ІЗЯСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Дзмітрый; 1024—3.10.1078),

князь тураўскі і вял. князь кіеўскі, старэйшы сын Яраслава Мудрага. Княжыў у Тураве, напэўна, з 1042 (заснавальнік дынастыі Ізяславічаў), а ў 1052 атрымаў і пасад у Ноўгарадзе. Пасля смерці бацькі (1054) стаў вял. князем кіеўскім. У 1058 зрабіў паход і перамог заходнябалцкае племя голядзь. У 1067 з братамі Святаславам і Усеваладам ваяваў супраць полацкага кн. Усяслава Брачыславіча, удзельнік Нямігскай бітвы 1067. У час перагавораў каля Оршы вераломна захапіў Усяслава ў палон і адправіў у цямніцу ў Кіеў. У выніку нар. паўстання ў 1068 І.Я. скінуты з трона. У 1069 з дапамогай польск. караля Баляслава вярнуўся ў Кіеў, прагнаў Усяслава з Полацка і прызначыў на яго месца свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым — Святаполка Ізяславіча. У 1073 вымушаны пакінуць Кіеў, у 1077 зноў захапіў кіеўскі трон. У Тураў на княжанне паслаў сына Яраполка Ізяславіча. І.Я. загінуў у міжусобнай барацьбе пад Чарнігавам. Адзін са складальнікаў «Рускай праўды». Віслыя свінцовыя пячаткі І.Я. выяўлены пры археал. раскопках у Ваўкавыску, Тураве, Брэсце.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖА́ЙСКІЯ малодшая лінія маскоўскіх вял. князёў. Паходзілі ад Андрэя Дзмітрыевіча

(1382—1432),

сына вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Андрэй Дзмітрыевіч атрымаў ва ўдзел Мажайск (адсюль прозвішча роду), Вераю, Калугу, Белавозера. Ад яго старэйшага сына Івана пайшоў род М., ад малодшага Міхаіла — род князёў Вярэйскіх. Найб. вядомыя:

Іван Андрэевіч (? — да 1483), сын Андрэя Дзмітрыевіча. У час феад. вайны ў Расіі 1425—53 уцёк у ВКЛ, прэтэндаваў на пасад вял. князя маскоўскага. Вял. князь ВКЛ Казімір падараваў яму Гомель, Бранск, Старадуб. Андрэй Іванавіч (? — 1487), сын Івана Андрэевіча, валодаў пасля бацькі Бранскам і вёскамі ў Гомельскай воласці, выслужыў у Казіміра маёнтак Свержань. Сямён Іванавіч (? — каля 1505), сын Івана Андрэевіча, трымаў пасля бацькі Гомель і Старадуб. У 1496 вял. князь ВКЛ Аляксандр падараваў яму Чарнігаў і Карачаў, пазней — Хоцімль. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 перайшоў з усімі сваімі ўладаннямі на бок вял. кн. маскоўскага Івана III і ваяваў супраць ВКЛ. Захапіў Любеч. Празываўся таксама князем Старадубскім. Васіль Сямёнавіч (? — да 1519), сын Сямёна Іванавіча, валодаў пасля бацькі Гомелем, Старадубам, Чарнігавам.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮСЭ́ ((Musset) Альфрэд дэ) (11.12. 1810, Парыж — 2.5.1857),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1852). Вывучаў медыцыну, права. У 1828—30 належаў да гуртка рамантыкаў «Сенакль» на чале з В.​Гюго. Дэбютаваў кн. рамант. паэм «Іспанскія і італьянскія аповесці» (1830). У зб. драм. твораў «Спектакль у крэсле» (1832, у т. л. паэмах «Намуна», «Вусны і чаша»), паэме «Рала» (1833) узмацніліся крытыцызм і іронія, абумоўленая расчараваннем М. ў рамант. ідэалах. У цыкле лірычных паэм «Ночы» (1835) матывы самоты, тугі, пакут. Раман «Споведзь сына веку» (1836) — узор аналіт. псіхалагізму. Схільнасцю да камерных, асабістых тэм, вольнай фантазіяй, натуральнасцю і жывасцю мовы, майстэрствам псіхал. характарыстык адметныя яго п’есы «Венецыянская ноч» (1830), «Над каханнем не жартуюць» і «Ларэнцача» (абедзве 1834), навелы «Эмеліна» (1837), «Фрэдэрык і Бернерэта» і «Марго» (абедзве 1838) і інш. Аўтар вершаванай сатыры «Закон аб друку» (1835), літ.-крытычных артыкулаў. На бел. мову яго верш «Зорка» пераклаў А.​Дудар.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1957;

Исповедь сына века: Роман. Новеллы. Пьесы. М., 1988.

С.​Дз.​Малюковіч.

А.Мюсэ.

