ПОЛІСЕМІ́Я (ад полі... + грэч. sēma знак),

мнагазначнасць, наяўнасць у моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма і інш.) некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў. Адрозніваюць першасныя (асн., гал., прамыя) і другасныя (вытворныя, пераносныя) значэнні, што ўзнікаюць і развіваюцца на аснове першасных.

Канкрэтнае значэнне мнагазначнага слова вынікае з яго семантычных сувязей з інш словамі ў межах словазлучэння, сказа ці больш шырокага моўнага кантэксту («лясная дарога — жыццёвая дарога», «несці рэчы — несці страты»), Многія словы маюць да 10 і больш значэнняў (напр., значэнні слоў «зямля», «хлеб», «жыццё», «добры», «ведаць» і інш.). Нягледзячы на сэнсавыя адметнасці ва ўжыванні такіх слоў, паміж іх значэннямі існуе пэўная семантычная сувязь, што аб’ядноўвае і дазваляе лічыць іх значэннямі аднаго і таго ж слова ў адрозненне ад аналагічных па форме слоў-амонімаў. П. можа ўзнікаць на сэнсавых сувязях адпаведных слоў («сцяна будынка — сцяна лесу») і на асацыятыўных уяўленнях пра пэўныя прадметы, з’явы рэчаіснасці («цень дрэва — цень смутку»); на аснове падабенства прадметаў па форме, колеры, функцыі, размяшчэнні ў прасторы («ножка стала», «залатая восень»), пераносу адзнак, уласцівых чалавеку ці інш. істотам, на прадметы нежывой прыроды («лагодны вецер, «спіць рака»), назваў матэрыяльных з’яў на сац., маральныя («грамадская думка», «моцная дружба») і інш. (гл. Метафара); на аснове сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці («уважлівая аўдыторыя», «чытаць Купалу»; гл. Метанімія); у выніку суаднесенасці назваў цэлага прадмета з яго ч.: «У сям’і пяць ратоў» (К.​Чорны) і інш. (гл. Сінекдаха). У працэсе гіст. ўжывання некат. слоў другасныя значэнні, што ўзніклі і развіваліся на базе першасных, пачынаюць выступаць у ролі асноўных (параўн., напр., семантычнае выкарыстанне слоў «багатыр», «будзень» і інш. у сучаснай бел. мове).

Літ.:

Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982;

Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн., 1986;

Старычонак В.​Дз. Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў). М., 1997.

А.​І.​Наркевіч.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ВІЯ... (ад лац. avis птушка),

першая састаўная частка складаных слоў, скарачэнне, якое абазначае «авіяцыйны», «паветраны», напр., авіямадэлізм, авіялінія.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕА... (ад. грэч. neos новы), першая частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «новы», напр., неакласіцызм, неалагізм.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ВА-ПАСРЭ́ДНІЦА,

1) мова міжнацыянальных (міжэтнічных) і міждзяржаўных зносін (гл. Міжнародныя мовы).

2) У больш вузкім значэнні — мова, праз якую адбылося запазычанне (гл. Запазычанні ў мове) асобных слоў або канструкцый іншамоўнага паходжання. У сучаснай бел. мове вылучаецца значная колькасць лексічных адзінак, у розны час запазычаных з інш. моў. Запазычанне большасці слоў адбывалася праз пасрэдніцтва ў першую чаргу польск. і рус. моў. Напр., праз рус. мову з замежных моў (асабліва з грэч. і лац.) у лексіку бел. мовы прыйшлі словы «аўдыторыя», «варыянт», «ідэя», «кампанент», «мелодыя», «орган», «параграф», «піраміда», «сейф», «трамвай», «утопія» і інш., праз польск. — лац. «колер», ням. «дах», венг. «палаш», італьян. «палац», франц. «пісталет» і інш. У сваю чаргу бел. мова была пасрэдніцай пры запазычанні ў рус. мову слоў з польск. і ням. моў.

т. 10, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТА... (ад грэч. orthos прамы, правільны),

першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае паняццям «прамы», «правільны», напр., артаклаз, артадантыя.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕМА... (ад грэч. anemos вецер),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «вецер», напр., анемометр, анемахарыя.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПА... (ад грэч. anthrōpos чалавек),

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: «які адносіцца да чалавека», напр. антрапалогія, антрапагенетыка.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ГРА... (ад грэч. agros поле),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «агранамічны», напр., аграбіяцэноз, аграномія.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВА... (ад лац. agua вада),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «водны», напр., акваплан, акваторыя.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАН... (ад франц. avant уперадзе, паперадзе),

частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнні словам «перадавы», «пярэдні», напр., авантытул, авангард.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)