спецыяльная сельскагаспадарчая навуч. ўстанова ў 1840—48. Засн. ў г. Горкі (Магілёўская вобл.) паводле ўказа Сената ад 24.4.1836. Адчынена 15.8.1840. Мела 2 разрады: 1-ы (ніжэйшы) і 2-і (вышэйшы). Тэрмін навучання ў кожным 3 гады. Ніжэйшы (прымалі юнакоў 16—20-гадовага ўзросту) рыхтаваў земляробаў з веданнем асноў аграноміі. Вывучаліся земляробства, жывёлагадоўля, садоўніцтва, лесаводства, агульнаадук. навукі. Вышэйшы (залічвалі выпускнікоў ніжэйшага разраду, акрамя дзяцей прыгонных сялян) рыхтаваў аграномаў. У 1842 ён рэарганізаваны ў Вышэйшую с.-г. школу. У 1848 ніжэйшы разрад пераўтвораны ў земляробчае вучылішча з 4-гадовым тэрмінам навучання, а Вышэйшая с.-г. школа — у Горы-Горацкі земляробчы інстытут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТАПІС ПРЫРО́ДЫ,
спецыяльная кніга, якая вядзецца ва ўсіх запаведніках. Ствараецца па агульнай праграме, у якой улічваецца спецыфіка кожнага запаведніка. Змяшчае шматгадовую сістэматызаваную інфармацыю аб прыродных працэсах і з’явах на тэр. запаведніка. На Беларусі найб. працяглы Л.п. вядзецца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.
Уключае звесткі пра тэрыторыю, рэльеф, глебы, воды, кліматычныя ўмовы, флору і фауну, фіксуе стан рэжыму карыстання і ўплыў антрапагенных фактараў, адлюстроўвае стан і дынаміку ахоўных абіятычных і біятычных аб’ектаў, змяшчае каляндар прыроды, назіранні за паводзінамі жывёл, звесткі навук. даследаванняў і інш. матэрыялы. Л.п. дазваляюць вывучаць заканамернасці развіцця прыродных працэсаў на пэўнай тэрыторыі і выкарыстоўваюцца ў геабат., фларыстычных, фауністычных, феналагічных і інш. даследаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА ПАВІТУ́Х,
спецыяльнаямед.навуч. ўстанова для падрыхтоўкі павітух у 1865—1917 у Магілёве. Падпарадкоўвалася Мін-ву ўнутр. спраў. У 1875 набыла статус цэнтральнай для Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. Тэрмін навучання 3—4 гады. Існавалі 2 падрыхтоўчыя і 2 спец. класы. Выкладаліся: Закон Божы, рус. і лац. мовы, арыфметыка, фізіка, анатомія і фізіялогія, малая хірургія, агульная паталогія, фармакалогія і рэцэптура, акушэрства, гінекалогія, гігіена. Прымаліся асобы жаночага полу ад 18 да 25 гадоў, пераважна сял. паходжання, якія падзяляліся на пансіянерак і вольных слухачак. Выпускніцы-пансіянеркі павінны былі адпрацаваць па 1,5 года за кожны год навучання ў якасці сельскіх павітух у губерні, якая іх утрымлівала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ ПА ЛІКВІДА́ЦЫІ НЕПІСЬМЕ́ННАСЦІў Беларусі,
спецыяльная камісія пры Нар. Камісарыяце асветы БССР у 1920 г.
Створана паводле падпісанага У.І.Леніным дэкрэта ад 26.12.1919 аб ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва ва ўзросце ад 8 да 50 гадоў. Аналагічныя камісіі створаны таксама пры губ. і пав. аддзелах нар. асветы. У Беларусі ў 1921/22 навуч.г. ў школах для непісьменных займалася 12,2 тыс.чал., у школах павышанага тыпу — 2,7 тыс. дарослых. У 1923 у Мінску арганізавана грамадска-паліт.т-ва «Далоў непісьменнасць». У 1929 у БССР працавала каля 4 тыс. пунктаў і гурткоў па ліквідацыі непісьменнасці, у якіх навучалася каля 75 тыс.чал. У 1932 уведзена абавязковае навучанне малапісьменных ва ўзросце ад 15 да 45 гадоў без адрыву ад вытв-сці Непісьменнасць сярод дарослага насельніцтва ў асн. ліквідавана да 1932.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНА́СТКА ТЭХНАЛАГІ́ЧНАЯў машына- і прыладабудаванні,
інструменты, прыстасаванні і інш. сродкі для механізацыі і аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў.
