АРЛЯ́НКА,

рака ў Беларусі, у Магілёўскім р-не, левы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору каля 106 км². Пачынаецца каля в. Бярозаўка, вусце за 1,5 км на ПдЗ ад в. Малое Запаточча. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Рэчышча каналізаванае (17,4 км) ад в. Стары Сінін амаль да вусця.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНТАКРА́ТЫЯ

[ад грэч. gerōn (gerontos) стары + kratos улада],

прынцып кіравання, пры якім улада належыць старэйшым. Тэрмін герантакратыі ўведзены ў этнаграфіі ў пач. 20 ст. і выкарыстоўваецца для аналізу структур улады на ранніх формах грамадскага ладу, пазней у класавым грамадстве. У пераносным сэнсе герантакратыя сімвалізуе адсталасць, кансерватызм, застойнасць мыслення і бяздзейнасць.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРА́Н

(лац. veteranus ад vetus стары),

1) у Стараж. Рыме салдат, які адслужыў тэрмін у арміі. Ветэранаў надзялялі зямлёй (у Італіі ці правінцыях) або ім давалі грашовае ўзнагароджанне, вызвалялі ад павіннасцей, давалі права на рым. грамадзянства.

2) Вопытны воін, у мінулым удзельнік вайны.

3) Чалавек, які даўно працуе ў якой-небудзь галіне.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАКО́СНЫ ГОД,

каляндарны год, які мае 366 сутак (на адны суткі больш за звычайны). Ёсць у юліянскім (стары стыль) і грыгарыянскім (новы стыль) календарах. Паводле новага стылю высакосным з’яўляецца кожны год, лічба якога дзеліцца на 4 без рэшты (акрамя гадоў, лічба якіх заканчваецца на 2 нулі, але не дзеліцца на 400, напр., 1700, 1800, 1900).

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХВЛЕДЫЯ́НІ Алена Дзмітрыеўна

(5.4.1901, г. Тэлаві, Грузія — 1975),

жывапісец, графік, тэатр. мастак. Нар. мастак Грузіі (1960). Вучылася ў Тбіліскай АМ (1922), у Італіі, Парыжы (1922—27). Майстар пейзажа: панарамныя віды груз. гарадоў, у тым ліку серыя «Стары і новы Тбілісі» (1961—67). Ілюстравала творы Э.Нінашвілі, І.Чаўчавадзе, Г.Лангфела, Важа Пшавелы. Аформіла шэраг фільмаў і больш за 60 спектакляў.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭНЧЫ́ЛЭ

(Băncilă) Актаў (27.1.1872, г. Корні, Румынія — 3.4.1944),

румынскі жывапісец. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Ясах (1887—93; выкладаў у ёй у 1916—37) і ў АМ у Мюнхене (1894—98). Аўтар цыклаў твораў пра сялянскае паўстанне 1907: «Адчай», «1907 год», «Апазнаванне забітых», «Пахаванне» (1907—12); карцін «Галодны», «Стары кравец» (абедзве 1908), «Рабочы» (1911), «Забастоўшчык» (1914), «У полі» (1915) і інш.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЫЯТРЫ́Я

[ад грэч. gerōn (gerontos) стары + iatreia лячэнне],

навука пра лячэнне людзей пажылога і старэчага ўзросту; клінічны раздзел геранталогіі. Распрацоўвае метады лячэння і прафілактыкі хвароб з мэтай захавання фізічнага і псіхічнага здароўя чалавека да глыбокай старасці. Вырашае праблемы ўзаемасувязі атэрасклерозу і ўзросту, механізма ўзнікнення т.зв. склератычнай артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукр. дыябету, механізмы ўзроставых змен апорна-рухальнага апарату, ролю ўзроставых змен у развіцці анкалагічных захворванняў. У розных галінах медыцыны ёсць свае навук. і практычныя праблемы, звязаныя з герыятрыяй. Герыятрычная фармакатэрапія вывучае асаблівасці ўздзеяння лек. сродкаў на стары арганізм. Даказана, што ў пажылым і старэчым узросце значна павышаецца небяспека неспрыяльнага ўздзеяння медыкаментаў. Таму важнае правіла ў герыятрыі — назначэнне строга індывід. паменшаных доз тых лякарстваў, адчувальнасць да якіх пры старэнні павышана (сардэчныя гліказіды, наркатычныя, гіпатэнзіўныя і нейраплегічныя рэчывы). Часцей рэкамендуюцца прэпараты агульнай стымуляцыі (вітаміны, мікраэлементы, біястымулятары), накіраваныя на падтрымку і нармалізацыю метабалічных працэсаў і функцый чалавека.

Л.М.Мажуль.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́ЛІЧ Аляксандр Канстанцінавіч

(27.1.1888, в. Стары Мазалаў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 13.5.1961),

ваен. дзеяч. Генерал-лейтэнант (1940). З 1915 у арміі, з 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны: старшыня палкавога ВРК, камандзір палка, нач. штаба, камандзір брыгады. У Вял. Айч. вайну з 1941 камандзір дывізіі на Волхаўскім фронце, удзельнік абароны Ленінграда. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МАНАЎ Леанід Уладзіміравіч

(н. 20.6.1958, Мінск),

бел. жывапісец. Сын У.К.Гоманава. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). З 1989 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Сярод твораў: тэматычныя карціны «Пралескі» (1985), «Чайная на ферме», «Смутак» (1986), «Пастух» (1987), «Праз стагоддзі. Ф.Скарына» (1990); партрэт даяркі С.М.Сузько (1978); пейзажы «Стары Мазыр» (1978), «Від горада Сянно» (1990), «Бездарожжа» (1992), «Маўчанне птушак» (1995), нацюрморт з гармонікам (1989) і інш.

Л.Ф.Салавей.

т. 5, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШЫ́НСКІ Аркадзь Яўгенавіч

(29.7.1920, г. Мелітопаль, Украіна),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1945). У 1945—48 ва Укр. драм. т-ры, з 1948 ва Укр. драм. т-ры імя І.Франко (абодва ў Кіеве). Сярод роляў: Лаўрын Запарожац («Незабыўнае» паводле твораў А.Даўжэнкі), Граза («Старонка дзённіка» А.Карнейчука), Мастакоў («Стары» М.Горкага), Дэрвіш («У ноч зацьмення месяца» М.Карыма), Крэонт («Антыгона» Сафокла), Макбет, Глостэр («Макбет», «Кароль Лір» У.Шэкспіра).

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)