ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КРАЯЗНА́ЎЧАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (Адбылася 7—12.1.1929 у Мінску. Прысутнічалі 72 дэлегаты ад 300 краязн. арг-цый) (аб’ядноўвалі больш за 10 тыс.чл.),
прадстаўнікі краязн. т-ваў РСФСР і УССР. З дакладамі выступілі У.Ігнатоўскі, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, А.Ляўданскі, М.Каспяровіч, І.Сербаў і інш. Вырашыла арганізац. пытанні: кіраўніцтва краязнаўствам Акадэміяй навук, падрыхтоўка краязнаўцаў сярэднімі і вышэйшымі навуч. ўстановамі, справаздача Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК) і акр. т-ваў, змены ў статуце і выбары ЦБК, зацвярджэнне новых чл.-кар. ЦБК. У справаздачы адзначана пашырэнне краязнаўчага руху ў Беларусі — адкрыты 22 краязн. музеі, выдадзены чарговыя зб-кі краязн. прац «Аршаншчына», «Віцебшчына», апісанні Асіповіцкага і Горацкага р-наў, у друку знаходзіліся слоўнікі Віцебшчыны, Мазыршчыны, Чэрвеньшчыны, падрыхтаваны да выдання апісанні шэрагу нас. пунктаў. Праца канферэнцыі праходзіла ва ўмовах узмацнення таталітарнага рэжыму: абмежаваныя тэмы краязн. даследаванняў, узмоцненае вывучэнне рэв. руху, новых рыс у побыце працоўных мас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Амерыкана» (The Encyclopedia Americana),
універсальная энцыклапедыя ў ЗША. 1-е выд. выйшла ў Філадэльфіі ў 1829—33 (т. 1—13; скл. Ф.Лібер). З 1903 выдаецца ў Нью-Йорку (т. 1—16, 1903—04; з 1918 перавыдаецца ў 30 т.). Змяшчае каля 70 тыс. артыкулаў па гуманітарных, прыродазнаўчых і дакладных навуках, тэхніцы, эканоміцы, палітыцы. Асабліва падрабязны матэрыял прыводзіцца пра ЗША і інш. краіны Амерыкі. Большасць артыкулаў — сціслыя даведкі-дэфініцыі; грунтоўныя агляды даюцца пра асобныя краіны, усе стагоддзі новай эры (ад 1-га да 20-га), выдатныя творы сусв. л-ры, музыкі, філасофіі і эканомікі, амер.паліт. дзеячаў і інш.Найб. складаныя артыкулы маюць невял. слоўнікі тэрмінаў. Т. 30 змяшчае ілюстраваную храналогію сусв. падзей за апошнія 5 гадоў і алфавітны індэкс — больш за 350 тыс. тэрмінаў і слоў, што выкарыстаны ў артыкулах Амерыканскай энцыклапедыі. З 1923 у дадатак да Амерыканскай энцыклапедыі выдаецца 1-томны штогоднік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́Т ЭНЦЫКЛАПЕДЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
руская універсальная энцыклапедыя. Выдаваўся з 1891 у Маскве братамі А. і І.Гранат. Да 1917 (т. 1—33; падрыхтаваны т. 37—39, 42) выдаваўся т-вам «Бр. А. і І.Гранат і К°», потым (з т. 34) — Рус.бібліягр. ін-там Гранат, 54-ы і 58-ы тамы — Дзярж.навук. ін-там «Савецкая энцыклапедыя». У 1891—1903 выйшлі першыя 6 выданняў у 8—9 тамах, у 1910—48 — 7-е перапрацаванае выданне ў 58 т., (за выключэннем 56-га т.); у 1910—17 выйшлі 1—33 т., у 1917—48 — т. 34—58. Пазней былі выдадзены стэрэатыпныя выданні (з 8 па 13 т.).
