ГРЖЫМА́ЛІ (Іван Войцехавіч) (13.4.1844, г. Пльзень, Чэхія — 24.1.1915),
расійскі скрыпач і педагог. Па нацыянальнасці чэх. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1861). З 1869 у Маскве, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1874 праф.). Выступаў як саліст і дырыжор. Стварыў адну з буйнейшых рус. скрыпічных школ строгаакад. кірунку (у адрозненне ад пецярб. школы Л.Аўэра). Аўтар інструктыўных твораў для скрыпкі. Пераклаў для яе некат. фартэпіянныя творы П.Чайкоўскага, а таксама для скрыпкі, віяланчэлі і фп. «Патэтычнае трыо» М.Глінкі. Сярод яго вучняў: С.Барцэвіч, Д.Крэйн, Л.Любошыц, А.Магілеўскі, А.Печнікаў, М.Прэс, М.Эрдэнка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬТАНА ЗАКО́НЫ,
1) адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога ціск сумесі газаў, якія хімічна не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, роўны суме парцыяльных ціскаў. Строга выконваецца для ідэальных газаў, набліжана — для рэальных газаў пры значэннях т-р і ціскаў, далёкіх ад крытычных.
2) Закон растваральнасці газаў у вадкасцях, паводле якога пры пастаяннай т-ры растваральнасць кожнага з кампанентаў газавай сумесі над вадкасцю прапарцыянальная яго парцыяльнаму ціску. Кожны газ раствараецца так, як быццам астатніх кампанентаў няма. Набліжана прыдатны для рэальных газаў пры ўмове невял. канцэнтрацыі газу ў растворы. Д.з. адкрыты Дж.Дальтанам у 1801 і 1803.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭЛЯ́ЦЫЯ, ў матэматычнай статыстыцы,
статыстычная ці імавернасная залежнасць паміж велічынямі, з’явамі, падзеямі, якая не мае строга функцыянальнага характару. Выкарыстоўваецца ў імавернасцей тэорыі, кібернетыцы і інш., а таксама для выяўлення стат. і імавернасных заканамернасцей у фізіцы, хіміі, тэхніцы.
Узнікае, калі залежнасць адной прыкметы ад другой ускладняецца наяўнасцю звычайна невядомых выпадковых фактараў, напр., пры стат. апісанні дынамічнай сістэмы. У тэорыі імавернасці К. паміж 2 выпадковымі падзеямі выяўляецца ў тым, што імавернасць адной з іх пры наяўнасці другой адрозніваецца ад безумоўнай імавернасці. Колькаснай мерай К. з’яўляецца каэфіцыент карэляцыі (для выпадковых велічынь) ці карэляцыйная функцыя (для выпадковых працэсаў). Гл. таксама Матэматычная статыстыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́СТА (партуг. casta род, пакаленне ад лац. castus чысты),
1) эндагамная група людзей, аб’яднаных адзінствам спадчынных прафесій, строга абмежаваная ў зносінах з інш.сац. групамі. У старажытнасці прыкметы падзелу грамадства на К. сустракаліся ў Кітаі, Іране, Японіі, Егіпце і інш. У Індыі яны сталі пануючай сілай (у 1940-я г. было каля 3,5 тыс. К. і падкастаў); эканам. і грамадскую дзейнасць членаў К. кантралявалі каставыя саветы (панчаяты); выгнанне з К. ставіла чалавека па-за грамадствам. Паводле Канстытуцыі Індыі (1950) фармальна прызнана раўнапраўе К. Гл. таксама брахманы, варна, «недатыкальныя».