Аснастка тэхналагічная ўключае ўстановачныя, заціскныя і накіравальныя элементы, дзялільныя і паваротныя прыстасаванні, механізаваныя прыводы (электрычны, мех., гідраўл., пнеўматычны і інш.). Паводле ступені спецыялізацыі бывае універсальная, спецыялізаваная і спецыяльная, па прызначэнні — станочная, зборачная, кантрольная і інш. Універсальная аснастка тэхналагічная выкарыстоўваецца ў адзінкавай і дробнасерыйнай вытв-сці розных па форме, памерах і матэрыяле дэталяў. Спецыялізаваная ўжываецца ў серыйнай вытв-сці для апрацоўкі дэталяў падобных формаў з пераналадкай. Спецыяльнай аснасткай выконваюць адну канкрэтную аперацыю ў масавай вытв-сці вырабаў аднаго памеру і формы (напр., штампы для ліставой і аб’ёмнай штампоўкі, прэсформы для вырабу керамічных і пластмасавых дэталяў, прыстасаванні для вырабу і зборкі інтэгральных схем і інш.). На Беларусі па аснастцы тэхналагічнай спецыялізуюцца Гомельскі з-д радыётэхн. аснасткі, з-дспец. інструментаў і тэхнал. аснасткі ВА «Мінскі трактарны завод» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВА́Я ПО́ШТА,
1) спецыяльная служба фельд’егерска-паштовай сувязі паміж вайск. часцямі, ваен.-навуч. і інш. ўстановамі, а таксама ваеннаслужачымі і насельніцтвам краіны. Абмен інфармацыяй паміж войскам, яго часткамі і тэр. краіны існаваў з часоў узнікнення дзяржаў і армій (гл., напр., Марафонскі бег), у т. л. шырока практыкаваўся паміж княствамі і іх дружынамі ў Полацкай зямлі і інш. Як асобная служба пачала складвацца ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў Рэчы Паспалітай; рас. ўладамі на тэр. Беларусі створана ў пач. 19 ст. Некат. элементы П.п. ў СССР створаны ў 1920-я г.; у час Вял.Айч. вайны называлася (з 8.7.1941) ваенна-палявой поштай.
2) У 1945—91 у Сав. Арміі і ВМФ (пасля 1991 у шэрагу краін СНД) умоўнае лічбавае найменне часцей і ўстаноў, якія дыслацыраваліся па-за межамі краіны.
3) У ваенны час найменне ўсіх вайск. часцей у шэрагу дзяржаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,
1) спецыяльнаянавуч. ўстанова ў Віцебску ў 1910—18. Рыхтаваў настаўнікаў для няпоўнай сярэдняй школы. Прымаліся асобы мужчынскага полу правасл. веравызнання, якія скончылі настаўніцкую семінарыю і мелі 2-гадовы пед. стаж. Тэрмін навучання 3 гады. Выкладаліся агульнаадук. прадметы, педагогіка, псіхалогія, школазнаўства, методыка выкладання мовы, матэматыкі, прыродазнаўства. Меў б-ку (каля 3 тыс. тамоў). Пры ін-це былі вышэйшае пач. вучылішча, дзе студэнты праходзілі практыку, курсы ручной працы, фізвыхавання, чыстапісання, рус. мовы і інш.Ін-т зрабіў 5 выпускаў, падрыхтаваў каля 150 настаўнікаў. Пераўтвораны ў Віцебскі пед.ін-т (гл.Віцебскі універсітэт).