Слоўнік насычаны даведачным і фактычным матэрыялам, мае вял. навукова-пазнавальнае значэнне. Асобныя артыкулы з-за цэнзурных меркаванняў не былі надрукаваны. Адметная асаблівасць Гранат энцыклапедычнага слоўніка — шматлікія дадатковыя тэксты да агульных артыкулаў: манаграфіі (т. 13), бібліягр.слоўнікі (т. 40), бібліягр. паказальнікі найноўшай рус. белетрыстыкі (т. 11) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫЯ МО́ВЫ,
спецыялізаваныя сістэмы абазначэнняў, якія ствараюцца для аптымізацыі падачы інфармацыі з мэтай яе назапашвання, перадачы і перапрацоўкі; разам з міжнар.мовамі-пасрэдніцамі складаюць штучныя дапаможныя мовы. Характарызуюцца вял. камунікатыўнымі магчымасцямі з-за адсутнасці ў іх шматзначнасці, аманіміі і сінаніміі. Маюць пэўныя слоўнікі (гл.Дэскрыптар, Тэзаўрус) і правілы граматыкі, што забяспечвае адназначныя запіс інфармацыі і алгарытмічнае распазнаванне (атаясамліванне) запісаных рознымі спосабамі фактаў.
Вылучаюць 3 асн. падкласы І.м.: інфарм.-кіруючыя — алгарытмічныя мовы, якія ствараюцца для запісу камандаў ад чалавека да камп’ютэра (больш за 500 моў; гл.Мова праграміравання); інфарм.-лагічныя для фармалізацыі паняццяў пэўнай галіны ведаў з дапамогай спец. сімвалаў; інфарм.-пошукавыя для запісу інфармацыі, яе назапашвання і дакладнай выдачы па запыце карыстальніка (больш за 1 тыс. моў, напр., алфавітна-прадметныя каталогі, патэнтныя класіфікацыі, міжнар. лічбавая універсальная класіфікацыя ў бібліятэчнай справе).
Літ.:
Москович В.А. Информационные языки. М., 1971;
Котов Р.Г., Якушин БВ Языки информационных систем. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНГВІСТЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
слоўнік, у якім даецца апісанне значэння, ужывання, паходжання, марфемнай будовы, вымаўлення, напісання слоў. Бываюць адна-, двух- і шматмоўныя (гл.Двухмоўны слоўнік). У аднамоўных тлумачэнне значэння слоў даецца сродкамі той самай мовы. Л.с. ўключаюць і тлумачаць усю агульнаўжывальную лексіку мовы (нарматыўныя тлумачальныя слоўнікі сучаснай літ. мовы; гл.Тлумачальны слоўнік), лексіку твораў таго ці інш. пісьменніка (гл.Слоўнік мовы пісьменніка), лексіку, абмежаваную ў выкарыстанні носьбітамі пэўнай тэрыторыі, гаворкі (гл.Дыялектны слоўнік), лексіку пісьмовых помнікаў пэўнага гіст. перыяду (гл.Гістарычны слоўнік) або словы, запазычаныя з інш. моў (гл.Іншамоўных слоў слоўнік). Л.с. могуць быць прысвечаны высвятленню паходжання слоў той ці інш. мовы або некалькіх роднасных моў адначасова (гл.Этымалагічны слоўнік), правапісу (гл.Арфаграфічны слоўнік), сінанімічным адносінам слоў у лексічнай сістэме мовы (гл.Сінонімаў слоўнік), сістэматызацыі і апісанню ўстойлівых зваротаў мовы (гл.Фразеалагічны слоўнік), марфемнай будове слоў (гл.Марфемны слоўнік). У сукупнасці ўсе Л.с. служаць мэтам апісання і нармалізацыі слоўнікавага складу мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІЕ́ВІЧ (Капіеўскі) Ілья Фёдаравіч
(1651, Міншчына — 23.9.1714),
бел. асветнік, перакладчык, кнігавыдавец. Вучыўся ў Слуцку. У дзевяцігадовым узросце вывезены з Беларусі ў Цвярскі край, адкуль уцёк у Маскву. Праз 6 гадоў вярнуўся на радзіму. Неўзабаве эмігрыраваў на Захад. З сярэдзіны 1660-х г. жыў у Галандыі. У 1697—98 пазнаёміўся там з рускім царом Пятром I, стаў прыхільнікам яго рэформ. Прапагандаваў свецкія навукі, садзейнічаў развіццю асветы і пашырэнню навук. ведаў у Расіі. У 1698—1706 пераклаў на рус. мову, склаў і выдаў каля 20 кніг: першыя падручнікі, вучэбныя дапаможнікі па гісторыі, арыфметыцы, вайск. і марской справах, лац. і рус. граматыцы, рус.-лац.-ням., рус.-лац.-галандскі і інш.слоўнікі, першую зорную карту (на рус. мове). Кнігі выдаваў у розных друкарнях, у т. л. ўласных (Амстэрдам і Капенгаген). У 1701 у Берліне, у 1704 у Капенгагене намагаўся наладзіць выпуск кніг для Расіі. Перапісваўся (перапіска зберагаецца ў АН Германіі) з Г.Лейбніцам. Працаваў у 1707 у Маскве перакладчыкам у Пасольскім прыказе, з 1708 у Варшаве, потым зноў у Маскве.
