіцкія малітоўнікі і календары, інш. духоўна-рэліг. л-ра.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репринт. Мн., 1990);

Драгун Ю. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994;

Киркор А.К. Исторические судьбы Белорусского Полесья // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. 2 изд. Мн., 1994;

Міхаліна. Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі // Унія. 1990. № 1.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі рэспублікі. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,96 тыс. км². Нас. 1554,6 тыс. чал. (без Мінска, на 1.1.1999). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі (гл. адпаведныя арт.), 20 гарадоў, у т. л. 7 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк, 23 гар. пасёлкі, 307 сельсаветаў, 5248 сельскіх населеных пунктаў.

Прырода. Паверхня вобласці характарызуецца чаргаваннем узгорыста-марэнных узвышшаў з раўніннымі і нізіннымі ўчасткамі. На ПнЗМінскае ўзвышша, дзе знаходзіцца самы высокі пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м) і Ашмянская града, на ПнУ — адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні ПнЗ займае Нарачана-Вілейская нізіна, ПнУВерхнебярэзінская нізіна, усх. ч.Цэнтральнабярэзінская раўніна, паўд.Стаўбцоўская раўніна, Капыльская града і ўскраіна Палескай нізіны. Пераважаюць выш. 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. — 130 м (урэз р. Арэса пры выхадзе за межы вобласці). Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі (гл. Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей), торф (1277 радовішчаў; 1-е месца па запасах на Беларусі), буд. матэрыялы (мел, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна), сапрапелі. Выяўлены Аколаўскае радовішча жалезных рудаў, Любанскае радовішча гаручых сланцаў. Ёсць мінер. воды (Ждановіцкая, Мінская і Нарачанская мінер. крыніцы). Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,2 °C на ПдЗ да -7,5 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,4 °C на Пд да 17,3 °C на Пн. Вегетац. перыяд 186—195 дзён. Гадавая колькасць ападкаў 580—670 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.кастр.). Большая ч. тэр. вобласці адносіцца да бас. р. Дняпро. На ПнУ працякае р. Бярэзіна з прытокамі Сха, Бобр з Можай і Начай, Клява (злева), Гайна з Цной і Усяжай, Пліса, Уша, Уса, Свіслач з Волмай (справа), на Пд — Пціч і Случ з прытокамі (бас. р. Прыпяць). З і ПнЗ вобласці адносяцца да бас. р. Нёман. На З бярэ пачатак Нёман з прытокамі Лоша, Уса, Сула, Уша, Бярэзіна з Іслаччу. На ПнЗ цячэ р. Вілія з прытокамі. Частка вады з Віліі перакідваецца ў р. Свіслач па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Найб. азёры: на ПнЗ — Нарач, Мядзел, Мястра, Свір, на ПнУСялява і Палік. Вадасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае і інш. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (44,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,4%), тарфяна-балотныя (18,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (8%) і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (53,4%) і сугліністыя (35,2%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 27% с.-г. угоддзяў, найб. у Любанскім, Салігорскім і Слуцкім р-нах. Пад лесам 36% тэр. вобласці, найб. (да 49—51%) у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім р-нах. Пераважаюць хвойныя (75,5%) і драбналістыя (22,7%) лясы. Пад лугамі каля 14%, больш за палавіну іх нізінныя. Пад балотамі 14,3% тэрыторыі, амаль усе асушаны. На тэр. вобласці частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны нац. парк Нарачанскі і шэраг іншых асабліва ахаваных прыродных тэрыторый рэсп. значэння: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»; заказнікі: біялагічныя — Рудакова, Некасецкі; гідралагічныя — Прошыцкія Балоты, Чарэмшыца; ландшафтны — Блакітныя Азёры; заалагічныя — Антонава, Лебядзіны; лясны — Прылуцкі; паляўнічы — Налібоцкі (частка); журавіннікі — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, 32 помнікі прыроды рэсп. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 1,67 тыс. км² тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду (найб.тэр. Валожынскага і Бярэзінскага р-наў).

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (88,8%), жывуць таксама рускія (6,9%), палякі (2%), украінцы (1,3%). Гарадскога насельніцтва (без г. Мінска) 52%. Сярэдняя шчыльн. 38,9 чал. на 1 км² (з Мінскам — 82,2 чал. на 1 км²), сельскага — 18,4 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс. чал., 1998): Барысаў (154, Салігорск (102), Маладзечна (99), Слуцк (63), Жодзіна (60). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1991 ён стаў адмоўным), з 1995 адбываецца абсалютнае зніжэнне колькасці насельніцтва.