2) Навуч. ўстанова пры Віцебскім пед. ін-це для падрыхтоўкі настаўнікаў 7-гадовай школы. Існаваў у Віцебску ў 1935—55 (у перыяд Вял.Айч. вайны не працаваў). Тэрмін навучання 2 гады. Прымаліся асобы з сярэдняй агульнай або пед. адукацыяй. Напачатку дзейнічала толькі гіст. аддзяленне, якое ў 1937 пераўтворана ў гіст.-філал. і адкрыты фізіка-матэм. і прыродазнаўча-геагр. аддзяленні. Ін-т падрыхтаваў больш за 2 тыс. выкладчыкаў. Аб’яднаны з Віцебскім пед. ін-там.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКА (франц. masque ад сярэднелац. mascus),
1) спецыяльная накладка з проразямі для вачэй, якая формай і малюнкам нагадвае твар чалавека, мысу жывёлы, галаву міфалагічнай істоты і інш. Паводле прызначэння падзяляюцца на рытуальна-абрадавыя і тэатр., у т. л. паўмаскі (закрываюць толькі верхнюю частку твару). Бываюць таксама парныя (2 выканаўцы паказваюць адну істоту), калектыўныя (пад адной М. хаваюцца некалькі выканаўцаў), М.-касцюмы, М., якія трымаюць у руках або надзяваюць на пальцы. Ужываецца і як элемент акцёрскага грыму (пластычная наклейка). Вядома са старажытнасці як паляўнічая маскіроўка, рытуальны атрыбут татэмічных і інш. язычніцкіх культаў, у якіх мела магічнае значэнне. Як элемент тэатр. грыму ўжывалася ў ант. т-ры, пазней у італьян. камедыі дэль артэ, паказах скамарохаў і інш.Найб. пашырана ў традыц. культуры народаў Азіі і Афрыкі. На Беларусі М. карысталіся скамарохі («мядзведзь», «каза», дзед і інш.), асобныя персанажы ў паказах нар. драм («Цар Максімілян»), акцёры т-раў Радзівілаў у алегарычных балетах. Як адзін са сродкаў сцэн. выразнасці сустракаецца ў пастаноўках сучасных т-раў, асабліва ў т-ры лялек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАМО́ЖНАЯ ШКО́ЛА,
спецыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова для разумова адсталых дзяцей, задача якой — максімальная карэкцыя парушэнняў іх псіхічнага і фіз. развіцця ў працэсе вучобы, выхавання, а таксама заняткаў па выпраўленні дэфектаў развіцця і лячэбна-аздараўленчай работы. Прызначана забяспечыць адаптацыю і інтэграцыю дзяцей у грамадстве за кошт прафесійна-прац. падрыхтоўкі і інтэграванага навучання ў адпаведнасці з узроставымі і індывід. асаблівасцямі іх разумовага і фіз. развіцця. Першыя Д.ш. ўзніклі ў Германіі і Францыі ў 1-й пал. 19 ст. У Беларусі адкрыты ў 1918—20 (у Віцебску, Магілёве, Мінску). Асн. тып Д.ш. — школы-інтэрнаты. Частка дзяцей вучыцца ў звычайных школах (інтэграванае навучанне), некат. атрымліваюць карэкцыйную дапамогу на дэфекталагічных пунктах і ў дыягностыка-рэабілітацыйных цэнтрах. Навучанне вядзецца па спец. вучэбных планах, праграмах і падручніках. Напаўняльнасць класаў каля 12 чал. Большасць выпускнікоў Д.ш. уключаюцца ў вытв. працу. Дзеці з цяжкай формай разумовай адсталасці знаходзяцца ва ўстановах Мін-васац. абароны (дамы-інтэрнаты псіханеўралагічнага профілю). Пед. кадры для Д.ш. са спец. сярэдняй адукацыяй рыхтуюць Салігорскае пед. вучылішча і Магілёўскі пед. каледж, з вышэйшай — Бел.пед.ун-т. Навукова-даследчую работу ў гэтым кірунку вядзе Нац.ін-т адукацыі. У 1996/97 навуч.г. ў Беларусі 49 Д.ш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ЛЬДЫКА (позналац. heraldica ад heraldus вяшчальнік),
спецыяльная гістарычная навука, якая даследуе паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне гербаў, інстытут іх карыстання. Падзяляецца на тэарэтычную (вывучэнне гербаў) і практычную (стварэнне новых гербаў). Першая праца па геральдыцы — «Трактат пра адзнакі і гербы» італьян. юрыста Бартала да Сасаферата (14 ст.). З 17 ст. геральдыка развіваецца як навука і выкладаецца ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай геральдыцы прысвечаны працы кн. Ю.А.Ябланоўскага «Геральдыка, гэта значыць асада клейнодаў рыцарскіх...» (6 выданняў у 1742—52) і Д.Ф.Колі «Кароткі трактат пра геральдыку» (1747). Тэарэт. праблемамі геральдыкі ВКЛ займаліся таксама гісторыкі А.Малецкі, У.Сямковіч і інш. У цяперашні час акрамя дзярж. герольдый манархічных краін геральдыкай займаюцца шматлікія геральдычныя т-вы розных краін, аб’яднаныя ў некалькі міжнар. асацыяцый. На Беларусі геральдыку даследуюць Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве, асобныя даследчыкі.
Літ.:
Fox-Davies A.C. Complete Guide to Heraldry. 8 ed. London, 1969;
Oswald G. Lexikon der Heraldik. Leipzig, 1984;
Kalinowski A. Heraldyka szlachecka. Warszawa, 1990.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Геральдыка. Герб роду Лукашэвічаў з радаводнай справы. 19 ст. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.