ПРЫЁР (ад лац. prior першы, важнейшы),

1) настаяцель невял. каталіцкага кляштара; вял. П. — службовая асоба ў духоўна-рыцарскіх ордэнах, рангам ніжэйшая за вял. магістра.

2) У Італіі і некаторых інш. краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі — выбарны кіраўнік купецкай або рамеснай гільдыі.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АБВІНАВА́ЎЦА,

службовая асоба, якая падтрымлівае перад судом абвінавачанне па крымінальнай справе. У Рэспубліцы Беларусь, некаторых інш. краінах функцыі Дз.а. выконвае пракурор. Удзел Дз.а. ў суд. разборы спраў — адна з формаў пракурорскага нагляду за выкананнем законнасці. Парадак удзелу Дз.а. ў суд. разборы рэгламентуецца працэсуальным заканадаўствам.

т. 6, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДВО́ЙТ, лантвойт,

лентвойт (стараж.-верхненям. lentvoget),

службовая асоба ў гарадах ВКЛ, якія мелі магдэбургскае права, намеснік войта. Выконваў даручэнні войта, у час адсутнасці войта — яго абавязкі. Прызначаўся войтам або ўладальнікам горада, у 16—17 ст. мяшчанства некат. гарадоў (Магілёў, Пінск, Брэст) дамаглося права выбіраць Л.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМА́Т (франц. diplomate),

службовая асоба ўстановы органаў знешніх зносін дзяржавы або дыпламатычнага прадстаўніцтва дзяржавы за мяжой. У адпаведнасці са сваім статусам прымае непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні функцый у галіне афіц. кантактаў з замежнымі дзяржавамі, мае дыпламатычны ранг або клас дыпламатычны і, як правіла, карыстаецца дыпламат. імунітэтам.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́СТАЎ,

1) у Расійскай дзяржаве 15—17 ст. службовая асоба, якую пасылалі для выкліку каго-н. на велікакняжацкі (з 1547 царскі) суд. 2) З 1782 паліцэйская пасада, у гарадах участковы (кіраваў «часцю» — паліцэйскай установай адпаведнай часткі горада) або гар. П., у сельскай мясцовасці з 1837 — станавы прыстаў.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭР (франц. maire, англ. mayor ад лац. major большы, старшы),

вышэйшая службовая асоба ў муніцыпалітэтах ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і шэрагу інш. дзяржаў. У Расіі пасады М. ўведзены з 1991 у Маскве, Санкт-Пецярбургу і інш. гарадах. Выбіраецца муніцыпалітэтам, непасрэдна насельніцтвам, у некаторых краінах назначаецца або зацвярджаецца цэнтр. урадам.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВЫ ВЫКАНА́ЎЦА,

службовая асоба, якая ажыццяўляе прымусовае выкананне рашэнняў, вызначэнняў і пастаноў па судовых справах у частцы маёмасных спагнанняў, інш. рашэнняў і пастаноў у прадугледжаных законам выпадках. У Рэспубліцы Беларусь С.в. ўваходзіць у склад апарата суда і падпарадкоўваецца яго старшыні. Парадак назначэння С.в., іх правы і абавязкі вызначаюцца заканадаўствам.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВЫ ПРЫ́СТАЎ,

службовая асоба судовага выканаўчага вядзення, у абавязкі якой уваходзяць ажыццяўленне прымусовага выканання суд. рашэнняў па цывільных і гасп. справах, а таксама назіранне за захаваннем парадку ў час суд. пасяджэнняў. Пасада С.п. ў Рэспубліцы Беларусь прадугледжана Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РАСТА СЕ́ЛЬСКІ,

ніжэйшая службовая асоба сял. грамадскага кіравання ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У адпаведнасці з рэформай дзярж. вёскі 1830—50-х г. пасада С.с. ўведзена ў паселішчах казённага сялянства еўрап. часткі краіны, а ў выніку сялянскай рэформы 1861 — і ў паселішчах б. панскіх сялян. Выбіраўся сельскім сходам на 3 гады. Выступаў адначасова як кіраўнік сельскай грамады і як ніжэйшая службовая асоба дзярж. кіравання. Ён склікаў па меры патрэбы сельскі сход і выконваў яго пастановы, назіраў за спраўнасцю дарог і мастоў, за захаваннем збожжа ў хлебазапасных магазінах і інш. На яго ўскладаліся таксама фіскальныя абавязкі і адм. паліцэйскія функцыі, меў права караць сялян. Непасрэдна падпарадкоўваўся валасному старшыні, выконваў распараджэнні паліцыі, міравога пасрэдніка, земскага ўчастковага начальніка і «ўсіх прызначаных улад па прадметах іх ведамства». Старасты меліся ў дзярж. маёнтках і да 19 ст., а ў панскіх уладаннях і да 1861, але назначаліся адпаведна ўладамі і памешчыкамі, поўнасцю падпарадкоўваліся ім.

В.​П.​Панюціч.

т. 15, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРО́СТА, стараста,

1) у Старажытнай Русі прадстаўнік ніжэйшай княжацкай адміністрацыі, звычайна з халопаў. У «Рускай праўдзе» ўпамінаюцца С. сельскі і ратайны.

2) У ВКЛ у 16—18 ст. С. — службовая асоба, якая кіравала адм. акругай (паветам), намеснік вял. князя (караля). Першапачаткова ажыццяўляў у акрузе поўную дзярж. і суд. ўладу. З узмацненнем у 16 ст. шляхецкага самакіравання і судаводства ў кампетэнцыі С. застаўся толькі гродскі суд (замкавы). Прызначаў сабе намесніка — падстаросту. На сойме 1774 пастаноўлена, каб гродавыя С. выбіраліся ў паветах. Чатырохгадовы сойм 1788—92 скасаваў суд. С.

3) У ВКЛ у 16—18 ст. С. нягродавы — дзяржаўца каралеўскіх маёнткаў (старостваў), звычайна пажыццёвы. Не меў адм.-судовых функцый, карыстаўся даходамі з маёнтка, у дзярж. скарб выплачваў кварту (чвэрць) на ўтрыманне войска. Атрымліваў староства ад манарха і сойма як узнагароду «за публічныя заслугі».

4) У Рас. імперыі службовая асоба сял. грамадскага кіравання. Гл. Стараста сельскі.

5) У 1918—39 кіраўнік павятовай адміністрацыі ў Польшчы, з 1921 і ў Зах. Беларусі.

т. 15, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)