Літ.:
Быкова Т.А. Книгоиздательская деятельность Ильи Копиевского и Яна Тесинга // Быкова Т.А., Гуревич М.М. Описание изданий, напечатанных кириллицей, 1689 — январь 1725 г.М.; Л., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ СЛО́ЎНІК,
лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або перакладае толькі тую лексіку, якой адрозніваюцца слоўнікавыя склады 2 блізкароднасных моў або слоўнікі адной і той жа мовы. Першыя Д.с. бел. мовы — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870) і рукапісны «Беларускі слоўнік» С.Мядзведскага (1910), якія перакладалі на рус. мову тыя бел. словы, што лексічна і семантычна адрозніваліся ад адпаведных рус. слоў. Падобны двухмоўны Д.с. — слоўнікавы дадатак «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» да практычнага дапаможніка «Беларуская мова для небеларусаў» А.А.Крывіцкага, А.Я.Міхневіча, А.І.Паддужнага (1973).
Існуюць і інш. разнавіднасці Д.с.: дыферэнцыяльна-дыялектныя або абласныя даведнікі (у адрозненне ад поўных дыялектных слоўнікаў уключаюць толькі тыя дыялектызмы, якімі дадзеная гаворка або група гаворак адрозніваюцца ад слоўнікавага складу літ. мовы, напр., «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» М.В.Шатэрніка, 1929, «Слоўнік Гродзенскай вобласці» Т.П.Сцяшковіч, 1983); дыялектныя даведнікі, што ўводзяць у навук. ўжытак упершыню лексікаграфічна зафіксаваныя лексічныя і фразеалагічныя адзінкі, якія адсутнічалі ў папярэдніх рэгіянальных слоўніках (напр., «З народнай фразеалогіі: Дыферэнцыяльны слоўнік» І.Я.Лепешава, 1991). Асобныя даследчыкі (Крывіцкі, Г.А.Цыхун) вылучаюць змяшаны (дыферэнцыяльна поўны) тып дыялектнага слоўніка.
Літ.:
Норман Б.Ю. Гипотеза Сэпира-Уорфа и белорусско-русский дифференциально-семантический словарь // Актуальные проблемы лексикологии. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯБІБЛІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + бібліяграфія),
персанальная бібліяграфія, від бібліяграфіі, у якім інфармацыя пра друкаваныя творы падаецца разам з біягр. звесткамі пра іх аўтараў і літаратурай, прысвечанай ім. Матэрыялы ў біябібліягр. слоўніках і паказальніках групуюцца па тыпавой схеме з невял. адхіленнямі.
Адно з першых такога роду выданняў англ. слоўнік «Хто ёсць хто» (выдаецца з 1849). У Расіі выйшлі «Даведачны слоўнік пра рускіх пісьменнікаў і вучоных, якія памерлі ў XVIII і XIX стагоддзях, і спіс рускіх кніг з 1725 да 1825» Р.М.Генадзі (т. 1—3, 1876—1908), «Агляд жыцця і прац памерлых рускіх пісьменнікаў і пісьменніц» Д.Д.Языкова (вып. 1—13, 1885—1916), «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» С.А.Вянгерава (т. 1—6, 1886—1904) і інш. Сярод апошніх біягр. слоўнік «Рускія пісьменнікі, 1800—1917» (т. 1—3, 1989—94); у Польшчы выходзяць слоўнік «Бібліяграфія польскай літаратуры. Новы Корбут» (т. 1—17, 1963—81), «Польскі біяграфічны слоўнік» (т. 1—36, 1935—95).