2) У пераносным значэнні К. — замкнёная грамадская групоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́ЙЦЫ,
народ, які насяляў в-аўКрыт у бронзавым веку. Назва ад імя легендарнага цара Мінаса, прапанавана англ. археолагам А.Эвансам. М. — першыя цывілізаваныя еўрапейцы, якія характарызаваліся высокім узроўнем развіцця прадукцыйных сіл. Як культ. група М. паявіліся каля 2500 да н.э. і, магчыма, уяўлялі сабой сінтэз імігрантаў з Анатоліі і мясц. неаліт. насельніцтва. Каля 2000 да н.э. на Крыце пачаўся працэс урбанізацыі, раслі гарады, будаваліся палацы (Кнос, Малія і Фест). Пашыраўся заморскі гандаль. Пасля 1450 да н.э. М. трапілі пад кантроль Мікенаў (гл. таксама Крыта-мікенская культура). Тэрмін М. мае строга культурнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́КАЎСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Вольны незалежны і строга нейтральны горад Кракаў з акругай. Існавала ў 1815—46. Створана паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15. Уключала Кракаў, 3 мястэчкі і 244 вёскі (пл. 1164 км², нас. 96 тыс.чал., 1815). Паводле канстытуцыі з 1818 на чале К.Р. знаходзіўся Правячы сенат (13 чл., прадстаўнікі мясц. арыстакратыі) на чале з прэзідэнтам; заканад. ўлада належала аднапалатнаму Сходу прадстаўнікоў (41 чл., выбіраліся на аснове маёмаснага і адукац. цэнзу). Дзейнічалі цывільны кодэкс Напалеона, франц.гандл. кодэкс і інш. Была важным цэнтрам польскага незалежніцкага руху. У выніку рэпрэсій супраць тайных патрыят. арг-цый пад аўстр. акупацыяй (1836—41). Пасля задушэння Кракаўскага паўстання 1846 далучана да Аўстрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТО́З (грэч. mitos нітка),
карыякінез, непрамое дзяленне, асноўны спосаб дзялення эўкарыётных клетак. Забяспечвае строга аднолькавае размеркаванне рэдуплікаваных храмасом паміж даччынымі клеткамі, захоўвае генет. раўнацэннасць клетак і пераемнасць у шэрагу клетачных пакаленняў. У М. ўмоўна вылучаюць некалькі стадый (прафазу, метафазу, анафазу і тэлафазу), якія паступова і бесперапынна пераходзяць адна ў адну. Іх працягласць залежыць ад тыпу тканкі, фізіял. стану арганізма, знешніх фактараў і доўжыцца ад некалькіх мінут да многіх гадзін (у сярэднім 1—2 гадзіны). Перыяд паміж 2 паслядоўнымі мітатычнымі дзяленнямі наз.інтэрфазай.
Літ.:
Алов И.А. Цитофизиология и патология митоза. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛЕ́НТЫ»,
бел.нар. гульня. На пляцоўцы праводзяць 4 паралельныя лініі на адлегласці 5—6 м адна ад адной. Першая лінія — «мета», на ёй устанаўліваюцца 2 гарадкі («П.»), пастаўленыя адзін на адзін. Другая лінія — «вароты», трэцяя — «двор», чацвёртая — «хата». Выбраўшы «вартаўніка», гульцы кідаюць біты ў «П.» строга па чарзе, якая ўстанаўліваецца жараб’ёўкай перад гульнёй. Збіўшы «П.», гулец павінен падабраць сваю біту і вярнуцца за лінію, з якой ён рабіў удар. Кожны гулец робіць па 3 удары з лініі «варот», «двара» і «хаты». Задачы «вартаўніка» — паставіць збітыя «П.», «запляміць» гульца і ўцячы за лінію «варот». Перамагае той, хто першым 3 разы саб’е «П.» з лініі «хаты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ВЫЯ ПЕ́СНІ,
адзін з цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга. Распаўсюджаны ў народаў з часавай цыклізацыяй традыцыйнай песнятворчасці, у т. л. ў славян. На Беларусі ўключаюць абрадавыя, строга прымеркаваныя віншавальныя калядныя песні і шчадроўскія — «каляднае вяселле для ўсіх», «Жаніцьба Цярэшкі» і ўмоўна прымеркаваныя да зімы піліпаўскія песні і калядныя («ражстоўскія») гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). У нар. побыце тэрмін «З.п.» найчасцей ужываецца як сінонім піліпаўскіх. Яны арганічна спалучаюць прац. тэматыку (адсюль таксама назва «песні за кудзеляй») з сямейна-бытавой. Большасць з іх, асабліва з баладным сюжэтам («Да было ў бацькі да дзевяць сыноў»), апавядальнага характару. У паўн. раёнах Беларусі некат. з умоўна прымеркаваных З.п. — узоры працяжнага адзіночнага спеву («Ночы мае, ночушкі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКАЯ СУ́ДНАЯ ГРА́МАТА,
звод законаў Пскоўскай феадальнай рэспублікі, складзена на аснове асобных пастаноў пскоўскага веча, гасподы (баярскай рады), княжацкіх грамат, норм Рускай праўды і звычаёвага права. Адлюстроўвае найважнейшыя рысы сац.-эканам. і паліт. жыцця Пскоўскай зямлі ў 14—15 ст. П.с.г. строга ахоўвала права прыватнай уласнасці, асабліва феад. уласнасці на зямлю; рэгламентавала парадак афармлення правоў уласнасці на зямлю, ход разбору спрэчак аб зямлі; вызначала становішча сялян-ізорнікаў. Шмат артыкулаў прысвечана гандл.-рамесным адносінам (купля-продаж, заклад, дарэнне, пазыка, маёмасны і асабісты наём і г.д.). За паліт. і крымін. злачынствы належала пакаранне смерцю. У П.с.г. ёсць матэрыял пра характэрнае для Пскоўскай феад. рэспублікі зрошчванне свецкага і царк. кіраўніцтва апарата. П.с.г. — адна з найважнейшых крыніц Судзебніка 1497.