Гаспадарка. Вядучымі галінамі гасп. комплексу вобласці з’яўляюцца сельская гаспадарка (занята 27,8% працуючых) і прам-сць (занята 26,2%). Прамысловасць мае развітую галіновую структуру і цесныя вытв. сувязі з прамысл. комплексам Мінска. На тэр. вобласці размешчаны філіялы і падраздзяленні буйнейшых мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Прамысл. спецыялізацыю вызначаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (23,2% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі), хім. (28,2%), харч. (21,5%), дрэваапр. (7,5%) і лёгкая прам-сць. Развіта вытв-сць буд. матэрыялаў. За 1991—99 удзельная вага машынабудавання і металаапрацоўкі крыху знізілася, паменшала доля лёгкай прам-сці, павялічылася доля хімічнай. У вобласці вырабляецца (1997, у % да рэсп. вытв-сці): мінер. угнаенняў 83,8, у т. л. калійных 100; грузавых аўтамабіляў 8,4, фотаапаратаў 96,7, металарэзных станкоў 7,3, піяніна 100, бялізнавага трыкатажу 72,6, верхняга трыкатажу 13,5, цукру-пяску 45,8, макаронных вырабаў 64, мяса 20,7, калбасных вырабаў 17,5, масла 17,2. Асн. прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Бел. аўтамабільны з-д (кар’ерныя самазвалы) і з-ды цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне, «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага электраабсталявання, інструментальны, аўтаагрэгатаў у Барысаве, станкабудаўнічы, сілавых паўправадніковых вентыляў, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, з-д фотаапаратаў «Зеніт» у Вілейцы. Хім. прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Беларуськалій» у Салігорску, з-дамі хіміка-фармацэўтычным, гумава-тэхн. вырабаў, пластмасавых вырабаў у Барысаве. Асн. прадпрыемствы лясной, дрэваапр., і цэлюлозна-папяровай прам-сці ў Барысаве (дрэваапр., папярова-лесахім. і фанерна-запалкавы камбінаты, ф-ка піяніна і інш.), мэблевыя ф-кі ў Маладзечне, Вілейцы, Слуцку. Вытв-сць буд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі жалезабетонных вырабаў, зборнага жалезабетону, буд. дэталяў, цагельнымі і асфальтавымі, аб’яднаннем па здабычы пяску і гравію. Найб. буйнымі прадпрыемствамі лёгкай прам-сці з’яўляюцца трыкатажныя ф-кі ў Салігорску і Жодзіне, тэкст. аб’яднанне ў Слуцку, швейныя ф-кі ў Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Дзяржынску, філіялы мінскіх абутковых фабрык. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў, 2 шклозаводы, 3 ф-кі маст. вырабаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках. Найб. з іх цукрова-рафінадны камбінат у Слуцку і цукр. камбінат у Гарадзеі. Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, а на ПдЗ — з пасевамі цукр. буракоў. Пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур. У прыгарадных зонах гарадоў развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. Пад сельгасугоддзямі 1,9 млн. га (47,5% тэр. вобласці), у т. л. пад ворывам 1,3 млн. га (32,5%). Найб. асвоены землі на ПнЗ — у Нясвіжскім, Капыльскім, Слуцкім і Клецкім р-нах пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэрыторыі. Пры ўдзельнай вазе ў сельгасугоддзях краіны 19,2% у вобласці атрымліваюць (1996, у % да вытв-сці ў краіне): збожжа 22,3, бульбы 24,7, агародніны 21,7, ільновалакна 16,3, цукр. буракоў 29,4, мяса 23,4, малака 22,4. На долю раслінаводства прыпадае 42,3% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (іл. табл. 1).

У 1997 сабрана (тыс. т; у дужках — 1990): збожжа 1287 (1483), бульбы 1707 (2807), агародніны 252 (232), ільновалакна 5 (13), цукр. буракоў 352 (440). Жывёлагадоўля дае 57,7% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак яе ўдзельная вага ў параўнанні з 1990 знізілася. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі (гл. табл. 2). Змяншаюцца аб’ёмы прадукцыі рыбнай гаспадаркі на базе азёр і сажалак.

У 1997 атрымана (у дужках 1990): 1149 тыс. т малака (1713 тыс. т), 961 млн. шт. яец (1018 млн. шт), закуплена жывёлы і птушкі ў жывой вазе 120 тыс. т. (356 тыс. т). На пач. 1998 у вобласці 522 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 11,2 тыс. га зямлі. Доля асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 49% у 1990 да 81% у 1996, агародніны з 24% да 73%, малака з 22% да 40%, мяса з 13% да 24%.

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 888 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст, Вільнюс—Мінск—Гомель, Асіповічы—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк, якія звязваюць вобласць з інш. абласцямі рэспублікі, Расіяй, Прыбалтыкай, Украінай, Польшчай. Электрыфікаваны лініі ад Мінска да Масквы і Брэста, Маладзечна і Асіповіч. Гал. чыг. вузел Мінск, меншы па значэнні — Маладзечна. На долю чыг. транспарту прыпадае больш за 90% грузаабароту. Працягласць аўтамаб. шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 13,4 тыс. км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Зах. Еўропа (будуецца).

Л.​В.​Казлоўская.

Табліца 1. Пасяўныя плошчы вобласці (тыс. га)
Гады
1990 1997
Уся пасяўная плошча 1280,5 1326,5
Збожжавыя і зернебабовыя 550,3 558,1
Лён-даўгунец 24,2 12,4
Цукровыя буракі 14,4 14,1
Бульба 155,9 187,6
Агародніна 10,8 20,1
Кармавыя культуры 513 524,9
Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1990 1997
Буйная рагатая жывёла 1522,9 1016,1
у т. л. каровы 549,6 444,5
Свінні 1226,4 866,6
Авечкі і козы 115,3 34,4
Птушка 13 148 11 976
Да арт. Мінская вобласць. Краявід у Клецкім раёне.
Да арт. Мінская вобласць. Акультураная паша ў Вілейскім раёне.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)