На Беларусі выйшлі біябібліягр. паказальнікі, прысвечаныя А.Кіркору (1911), Я.Купалу (1953), К.Чорнаму (1954), П.Глебку (1957), Я.Ф.Карскаму (1958), М.Лынькову (1959), Я.Коласу (1983), К.Крапіве і І.Мележу (1963), П.Броўку (1976), М.Багдановічу (1977), Ф.Скарыну і У.Пічэту (1978). Выдадзены таксама біябібліягр. слоўнікі «Усходнеславянскія мовазнаўцы» М.Г.Булахава (т. 1—3, 1976—78) і «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬ (Уладзімір Іванавіч) (22.11.1801, г. Луганск, Украіна — 4.10.1872),
рускі лексікограф, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН. Скончыў мед.ф-т Дэрпцкага ун-та (Тарту, 1829), быў ваен. урачом. Даследаваў мову і побыт рус. народа. Аўтар прац «Пра гаворкі рускай мовы» (1852), «Прыказкі рускага народа» (1861—62, частку працы Д. бел. фалькларыст І.І.Насовіч змясціў у сваім «Зборніку беларускіх прыказак», 1867), «Тлумачальны слоўнік жывой велікарускай мовы» (т. 1—4, 1863—66; больш за 200 тыс. слоў і 30 тыс. прыказак і прымавак; за яго атрымаў званне ганаровага акадэміка Пецярб.АН). У слоўніку шмат бел.нар. лексікі. Складаў слоўнікібел. і ўкр. моў. Апрацоўваў казкі («Рускія казкі», 1832, «Быліцы і небыліцы», кн. 1—4, 1833—39), пісаў этнагр. нарысы («Падалянка», «Цыганка», «Балгарка», «Уральскі казак» і інш.), апавяданні і аповесці ў духу рус.натуральнай школы (пад псеўд.Казак Луганскі).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10;
СПб., М., 1897—98;
Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 1—4. М., 1955;
Пословицы русского народа. М., 1957;
Повести. Рассказы. Очерки. Сказки. М.; Л., 1961.
Літ.:
Канкава М.В. Даль как лексикограф. Тбилиси, 1958;
Бессараб М.Я. Владимир Даль. 2 изд. М., 1972;
Булатов М.А., Порудоминский В.И. Собирал человек слова... М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ДРУКА́РНЯ Дзейнічала ў 1787—1820 у г. Полацк Віцебскай вобл. Створана пры Полацкім езуіцкім калегіуме
(з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія). Кіраўнікі: Б.Шыркевіч, А.Лянкевіч, Я.Заранек і інш. Шрыфты атрымлівала з Пецярбурга і Варшавы. Выпусціла больш за 500 выданняў пераважна на польск. і лац., часткова на рус., італьян., ням., франц. мовах. Пры друкарні была словалітня. Сярод кніг: падручнікі для вучняў па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма (1788),
па граматыцы лац. мовы (1790, 1794), рыторыцы (1790, 1799), слоўнікі і інш., творы пісьменнікаў І.Беніслаўскага, М.Карыцкага, Я.Каханоўскага, І.Красіцкага, Н.Мусніцкага, А.Нарушэвіча, філосафа В.Бучынскага і інш., пісьменнікаў-палемістаў 16—17 ст. П.Скаргі, І.В.Руцкага, рым. пісьменнікаў Вергілія, Гарацыя, Плінія і інш., літургічная л-ра. З канца 18 ст. выдавала «Каляндар полацкі», дзе змяшчаліся краязнаўчыя матэрыялы (у т. л. пра Полацк), звесткі па гуманітарных і фіз.-матэм. навуках, крытыка-бібліягр. агляды, пераклады, апісанні падарожжаў у Сібір і на Каўказ; з 1818 да лют. 1820 (з перапынкам у 1819) — час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), Маст. афармленне выданняў сціплае, гравюр мала, для аздаблення выкарыстоўваўся наборны арнамент, ксілаграфічныя застаўкі.
Літ.:
Мальдзіс А. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;
Умецкая Е.С. «Месенчник Полоцкий» — первый журнал дореволюционной Белоруссии // Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1972. Вып. 2.