т. 11, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДО́НА (Ганна; 1309 ці 1310 — 26.5.1339),

дачка вял. князя ВКЛ Гедзіміна. У 1325 (паводле інш. звестак 1323) аддадзена замуж за сына польск. караля Уладзіслава I Лакеткі Казіміра (з 1333 польскі кароль Казімір III). Гэты дынастычны шлюб быў заключаны дзеля ўмацавання саюзу паміж ВКЛ Польшчай з мэтаю сумеснай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна. Вынікам збліжэння дзяржаў стаў сумесны паспяховы паход на Брандэнбург 1326 на чале з кн. Давыдам Гарадзенскім.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСМАІЛІ́ТЫ,

прыхільнікі мусульманскай шыіцкай секты, што ўзнікла ў сярэдзіне 8 ст. ў Араб. халіфаце. Назва ад імя Ісмаіл (старэйшага сына 6-га шыіцкага імама), якога І. ў адрозненне ад інш. шыітаў лічылі законным 7-м імамам. У складанай рэліг.-філас. сістэме І. адчувальны ўплыў неаплатанізму, хрысц. гнастыцызму і інш. Вучэнне І. насіла апазіцыйны характар у адносінах да артадаксальнага ісламу. Распаўсюджаны ў Індыі, Пакістане, Іране, Егіпце, Паўн. Афганістане, Усх. Афрыцы, Сірыі, Таджыкістане.

т. 7, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ АЛЬБЕ́РТ (Carlo Alberto; 2.10.1798, г. Турын, Італія —28.8.1849),

кароль Сардзінскага каралеўства (П’емонта) у 1831—49. З Савойскай дынастыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўвёў у П’емонце памяркоўна-ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут 1848), абвясціў вайну Аўстрыі (гл. Аўстра-італьянская вайна 1848—49); пасля паражэнняў каля Кустоцы (25.7.1848) і Навары (23.3.1849) адрокся ад прастола на карысць сына Віктара Эмануіла II, эмігрыраваў у Партугалію, дзе і памёр.

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ Васіль, бел. казачнік канца 19 ст. з в. Бердзябякі Ельнінскага пав. Смаленскай губ. Адзін з інфарматараў У.М.Дабравольскага. Рэпертуар М. складалі чарадзейныя, сац.-бытавыя, навелістычныя казкі, анекдоты, замовы. Асабліва цікавыя казкі М. «Аб Іване Гадзімавічы, Аляксеі Гадзімавічы, Стаўры Гадзімавічы» і «Казка пра Івана Іванавіча, купецкага сына», з якой кантамінуецца некалькі сюжэтаў. Валодаў багатай палітрай маст. слова, выкарыстоўваў прыказкі і прымаўкі.

Літ.:

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР VI (Alexander; свецкае Радрыга Борджа; Rodrigo Borgia; 1.1.1430 ці 1431 — 18.8.1503),

папа рымскі з 1492. Імкнуўся стварыць у цэнтры Італіі моцную дзяржаву, дзеля чаго падтрымліваў заваёўніцкія планы свайго сына Чэзарэ Борджа, прадаваў царк. пасады, збіраў крыжаносную дзесяціну, канфіскоўваў маёмасць заможных асоб. Паліт. праціўнікаў ліквідаваў з дапамогай атруты і кінжала. У 1497 адлучыў ад царквы свайго праціўніка Саванаролу і садзейнічаў пакаранню яго смерцю. На пачатку італьянскіх войнаў 1494—1559 лавіраваў паміж варагуючымі бакамі.

т. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАНА́СІЙ АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ (Athanasios; каля 295—2.5.373),

царкоўны дзеяч і багаслоў, прадстаўнік патрыстыкі. Епіскап г. Александрыя з 328. У барацьбе з арыянствам распрацаваў містычнае вучэнне пра «адзінасутнасць» Бога-айца і Бога-сына, дагматызаванае на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. Ідэалам рэліг. жыцця лічыў аскетызм. Адстойваў незалежнасць Александрыйскай царквы, за што ў 335—65 імператары 5 разоў яго звяргалі і ссылалі. Аўтар «Жыція Антонія», прысвечанага заснавальніку манаства ў Егіпце Антонію Вялікаму.

т. 2, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎСІКА́Я, Наўзікая,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара феакаў (жыхароў казачнага в-ва Схерыя) Алкіноя. Паводле «Адысеі», Н., дзеянні якой накіроўвала багіня Афіна, сустрэла на беразе мора Адысея, якога напярэдадні бура выкінула на востраў феакаў. Н. накарміла і апранула Адысея, падказала яму, як прайсці да палаца Алкіноя і дамагчыся ад феакаў дапамогі ў вяртанні дадому. Паводле аднаго з міфаў, сын Адысея Тэлемах пасля смерці бацькі ажаніўся з Н. і меў ад яе сына Персептоліса.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)